Вы тут

Што чакае тэатралаў?


Верасень — прыемны час для прыхільнікаў тэатральнага мастацтва: тэатры Беларусі пасля летніх вакацый адкрылі для іх свае дзверы


Вялікі тэатр оперы і балета

Напярэдадні адкрыцця новага тэатральнага сезона вярнуліся дадому, у родны тэатр натхнёнымі 165 чалавек (а гэта — артысты хору, аркестра, салісты, тэхнічная і пастановачная групы). Яны пабывалі на 21‑м штогадовым оперным фестывалі «Афрадыта» ў Пафасе з операй геніяльнага Джузэпэ Вердзі «Макбет» у пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. Беларускі дэсант высаджваўся на берагах Кіпра 30, 31 жніўня і 1 верасня. А 2 і 3 верасня на сцэне Вялікага тэатра ў рамках Дзён культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Пекінская опера паказвала спектакль «Ваеначальніцы сям’і Ян». Гэта была незвычайная відовішчная пастаноўка, у якой сыходзяцца адразу некалькі жанраў: традыцыйная кітайская опера, акрабатыка, харэаграфія, пантаміма і баявыя мастацтвы.

Новы, 87‑ы сезон адкрыўся ў Вялікім тэатры Беларусі прэм’ерай — операй Аляксандра Барадзіна «Князь Ігар» у пастаноўцы рэжысёра Галіны Галкоўскай, сцэнаграфія Вячаслава Акунёва. Цяперашні спектакль стаў першым для Галіны Галкоўскай, але ўжо шостым зваротам тэатра да гэтай партытуры. Дырыжыраваў у той дзень Аляксандр Анісімаў. Дарэчы, рэпетыцыі пачаліся ўжо ў апошні тыдзень жніўня. І тады ж харэограф Вольга Костэль прыступіла да падрыхтоўкі першай балетнай прэм’еры гэтага сезона: гісторыі жыцця і любові гераіні Льва Талстога Ганны Карэнінай — цяпер актыўна ідуць рэпетыцыі пастаноўкі «Ганна Карэніна», якую мы ўбачым у лістападзе.

Макет сцэны да оперы «Князь Ігар». Фота sb.by

17 і 18 верасня гледачы змаглі ўбачыць спектакль Вячаслава Кузняцова «Анастасія», балет пра беларускую Жану д’Арк — княгіню Слуцкую ў пастаноўцы Юрыя Траяна. Гэтую прэм’еру мінулага сезона паглядзелі далёка не ўсе мінчане, таму спектаклі прайшлі, як гэта і характэрна для Вялікага тэатра, з аншлагамі. Таксама была запатрабаваная і яшчэ адна прэм’ера мінулага сезона — аперэта Іагана Штраўса «Лятучая мыш». За дырыжорскім пультам быў маэстра Іван Касцяхін.

Балет «Анастасія»

Адкрыла сезон 18 верасня і Камерная зала імя Ларысы Александроўскай праграмай «Шэдэўры сусветнай оперы», у якой прынялі ўдзел нашы любімыя выканаўцы. Да 90‑гадовага юбілею выдатнага кампазітара Яўгена Глебава (1929–2000) быў прымеркаваны паказ балета «Маленькі прынц» у пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай.

Ну, а ў снежні па традыцыі мы паслухаем зорак Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. Сёлета ў яго праграме адбудуцца, як нам паведамілі, змены: не будзе конкурсу маладых вакалістаў.

Але гэта, мяркую, не праблематычна. Хай маладыя вакалісты набіраюцца досведу і сіл, каб з цягам часу зноў прыехаць у Мінск, які гасцінна штогод іх сустракаў. Трэба і паўзу ўзяць. Як кажуць у тэатры: нам ёсць чым здзівіць і пацешыць любімага гледача.

