Вы тут

«АРТ-Упакоўкі» ад студэнтаў БДАМ прадстаўлены ў галерэі Савіцкага


Цёмна-шэры, графітавы колер сцен, падлогі і выставачных вітрын падкрэслівала святло, ці фактычна паўзмрок. Мяккія промні дапамагалі выхопліваць колеравыя акцэнты — работы, дзеля якіх і стваралася экспазіцыя. Усё правільна: праз падачу імкнёмся спасцігнуць сэнс.


Вось яна, сутнасць дызайну: форма можа існаваць і самастойна, але павінна падкрэсліць напаўненне, змест, ідэю. Як — паказалі зусім маладыя аўтары ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Тут прадстаўлены работы на тэму «АРТ-Упакоўка» студэнтаў ІV курса спецыяльнасці «Графічны дызайн» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

І тую самую ўласцівасць дызайну як асаблівага віду мастацтва, скіраванага на сутнасць, ухопліваеш адразу, праз адмысловыя ўводзіны ў тэму, стыльна пададзеныя перад часткамі экспазіцыі. Найлепшы адказ тым, хто, магчыма, усё яшчэ думае, што сіла дызайну — гэта міф, і насамрэч няважна, што і як выглядае. Белыя літары на цёмным, нібыта высечаныя ў граніце, даносяць: «Міф — найбольш старажытная форма перадачы ведаў. Яго нельга ўспрымаць літаральна, толькі іншасказальна — як зашыфраваныя веды, схаваныя ў сімвалах». І нічога не застаецца, як пайсці далей, каб займацца расшыфроўкай, гадаць: а што б гэта значыла. І яшчэ дзівіцца студэнцкай крэатыўнасці і стылёвай падачы.

Так, Казіка Малевіча згадваць давядзецца, і не толькі яго, а ўсіх, хто меў дачыненне да арт-суполкі УНОВИС, якая амаль сто гадоў таму сцвярджала прынцыпы новага мастацтва. Авангардны рух пачынаўся з Віцебска. Пра гэта памятаюць тыя, каго натхняе гісторыя творцаў, што дзейснілі рэвалюцыю. І калі сённяшнія дызайнеры звяртаюцца да іх гісторый, досведу і ведаў, то гэта якраз прыклад міфа, які даў свае практычныя вынікі — у часе і прасторы.

Прычым, не толькі ў філасофскім сэнсе, а нават літаральна. Прастора — уменне з ёю працаваць, трансфармаваць — праглядае ў работах, якія размясціліся на плоскасці. Невялікія (па памеры) арт-аб'екты могуць жыць сваім мастацкім жыццём, нават без думкі пра магчымае іх практычнае выкарыстанне ў выглядзе ўпаковачных матэрыялаў — а між іншым, дзеля гэтага і задумвалася ўсё. Не бывае ў жыцці дробязяў і наш кантакт з кожнай рэччу можа быць больш паспяховы і станоўчы ў залежнасці ад эмоцый, якія ўзнікаюць, як толькі ты яе атрымліваеш у рукі, нават яшчэ запакаванай. І часам хочацца гэты ўпаковачны цуд пакінуць дома. Калі гэта цуд. І калі б гэта сапраўды можна было рэалізаваць не на ўзроўні выстаўкі, бо дызайн, падкрэслілі падчас адкрыцця мерапрыемства — неабходны атрыбут сучаснага жыцця...

У экспазіцыю ўвайшлі найлепшыя варыянты арт-упакоўкі, створаныя ў 2008—2014 гадах у рамках навучальнага праекта «Праца ў матэрыяле». Гэта шостая выстаўка, што была створана па выніках сістэмнага цыкла аўтарскіх навучальных курсаў дызайнера-педагога Руслана Найдзена. Гэты праект, як і ўся серыя навучальных курсаў, прысвечаны стагоддзю УНОВИС.

— Гэта сур'ёзная прафесійная выстаўка, — адзначыў Вячаслаў Семянько, дацэнт кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. — Тут прадстаўлены студэнцкія работы, але нягледзячы на гэта, вырашаюцца сур'ёзныя пытанні філасофскага характару. У праектах разбіраюцца суадносіны: паміж унутраным і знешнім (паколькі гэта ўпакоўка) у аб'екце, паміж унутранай прасторай і знешняй, паміж тэкстам і кантэкстам. Уздымаць такія тэмы — вышэйшы пілатаж у візуальным мастацтве.

Пра глыбіню і любоў да дэталяў разважала дырэктар выдавецтва «Навуковы свет» Ала Зміёва, звярнуўшы ўвагу, што падобныя праекты маюць перспектыўную міжнародную будучыню. Тут сапраўды ўсё склалася, фактычна ў праект увайшлі тры часткі, якія злучаюцца паміж сабой: экспазіцыя падмацавана густоўным каталогам (аформленым па-дызайнерску якасна) і відэа. Але ёсць і адукацыйная частка, якая тлумачыць значэнне вытокаў: у межах выстаўкі 25 кастрычніка запланавана лекцыя мастацтвазнаўцы Таццяны Бембель «УНОВИС як школа: паслядоўнікі сёння».

Варта ўбачыць і не выпусціць з пад увагі гэты працяг, каб ў выніку прыйсці да высновы, што праступае ў экспазіцыі сярод іншых думак: «Міф — гэта сакральнае, напоўненае глыбінёй пасланне, у якім зашыфраваны веды пра свет і яго законы».

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Законы свету: занатаваныя ды ўпакаваныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?