Вы тут

Пра фаўну і флору


Мышы ў вясковай хаце праелі дзірку ў канапе. Залезлі пад здымнае сядзенне, выгрызлі сабе ў паралоне гняздо, паспелі нацягаць туды паперы. Прыехаўшы на выхадныя, мы толькі войкалі і абураліся. Гэта ж трэба — паўсюль жа пакінулі атручанае зерне, яны яго начыста зжэрлі, і хоць бы што — палезлі канапу каштаваць. Назаўтра раніцай, пераначаваўшы, «весяліліся» яшчэ больш: атручаны «пачастунак», які зноў шчодра парассыпалі на талерачкі па ўсіх пакоях, шэрыя паскудніцы нацягалі за ноч... сястры ў берэт, пакладзены на крэсла. А мне ў красоўкі, якія стаялі ў пакоі пад шафай, прывалаклі жолуд і пакамечаную абгортку ад цукеркі. Выказаўшы ўсё, што пра іх думаем, а пасля і пасмяяўшыся, мы ўрэшце і філасофстваваць пачалі: хто ж тады ў гэтай хаце гаспадар?


vbio.de

Уражанне яшчэ памацнела, калі пайшлі аглядаць сабраны ўраджай. У хляве ляжалі пагрызеныя кабачкі, у склепе — агрызкі мо дзесяці бульбін, — яе яшчэ не паспелі апусціць у яму. У мяшкі з буракамі і морквай я шчодра насовала сухіх галінак палыну — ведаю яшчэ ад бабулі, што гэтай горкай, як чэмер, расліны шкоднікі на дух не пераносяць. За бабуліным часам, можа, і не пераносілі, а тут мала што ўдосталь паласаваліся караняплодамі, дык яшчэ і амаль цалкам з'елі мяшок, у якім яны ляжалі. Мех быў «экалагічны», з другаснай сыравіны, пэўна, таму і прыйшоўся ім да смаку. Пакуль вытрасала тое, што ад яго засталося, з-пад падлогі выскачыла мышка і стала з цікаўнасцю за мной назіраць, абсалютна не баючыся, пабліскваючы вочкамі-кропачкамі. Хоць ты бяры ды гладзь. Тут жа ўзяла лапкамі кавалачак бурака і стала яго грызці. Мне ад такога нахабства аж дух заняло. Але, канешне, нічога ёй не зрабіла, толькі нагой тупнула. Яны ўжо і праўда тут гаспадары. А буракі ды бульба ў тыя ж выхадныя на гарадскі балкон пераехалі...

Учым прычына такога мышынага нашэсця? Кажуць, гэта паказвае на тое, што зіма будзе ранняя і халодная. Мо яно і так, але, калі разважаць пра асобна ўзятую вёску (хутчэй, на сённяшні дзень тыповую: большасць хат як дачы, зімаваць застаецца крыху больш за дзесяць чалавек), прычына бачыцца яшчэ ў іншым: тут амаль не засталося свойскіх жывёл — не тое што пра кароў і коней размова, няма нават катоў і сабак. Дзе ж тыя мышы не пойдуць у хату, калі па ўсім наваколлі ніводнага вусатага-паласатага, нідзе не чуваць звонкага брэху? Бабулі, што застаюцца ў вёсцы на зіму, калі прападае жывёлка, новую ўжо заводзіць не спяшаюцца: баяцца, што яна іх перажыве. «Я памру, а той коцік (сабачка) будзе пасля па вуліцы галодны цягацца. Навошта ж скацінку так мучыць», — не аднойчы чула такі адказ на пытанне, чаму няма ў хаце ці ў двары гадаванца. «Вось паеду да дзяцей на зіму, куды яго дзець, хто яго возьме?» — гаравала нядаўна цётка, гладзячы па галаве ласкавага невялікага сабачку, якога ўлетку спакусілася ўзяць шчанём. У лепшым выпадку цюцьку забярэ хтосьці з яе дзяцей, у якіх свае дамы ў аграгарадках. У горшым — ён пасоваецца па вёсцы ў пошуках ежы і сыдзе кудысьці, дзе ёсць надзея гэту ежу знайсці... А ў вёсцы, як выпадзе снег, нешматлікія жыхары прама пад вокнамі будуць заўважаць сляды вялікіх і меншых лап і капытоў лясных гасцей. А вы кажаце — мышы...

Улетку да нас на ганак прыходзіў заяц. Сапраўдны, вялікі, зусім не палоханы. Сядзеў, касавурыўся на мяне праз шыбу. Ляніва паскакаў у бок суседчынага агарода — як потым аказалася, добра паласаваўся там маладой капустай. Прылятаў пажывіцца і вялізны ястраб — спрабаваў пацягнуць у кіпцях маленькага ёрка, якога суседчына ўнучка прывезла з горада на прыроду. Ратавалі мы таго сабачку як маглі — хто крычаў, хто махаў рукамі, нехта грукаў у металічны таз. Ястраб, хутчэй, здзіўлены, чым спалоханы, кіпці ўрэшце расціснуў, і стварэнне, больш падобнае на цацку, чым на жывёлу, жаласна павіскваючы, кулём пакацілася ў сенцы... У садзе ўжо каторы год гняздуюць крыклівыя нахабныя сойкі, якіх раней зрэдку можна было ўбачыць толькі ў лесе. Прыходзяць у двор лісы і куніцы, прылятаюць нейкія яркія, зусім не вядомыя птушкі. Ужо і сапраўды час задумацца: а хто з нас тут гаспадар?

На закінутых участках — калі перамервалі зямлю, многія паадмаўляліся ад кавалкаў, дзе раней былі бульба і сенакос: няма каго карміць той бульбай і сенам — пайшлі расці бярозы і маліннік. І канадскі залатарнік, які раней высаджвалі на кветніках. Цяпер ён запаланіў усе прасторы, дзе не косіцца, і рады даць яму вельмі няпроста. Спачатку жоўтыя мяцёлкі глядзяцца нават прыгожа, але пасля становяцца ржава-рудымі, і менавіта тады відаць маштаб праблемы, бо там, дзе залатарнік, нічога больш не расце, а яго з кожным годам становіцца больш на нічыёй зямлі. Сельгаспрадпрыемства тыя пакінутыя загоны сярод апрацаваных (паадмаўляліся ад сотак не ўсе) сабе пад пасевы забраць не можа, таму зямля пакуль сапраўды нічыя. Дакладней, «гаспадары» на ёй ужо іншыя — з жоўтымі, а пасля рудымі «галовамі»...

Менавіта тут, у здавалася б, жывой вёсцы (не закінутай — летам яна аж гудзе ад дачнікаў), вельмі дакладна разумееш, што чалавек — ніякі не «ўладар» і не «цар», а ўсяго толькі адна са складовых частак асобна ўзятай экасістэмы. І калі яго прысутнасць у ёй змяншаецца — прырода тут жа знаходзіць яму замену. Добра гэта ці дрэнна? Мы, здаецца, яшчэ не гатовы абмяркоўваць ні гэта, ні тое, што рабіць і ці трэба рабіць увогуле. Мы пакуль у пятніцу вечарам перад паездкай на дачу проста спяшаемся ў аддзел гаспадарчага магазіна, дзе прадаюцца пасткі і атрута для мышэй і ў якім у гэты час самы ажыятаж...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».