Вы тут

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»


Вядомы ўраджэнец Віцебска, вучань Шагала з Малевічам і стваральнік праектаў гарадоў будучыні Лазар Хідэкель сімвалічна вярнуўся на радзіму: названая яго імем міжнародная прэмія за інавацыйныя і экалагічныя падыходы ў архітэктуры 12 кастрычніка ўпершыню была ўручана ў Мінску. Для гэтага з Нью-Ёрка сюды прыехала сям'я Хідэкеля — сын Марк, таксама архітэктар, яго жонка Рэгіна і іх сын Раман. Прэмія была ўручана маладым архітэктарам з Варшавы, Мінска і Віцебска. Ініцыятарамі падзеі сталі Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча пры падтрымцы кампаніі А1.

З той нагоды, што мы якраз знаходзімся напярэдадні стагоддзя знакамітага віцебскага аб'яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якое будзе адзначацца ў 2020 годзе, уручэнне прэміі імя Лазара Хідэкеля, уласна аднаго з заснавальнікаў УНОВИСа, можна лічыць часткай святкавання. Працягам «вяртання» архітэктара на радзіму ў лютым наступнага года стане адмысловая выстаўка яго работ, дзе будуць прадстаўлены эскізы пабудоў, планы гарадоў будучыні і архіўныя дакументы. Імя Хідэкеля ў Беларусі вядомае нешырока, таму мы сустрэліся з яго нявесткай Рэгінай Хідэкель, доктарам мастацтвазнаўства і экспертам па творчасці Лазара Хідэкеля, каб паразмаўляць пра ўсё ж такі знакамітага віцябляніна.


Рэгіна і Марк Хідэкель. Фота Аляксея Мацюшкова.

— У першую чаргу хачу запытацца, як вы і іншыя члены сям'і ўспрымаеце гэтае сімвалічнае вяртанне Лазара Хідэкеля на радзіму?

— Вядома, вельмі пазітыўна і мы радыя, што вяртанне пачынаецца менавіта з прэміі маладым архітэктарам і студэнтам, бо ў свой час у Віцебску Лазар Хідэкель і сам быў студэнтам. Усім, чаго дасягнуў у жыцці, ён абавязаны гэтай школе і сваім настаўнікам. Нам падаецца, падтрымліваць моладзь — гэта не толькі сімвалічна, але і важна, таму што за ёй будучыня Беларусі і ўвогуле будучыня свету. Да таго ж, Лазар Маркавіч быў не толькі цудоўным вучнем сваіх выбітных настаўнікаў, але і педагогам, які выпусціў цэлую плеяду архітэктараў, што адносяць сябе да школы Хідэкеля.

— Большую частку жыцця Лазар Хідэкель правёў у Ленінградзе, а як можна апісаць беларускі ўнёсак у яго жыццё і творчасць?

— Марк Шагал прыняў Хідэкеля ў школу, калі таму было няпоўных пятнаццаць гадоў. Ён імгненна стаў адным з найлепшых вучняў, Шагал заўсёды яго выдзяляў, на аглядах і выстаўках, якія рэгулярна праводзіліся ў школе, Хідэкель атрымліваў першыя ўзнагароды. У пятнаццаць ён выстаўляўся побач з Аляксандрай Экстэр, Васілём Кандзінскім і Казімірам Малевічам. Хідэкель вельмі рана пачаў сваю мастацкую дзейнасць і быў адным з тых нямногіх вучняў Малевіча, якія авалодалі супрэматызмам, бо такі гіганцкі скачок з ХІХ стагоддзя ў абсалютна іншае бачанне і разуменне мастацтва, бязмежны космас, беспрадметнасць быў пад сілу не кожнаму. Напрыклад, Леў Юдзін у сваім дзённіку пісаў, што страшна змагаўся, але не змог перамагчы самога сябе. У сваю чаргу для Хідэкеля гэты пераход быў ненатуральна натуральны.

— Чаму яму гэта было прасцей, чым іншым?

— Мне падаецца, з-за таго, што ён паходзіў з сям'і, дзе верылі ў Бога. Неяк Лазар Маркавіч хацеў напісаць паэму і расказаць у ёй, як блукаў па Віцебску, глядзеў на неба і бачыў там Ісаю: яму была ўласціва гэтая накіраванасць уверх і разуменне, што рэальнасць — гэта не ўсё, апроч яе ёсць нейкі нябачны свет. Хідэкелю было лёгка ўбачыць гэты свет, спачатку ў выглядзе геаметрычных формаў і ў рэшце рэшт у якасці гарадоў будучыні. У канцы жыцця ён нават пісаў: «Я не ведаю, адкуль прыходзяць гэтыя формы, што лунаюць у небе, — з мінулага ці з будучыні, але я ведаю што калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць». Так і здарылася: зараз да Венецыянскай біенале рыхтуецца кніга «Thе wоrld ассоrdіng tо аrсhіtесturе» («Свет згодна з архітэктурай»), дзе праект горада будучыні Хідэкеля згадваецца як адзін з пяцідзесяці перспектыўных праектаў, што зменяць свет. Уяўляеце, ён створаны сто гадоў таму, а ўсё яшчэ называецца перспектыўным. Гэтае перадавое бачанне нарадзілася менавіта ў Віцебску, і наяўнасць у жыцці Хідэкеля такіх неверагодных людзей, як Шагал, Лісіцкі, Дабужынскі і Малевіч была неверагоднай удачай.

