Вы тут

Якая будучыня ў музеяў Беларусі?


Наша Беларусь — унікальная краіна з даўняй гісторыяй, якую сучасныя і наступныя пакаленні павінны ведаць і захоўваць дзеля таго, каб не згубіць каштоўны скарб, што застаўся ад продкаў. На тэрыторыі нашых вялікіх і маленькіх гарадоў існуюць разнастайныя музеі, у якіх гісторыя, традыцыі, памяць пра людзей і падзеі беражліва захоўваюцца ў межах інтэнсіўнага тэхналагічнага прагрэсу. З 4 па 6 кастрычніка ў Брэсце разгарнуўся маштабны IV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі», дзе патэнцыял усіх як рэгіянальных, так абласных і нацыянальных музеяў быў максімальна раскрыты і прадэманстраваны шырокай аўдыторыі.


Адноўлены археалагічны музей «Бярэсце»

130 беларускіх музеяў: гістарычныя, мастацкія, ваенныя. Вядомыя і пачаткоўцы. У іх — гісторыя і народныя рамёствы, замкі і родавыя маёнткі, тэхналогія кнігадрукавання і нават старадаўнія прасы. На форум госці прыбылі з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Латвіі, Арменіі, Кітая. 4—6 кастрычніка велізарны лёгкаатлетычны манеж Брэста быў запоўнены пад завязку. Форум «Музеі Беларусі» стаў ужо рэкордным па колькасці заявак. Асноўныя крытэрыі, па якіх выбіралі ўдзельнікаў, — цікавыя экспазіцыі і выкарыстанне сучасных тэхналогій.

У беларускіх музеях зараз адмаўляюцца ад традыцыйных маналагічных экскурсій і лекцый, усё больш актыўна ўцягваюць наведвальнікаў у музейныя мерапрыемствы. Укараняюцца сучасныя метады, у тым ліку з выкарыстаннем высокатэхналагічных сродкаў: тэатралізаваныя паказы і гістарычныя рэканструкцыі, музейныя фестывалі і канцэрты, музейныя гульні і квэсты, інтэрактыўныя экскурсіі і лекцыі, творчыя майстэрні і майстар-класы. Ствараецца інклюзіўнае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і асаблівасцямі развіцця (напрыклад, выкарыстанне аўдыягіда для слабавідушчых). Беларускія музеі масава прадстаўлены ў сетцы інтэрнэт — валодаюць уласнымі вэб-сайтамі і вядуць старонкі ў сацсетках.

— Форум арганічна ўпісваецца ў мерапрыемствы, якія ў нас праводзяцца да тысячагоддзя горада, — адзначыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк. — Статус культурнай сталіцы СНД пацвярджае тое, што горад развіваецца ў розных напрамках. У Брэсце створаны дастаткова сур’ёзны музейны кластар, дзе ёсць што паказаць, чым падзяліцца. Важна, што нашы музеі не стаяць на месцы, яны знаходзяцца ў трэндзе музейнай дзейнасці, становяцца адным са складнікаў турыстычнага бізнесу.

Тэма «Музей: навука, інавацыі, камунікацыі», заяўленая для IV Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі», стала ў найвышэйшай ступені актуальнай. На сучасным этапе развіцця айчыннай культуры неабходна актывізаваць інавацыйную палітыку, для чаго варта дзяліцца дасягненнямі і сумесна вызначаць стратэгічныя мэты развіцця. Вялікія перспектывы адкрывае наладжванне ўзаемадзеяння паміж музейнымі ўстановамі і навуковымі арганізацыямі.

— У Брэсце прайшоў самы маштабны форум з усіх папярэдніх, — адзначае першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская. — Арганізатарам давялося пастарацца, каб размясціць усіх жадаючых. Асноўны ўпор сёлета мы зрабілі на сувязь з інавацыямі. Музей з’яўляецца не проста месцам, дзе захоўваюцца духоўныя каштоўнасці — ён становіцца мультыкультурным цэнтрам, які перш за ўсё цікавы моладзі і дзецям. Кожны музей стараецца знайсці свае формы работы і прыцягнення наведвальнікаў.