Тэатр імя Янкі Купалы

А што ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы? У сезоне 2019–2020 увага тэатралаў да ўшанаванага тэатру будзе больш пільнай. У верасні стартаваў яго 100‑гадовы юбілей! З нагоды гэтай пышнай даты Мікалай Пінігін звяртае ўвагу на класіку, якая, несумненна, не старэе. У ліпені, перад пачаткам летніх адпачынкаў купалаўцаў, мы з задавальненнем паглядзелі прэм’еру спектакля «Шляхціц Завальня» паводле Яна Баршчэўскага ў пастаноўцы Алены Ганум (п’еса Сяргея Кавалёва). Яна разам з таленавітымі вучнямі мэтра сцэнаграфіі Барыса Герлавана Кацярынай Шымановіч і Сяргеем Ашухам прыемна ўсіх здзівіла. А першай прэм’ерай сезона стане «Кароль Лір» — культавы твор Уільяма Шэкспіра, які называюць лепшай яго трагедыяй, бо апавядае яна пра драматычныя вынікі барацьбы чалавека за ўладу. Як прачытае гэты папулярны хіт літаратуры Мікалай Мікалаевіч, ці накіруе ўвагу акцёраў на даследаванне душэўных пакут герояў і пошук іх прычын, даведаемся 26 снежня. І, вядома ж, мы з нецярпеннем будзем чакаць выхаду на сцэну ў ролі караля Ліра Віктара Манаева, народнага артыста Беларусі, бо добра ведаем, на што здольны гэты таленавіты акцёр.

Камерная сцэна таксама, як і звычайна, запросіць гледачоў. Там пастаноўку з папярэдняй назвай «1» («Першы») акурат да канца года прадставіць акцёр Раман Падаляка, які, як вядома, паспяхова праявіў сябе ў рэжысуры ў спектаклі «Радзіва «Прудок»» паводле кнігі Андрэя Горвата. Нагадаем чытачу: у 2017 годзе кніга Горвата атрымала прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і ўвайшла ў шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца. Яна стала бэстсэлерам сучаснай беларускай літаратуры.

Крыху пазней, у канцы сакавіка 2020 года, на вялікай Купалаўскай сцэне расійскі харэограф Сяргей Зямлянскі, для рэжысёрскага почырку якога характэрная экспрэсія, гратэск у падачы вобразаў персанажаў, а таксама выкарыстанне разнастайных візуальных і музычных эфектаў, паставіць пластычны спектакль «Мой Шагал». Цікава, ці будуць героі спектакля, як і шагалаўскія на палотнах, лётаць у паветры або сядзець на аблоках?.. Пажывем, як той казаў, ды пабачым. Дарэчы, з адной з рэжысёрскіх работ Зямлянскага мы ўжо знаёмыя па спектаклі «Матчына поле»: яго паказвалі ў Мінску ў 2014‑м. Той спектакль можна назваць першым, як інтэрпрэтуе усюдыісная Вікіпедыя, у кірунку новай пластычнай драмы, якая з’явілася на стыку трох тэатральных жанраў: драматычнага спектакля, танцавальнага тэатра і выразных эмоцый пантамімы.

А да канца 2020 года Мікалай Пінігін пакажа нам абноўленую «Ідылію» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якую ў мінулым, яшчэ да сваёй працы ў Вялікім драматычным тэатры імя Георгія Таўстаногава ў Санкт-Пецярбурзе, ставіў на Купалаўскай сцэне. Гэты твор, шэдэўр нацыянальнай драматургіі, мы зможам, як абяцае тэатр, убачыць 23 снежня.

Акрамя таго, на сустрэчы з журналістамі Мікалай Пінігін расказаў і пра іншыя планы юбілейнага года — пра намеры выпусціць дакументальны фільм, прымеркаваны да юбілею, і выдаць кнігу.

Тэатр імя Максіма Горкага

Тэатральны сезон у Рускім тэатры — Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага — пройдзе не ў родных сценах на вуліцы Валадарскага. З мая тэатр закрыты на капрамонт з мадэрнізацыяй сцэнічнай прасторы. Абяцаюць, што ўжо ў лістападзе, у лепшым выпадку да Новага года, рамонт завершыцца. Восеньская нязручнасць не спыніць спектаклі, як пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Сяргей Кавальчык, мастацкі кіраўнік тэатра:

— Спадзяюся, што неўзабаве мы выйдзем на адрамантаваную, мадэрнізаваную пляцоўку. І такім чынам зможам, спадзяюся, што зможам, ну хоць бы ледзь-ледзь дацягнуцца да вялікіх і першых тэатраў краіны, у якіх тэхніка на высокім узроўні. На час рамонту тэатр будзе працаваць на пляцоўцы Палаца культуры прафсаюзаў.

