Вы тут

Якія таямніцы хаваюць у сабе воды свяшчэннай ракі Іардан?


Якія таямніцы хаваюць у сабе воды свяшчэннай ракі Іардан, чаму важна ведаць Свяшчэннае Пісанне і дзе можна пакаштаваць рыбку Пятра

У навінах часта можна пачуць пра напружаную абстаноўку на Блізкім Усходзе, узброеныя канфлікты і дыверсіі. Прызнаюся, мяне гэта спачатку таксама хвалявала. Але толькі да таго моманту, пакуль я не аказалася ў біблейскіх мясцінах. Так, узброеных людзей у Ізраілі бачыць даводзілася неаднаразова. Але чамусьці адчування небяспекі ні разу не ўзнікала. Хоць наш аўтобус неаднойчы перасякаў граніцу Палесцінскай адміністрацыі, дзе ізраільскія законы не дзейнічаюць. Сёння мы едзем якраз у бок ракі Іардан, і за акном ужо прамільгнуў чырвонага колеру шчыт, на якім вялікімі белымі літарамі на некалькіх мовах напісана, што Ізраіль за знаходжанне сваіх грамадзян на гэтай тэрыторыі ніякай адказнасці не нясе.


Дэмакратыя па-ізраільску

У Іар­дан — з ма­літ­вай і бла­га­сла­вен­нем.

Толькі што мы праехалі мусульманскую вёску, а наперадзе ўжо відаць яўрэйскі кібуц. Наша гід Аляксандра кажа, што ўся тутэйшая зямля падобная на шахматную дошку. Вось у гэтай клетцы чорныя фігуры, у той белыя. «Такім чынам праводзіцца палітыка інтэграцыі, — тлумачыць яна і з горыччу ў голасе дадае: — У жыхароў, якія знаходзяцца пад Палесцінскай адміністрацыяй, вялікія праблемы і з пашпартам, і з медыцынскім абслугоўваннем, і са страхаваннем, і з усім астатнім...»

Пакуль мы ў дарозе, жанчына расказвае, па якіх законах жыве сёння яе краіна.

— Выкіньце з галавы ўсю Вікіпедыю, — рэкамендуе яна. — Нічога з таго, што вы сабе тут уяўлялі, не ўбачыце. Сёння тут ёсць мясцовае самакіраванне. Мы на Усходзе, тут усё вырашае галава роду. Ёсць пытанні — сустрэліся два кіраўнікі родаў і вырашылі. Так было пры турках, так ёсць і цяпер. У нас, калі праходзяць выбары ў парламент, мусульмане галасуюць хамуламі — родамі. Як вырашыў старшы — незалежна ад таго, хто ён, лідар партыі або клана, — так і будзе. Такая ў нас дэмакратыя.

Аляксандра мае звычку ўсё параўноўваць з Бібліяй. І не толькі таму, што водзіць паломніцкія групы па святых месцах. Тут рэлігія не занятак для душы, а частка жыцця. У хрысціянскіх школах абавязкова вывучаюць Божы закон. І асобна Танах. Гэта так званая Свяшчэнная яўрэйская Біблія. Дарэчы, непадалёк ад нашай гасцініцы ў Віфлееме знаходзіцца менавіта хрысціянская школа. Але ёсць і іншыя, у якіх дзеці вучацца, напрыклад, па агульнадзяржаўнай або мусульманскай праграме. І там таксама пытанні рэлігіі не на апошніх месцах.

— У Бібліі ёсць усё, за рэдкім выключэннем, — запэўнівае гід. — Асабіста я ў Старым Запавеце баюся чытаць прарокаў, бо там не пра мінулае, там — пра будучае...

За вокнамі аўтобуса цягнуцца саланчакі з рэдкімі дрэвамі. Нечакана ўзнікае вялікая пальмавая плантацыя, і ўсе тут жа пераключаюцца на сельскую гаспадарку.

— Гэтыя пальмы на кропельным арашэнні. Пладаносіць пачнуць толькі праз 15 гадоў, — тлумачыць Аляксандра. — Задавальненне вельмі дарагое, пад гэта звычайна бяруць крэдыты. Але калі людзі на такой тэрыторыі гэта робяць, значыць, упэўнены ў заўтрашнім дні і спадзяюцца сабраць ураджай.

Яна зноў згадвае пра Біблію — гэтым разам у сувязі з крэдытамі. І рэкамендуе пагартаць яе ўсім эканамістам.

— У Свяшчэнным Пісанні нічога няма пра доўгатэрміновыя крэдыты. Там напісана, што калі бралі ў доўг, павінны былі вярнуць на працягу сямі гадоў. Гэта аптымальны перыяд, каб аддаць пазыку.

Акрамя пальмаў, тутэйшыя аграрнікі вырошчваюць і іншыя культуры. З кастрычніка да сакавіка яны збіраюць памідоры чэры, перцы, маленькія агуркі, бахчавыя, цыбулю... Усё гэта ідзе на экспарт. Калі добра паклапаціцца, то ўраджай можна сабраць некалькі разоў за сезон.