Падчас цырымоніі адкрыцця форуму Наталля Уладзіміраўна зачытала вітальнае слова намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Ігара Петрышэнкі на адрас удзельнікаў нацыянальнага форуму. «Місія музеяў у XXI стагоддзі незвычайна адказная: духоўнае ўзбагачэнне грамадства, фарміраванне пачуцця гонару за нашу гісторыю, дапамога маладому пакаленню ў разуменні мінулага і сучаснасці. Упэўнены, што форум паспрыяе развіццю музейнай справы, узбагаціць яго інавацыйнымі формамі і падыходамі, павысіць міжнародны аўтарытэт айчынных музеяў», — звярнуў увагу віцэ-прэм’ер.

Дзелавая праграма

Адной з важных частак у межах форуму традыцыйна стала дзелавая праграма. Але ж сёлета яе фармат змяніўся. Калі мінулы раз гэта была канферэнцыя, якая доўжылася ўвесь форум, то цяпер арганізатары вырашылі скараціць яе да чатырох гадзін (па дзве ў кожны дзень), каб змаглі папрысутнічаць ўсе спецыялісты па музейнай справе. Падчас дзелавой праграмы выступілі 8 экспертаў з Беларусі і замежных краін з дакладамі аб новых дасягненнях у галіне навуковых даследаванняў музеяў. Арганізатарам дзелавой праграмы стала дырэктар фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» Ала Сташкевіч.

З Расійскага інстытута культуралогіі ў Брэст прыехала Ірына Чувілава, якая з’яўляецца галоўным захавальнікам Музея рускага мастацтва ў Арменіі. Яна расказала пра навуковыя пошукі, якія праводзяцца сёння іх музеем. Прадстаўнікі Украіны выступілі з дакладам пра ролю музеяў ва ўстойлівым развіцці. Старшынёй журы стаў экс-прэзідэнт Міжнароднай рады музеяў (ICOM) Ханс-Марцін Хінц — эксперт сусветнага ўзроўню, чыё меркаванне вельмі значнае для музейнай грамадскасці. У дзелавой праграме ўзялі ўдзел каля 300 чалавек.

— Цікавасць да дзелавой праграмы была заўсёды, таму што яна выступае своеасаблівай дыялогавай пляцоўкай прафесіяналаў, — патлумачыла Ала Сташкевіч. — Музейшчыкам неабходны глабальныя сустрэчы і абмеркаванні. А форум якраз і дае такую магчымасць, таму ўсе з задавальненнем удзельнічаюць у ім, пашыраючы прафесійныя гарызонты.

Падчас дзелавой праграмы ўдзельнікі абмяркоўвалі абсалютна новы падыход да разумення музея ў грамадстве і музейнай дзейнасці. Таму адзін з круглых сталоў быў прысвечаны менавіта гэтаму пытанню. Акрамя таго, у межах дыскусійнай платформы ўдзельнікі паспрабавалі вызначыць рэкамендацыі для развіцця музейнай справы Беларусі на наступныя два гады, а магчыма, і больш далёкую перспектыву. Яны заключаюцца ў пошуку новай мадэлі інфармацыйна-інавацыйнага падыходу.

Экспазіцыя

Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская выступае з прывітальным словам на адкрыцці музейнага форуму «Музеі Беларусі»

У лёгкаатлетычным манежы Брэста разгарнуліся інтэрактыўныя выстаўкі, дзе кожны мог знайсці экспазіцыю для сябе. Сярэднявечная гісторыя, народная творчасць, Вялікая Айчынная, лічбавыя тэхналогіі, творчасць авангардыстаў і нават навуковыя эксперыменты. Ужо адкрыццё форуму, дзе сувядучым выступіў робат-гід Міроша, распрацаваны ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, паказала: беларускія музеі сёння — гэта не «закамянелыя» экспазіцыі, а інтэрактыў. Любы наведвальнік мог у адзін дзень адразу пабываць у 126 музеях.

