Вы тут

Vіvat, першакласнік!


Дзень пасвячэння ў першакласнікі — сучасная традыцыя ў беларускіх школах

Даваць прысягу першакласніка — і адказна, і весела

Мой сын сёлета — па-святочнаму прыбраны, з букетам кветак — упершыню стаяў 1 верасня на школьнай лінейцы. З лёгкім хваляваннем узіраўся ў новыя твары. Потым разам усе мы, бацькі й дзеці, знаёміліся з “нашай” першай настаўніцай. Даволі хутка, у сучасным рытме абмеркавалі аргпытанні, расклад званкоў ды, разабраўшы стопкі падручнікаў, загадзя выкладзеных на партах, пайшлі дадому. Усё: першы школьны дзень скончыўся.

І другі прамільгнуў: сын казаў, што ўрокі праляцелі непрыкметна. А праз тыдзень хлопчык мой, бачу, засумаваў. “Мы нічога не робім у школе. Увесь час вучымся па адной і той жа кніжцы, хатніх заданняў няма”, — нібы скардзіўся ён сястры. Яська мая ўжо ў трэцім: ёй і верш па-беларуску трэба вывучыць, і табліцу множання паўтарыць… А ў Даміра — нават дзённіка ж няма. Выслухоўваю “скаргі”, пасміхаюся пра сябе: куды спяшаешся, мой любы? Патрэбен час, каб звыкнуцца са школай, і тое ведае настаўніца. А з адной кніжкай — “Уводзіны ў школьнае жыццё” — усе першаклашкі цяпер адаптуюцца да вучобы. Патрошкі, паступова. 20 урокаў у верасні на тое, каб звыкліся з роляй вучняў ды ўвайшлі ў школьны рытм, засвоілі азы. Выдатна, што ў школе клапоцяцца й пра псіхалагічны камфорт!

А з кастрычніка пачалося тое самае “дарослае” жыццё: з матэматыкай, мовамі, выяўленчым мастацтвам, гурткамі-факультатывамі… Ды перш чым напоўніліся ранцы падручнікамі, новаспечаныя вучні пасля ўводнага курсу “школьнага байца” прайшлі пасвячэнне ў першакласнікі.

Сярожкі ды Наташкі — цяпер мы першаклашкі

У нашай 191‑й мінскай школе гэтае свята вырашылі зладзіць 27 верасня, у пятніцу. Рыхтаваліся: развучвалі вершы, песні, прыпеўкі, рэпеціравалі танцы — кожны сябе прэзентаваць-паказваць будзе на сцэне актавай залы. У класе Даміра вырашылі выканаць песню хорам, мы кожную раніцу паўтаралі словы, і ўрэшце мне нават амаль усё “засела”: бо сынок пастаянна спяваў яе дома. І ўсё ж, калі вядучая запрасіла 1 “А” на сцэну, і “нашы” станавіліся ў тры рады, вочы ў мяне павільгатнелі. Ну якія ж яны яшчэ маленькія, гэтыя Сярожкі ды Наташкі: з вялікімі белымі бантамі, заблытанымі ў валасах, з гальштукамі, збітымі ў бок…

Канцэрт мне спадабаўся вельмі. Столькі непасрэднасці, шчырасці! Прэзентацыі малых змяняліся гумарыстычнымі нумарамі, якія выконвалі старэйшыя школьнікі. Дзеці разгадвалі загадкі пра вучобу, рэбусы накшталт “якія лішнія прадметы ўзяў у школу Нязнайка?”. У зале было шумна, і не толькі з‑за дзіцячага смеху. Многія ж хадзілі разам у дзіцячыя садкі, гулялі летам у двары, таму, пабачыўшы адзін аднаго ў сценах школы, раз-пораз ускоквалі з месцаў, выкрыквалі імёны сяброў ды весела махалі рукамі. Тая пераклічка доўжылася праз увесь канцэрт і весяліла ўсіх: жывыя зносіны, шчырыя эмоцыі — гэта вам не ў гаджэтах сядзець! Потым дзетак папрасілі ўстаць, каб урачыста вымавіць прысягу першакласніка: яны паабяцалі добра сябе паводзіць і выдатна вучыцца. Многія здымалі знакавы момант на смартфоны, і я таксама, ды — распаўзаецца кадр, змахваю слязінкі… Карацей, расчулілі нас усіх дзеткі, прымусілі сэрцы трапятаць, а рукі — вочы выціраць.

Танцуюць — усе!

А потым быў салодкі стол. Для першакласнікаў — іх у нашай школе ў мікрараёне “Уручча” 160 чалавек! — зачынілі “для спецабслугоўвання” школьнае кафэ. Дзяжурныя на ўваходзе стаяць, нікога не пускаюць: “Кафэ зачынена, прыходзьце пазней!”. Ну як сапраўдны карпаратыў з аховай! Быў і вядучы, які забаўляў першакласнікаў, пакуль яны смакавалі трубачкі-вафелькі ды фруктовае жэле. Бацькі натоўпам віснуць адзін над адным: смартфоны, відэакамеры фіксуюць застольную падзею. Пакуль вачыма шукаю свайго ўдзельніка тусоўкі, аднекуль збоку чую знаёмы голас: “Мама, глядзі! Мне далі сок! І кніжку “Букварёнок” — трымай, а то рукі занятыя…” Бачу: кашуля вылезла з штаноў, шчокі — чырвоныя, лоб — потны, а вочы — шчаслі-і-івыя! Сунуў кніжку ды зноў знік, згубіўся ў натоўпе гаманлівай дзятвы.

У захапленні, вядома ж, былі як першакласнікі, так і бацькі: не чакалі, што свята будзе “з размахам”. У той дзень, здавалася, уся школа адзначала папаўненне ў шэрагах, хоць у іншых класах ішлі заняткі па звычайным раскладзе. А напрыканцы свята была… дыскатэка! І не з дзіцячымі песенькамі ад герояў вядомых савецкіх мультфільмаў — падагравала юных танцораў самая сапраўдная, рытмічная “папса”, якую, як аказалася, тыя добра ведаюць. Ну чуюць жа нашы дзеці такі “дарослы кантэнт” з адкрытых вокнаў аўто, смартфонаў бацькоў, старэйшых сяброў, братоў і сясцёр. І бачылі б вы тую малалетнюю гурму, якая сінхронна скакала з вокрыкамі: “Ты пчела, я пчеловод./ Пчелы любят мёд,/ Бж-бж-бж”!

У той дзень сын быццам як змяніўся. Ведаеце, бывае, глядзіш увесь час на сваё дзіця, а потым р‑раз — і разумееш: гэта ўжо не твой, а паралельны твайму свет. Мой Дамір пасля пасвячэння ў першакласнікі стаў больш адказным, засяроджаным… Кожную раніцу пытаецца: “Мам, я на заняткі не спазняюся?” Школа ў тым, я ўпэўнена, сваю станоўчую ролю адыграла. Бо ўсе мы ведаем, што першыя крокі ў любой справе — самыя цяжкія. Але ж калі цябе на гэтым этапе падтрымліваюць і падбадзёрваюць, то ісці па доўгай дарозе ведаў не так і страшна.  І нават цікава.

Што ж, у добры шлях, мой мілы першакласнік!

Аліса Гюнгер

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.