Вы тут

Аграматызм попелу больш не метафара, а рэальнасць


Алхімічная сутнасць любога паэта — знайсці ўласную прапорцыю паміж унутрана-паэтычным і знешне-праблематычным. Аўтары з перакосам у першае — безапеляцыйныя авангардысты і прадчувальнікі будучыні, якія ахвяруюць дыялогам з сучаснікамі дзеля стварэння моўных, думкавых і пачуццёвых сродкаў, каб тыя спрасцілі б камунікацыю між нашчадкамі. Аўтары, якія аддаюць перавагу другому, — успрымаюць паэтычную мову выключна як рытарычны інструмент, як спосаб упрыгожвання тых вербальных сентэнцый, што абслугоўваюць сучаснасць. Першых — разумеюць усе, хто жыве п-а-с-л-я сучаснасці, другіх — в-ы-к-л-ю-ч-н-а сучаснікі. Але ж пераважная большасць аўтараў знаходзіцца дзесьці паміж гэтымі палюсамі.


Вольга Гапеева, безумоўна, ніякая не радыкалка, якраз тая аўтарка, чый творчы шлях уяўляе сабой алхімічныя шалі, што увесь час знаходзяцца ў бясконцым руху. І можна было б проста сказаць, якая з дзвюх чашаў на гэты раз імкнецца да зямлі, і засяродзіцца, нарэшце, на новай кнізе вершаў, але ёсць адна цікавая акалічнасць, здольная паглыбіць разуменне сучаснага тэкстасвету Вольгі Гапеевай. І гэтая акалічнасць — папярэдняя кніга, «Граматыка снегу», якая ўступіла ў нечаканы дыялог з сёлетняй кнігай і тым самым стварыла міжвольную дылогію. Таму хочацца зрабіць маленькі флэшбэк да мінулага:

БЕЛЫ СЛАНЕЧНІК

мова суцэльнай недасканаласці

У кнізе «Граматыка снегу» Вольга Гапеева паўстае (што тыпова для паэтаў з лінгвістычнай адукацыяй) маленькай дэміургіняй, якая нанова будуе сусвет, карыстаючыся законамі і правіламі мовы (і тут жа іх парушаючы). Маленькай — бо паэтычная моц падаецца стыхійнай, нястрымнай, з-за чаго часам можна ўбачыць гульню дзеля гульні (хаця і абсалютна шчырую). Многія слоўныя гульні адбываюцца на нейкім паўсляпавата-тактыльным узроўні, і шмат ад якіх, гаворачы словамі аўтаркі, сапраўды «ў галаве застаюцца няправільныя канчаткі». Але з-пад легкадумных моўных завіхрэнняў і юнацкай абалонкі нярэдка выступае падточаны едкімі побытавымі маразамі дарослы стрыжань, які адкрывае перад чытачамі іншую глыбіню кнігі, яе халоднае ядро: снег і адзіноту.

Снег паўстае для аўтаркі своеасаблівай люстэркавай сцяной, якая, бы лязо плахі, аддзяляе адзіноту Вольгі-чалавека ад адзіноты Вольгі-паэткі. Да таго ж варта падкрэсліць, што снег не перашкаджае дзвюм адмоўным адзінотам зліцца ў адну станоўчую неадзіноту цэльнага чалавека, але наадварот: з’яўляецца правадніком паміж рознымі сусветамі і сімптаматычна прытупляе боль абедзвюх Вольг. Нават у рамантычных вершах, напоўненых зваротамі і займеннікамі другой асобы, абсалютны ноль знаходзіцца ў сэрцы лірычнай гераіні. Нават хвацкія моўныя забаўкі ў канцы вяртаюцца ў рэальнасць пазагульнявую, пазадэміургічную — сапраўдную і пазбаўленую паэзіі.

Галава паэткі зліваецца з туманам слоў, бы белы сланечнік, прымаючы самоту як заканамернага архіворага і галоўную слабасць, якая ўраўнаважвае стваральна-паэтычную аўтарскую моц і гэтым самым усталёўвае хоць і хісткі, але баланс.

