Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


«А жанчына так і не прыйшла...»

setaliste.com.mk

Праўду кажуць, што ўвосень і верабей багаты. Ну проста не ведаеш, чаго і захацець — прыеліся і кавуны, і вінаград, і перцы з баклажанамі... Усё са свайго агарода.

Не прыядаецца толькі бульба, калі гэта Адрэта. Але ж пра яе потым, пакуль...

Надумалася неяк успомніць дзяцінства — напарыць сабе кукурузы. Спеленькай ды жоўценькай, на жаль, не дачакалася. Мне і белая смачнай была. Не дзіва, што яе — адвараную — выгадна прадаваць. Кажуць, разлятаецца як гарачыя піражкі. Прадаўцу адпаведна — жывая капейка, бізнес, па-сучаснаму кажучы. А «сыравіны» для яго і на калгасным полі можна набраць... Ва ўсякім разе, было.

...У тыя гады турма за «каласкі» ўжо не свяціла, штраф у «дваццаць пяць базавых» (за што заўгодна) — не свяціў яшчэ. Я думаю, таму, што ўсё рабілася «по просьбам трудящихся», а тыя «трудящиеся» ў кукурузу пайшлі, забыўшы папрасіць, бо калгасная ж не тое, што свая. Пачатак там — амаль як рука ад локця да кісці: гоніць раслінку, ведама, на салетры... Вал калгасам патрэбны, а пра нітраты тады ніхто і не чуў.

Карацей, людзі гандлявалі. Гледзячы на іх, пасмялела і баба Сцёпа: схадзіла на поле, наламала пачаткаў (ну, прагоніць, казала, брыгадзір — дык з іншага боку зайду), напарыла іх у печы — падалася на рынак. І не моўчкі там стаіць, а ззывае народ, каб купляў:

— Кукурузка! — крычыць. — Салодзенькая! Гарачанькая!

Да таго ж, заўважым, калгасненькая — неслабых памераў...

Таму ў першы дзень бабуля мігам тавар прадала.

А ўжо ж потым купіла — і булак, і селядцоў, і «канхветаў» мякенькіх — нават хустку сабе! То чаму б назаўтра не з'ездзіць? І напаслязаўтра... Не бабка, а «бізнес-лэдзі» стала, сённяшняй мовай кажучы, хоць і з «прыстаўкай» «стар»...

Дык вось неяк стаіць яна, гандлюе. У пакупніках — жанчынка. Нічога такога: акуратна прыбраная, сярэдніх гадоў... Адзінае — глядзіць не столькі на тавар, колькі на саму бабулю. Кажа:

— Такая кукурузка ў вас харошая! Як яна такая вырасла?

Бабця, не разгубіўшыся:

— Дык у нізіначцы ж мой гарод (пляц па-нашаму). Там чысты чарназём і вады хапае... Вось яна і расце.

(Ага — я ад сябе дадам, — «нізіначка» ў бабы Сцёпы, «чарназём»... Дом на ўзгорку стаіць, пляц на пясочку... Нават трава не хоча расці.)

Але ж пакупніца бабулі паверыла, узяла аж дзесяць катахоў і пайшла.

А хвілін праз колькі — вярнулася — з кавуном, тады — найлепшым прысмакам:

— Гэта вам, — кажа. — Вазьміце... Я на вас паглядзела, — быццам маму сваю ўбачыла. Вы так да яе падобны! Дай вам божа здароўечка!..

І сышла.

А бабульцы — хоць скрозь зямлю праваліся! Бо яна ж (казала) нічога ў жыцці не хацела больш, як маму сваю ўбачыць — жывой, «ну хоць бы праз дзірачку!»... А тут чыясьці дачка глядзела на яе, прымала як бы за сваю, за родную, а яна ёй хлусіла.

І так бабулі сорамна стала, што ў кукурузу болей — ні нагой. Цыбулькі якой набярэ, яек, «чоснічку» (у нас так кажуць), ды на базар.

Усё стаіць там, чакае, што яшчэ раз тая пакупніца падыдзе... Яна пачаставала б...

