Вы тут

Подзвіг на правым беразе Сажа


У беларускай вёсцы Хамінка, што ў Лоеўскім раёне Гомельшчыны, памятаюць пра подзвіг узбека Джурахана Усманава, здзейснены ім пры вызваленні Беларусі ад ворагаў восенню 1943 года.


Жыхары вёскі Хамінка ля брацкай магілы

Чытачы газеты “Голас Радзімы” ведаюць: хоць жыву я ў расійскім Бранску, а родам — з Лоеўшчыны, з вёскі Хамінка. (Пра тое — артыкул “Сэрца часцінка ў вёсцы Хамінка”. — ГР, 30.04.2017.  — Рэд.) Сёлета беларусы па ўсім свеце адзначаюць 75‑годдзе Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы рыхтуемся адзначыць і 75‑годдзе Перамогі. На мой погляд, у плыні падзей будзе да месца мой аповед.

Тыя, хто жыве ў Беларусі, хто яе наведвае, бачаць: вельмі беражліва ставяцца ў краіне да памяці пра тых, хто вызваляў нашу родную зямлю. На месцах пахаванняў герояў стаяць помнікі, абеліскі, а імёнамі вызваліцеляў названы вуліцы, скверы, школы. У Дзень Перамогі, у Дзень Вызвалення Беларусі, да іншых памятных дат праводзяцца ўрачыстыя патрыятычныя мерапрыемствы, прычым абавязкова — з удзелам школьнікаў, моладзі пад лозунгам “Беларусь памятае”.

Стаіць абеліск і на месцы пахавання воінаў у цэнтры вёскі Хамінка. Пры вызваленні яе, сведчыць надпіс на абеліску, загінулі 154 байцы 65‑й арміі. Цяжкія баі тады ішлі й за райцэнтр Лоеў. Войскам неабходна было фарсіраваць рэчкі Сож і Дняпро. І 16 кастрычніка 1943 года невялікі, але важны ў стратэгічным дачыненні гарадок Лоеў (пры месцы ўпадзення Сажа ў Дняпро) быў вызвалены. Сотні воінаў пры тым праявілі гераізм, вялікую мужнасць. 365 афіцэраў, салдатаў сталі Героямі Савецкага Саюза. Але мы памятаем і пра велізарныя ахвяры: больш за 10 тысяч савецкіх байцоў загінулі пры фарсіраванні рэк, у жорсткіх баях на Лоеўшчыне.

Штогод у вёсцы Хамінка ля абеліска на Дзень Перамогі збіраюцца мясцовыя жыхары. Ускладаюць кветкі, шануючы памяць тых, хто не вярнуўся з палёў баёў, пайшоў з жыцця заўчасна — скалечаны на той вайне. Дарэчы, абеліск стаіць на скрыжаванні вясковых вуліц Савецкая і Усманава. Нязвычнае для беларускай глыбінкі ўзбекскае прозвішча цяпер тут ведаюць усе. А названа вуліца ў гонар Героя Савецкага Саюза, кавалера ордэнаў Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі Джурахана Усманава.

Малады хлопец з Узбекістана праявіў гераізм пры фарсіраванні Сажа ля вёскі Карпаўкі, за тры кіламетры ад Хамінкі. Архіўныя дакументы сведчаць, што 29 верасня 1943 года ўночы невялікая група смельчакоў пад камандаваннем старшага сяржанта Усманава заняла маленькі плацдарм на правым беразе ракі. На досвітку фашысты іх выявілі, спрабавалі знішчыць. Больш за 30 нападаў адбіла група, у жывых засталося 9 байцоў, але яны не адступілі. Калі чарговы бой заціхаў, яны збіралі патроны, гранаты. Параненых байцоў выносілі з поля бою на руках. Адбіваліся да падыходу падмацавання. Загад быў выкананы! За праяўлены гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15.01.1944 года Джурахану Усманаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На той час яму было 20 гадоў.

Шчаслівым аказаўся для Героя з Узбекістана правы бераг беларускага Сажа! Пасля баёў на сожскім плацдарме Джурахан удзельнічаў і ў баях на правым беразе Дняпра, вызваляў беларускае Палессе. А ў канцы 44‑га быў цяжка паранены, адпраўлены ў шпіталь на радзіму, у Ташкент. І ўжо там 14 лютага 1945 года памёр ад ран. Пахаваны Герой у родным кішлаку Сават Хавастскага раёна, Сырдар’інскай вобласці.

Гвардыі лейтэнант Джурахан Усманаў навечна залічаны ў спісы вайсковай часткі. Яго імем названа сярэдняя школа ў родным кішлаку, вуліца ў пасёлку Хаваст. Помнікі-бюсты Герою ўсталяваны ў Ташкенце й на яго малой радзіме. І далёкая ад узбекскага кішлака Сават беларуская вёска Хамінка ўдзячна шануе ў назве вуліцы памяць воіна, які вызваляў Беларусь, праявіў пры тым вялікі гераізм.

Чаму яшчэ я пра ўсё тое расказваю? Калі ў Хамінцы быў летам, то ўсклаў кветкі да абеліска, падумаў: не ўсе ж маладыя вяскоўцы, госці вёскі ведаюць, хто такі Джурахан Усманаў, чаму яго імем названа вуліца. На абеліску ж — ніякай згадкі пра Героя. То, можа, было б хораша й правільна да 75‑годдзя Вялікай Перамогі ў Хамінцы ўсталяваць мемарыяльную пліту, ці дошку ля абеліска — у гонар Героя Савецкага Саюза Джурахана Усманава. Дарэчы, я ўдакладніў: 69‑я стралковая дывізія, у якой ваяваў Герой, сфармавана была 22.12.1941 года ў Ташкенце і Чырчыку — з ліку ваеннаабавязаных Ташкенцкага, Ферганскага, Алма-Ацінскага гарваенкаматаў. Так што гэта можа быць і знак памяці пра сотні, тысячы ўзбекскіх хлопцаў, што загінулі, вызваляючы Беларусь. Дывізія таксама вызваляла й Браншчыну, а за баявыя поспехі пры вызваленні Сеўска была найменавана: “69‑я Сеўская Чырванасцяжная дывізія”. За баявыя заслугі ўзнагароджвалася ордэнамі Суворава, Кутузава.

Усе мы, удзячныя нашчадкі, схіляем галовы ў памяць тых, хто абараніў незалежнасць Радзімы. І няхай добрым урокам для нас будзе той прыклад: у адным страі стаялі воіны ўсіх нацыянальнасцяў вялікага Савецкага Саюза — таму й перамаглі нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тую дружбу, загартаваную ў баях, і сёння варта мацаваць. І ўсім разам, ды моцна трымаць Сцяг Перамогі, што ўручылі нам бацькі, дзяды, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Мікалай Голасаў, кіраўнік Беларускага  зямляцтва на Браншчыне

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?