— Вось чаго нельга вырасціць у тутэйшых умовах, дык гэта цвёрдых сартоў пшаніцы, — уздыхае Аляксандра. — Некалькі гадоў таму значную частку збожжавых Ізраіль купляў ва Украіне, але сёння асноўны пастаўшчык збожжавых — Расія.

У гэтай крыніцы адбыўся цуд з выгнаннем нячыстых духаў.

Далейшы наш шлях праходзіць па Іарданскай даліне. Тут калісьці ішлі караваны, пралягаў гандлёвы шлях. Некалі тут праходзіў са сваёй арміяй Аляксандр Македонскі. Цяжка сабе ўявіць, але тады рэгіён быў адзін з самых пладародных. Сёння робяцца сціплыя спробы адрадзіць былую ўрадлівасць.

Калі мы ўжо пад'язджаем да ракі Іардан, гід удакладняе, што мы знаходзімся на зямлі калена Беньяміна, сімвалам якога з'яўляецца воўк. Гэты звер, дарэчы, і цяпер палюе тут на авечак. Але самае небяспечнае ў тутэйшых месцах — ядавітыя змеі. Асабліва злосная — палесцінская гадзюка. А яшчэ цэфа, якая і па вадзе плавае, і кусае ў скачку. Але ж мы не збіраемся тут у пешыя паходы хадзіць, падбадзёрвае Аляксандра.

Вада колеру смутку

Але змеі, як аказваецца, гэта яшчэ не самае горшае, што тут ёсць. Калі мы выходзілі з аўтобуса, звярнулі ўвагу на жоўтага колеру таблічкі, дзе на англійскай было напісана: не хадзіць — міны.

— Увесь раён даліны Іардана, па якім мы ехалі да свяшчэннай ракі, да 1967 года быў акупаваны Іарданіяй, — тлумачыць Аляксандра. — Гэта ваенная зона да сённяшняга дня, тут проста па рацэ праходзіць граніца паміж Ізраілем і Іарданіяй. Пасля 1967 года ўсё навокал было замініравана. Гадоў дзесяць таму мы сюды заехаць яшчэ б не змаглі. Паломнікаў пускалі толькі раз у год на Вадохрышча. Чэргі стаялі тысячныя. Размініраванне пачалося дзесяць гадоў таму і працягваецца дагэтуль. Працэдура вельмі дарагая, таму такая марудная.

Нас пераканаўча просяць не адыходзіць ад групы і трымацца адно аднаго. Для паломнікаў тут зроблена спецыяльная крытая пляцоўка, каб можна было пасядзець, пачытаць Евангелле. Некалькі гадоў таму Іерусалімскі праваслаўны патрыярхат пачаў аднаўленне манастыра Іаана Хрысціцеля, які знаходзіцца недалёка адсюль. У гады вайны ён быў разбураны. На другім баку Іардана, якраз насупраць нас, базіруюцца іарданскія памежнікі. Мы іх не бачым, але Аляксандра кажа, што яны назіраюць за намі. З гэтага боку нас ахоўваюць ізраільскія. Што датычыцца святынь, то на тэрыторыі Іарданіі таксама ёсць манастыры Іерусалімскага праваслаўнага патрыярхата.

На гадзінніку 8 гадзін раніцы. Акрамя нас груп няма. Але, як кажа наша суправаджальніца, днём тут сапраўднае паломніцтва. Затрымлівацца нам не рэкамендуюць, на ўсё 40 хвілін. Мы хутка перадзяваемся ў белыя кашулі і спускаемся да вады. «Вада колеру смутку» — гэта першае маё ўражанне ад Іардана. Здаецца, што нехта перад нашым прыходам узбаламуціў тут увесь глей. Але ж разумееш, што вада, асвечаная прысутнасцю Богачалавека, не можа быць бруднай. Нават калі такой здаецца. Хутка я ўпэўніваюся ў тым, што так яно і ёсць. Айцец Аляксандр першы спускаецца ў ваду, і мы адно за адным падыходзім да яго, каб прыняць святое абмыванне. Свяшчэннік акунае нас з галавой тройчы. Можаце не верыць, але нашы кашулі застаюцца пасля гэтага такія ж бялюткія, як і да таго, як мы ўвайшлі ў раку. Ці гэта не цуд?

Ужо ў аўтобусе Аляксандра расказвае, што тут адбываецца на Вадохрышча. У студзені, вядома, у Ізраілі маразы не трашчаць, але ж дождж часам бывае. Людзей прыязджае вельмі шмат. Служба пачынаецца з таго, што Іерусалімскі патрыярх спускаецца да ракі пад спецыяльны навес, каб прачытаць малебен. Наперадзе ён нясе посах, на якім сядзіць белы голуб. Пасля малітваў патрыярх падыходзіць да вады з вяночкам і сярэбраным крыжам на ланцужку і спрабуе змахнуць з посаха голуба. Той ляціць, і туды, дзе ён завісае ў паветры, патрыярх кідае вяночак. Гэтыя маніпуляцыі могуць паўтарацца некалькі разоў, пакуль вада пад вяночкам разыдзецца коламі не ўніз, а, наадварот, прыпадымецца ўверх. Быццам Хрыстос акунуўся — як у тыя колішнія дні. «Прыйшоў Ісус Хрыстос з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ў Іаана ў Іардане. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Іаан, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, які сыходзіў на Яго. І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой умілаваны, на якім Маё ўпадабанне». (Мк. 1, 9-11.)