Мастацкі кіраўнік не расказваў пра планы, але пра сёе-тое з творчых момантаў тэатра нам вядома: у кастрычніку тэатр паедзе з гастролямі ў Кемерава, Томск і Барнаул, дзе пакажа два спектаклі — «Знойные мамочки» і «Пане Каханку». А з пачатку верасня Вольга Клебановіч, народная артыстка Беларусі, прыступіла як рэжысёр-пастаноўшчык да рэпетыцый спектакля па Фёдары Дастаеўскім «Браты Карамазавы». Дарэчы, інцэніроўка таксама яе. Чакаецца яшчэ прэм’ера: спектакль «Дачнікі» паводле п’есы Максіма Горкага. Паразважаць «за жыццё» ўзялася Валянціна Еранькова, а ў адной з галоўных роляў мы ўбачым Сяргея Чэкерэса. Спадзяюся, параіць нам, як жыць размераным і спакойным жыццём, абяцаюць на пачатку лістапада. А калі родная сцэна не будзе гатовая, мяркуецца сыграць прэм’еру на іншай пляцоўцы.

«Знойные мамочки». Фота afisha.yandex.ru

Тэатр беларускай драматургіі

Тэатральны сезон у РТБД — Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі — абвясцілі як «Сезон сяброў». Ужо 11 верасня аматарам айчыннай драматургіі быў паказаны новы спектакль «Сірожа», які адкрыў і сезон, і дэкаду, прысвечаную 60‑годдзю Аляксандра Гарцуева. Ён жа спектакль і паставіў, вызначыўшы па жанры як жыццё ў дзвюх эпохах. У першай эпосе паказваецца год 1980‑ы, а другая адлюстроўвае падзеі 2012 года. Гэта гісторыя пра неабходнасць даравання. Прэм’ера спектакля адбылася ў ліпені. А 27 верасня гледачам прадставілі спектакль «Вар’ятка» ў пастаноўцы Таццяны Траяновіч. Таксама чакаецца эксперыментальная пастаноўка ад Кацярыны Аверкавай і Яўгенія Карнягі. Прэм’ера іх сумеснага спектакля запланаваная на снежань.

А вось Музкамедыя, як па старой звычцы мы называем Дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, адкрыецца пазней. 12 кастрычніка трупа здзівіць гледачоў першым падарункам новага сезона — мюзіклам Віктара Лебедзева «О, мілы сябар!», пастаўленым па матывах рамана Гі дэ Мапасана. Нагадаю: пастаноўку з такой назвай упершыню паказалі 36 гадоў таму. Сённяшняя прымадона Наталля Гайда тады выходзіла на сцэну ў ролі Мадлен, а Дзюруа спяваў народны артыст Беларусі Пётр Рыдзігер.

Акрамя таго, паводле традыцыі тэатр парадуе і сваіх маленькіх гледачоў. У снежні–студзені, бліжэй да Калядных вакацый пакажуць дзве казкі: «Новыя прыгоды Ямелі» ад расійскага рэжысёра Анастасіі Сілаевай і «Новыя прыгоды Дамавёнка Кузі» ад Валерыі Чыгілейчык.

Маладзёжны тэатр

Заслужаны калектыў Беларусі — Маладзёжны тэатр — у новым сезоне, калі ўсё складзецца, па восені прадставіць спектакль «Дарагая Памэла» па п’есе лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі Джона Патрыка. У тэатральных колах п’еса вядомая пад назвай «Як прышыць бабульку». Вядома імя рэжысёра: Альгірдас Латэнас з Літвы. Ён раскрые сваё бачанне гісторыі пра высакароднасць душы і чалавечых заганаў. Адкрылася «Маладзёжка» 12 верасня спектаклем-прэм’ерай містычнай камедыі «Трыксцер-клуб» Улады Альхоўскай, маладой беларускай пісьменніцы. Паставіў спектакль рэжысёр Андрэй Гузій. Дарэчы, у 2018 годзе гэтая п’еса стала пераможцай Міжнароднага конкурсу сучаснай драматургіі ў Расіі «Час драмы».