Але мінуе два гады, снегавыя ўзгоркі рассейваюцца і напаўняюць вільгаццю дзвюх адзінот глебу выдавецтва «Галіяфы», каб, скрозь бясформенае цела расталага сланечніка прараслі жахлівыя кветкавыя дзеці — «Чорныя макі».

Дыялагічнасць і антанімічнасць да папярэднай кнігі счытваецца ўжо з назвы: у процівагу асляпляльна-белай чысціні і нематэрыяльна-моўнай напоўненасці «Граматыкі снегу» — прыземлена-натуральная прамалінейнасць «Чорных макаў». І, гэтак жа не даходзячы да саміх тэкстаў, праз адзін з эпіграфаў да кнігі ўжо можна пачуць «трывожныя званочкі», якія намякаюць на тэматычныя акцэнты вершаў, сабраных пад вокладкай шэрага колеру. Згадаць гэты эпіграф яшчэ давядзецца дзесьці пры заканчэнні, калі пойдзе размова пра матывацаю аўтаркі да стварэння кнігі.

Першая частка пад абагульняльнай назвай «Зацьменне» пачынаецца вершам, чыя місія — пасеяць мак у глебу кнігі. Але мак гэты пакуль не чорны, а... самотны. І пасля ўсяго сказанага вышэй робіцца зразумелым, якога колеру ў Вольгі Гапеевай самота. Далей праз усю першую частку праходзяць два ключавыя вобразы: Мужчына і Сабака. Мужчына — гэта вялікі цень, які на працягу больш чым паловы вершаў ідзе следам за Вольгай. Зыходзячы з кантэксту твораў, нават складана казаць, што гэта вобраз, бо ў наяўнаўсці — факт рэальных стасункаў паміж Жанчынай і Мужчынай. Стасункі гэтыя спецыфічныя, незбалансаваныя, і іх адлюстраваннем з’яўляецца вобраз Сабакі, чыё стэрэатыпнае быццё надае ім пэўныя атрыбуты: наяўнасць Гаспадара і Служкі, таго, хто б’е, і таго, хто залежыць. Можна выпадкова памыліцца і правесці паралелі Гаспадар-Мужчына і Сабака-Жанчына, але Вольга досыць празрыста надае Сабаку ролю самой з’явы стасункаў, бо гаспадаром для Сабакі яна называе як сябе, так і Мужчыну. Праз рух да другой паловы кнігі чытач бачыць, што прычына «нездаровасці» канкрэтная (і трывіяльная) — класічны трохкутнік. Эмацыянальнага піка асэнсаванне гэтай праблемы дасягае ў доўгім вершаваным пісьме да саперніцы, якая падчас пісьма становіцца быццам бы не бліжэйшым, чым раней быў Мужчына. Кульмінацыя надыходзіць напрыканцы першай часткі кнігі — у паэме «Знакі», хіба што самым яскравым і рознагалосым творы з усёй кнігі. Часам аўтарка ўспамінае пра свае адукацыйныя карані і спрабуе неяк праз вобразы, звязаныя з Мовай, асэнсаваць тое, што з ёй адбываецца, але мова застаецца паралельным сусветам, у які пакуль што няма ўваходу.

Граматыка свету застаецца недасягальнай, а макі страчваюць самоту і, губляючыся ў стасунках, цалкам чарнеюць. Зацьменне зацвердзявае ў сваім зеніце. Апускаецца морак.

 «Морак» — назва другой часткі кнігі. Настрой, зададзены ў папярэдняй частцы, паглыбляецца. У фінале паэмы «Знакі» са словамі «цяпер ёсць толькі цяпер» абвяшчаецца канец стадыі ўспамінаў, і гэта сведчыць аб тым, што надалей пасіўная рэфлексія саступае месца рэфлексіі актыўнай. І як пацвярджэнне — праз першы ж верш другой часткі рэфрэнам праходзіць «маўчанне», якое на апошнім радку абломваецца аб рашучае аўтарскае «я абіраю мову». І сапраўды абірае, бо ў другой частцы нашмат часцей, чым у першай, аўтарка гаворыць, што яна не толькі жанчына, але і паэтка. І гэта — зварот (ці вяртанне) да сябе калішняй, да сутнасці маленькай дэміургіні, якая сама стварала свой свет і свой лёс. Гэта толькі адна са спробаў знайсці выйсце са свайго душэўна цяжкага становішча.