Але жанчына так і не прыйшла.

Во як было.

Як стала? Ды ці вам казаць? Падман дзеля грошай цяпер як быццам і не падман ужо. Нікому ні за што не сорамна. Я сама сутыкалася.

У мяне любімая бульба ёсць — Адрэта. З мінулага стагоддзя вядзецца. Апошнім часам, думаю, трэба насенне абнавіць. Кінула кліч, — адзін знаёмец прывёз. Сказаў, што ў Мінску на Камароўцы знайшоў, нейкая бабулька прадавала: бажылася, што Адрэта.

Купіў чалавек (і немалыя ж грошы аддаў), а там такая «Адрэта», як я Рымскі Папа. І бабулі ж, відаць, не сорамна?

Сорамна чамусьці мне — за яе, за ўсіх, хто жыве з падману.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.


Заяц на чацвярых

shkolazhizni.ru

Кажуць, што найлепшыя фантазёры не пісьменнікі-казачнікі, а паляўнічыя, рыбаловы ды грыбнікі. Гэта яны са ста метраў могуць пацэліць вавёрцы ў правае вока, выцягнуць з рэчкі трохметровага шчупака, а грыбы («адны баравікі!»), дык тыя самі, нахрапам, у кашы да іх лезуць.

Наслухаўся я падобных гісторый. Але адна з іх здалася праўдзівай, да таго ж расказваў яе не «прафесіянал», можна сказаць, аматар. Яму і слова.

«На паляванні да таго разу я быў толькі двойчы, — найперш прызнаўся Андрэевіч. — А тут, значыць, трэці, мы едзем у лес. Надвор'е — ну проста на заказ: ноччу сняжок прайшоў, днём — невялічкі марозік.

На ўзлеску спыняем машыну, робім па чарцы — астатняе, кажуць, пасля палявання. Потым самы вопытны з нас разводзіць іншых па месцах, ставіць задачы. Мяне, напрыклад, пакідае на скрыжаванні лясных дарог, кажа, куды глядзець і калі не марудзіць са стрэлам. Я ўважліва слухаю і трымаюся потым хвілін з пятнаццаць: стаю — як ля маўзалея. Але ж пачынаю сумаваць: брэх сабакі далекавата, звера не чуваць, ці...

Мусіць, ад напружання памроіўся шоргат за кустамі ядлоўцу. Я «ў ружжо», нават крок наперад зрабіў. Марна — ціш ды снежная бель наўкола. Ніякага сэнсу, думаю, у яе ўзірацца, да таго ж калі ведаеш, што ўсё залежыць ад шанцу: можна (паляўнічыя казалі) дзіка адразу пад стрэл «падагнаць», а можна за паўдня зайчаняці не ўбачыць...

Карацей, праз паўгадзіны я ўжо спакойна пераступаў з нагі на нагу і глядзеў не туды, куды загадалі.

А далей — болей, як той казаў: яшчэ праз колькі хвілін дастаў з кішэні біклажку з каньячком — каўтануў... Уміг на душы пацяплела: песня з яе папрасілася, але ж я «не выпусціў» — пакуль.

Праз паўгадзіны зноў прыклаўся да біклажкі, прысеў на зламаную бярозу, спінай прытуліўся да стромкай хвойкі... Не жыццё, — сам сабе думаю, — а проста маліна: чысцюткае паветра, цішыня, цеплыня, бо на мне кажушок, ватныя штаны і валёнкі...

Ногі ў іх «нясуць» у любімае кафэ, да знаёмай маладзіцы, якая так пяшчотна гладзіць руку...

А тут нешта трэсь!

Я зірк і ледзь не самлеў: лось. Метраў за дзесяць. І ўтаропіўся — як я на яго: з не меншым здзіўленнем...

Колькі часу мы так пазіралі, сказаць не бяруся: мне здалося — цэлую вечнасць, за якую ў снег, на зямлю з'ехала мая вінтоўка. І ціхутка, як быццам, але ж лось пачуў — скокнуў убок і, ломячы кусты, шыбануў у гушчар.

