Вы тут

На пшанічнай ніве ў Аляксандраўску


Жаць — каб жыць! Дажынкі ўжо сталі сёлета ў расійскім Прыбайкаллі беларускім абласным святам


У Алега Рудакова на Дажынках — роля вядучага

Традыцыя Дажынак у беларусаў — спрадвечная, дахрысціянская, калі меркаваць па тых песнях, абрадах, што да нашага часу ў народным свяце зберагліся. Шануючы традыцыю, мы штогод ладзім такое свята ўраджаю ў Прыбайкаллі. Прычым робім тое заўжды не проста ў сцэнічна-забаўляльным варыянце, а з выездам на рэальныя нівы, у розныя месцы вобласці. Вядома ж, выбіраем сёлы, дзе даўно жывуць нашы супляменнікі. Ладзіць такія святы-абрады нам з роднымі па крыві людзьмі ўзаемакарысна. Па сутнасці, мы разам нібы ажыўляем сваю духоўна-генетычную памяць (“успамінаем” забытае), надаем новы імпульс народнай традыцыі, а пры тым яшчэ й атрымліваем непаўторныя ўражанні.

Сёлета 15 верасня Іркуцкі Беларускі клуб “Крывічы” і Беларускі фальклорны гурт “Крынічанька” Дома культуры сяла Аляксандраўск (а ўтворана яно было перасяленцамі з Беларусі) Аларскага раёна Іркуцкай вобласці сумесна правялі абласное Беларускае свята “Дажынкі-2019”. А чаму абласное? Бо сабраліся на яго творчыя гурты з розных вёсак ды Іркуцка. У госці ў Аляксандраўск прыехалі яшчэ ўкраінскі фальклорны гурт “Рушничок” з вёскі Бурацкай, вакальны гурт “Раздолье” з вёскі Зоны, творчыя гурты з вёсак Аляты, Забітуй, Бахтай, ды яшчэ гурт “Сердцебиение” з вёскі Тыргетуй. Варта яшчэ дадаць, каб чытачы разумелі ўсю суровую рамантыку нашых Дажынак: Аляксандраўск — за 190 км ад Іркуцка. Ехалі мы туды амаль тры гадзіны, бо рамантуецца дарога, і таму шлях ускладніўся. Але складанасці тыя варта было перажыць, бо свята, як заўсёды, атрымалася вясёлым і цікавым.

З улікам досведу мінулых гадоў ладзілі мы Дажынкі ў два этапы. Спачатку абрад “Дажынкі” правялі ў полі. Ахвотна прадаставіў нам такую магчымасць гаспадар мясцовай нівы — фермер Сяргей Мярэшчанка. З жанчын Аляксандраўска выбралі старэйшую “Жняю-пастацянку”: Любоў Зезюкову. А “постаць”, нагадаю — гэта палоска-пракос, якую вядзе па ніве жняя. Любоў Пятроўна, пачынаючы абрад, пакланілася полю, сказала на беларускай мове рытуальныя словы падзякі зямлі-карміцельцы. І пад старадаўнія жніўныя песні ў выкананні гурта “Крывічы” пачала першай жаць сярпом пшаніцу. Неўзабаве да яе далучыліся ўсе дзяўчаты, жанчыны, нават малыя дзяўчынкі. Балазе, сярпоў было шмат — ну беларускае ж сяло! Некаторыя потым далучаліся ў працу напераменку. Я ж, як вядучы свята, падахвочваў жнеек. Бо важна ж для абраду, каб усе жанчыны абавязкова, ну хоць бы трошкі пажалі сярпом у святочны дзень — і такім чынам далучыліся да традыцыі продкаў. Бо раней жа якраз так было: талакою, сумесна, усёй грамадою вяскоўцы ў апошні дзень жніва выходзілі ў поле для сімвалічнага заканчэння ўборкі збожжавых.

А вы, шаноўныя, трымалі ў руках серп? Раю гэта зрабіць, як будзеце мець магчымасць. Калісьці дзякуючы гэтай няхітрай прыладзе доўжылася Жыццё ў нашым беларускім краі, ды й многа дзе па свеце. На пшанічнай ніве ў Аляксандраўску хтосьці, асабліва з гарадскіх, адчуваў сябе з сярпом не так упэўнена, як са смартфонам, але ж больш дасведчаныя падказалі-павучылі — пайшла справа! І ў тым таксама бачылася пераемнасць традыцый: з рук у рукі, ад абазнаных да навічкоў. Урачыстаю, нават глыбока містычнаю дзеяй гэты абрад зрабіўся й дзякуючы старадаўнім беларускім дажыначным песням, што, нібы галасы з мінулых стагоддзяў, гучалі ўвесь час. Ну дзе ж ты на сцэне такое зробіш, адчуеш, убачыш-прачуеш да ўсёй глыбіні душы? Дзеля таго й варта ехаць, ладзіць Дажынкі, спяваць. Жаць і жыць!

Прыгожай, урачыстай абрадавай дзеяй стала й збіранне Галоўнага “Снапа-гаспадара”. Некалькі дзяўчат і жанчын зрэзаныя імі жменькі-пучкі пшаніцы перадавалі Старэйшай Жняі — з пэўнымі старадаўнімі магічнымі словамі-пажаданнямі. А іншыя жанчыны тым часам пад песні рыхтавалі з лепшага калосся Галоўны Вянок.