Тэатр юнага гледача

99 сезон адкрыўся ў Тэатры юнага гледача 16 верасня святочнай фантазіяй «Сіняя птушка». Пра ўсё астатняе ў рэпертуары тэатра глядзіце на ягонай афішы.

Рэгіёны

Тэатры ў рэгіёнах? Яны жывуць па сваім звычайным графіку. І таксама адкрываюцца ў верасні. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску рыхтуе адразу тры прэм’еры. Першую — на асноўнай сцэне — у канцы лістапада прадставіць мастацкі кіраўнік Міхаіл Краснабаеў, які возьмецца за папулярную ў тэатральных колах эксцэнтрычную камедыю «Мая жонка — ілгуння». А рэжысёр Ірына Цішкевіч звернецца да беларускай класікі і падрыхтуе для малой сцэны спектакль «Шляхціц Завальня» паводле Яна Баршчэўскага. Крыху пазней, да Новага года, паставяць версію «Ката ў ботах» для дзяцей.

Спектакль «Шляхціц Завальня»

Тры навінкі чакаюцца і ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. У верасні ў Брэст прыехаў рэжысёр Магілёўскага тэатра лялек Ігар Казакоў, каб прадставіць там яркі і гратэскны спектакль «Мяшчанскае вяселле» па Бертольду Брэхту. Прыняты да пастаноўкі і «Абломаў» па Іване Ганчаровым. Магчыма, назва будзе іншай. Рэжысёр Цімафей Ільеўскі паабяцаў арыгінальную трактоўку рамана вядомага рускага пісьменніка: галоўны герой з’явіцца ў розныя часовыя перыяды. Да пачатку Навагодніх вакацый чакаецца яшчэ адна прэм’ера — дзіцячая казка.

У Магілёўскім абласным драмтэатры таксама чакаюцца прэм’еры. Першая навінка — у кастрычніку. Гэта «Два клёны» па п’есе Яўгена Шварца. Рэжысёр Міхаіл Лошыцкі. Пасля чакаем пастаноўку Андрэя Гузія з парадаксальнай назвай «Сем жанчын на шыі», у аснову якой лягла п’еса Клода Манье.

А вось Гомельскі абласны драмтэатр, як паведамілі мае калегі-журналісты, пакуль возьме паўзу. Вяснова-летнія дзянькі ў трупы выдаліся вельмі насычанымі: 4 прэм’еры за 2 месяцы! «Дзевяць белых хрызантэмаў», «Рыба маёй мары», «Забыць? Герастрата…» і дзіцячы спектакль «Ратуйце Мігай Святлафорыча» — пакажуць усё гэта ў новым тэатральным сезоне. Але без навінак таксама тэатр не абыдзецца. Мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Лагуценка абяцае нямала сюрпрызаў: ад запрошаных рэжысёраў з Расіі ды Украіны да спектакля, прысвечанага 75‑годдзю Вызвалення Беларусі.

Што ў Гродне? Там, у абласным драмтэатры, ужо на ўсю моц ідуць спектаклі, таму што 73‑і сезон адкрыўся яшчэ 25 жніўня прэм’ерай спектакля пра выпрабаванне грашыма — «Грошы як дождж». Рэжысёр — заслужаны артыст Беларусі Сяргей Курыленка — паставіў яго па п’есе французкага драматурга Себасцьяна Цьеры. Прайшла і другая прэм’ера 1 верасня — «Час і сям’я» Джона Прыстлі. Гэты спектакль — пра хуткаплыннасць жыцця, пра адносіны з блізкімі людзьмі, пра сямейныя каштоўнасці, а таксама пра час, які мы так мала цэнім. У рэпертуарнай афішы верасня былі пастаноўкі, што ўвайшлі ў рэпертуар раней, але карыстаюцца нязменнай цікавасцю ў гледачоў. Гэта трагікамедыя «Вельмі простая гісторыя» Марыі Ладо, камедыя «Нараджэнне» Аляксея Слапоўскага, камедыя «Шыкоўнае вяселле» Робіна Хоўдона ды іншыя. Як вы паспелі заўважыць, і прэм’ер у тэатры дастаткова, і спектакляў, якія не толькі пацешаць гледача, але і прапануюць падумаць пра сур’ёзныя рэчы.

«Грошы як дождж». afisha.tut.by

Міхаліна Чаркашына

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.