Вы тут

У Новай Мільчы, у краі родным


Нататкі з нагоды выставы твораў мастака Валерыя Дзевіскібы ў Мінску


Валеры Дзевіскіба. Партрэт Сцяпана Панізьніка

Газета пісала нядаўна, што 24 верасня ў Мінску, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава памяці беларуска-латвійскага мастака Валерыя Дзевіскібы. Маю ў сэрцы вялікую радасць ад здзяйсненняў спадара Міколы Купавы: ён ладзіць творчы мемарыяльны праект, ён пазбіраў па розных месцах, калекцыях скарбы таленавітага творцы, што адышоў у Вечнасць. Ведаю, выстава пад назвай “Абуджаны анёл Валерыя Дзевіскібы” пасля Мінска будзе экспанавацца ў гомельскім мікрараёне Новая Мільча, потым і ў нейкім культурным асяродку пры рэчцы Нэйсэ ў Германіі — там нарадзіўся мастак. Заслужаная пашана!

Хто такі Валеры Дзевіскіба? Як сталася, што земляка з‑пад Гомеля паклікала да сябе Латвія? Пра тое, мяркую, чытачы “Голасу Радзімы” збольшага ведаюць. Газета змяшчала грунтоўны артыкул яго (і майго) сябра, мастака з Рыгі Вячкі Целеша (“Жыццё і творчасць мастака” — ГР, 26.06.2014). І першую персанальную выставу Валерыя ў Рызе дапамаглі зладзіць сябры-беларусы з суполкі “Сьвітанак”, якую Вячка Целеш узначальвае. Мне ж ёсць што дадаць да таго аповеду — і тым хачу падзяліцца.

У 1993‑м, згадваючы 50‑годдзе Валерыя Дзевіскібы, я для газеты “Літаратура і мастацтва” напісаў нататку “З Юрмалы ў Гомель” (31.12.1993). У тыя часы, помніцца, рыхтаваліся выставы з прыватных збораў мастакоў, і я спадзяваўся, што дойдзе ж чарга і да Валерыя. А пазначана ў допісе: ён у 1992‑м пакінуў Латвію ды стала жыве ў Гомелі.

Мая нататка “Беларусь была роднай” з’явілася ў тым жа “ЛіМе” ўжо ў снежні 2004‑га. На 61‑м годзе жыцця, 19 кастрычніка 2001‑м, спынілася сэрца невылечнага пакутніка Валерыя Дзевіскібы. І я палічыў сваім абавязкам узгадаць важнейшыя падзеі на зямным шляху майго сябра. З яго аповедаў ведаю, што да вайны сям’я Дзевіскібаў жыла ў Гомелі, потым пераехала в Украіну. Ішла Вялікая Айчынная вайна, і будучую маці яго з сяла Шырнаўка на Віннічыне захопнікі вывезлі ў Нямеччыну. Там, у канцлагеры, што быў на беразе ракі Нэйсэ (Ныса Лужыцка) — на мяжы з Чэхіяй — і нарадзіўся Валеры 25 лістапада 1943 года. (Па-чэшску рэчка завецца Lužіcká Nіsa, па-нямецку — Lausіtzer Neіβe, па-польску — Nysa Łużycka. Цячэ па тэрыторыі Чэхіі, Польшчы, Германіі, левы прыток рэчкі Одры. — Рэд.) Выжыў хлопчык толькі таму, што ўратавалі сябры яго маці-нявольніцы. Пасля вызвалення амерыканскімі войскамі вязняў таго канцлагера палякі Стэфа і Богдан Завірухі завезлі маці з сынам у горад Лодзь, дзе ў касцёле й прыняў ратоўны хрост былы маленькі вязень: пад імем Валеры-Лявонты.