— Чаму Хідэкель навучыўся ў Казіміра Малевіча?

— Калі Малевіч прыехаў у Віцебск, яго мэтай было стварэнне тэарэтычнай базы супрэматызму. Супрэматызм — гэта не толькі жывапіс, але і філасофія, таму ён не страціў сваёй актуальнасці і выкарыстоўваецца ў мастацтве як ніякі іншы базавы пачатак. Малевіч заражаў вучняў сваёй тэарэтычнасцю, яму таксама неверагодна пашанцавала, што ён аказаўся ў Віцебску, для яго гэта быў шанц адзін з тысячы. Малевіч тады пасварыўся з тымі, хто хутка сталі канструктывістамі: у пачатку 1920-х тыя вырашылі шукаць спосабы супрацоўніцтва з новай уладай, што было магчыма праз нейкія практычныя рэчы, накшталт архітэктуры і дызайну. Канструктывізм адмовіўся ад утапічнай філасофіі авангарду і выйшаў у прагматычную прастору, рэч стала сімвалам новага стаўлення да свету, а мастак ператварыўся ў служыцеля чалавецтва і дзяржавы. Гісторыя канструктывістаў драматычная, а супрэматызм проста знік з савецкага лексікону, імя Малевіча сышло ў закуліссе. Савецкая ўлада ўмела выкрэсліваць. Канструктывізм пачаў актыўна апісвацца савецкімі і замежнымі даследчыкамі ўжо ў 1960-я, а адкрыццё супрэматызму адбылося нашмат пазней, прычым гэта было складанай задачай для сусветнага мастацтвазнаўства. Малевіч вучыў сваіх вучняў пісаць і думаць, што ты пішаш: захавалася мноства накідаў, кароткіх артыкулаў, прабіванняў да сэнсу. У яго была складаная мова, і вучні прабіраліся праз словы Малевіча. Гэта быў цікавы працэс, таму Віцебск даў Хідэкелю як бы ўсё — базу, школу, кірунак у мастацтве, кірунак у развіцці як майстра, архітэктара і мысліцеля.

— Як Лазар Хідэкель перажыў сталінскі час, калі абстракцыянізм стаў сапраўды выкрасленым мастацтвам?

— Ён ацалеў, і гэта была няпростая рэч. Хідэкель неяк хутка зразумеў, што з уладай нельга знаходзіцца на кароткай назе. Ён не ўступаў у партыю, хоць у Віцебску і быў актыўным камсамольцам, але 1919—1920-ы і другая палова 1920-х — розныя рэчы. Да таго ж Сталін не быў зацікаўлены ў знішчэнні архітэктараў, таму пацярпелых сярод іх мала. Лазара Маркавіча не пасадзілі, але на грані ён быў шмат разоў. У нас захавалася стэнаграма з тыповага для 1936 года мерапрыемства ў Саюзе архітэктараў, дзе задаваліся правакацыйныя пытанні і выяўляліся погляды яго сяброў. Часта такія сустрэчы канчаліся трагічна. Калі Хідэкелю задалі пытанне, чаму ён пераймае ў Захада, Лазар Маркавіч адказаў, што гэта Захад пераймае ў Савецкага Саюза, і лінія захопу разбурылася. Канешне, гэта былі складаныя часы, але ў 1930-я Хідэкель быў вельмі папулярны: ён пабудаваў першую помпавую станцыю, першы трохзальны кінатэатр і першы сацгарадок з цеплаэлектрастанцыяй на Неўскай Дуброўцы. На канец 1930-х прыйшоўся ўзлёт яго кар'еры, а ў час вайны ён стаў галоўным архітэктарам інстытута праектавання цяжкага машынабудавання, то-бок танкаў — пад яго кіраўніцтвам будаваліся танкавыя заводы па ўсім Савецкім Саюзе. У вызваленым Ленінградзе ён узнавіў і ўзначаліў архітэктурны факультэт, але праз антысеміцкую кампанію 1949 года яго знялі з пасады. Па дакументах я бачу, як гэта адбывалася: да яго пачалі прыдзірацца, патрабаваць нейкіх справаздач і ўвогуле ахопліваць гэтымі злавеснымі шчупальцамі. Хідэкелю хапіла нейкага ўнутранага разумення сітуацыі, і ён застаўся там проста выкладаць і выкладаў усё жыццё. Яму цяжка давалі прафесара, ніколі не ўзнагародзілі ніводнай прэміяй і не выбралі ў Акадэмію навук. Пры гэтым Лазар Маркавіч карыстаўся неверагоднай павагай калег, яго абажалі студэнты, хоць нават не разумелі, з кім насамрэч маюць справу. Хідэкель нават вымавіць слова «супрэматызм» не мог, гэта мастацтва было вымецена з гісторыі і засталося безгаспадарным, за яго ніхто не адказваў.