І які ж глыбокі сэнс мае абрад Падзякі зямлі-карміцельцы! Старэйшая Жняя сабрала мо з 40 нязжатых, прама на ніве сцяблін пшаніцы разам ды звязала іх чырвонай стужкай: яна сімвалізуе само Жыццё. Такая кампазіцыя, сказалі б мастакі, называецца ў беларусаў Барада. Каласкі ў абдымках стужкі нахіляюцца адзін да аднаго — і такім чынам становяцца моцнымі, узаемападтрымліваюцца, не рассыпаюцца й не ломяцца. Ну чым не сімвал сілы Адзінства ў грамадзе, чым не навука сучасным індывідуалістам-эгаістам! Яшчэ ў беларускіх сялян лічылася, што сабраная ў купку Барада магічна спрыяе таму, каб у будучым годзе больш густым і важкім быў колас на ніве ды большым ураджай. Ладзячы Бараду, Старэйшая Жняя прыгаворвае: “Дай жа, Божа, каласочкам сілу,/ Каб адзін аднаго падтрымлівалі,/ Дый гусцей раслі!”. Затым яна перадае свой серп Малодшай Жняі: бо важны атрыбут любога абраду — якраз пераемнасць традыцый, зберажэнне іх тымі, хто ідзе на змену старэйшым.

Да народных традыцый беларусаў далучаюцца і дзец

А Малодшай Жняёй сёлета ў нас была Міраслава Рукавішнікава з гурта “Крывічы”. Яна са сваёй роляй справілася выдатна: урачыста-ўзвышана сказала рытуальныя словы, прыгожа выканала потым асноўныя дзеянні з Барадой. Спачатку начыста выпалала-вырвала між сцяблін пшаніцы пустазелле, траву — каб іх у наступным годзе на ніве не было. Прычым палола ня голай рукой — абгорнутай у анучку з ільнянога палатна: гэта каб зямля не была голай у наступным годзе, а ўрадлівай. Затым жнейка паліла Бараду вадой з глечыка, невялікага збана: каб у наступным годзе дажджы ішлі своечасова ды Зямля-Карміцелька ня ссохлася. Далей — акуратна сярпом зрэзала тыя сцябліны, акрамя трох найвысокіх. У зрэзаныя сцябліны Малодшая Жняя заматала акрайчык хлеба і закапала яго ў зямлю: такое дзеянне сімвалізуе даніну Зямлі. Яна ж дала нам ураджай, які ператварыўся ў гатовы прадукт — Хлеб. Вось яго й трэба сімвалічна вярнуць Зямлі ў знак павагі ды ўдзячнасці. Як бачым, увесь абрад поўніцца народнай магіяй, адлюстроўвае глыбокую народную мудрасць.

Калі ўсе дзеянні з Барадой былі завершаны, тады ўдзельнікі ансамбля “Крывічы” з урачыстымі словамі ўручылі Сноп-Гаспадар гаспадару поля Сяргею Мярэшчанку, а Галоўны Вянок усклалі на галаву ягонай жонцы, гаспадыні поля Таццяне Мярэшчанцы.

І толькі пасля ўсіх тых спрадвечных абрадаў ды абрадавых песень пачалі мы вадзіць там жа, на полі своеасаблівыя Дажынкаўскія карагоды, заспявалі ўжо вясёлыя песні, таньчылі народна-бытавыя танцы. Усяму знайшлося месца. Прычым і тыя сяльчане, якія сабраліся на свята, былі з намі ў танцах-карагодах. Не абышлося й без палявога абеду з вельмі смачнай кашай пад назвай сыта, якую згатавала па старадаўнім беларускім рэцэпце Таццяна Мярэшчанка.

Але ж гэта было далёка не ўсё! Бо нас чакаў і другі этап свята — у Доме культуры Аляксандраўска. Там сваю творчасць ужо са сцэны, у больш звычным фармаце паказалі ўсе вышэй названыя творчыя гурты. Прычым песні гучалі на чатырох мовах: беларускай, бурацкай, рускай ды ўкраінскай. А як прыгожа ды арыгінальна ўсе выступалі — вы б толькі бачылі! Як па мне, то такі канцэрт, што зладзілі мы ў Прыбайкальскай глыбінцы, упрыгожыў бы й Крамлёўскую сцэну ў Маскве. Карацей — свята ўдалося на славу. І не хацелася нам, вядома ж, яго пакідаць. Сагравала ж нас тое, што святкуем жа мы сёлета й Багач, а затым — Пакровы. А ў вечары доўгія — вячоркі будуць, і яшчэ нешта прыдумаем. Продкі ж нашыя, скончыўшы работы ў полі, маглі сабе такое дазволіць — і мы іх восеньскую святочную традыцыю падтрымліваем. Чакаем усіх ахвочых на нашых беларускіх святах!

Дасылаю маю вялікую ўдзячнасць усім удзельнікам абласнога Беларускага свята “Дажынкі-2019” — за творчасць, за патрачаны час і сілы. Сябры, мы разам умеем рабіць святы — жывыя ды яркія, адухоўленыя святлом беларускіх традыцый ды традыцый іншых народаў! Асабліва ж адзначу кіраўніцу Дома культуры Аляксандраўска Ларысу Пятроўну Сітнікаву, а таксама Волю Галанаву, старшыню Іркуцкага Беларускага клуба “Крывічы”.

Алег Рудакоў, г. Іркуцк

Фота Алесі СТАСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.