...Пасля гэтага я ўжо не драмаў. І пра біклажку забыўся, хоць стрэс зняць, можа, і трэба было.

А тым часам адгукнуліся хлопцы, сышліся разам. Адзін стаў бажыцца, што яго сабака з асінніку выгнаў лася. І ён проста павінен быў з'явіцца на адной з дзвюх сцяжын, дзе ў засадзе стаялі паляўнічыя. «Няўжо ніхто не бачыў?» — пытаўся ён. «Не», — дружна заявілі тыя. А я дык яшчэ і дадаў, што ў мяне нават і заяц не праскочыў бы! — «Шкада, — прызналі хлопцы. — Добры «ўлоў» мог быць. А так — давядзецца зайца дзяліць. На чацвярых».

Віктар Сабалеўскі, г. Узда


Асаблівасці нацыянальнага палявання

Мой аднавясковец Валодзя нарадзіўся ў Казахстане, і нічога дзіўнага ў тым няма: яго бацькі, як, дарэчы, многія сем'і, на пачатку 60-х з'ехалі на асваенне цаліны, а потым вярнуліся. Так што сваё «замежнае» дзяцінства Валодзя помніць слаба — нібы праз сон, затое прыезд на радзіму ў памяці, мусіць, да скону.

Тады ў хату сышлося, можа, з паўвёскі: родныя, сябры, суседзі... Усіх цікавіла, якое яно — жыццё на чужыне, якія там парадкі, якія заробкі. Да таго ж цаліннікі ўсім раздавалі гасцінцы, у прыватнасці — чорны молаты перац. У час татальнага дэфіцыту ён быў вельмі дарэчы, а калі ўлічыць доўгачаканы час смалення вепрукоў...

На агеньчык да цаліннікаў завітаў і дзядзька Іван: з палявання ішоў — з дубальтоўкай за плячыма, са здабытым зайцам у рэчмяшку... Не адмовіўся, вядома ж, ад прапанаваных ста грамаў — за прыезд.

Карацей, дарослыя сядзяць, што называецца, чаркуюць, а малы вачэй не зводзіць з дзядзькавай стрэльбы.

«Відаць, паляўнічы будзеш? — перахапіўшы позірк Валодзькі, зазначыў дзядзька Іван. — Правільна! Бо табе для гэтага нават стрэльба не патрэбна. У цябе іншая «зброя» ёсць. (Дзядзька перавёў свой позірк на мех з перцам, у якім, заставалася яшчэ з палову.) Бяры, брат, гэты прадукт і ў лес. Далёка хадзіць не трэба — за хлеўчыкам пачынай: не шкадуючы, перчы кожны пянёк. Да іх з усіх куткоў зайцы пазбягаюцца, а нюхнуць і на чых «праб'е» — аж галовы аб пні паразбіваюць... Табе застанецца толькі здабычу сабраць».

За сталом дзядзькаў гумар адзначылі чарговай чаркай і, магчыма, забыліся б, калі б дзён праз колькі не ўбачылі, што мех з перцам некуды... знік. І, што называецца, з канцамі: Валодзька схадзіў на паляванне.

...За страчаны прадукт бацькі яго строга не каралі, аднак дзядзька Іван у хату «цаліннікаў» яшчэ доўга не заходзіў. Баяўся, відаць, што падсыпяць перцу — за яго навуку.

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён.


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж — напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» друкуюцца ў рамках конкурсу — на найлепшую. Вызначаць ды выбіраць іх, вось такія, на пачатку новага 2020-га будзе невялічкае рэдакцыйнае журы, але, па традыцыі, з «падачы» вялікага. То-бок кожны з нашых чытачоў можа выбраць і даслаць у рэдакцыю сваю дзясятку... не рублёў, а (на яго думку) найлепшых гісторый.

Што, магчыма, цікава — з часам вельмі многія з іх «чытаў бы і чытаў» (пажадана не запар). А таму — не спяшайцеся выкідваць пятнічныя газеты. Няхай паляжаць: падчас восеньскай хандры, магчыма, як знойдзеце?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.