— А як сам Хідэкель успрымаў гэтае ігнараванне ўлады?

— Ён прызвычаіўся да гэтага і цудоўна разумеў, што ніякіх пасад не атрымае і нават лепш іх не мець. Народжаныя ў савецкія часы яшчэ дзецьмі ведалі: тое, што гаворыцца дома, нельга гаварыць на вуліцы. Мы ўсе жылі як бы двайным жыццём і сапраўды ўспрымалі савецкую ўладу як надвор'е, бо з надвор'ем нічога нельга зрабіць. Савецкая ўлада была сама па сабе, а мы — самі па сабе. Лазар Маркавіч пазбягаў палітыкі, але сваіх студэнтаў вучыў добрай архітэктуры, разуменню формы і прасторы, таму, чаму ён сам навучыўся ў сваіх настаўнікаў.

— Прэмія імя Лазара Хідэкеля прысуджаецца за інавацыйнасць і экалагічнасць. У чым была інавацыя архітэктуры Хідэкеля?

— Малевіч казаў, што мастацтва знайшло ўсё, што магло знайсці, і пасля супрэматызму рухацца няма куды. Ён меў рацыю, за сто гадоў нічога новага на фармальным узроўні створана не было. Таму настаўнік паставіў перад сваімі вучнямі задачу стварыць новую архітэктуру і новы дызайн. Лазар Маркавіч успрыняў гэта як кіраўніцтва да дзеяння і захацеў стаць архітэктарам. (Калі праз шмат гадоў Марк Шагал сустрэў Хідэкеля, ён панаракаў на тое, што той стаў архітэктарам, бо быў такім таленавітым мастаком.) У архітэктурнай майстэрні Лісіцкага была пастаўлена задача перайсці з лінейнага супрэматызму ў аб'ёмны, і Лазар Хідэкель быў тым чалавекам, які гэта ажыццявіў: створаны ім у 1926 годзе супрэматычны праект аказаў вялізны ўплыў на ленінградскую архітэктурную школу. І потым Хідэкель любіў рабіць новыя рэчы — помпавая станцыя, сацгарадок, Дом радыё, яго цікавілі пагранічныя структуры. Але нават больш, чым сваёй рэальнай архітэктурай, Хідэкель знакаміты праектамі гарадоў будучыні. З сярэдзіны 1920-х гадоў ён пачаў распрацоўваць горад на вадзе, аэрагорад, горад на апорах, горад-сад. Горад на вадзе, напэўна, быў «натхнёны» паводкай 1924 года ў Ленінградзе: Лазар Маркавіч прыдумаў плавучы горад, такі «ноеў каўчэг», куды людзі могуць прыйсці з мацерыка і перачакаць. Хідэкель лічыў, што прырода павінна заставацца на месцы, а чалавек і яго жыццё — падымацца наверх, дзе можна дыхаць чыстым паветрам, бачыць неба і фактычна жыць у небе. Ідэя гарадоў будучыні належыла не толькі Хідэкелю, але яго адрозненнем была гуманнасць: чалавек і яго камунікацыя з прыродай былі галоўным клопатам. Ён пісаў, што задача архітэктара — пераадолець супярэчнасць паміж развіццём цывілізацыі і захаваннем прыроды.

— Гэтыя праекты гарадоў будучыні было магчыма рэалізаваць?

— Яго архітэктурныя праекты 1920-х гадоў маглі быць рэалізаваныя ўжо тады, але для гэтага трэба было, каб у чалавецтва памянялася свядомасць. Калі мы аказаліся ў ЗША (а мой муж — таксама архітэктар і вучань свайго бацькі), мы ўжо ведалі пра разбуральную сілу ўраганаў. Марк пачаў прыдумляць ідэі гарадоў, якія можна было б падняць наверх. Тады да гэтага ніхто не прыслухоўваўся, затое пасля ўрагану Сэндзі ў пэўных частках Нью-Ёрка больш немагчыма пабудаваць дом не на апорах, інакш яго нават не застрахуюць. У Лазара Хідэкеля была ідэя стварыць горад над гарадамі: тэхналагічна гэта было магчыма, але перашкаджала пытанне свядомасці, таксама, як у Нью-Ёрку гатоўнасць да дамоў на апорах праявілася толькі пасля Сэндзі, што каштаваў мільярды.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».