Але ёсць і інакшыя творы: іранічны верш, у якім Вольга гаворыць, што можа быць для мужчыны хоць патэльняй, хоць унітазам; гумарыстычны верш пра мужчыну, які думаў, што ён торт; нарэшце, мікрапрытча, галоўныя героі якой — паветраны змей і птушка і г. д. І ўсё гэта спрыяе не тое, каб канчатковаму пазбаўленню ад душэўнага болю і смутку, але толькі нейкай часовай дэрэалізацыі з дапамогай сімптаматычных лекаў (пра сімптаматычнасць будзе сказана ніжэй).

У кнігі няма ні хэпі-энду, ні самога па сабе энду. Паэтка працягвае адчуваць «як падае попел накрываючы сваім чорным снегам унутраны двор» і ў апошнім вершы кнігі робіць несуцяшальную выснову:

 «цяперашні час даецца мне цяжка

мінулы ведаю лепш

там і жыву».

А калі няма канца — ці быў пачатак? Здаецца, не было і яго, бо ўся кніга — усяго толькі канстатацыя часовай чарнаты кветак Вольгінай душы. Ці надмагільны помнік колішнім стасункам, скрозь халоднае цела якіх прарэзаліся чорныя макі.

Ці ўсё ж такі нешта крыху большае за канстатацыю?

У эпіграф вынесеныя словы нарвежскай паэткі Лінды Клакен: «Why don’t you make a book out of it?» Ці, калі перакласці: «Чаму ты не зробіш з гэтага кнігу?» Лінда — аўтарка, якую Вольга Гапеева перакладала. Можна лёгка ўявіць, як дзесьці ў паўночнай кавярні пасля задушэўных размоў між жанчынамі даецца гэтая парада. Па-першае, з-за крыніцы гэтай парады (і з-за самой сутнасці парады) мае месца заходнееўрапеўскі ўплыў на матэрыю верша, згодна з чым вобразнасць звычайна не столькі будуецца за кошт разумовай працы паэта, колькі проста ўяўляе сабой у пэўным парадку выкладзеныя пасьянсы з успамінаў і апісанняў рэальнага сусвету. Падобнае ўпарадкаванне ў якасці асноўнага творчага метаду характэрна для прозы нон-фікшн, і выключна за кошт не зусім рацыянальнага характару чалавечых роздумаў (а значыцца, і мовы) гэтая метадалогія прыжылася і ў паэзіі. Па-другое, парада-эпіграф задае Вользе ключавы матыў для напісання кнігі: матыў псіхатэрапеўтычны. Праз напісанне вершаў для гэтай кнігі паэтка займаецца сімптаматычным самалячэннем (то-бок не тое, каб вырашае праблемы, хутчэй проста карыстаецца імі ў якасці паэтычнага топліва), чым наогул любяць займацца тыя паэты, чые шалі нахіленыя ў бок чашы з масавай паэзіяй, паэзіяй для людзей сучасных.

«І хопіць ужо гэтай бінарнасці» — патрабуе Вольга Гапеева ад свайго лірычнага мужчыны, але сама цалкам патанае ў гэтай самай бінарнасці: Мужчына і Жанчына, Гаспадар і Служка, Воля і Няволя, паветраны змей і птушка, маўчанне і мова, мінулае і сучаснасць, маці паэтаў з краіны цмокаў і паэты-рыцары. Але галоўная бінарнасць знаходзіцца недзе па-за межамі самой паэткі і тым больш па-за межамі гэтай выпадкова выяўленай кніжнай «інь-янь-дылогіі».

Бінарнасць — гэта алхімічная сутнасць любога паэта. Для яго няма катэгорый дабра і зла, але ёсць вектар мовы, ён скіраваны ў сучаснасць ці ў будучыню. І няхай з кнігай «Чорныя макі» на шалях Вольгі Гапеевай чаша з сучаснасцю стала важыць болей, але самыя важныя ўзважванні яшчэ чакаюць наперадзе.

Іван ВАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».