На самым уваходзе ў манеж можна было патрапіць у Музей праса (г. Мінск). Далей прапанавалі бліжэй пазнаёміцца з музеем Вавёркі (Гродзенская вобласць) або паспрабаваць цукерак з адпаведным начыннем з вішнёвай сталіцы Беларусі — Глыбокага (Віцебская вобласць). Вочы разбягаліся ад артэфактаў, сучасных «прымочак» і актыўнасцей для дзяцей. Можна было складаць пазлы, з дапамогай спецыяльных акуляраў трапляць у гістарычныя рэальнасці, пайсці папаляваць на старажытных жывёл, выпіць травяны чай у партызанскай зямлянцы ці ўзяць ўрокі фехтавання ў высакародных шляхцічаў. Ад перспектыў цікавага адукацыйнага знаёмства не проста з музеямі, але і з рэгіёнамі хацелася адтэрмінаваць апошні дзень мерапрыемства.

Сапраўдную беларускасць у форум прыўнеслі работнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якія прывезлі ў Брэст купалаўскую таполю. Побач з ёй стаяў дом, у якім з 1927 па 1941 год жыў народны паэт Беларусі. Тут жа побач вучылі пісаць пяром.

Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча прапанаваў не толькі дакрануцца да творчасці Марка Шагала, але і набыць аксесуары, выкананыя ў стылі авангардызму. У павільёне можна было бліжэй пазнаеміцца з асобай Марка Шагала дзякуючы вялікай колькасці мультымедыйных аб’ектаў.

А адыходзіш два крокі ўбок, і вось ужо вітаешся са шляхцічамі, якія падымаюць кубкі за здароўе дарагіх гасцей. Так сустракаюць наведвальнікаў супрацоўнікі Мазырскага аб’яднанага краязнаўчага музея, якія прадставілі на форуме экспазіцыю гістарычнага цэнтра «Мазырскі замак», макет якога быў пабудаваны да 850-годдзя горада. Навуковыя супрацоўнікі і мазырскія рэканструктары не толькі праводзілі экскурсію па старадаўнім замку, але прапаноўвалі прымераць рыцарскія даспехі і зрабіць сэлфі са зброяй тых часоў.

Шырока была прадстаўлена на форуме тэма Вялікай Айчыннай вайны. Ад Віцебска да Брэста. На пляцоўцы Бягомльскага музея народнай славы ўвесь час можна было пачуць аўтэнтычны патэфон аднаго з буйных партызанскіх падраздзяленняў Віцебшчыны.

А ў партызанскай кухні ўрочышча Хаваншчына Івацэвіцкага раёна на імправізаваным канцэрце сабраліся не толькі байцы-партызаны, але і журналісты падпольнай абласной газеты «Зара», якая друкавалася ў Хаваншчыне ў гады акупацыі. Тут работнікам музея таксама дапамагалі рэканструктары-валанцёры. Можна было не толькі адчуць смак партызанскай кухні, але і патанцаваць пад рамантычную музыку акардэона.

Барысаўскі аб’яднаны музей захапіў наведвальнікаў фотазонай. Тут прапаноўвалі скарыстацца рознымі аксесуарамі, якія можна ўбачыць на фотаздымках барысаўчан дваццатага стагоддзя. Галоўным экспанатам павільёна стаў альбом сям’і Бычкоўскіх. Галава сям’і быў тэхнікам-будаўніком — менавіта ён канструяваў першыя развадныя масты Барысава.