З Лодзі яго маці выехала ва Украіну, потым з падрослым сынам вярнулася на Бацькаўшчыну. А бацька Валерыя, дарэчы, так і не адгукнуўся з прастораў СССР. Вось у Гомелі, у студыі Палаца культуры чыгуначнікаў, наш Валерка і атрымаў першапачатковую мастакоўскую падрыхтоўку. Потым была салдацкая служба ў Севастопалі. А па сканчэнні 11‑га класа ў гомельскай школе ён трапляе ў Рыгу, каб набыць мастакоўскую адукацыю. Пасля дзяжурства ў порце наведвае заняткі жывапісам на вячэрніх курсах пры Латвійскай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам М. Карнецкага, потым — на аддзяленні графікі ў прафесара А. Апініса. Каб выжыць у чужым горадзе, працуе грузчыкам, матросам, слесарам… З 1979 года ён, як прадстаўнік групы мастакоў Юрмалы, экспануе свае пейзажы, нацюрморты, партрэты (акварэльныя і пастэльныя) на розных выставах у Латвіі ды Беларусі. А юрмальскія сустрэчы — асабліва ў Доме творчасці ў Дубултах з беларускімі пісьменнікамі — паспрыялі яму ў станаўленні нацыянальнага светапогляду, узбагацілі няўрымслівага чалавека, апантанага шукальніка. Ён пачаў ствараць вобразы і герояў прамінулых вякоў, і партрэты многіх сучаснікаў, дзеячаў літаратуры й мастацтва. Яго карціны з’яўляюцца ў Гудзевічах (Мастоўскі раён Гродзеншчыны) як дарунак вядомаму музею Алеся Белакоза, яшчэ — у створаным Адамам Мальдзісам музеі “Беларусы ў свеце” пры Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны. Творчыя скарбы “выдатнага чалавека, адмысловага майстра”, як сказаў пра Дзевіскібу пісьменнік Эрнест Ялугін, трапляюць у прыватныя зборы Алега Лойкі, Адама Мальдзіса, Уладзіміра Арлова, Яўгена Лецкі, Уладзіміра Сакалоўскага.

На партрэце Караткевіча, які Валеры Дзевіскіба падарыў аршанскаму Музею Уладзіміра Караткевіча, напісаў ён у 1981‑м: “Дарагі Уладзімір Сямёнавіч! Няхай вашая ўсмешка будзе на радасць нам усім. І калі патрэбіцца — на гора…” Газета “Культура” (№ 47, 25 лістапада — 1 снежня 2000 г.) яшчэ пры жыцці мастака змясціла мой артыкул “Анёл-абаронца Валерыя Дзевіскібы”. Узгадвалася там і перапіска з гомельскім творцам. Яшчэ да пераезду ў Новую Мільчу, ягоную радаводную сядзібу, я вазіў Валерыя з жонкай па маім родным Прыдзвінні — у спадзеве, што знойдуць сабе там сядзібу для набыцця. Але з 1992 года іх прытулкам стала Новая Мільча, дзе, як пісаў мне Валерка, працаваў ён на сваім паддашку, даваў першыя навыкі малявання гомельскім школьнікам. (Новая Мільча — былая вёска пад Гомелем, якая ўваходзіла ў склад Красненскага сельсавета, з 1983‑га — у Чыгуначным раёне Гомеля. — Рэд.) Вось маленькі ўрывак з таго ліставання: “…Усё спрыяе творчасці. Пішу вулічнага музыку, калі хто прыедзе — пакажу. Для цябе таксама ёсць прэзэнт…”

Афіша

Так, я багаты на “прэзэнты” Валерыя: напісаў ён два партрэты майго бацькі Сцяпана, выявы майго аблічча… Спраўдзіліся яго пажаданні на сяброўскім шаржы, перададзеным мне ў Рызе 2 снежня 1983 года: “Каб на твае вершы пісаліся добрыя песні”. Пішуцца!

Свой згаданы допіс у газеце “Культура” я закончыў радкамі: “Хочацца, каб людзі ведалі, што ёсць у Валеры-Лявонты добры Анёл, які й яго сябрам пры нагодзе лагодна ўзмахвае ахоўнымі крыламі!”. Мяркую, што гэты добры Анёл ускрыляў створаныя мастаком вобразы Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, М.- К. Агінскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, С. Манюшкі, В. Цяпінскага, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча. Да таго ж ажывалі на палотнах Дзевіскібы згадкі пра Старую Рыгу і Слонім, Пінск і Палессе… 15 гадоў прамінае майму спадзяванню, выказанаму ў “ЛіМе” 10 снежня 2004 года: “З цягам часу сябры таленавітага творцы зладзяць выставу ў памяць Валеры-Лявонты Дзевіскібы”. І вось апантаны мастак-ратнік Мікола Купава зладзіў выставу. То ёсць спадзяванне, што ў краі родным мастака, у гомельскай Новай Мільчы земляку таксама аддадуць належнае. Бо ён таго варты.

Сяргей Панізьнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».