Месца, дзе расплюшчваюцца духоўныя вочы

Памятаеце гісторыю пра Марыю Магдаліну, калі Ісус Хрыстос выгнаў з яе сем злых дэманаў? Яна стала паслядоўніцай Хрыста, прысутнічала пры яго пакаранні і адна з першых убачыла яго ўваскрэслым. Дык вось, на заходнім беразе Генісарэцкага возера, або, як яго яшчэ называюць, Галілейскага мора, знаходзіцца мястэчка Магдала, адкуль родам святая Марыя Магдаліна. І мы накіроўваемся туды, каб наведаць храм і акунуцца ў тамтэйшыя цудадзейныя крыніцы. Іх тры. Для вачэй, вада якой, як кажуць, дапамагае адкрыць духоўныя каналы. Радонавая з дзівосна блакітнай вадой. І, уласна, тая самая, дзе Ісус Хрыстос вылечыў Марыю Магдаліну.

Пячора, дзе маліліся святы Ілля і свяціцель Мікалай.

Месца незвычайна прыгожае. У пачатку XX стагоддзя яго выкупіла духоўная руская місія і перадала пад апеку матушак Горненскага манастыра. Месцы намоленыя. Тут знаходзіцца пячора Марыі Магдаліны, дзе маліліся таксама прарок Ілля і свяціцель Мікалай. Вось так проста. Тут святыя не міфічныя асобы, а рэальна існаваўшыя людзі. Ходзіш пад уражаннем і нават не можаш асэнсаваць — няўжо гэта ты. Храм, цэнтр для прыёму паломнікаў, прыгожы парк. Калі гуляеш па тэрыторыі Магдалы, здаецца, што пры жыцці трапіў у рай. Кветкі, пахі, птушыныя спевы — душа спявае разам з імі і, здаецца, лётае. Тут можна ўбачыць увесь асартымент нашых кветкавых крам, але, у адрозненне ад нашых дэкаратыўных сабратаў, расліны тут вырастаюць да вялікіх, нават гіганцкіх памераў. Сцяжынкі, што патанаюць у зеляніне, вядуць да мора. А яшчэ — да тых самых цудадзейных крыніц. Пасля Іардана, праўда, ахвотных туды акунуцца было менш. Вось калі б можна было зрабіць усё наадварот — спачатку наведаць крыніцу Святой Магдаліны, а потым Іардан! Калі б ведалі, узялі б яшчэ адну кашулю, уздыхалі мае спадарожніцы. І я ў іх ліку. Затое ў Галілейскім моры я ўсё ж такі паплавала ад душы. Але гэта было ўжо пасля таго, як мы пакінулі святое месца і адправіліся ў мясцовы рэстаран на беразе мора. Пакуль адны каштавалі рыбку Пятра (дарэчы, добры маркетынгавы ход, маўляў, такую ж тут лавіў апостал) — абедзенны комплекс за 25 долараў, іншыя, у тым ліку я, з задавальненнем цялёпкаліся разам з мясцовымі ў моры. Там кашуля патрэбна не была, дастаткова купальніка. Вада ў моры прэсная, і сапраўды вельмі шмат дробных рыбінак. Нават адчуваеш, як яны шоркаюцца аб цябе, быццам робяць прыемны пілінг. Потым сядзелі на беразе і ўяўлялі, як па гэтым моры хадзіў Хрыстос. Тут наогул развярнулася амаль уся евангельская гісторыя. Менавіта на берагах Галілейскага мора былі пакліканыя Ісусам «на лоўлю чалавекаў» галоўныя з яго апосталаў, тут Хрыстос ацаляў хворых, накарміў народ сямю хлябамі і некалькімі рыбкамі. Памятаеце? «І елі ўсе і насыціліся... А тых, хто елі, было чатыры тысячы чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей...» Горад дзяцінства Хрыста — Назарэт, горад Капернаум, дзе ён праявіў сябе як месія, Галілейскае мора — тут прайшла асноўная зямная частка жыцця Ісуса Хрыста. Сёння на тых месцах, дзе ён быў, стаяць храмы і манастыры. Але большай часткай гэтыя землі выкупленыя Ватыканам — ордэнам францысканцаў. Рускі праваслаўны храм у гэтай частцы Ізраіля адзін — у гонар святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Іерусалім

(Працяг будзе.)

Загаловак у газеце: Святыні зямлі Запаветнай

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.