Па суседстве гасцей запрашаў «Бездзежскі фартушок» — музей народнай творчасці з Драгічынскага раёна, дзе амаль цалкам аднавілі палескі побыт пачатку дваццатага стагоддзя. Тут сабрана ўнікальная калекцыя фартушкоў. А таксама захоўваюцца лісты са старадаўнімі рэцэптамі. Так, напрыклад, гаспадыня павільёна прапаноўвала гасцям пакаштаваць сала з макухай. Макуха — гэта высушанае і перамолатае льняное насенне. Смак дзівосны. І гэта той выпадак, калі лепш адзін раз пакаштаваць. А ягадныя і фруктовыя адвары, якімі трэба запіць сала, падавалі ў гліняных куфлях, якія таксама робяць на Палессі.

Бярэсце

Экспазіцыя Рагачоўскага музея народнай славы

Адной з найважнейшых падзей форуму «Музеі Беларусі» стала адкрыццё абноўленага археалагічнага музея «Бярэсце», які знаходзіцца каля заходняй мяжы Беларусі, на мысе, утвораным зліццём рэк Заходні Буг і Мухавец, каля сцен легендарнай Брэсцкай крэпасці.

Экспазіцыя «Бярэсця» здзівіць нават самых дасведчаных музейшчыкаў. Усе экспанаты арыгінальныя, датуюцца XIII стагоддзем. Гэта ў прамым сэнсе старажытнаславянскі квартал у рэальным маштабе, нічога падобнага ў свеце няма. Яго знайшлі ў 1968 годзе. Тут і старажытныя маставыя, культура, побыт і пісьменнасць. Можна не толькі ўбачыць, як жылі першыя берасцейцы, але і нават пачуць гукі старажытнага горада.

Падчас рээкспазіцыі ў музеі абнавілі ўсе 14 залаў: стала больш інтэрактыўнасці, з’явілася аўдыясуправаджэнне, выкарыстоўваюцца QR-коды, 3D-акуляры. Жадаючыя могуць зазірнуць у кіназалу, дзе паказваюць гістарычныя і дакументальныя фільмы пра Бярэсце. На рэканструкцыю музея было выдаткавана 1,5 млн рублёў з абласнога бюджэту.

У фондах музея ўвогуле захоўваецца 43 тысячы прадметаў, так што музейная экспазіцыя — гэта ўсяго толькі малая частка таго багацця, якім на самай справе валодае музей. Пасля рээкспазіцыі ўпершыню выстаўлена на агляд шырокай публікі мноства прадметаў з дрэва, вырабы са скуры, берасцяныя фрагменты, а таксама кафля, якая ўпрыгожвала печы Берасцейскага замка. Да пераліку цікавых новаўвядзенняў можна таксама дадаць скульптурныя кампазіцыі і аб’ёмныя інсталяцыі. Напрыклад, з’явілася інсталяцыя «Культурны пласт»: яна дазваляе прасачыць, якія культурныя пласты былі ў раскопе і што знайшлі ў тым ці іншым з іх. Пасля правядзення пошукаў і кансультацый з супрацоўнікамі Акадэміі навук была зроблена інсталяцыя «Берасцяныя ў зімовай вопратцы». Пра гісторыю горада наведвальнікам таксама расказваюць малыя архітэктурныя формы і інфармацыйныя стэнды, устаноўленыя на прылеглай тэрыторыі.

Галоўны экспанат музея — археалагічны раскоп з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі ХІІІ стагоддзя, які займае плошчу 1118 квадратных метраў. На глыбіні 4 метраў знаходзіцца частка рамеснага квартала — 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў, дзве вулічныя маставыя, частакол, рэшткі глінабітных печаў.

Вынікі

Усе ідэі і канцэпцыі музеяў былі прадстаўлены не толькі дзеля таго, каб паказаць патэнцыял наведвальнікам, але і паспаборнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства. Вызначэнне пераможцаў адбылося ў намінацыях «За найлепшую культурна-адукацыйную праграму», «За навацыі ў музейнай дзейнасці», «За найлепшае музейнае выданне», «За найлепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму», «За найлепшы экспазіцыйна-выставачны праект». З інфармацыяй пра пераможцаў можна пазнаёміцца на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Актуальная форма, альбо Стаўка на інавацыі

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».