Вы тут

Лукаш Калюга. Кручаныя дні і прага жыць


Ён верыў, што праўда — на яго баку


Яго прозвішча ад нараджэння — Вашына. Звалі Кастусём. Ён узяў псеўданім Калюга, імя Лукаш. Як быццам такой бяды... Аднак калі ўнікнуць у сэнс слова «калюга», крыху не па сабе. Гэта ямка на дарозе, выбітая коламі. Звычайна напоўнена вадой, граззю. Нібыта прадчуваў, што гразі гэтай у сваім кароткім жыцці напаткае шмат. Праўда, ёсць меркаванне, што такі псеўданім узяў па назве адной з вёсак у цяперашнім Уздзенскім раёне. А нарадзіўся Кастусь Вашына 27 верасня 1909 года ў вёсцы Скварцы Мінскага павета (сённяшні Дзяржынскі раён).

Ужо напачатку ўсё склалася не так, як у іншых дзяцей. Маці памерла, пражыўшы ўсяго дваццаць шэсць гадоў. Сыну споўнілася толькі два гадкі. Апекаваць яго стала бацькава незамужная сястра Марыя. У 1924 годзе памёр і бацька. Тады ў хаце цёткі з’явіўся прымак — брат Кастусёвай маці — Уладзімір Івашын.

Але гэтае «не так, як у іншых» мела і тое добрае, што даецца не кожнаму. Кастусь ад нараджэння быў хлапчуком даравітым. У яго здольнасцях пераканаўся і настаўнік Дабрынёўскай пачатковай школы, куды бацька прывёў яго ў сямігадовым узросце. Каб даць яму больш ведаў, настаўнік займаўся з вучнем і дома. А далей...

Перапыніў вучобу ў школе. Не па сваёй волі: пачалася польская, а пасля нямецкая акупацыя. Толькі з 1921 года наведваў заняткі — спачатку ў Койданаўскай, потым у Станькаўскай школах. Захапіўся фальклорам. Запісваў яго не толькі ў Скварцах, але і ў вакольных вёсках. Збіраў і трапныя народныя выразы. Частку сабраных матэрыялаў паслаў у Інстытут беларускай культуры.

Закончыўшы сямігодку, год працаваў на дзядзькавай гаспадарцы, дапамагаў яму і выхоўваўваць яго дзяцей. Але той настаўнік, што некалі пахваліў свайго вучня ў пачатковай школе, пра хлопца не забыўся. Угаварыў працягнуць вучобу.

Першае апавяданне у 1926 годзе прапанаваў рэдакцыі часопіса «Чырвоны сейбіт», але яго не надрукавалі. Затое ў газеце «Беларуская вёска» (сённяшняя «Сельская газета») выступіў з некалькімі допісамі, стаўшы селькорам гэтага папулярнага сярод вяскоўцаў выдання.

Праз год пашанцавала і з «Чырвоным сейбітам». Кузьма Чорны ўхваліў абразок «Вясна». Ён быў змешчаны ў нумары 13 за 1927 год. Праз паўгода змешчана яшчэ адно — «У Калянках» (1927, № 20—21; 1928, № 1). Мяркуецца, што ў іншых выданнях часам карыстаўся псеўданімам Кастусь Палявецкі, але гэтыя публікацыі не выяўлены. Разумеючы, што з цягам часу з маладога аўтара вырасце цікавы празаік, Мікалай Карлавіч запрасіў яго ў рэдакцыю «Чырвонага сейбіта».

Займаўся Л. Калюга не толькі журналістыкай і літаратурнай працай. Паступіў у Белпедтэхнікум, далучыўся да літаратурнага аб’яднання «Узвышша». Пасля гэтага стаў адным з самых актыўных аўтараў аднайменнага часопіса. У першым — шостым нумарах за 1928 год выступіў з аповесцю «Ні госць, ні гаспадар». Ці не ў кожным нумары друкаваў апавяданні. У часопісе «Полымя» была змешчана першая частка аповесці «Нядоля Заблоцкіх (Нягоды і летуценні)» (№№ 6—7, 9)

Аднак вучобу не скончыў. Па адной з версій пайшоў з трэцяга курса мінскага Белпедтэхнікума добраахвотна, жадаючы цалкам прысвяціць сябе літаратуры. Па другой — выключылі як «узвышанскага лазутчыка і пачынаючага нацдэма». Але на адны творчыя заробкі жыць не выпадала. Дзеля хлеба надзённага працаваў сакратаром часопіса «Кніга масам», стыльрэдактарам у Навуковадаследчым інстытуце прамысловасці і на Рэспубліканскім радыё.

У часопісе «Чырвоная Беларусь» надрукаваў кароткія апавяданні пад агульнай назвай «Вам знаёмае». Як выказаўся ў газеце «Літаратура і мастацтва»: «У 1933 годзе мяркую выдаць зборнік навел пад назваю “Вам знаёмае” і працаваць далей над гэтым жанрам.

На маю думку, навела найбольш падыходзіць у наш час. Яна паўней, яскравей можа адлюстраваць сацыялістычныя тэмы нашага жыцця. Класавыя супярэчнасці, асабліва абвостраныя цяпер, якраз і дадуць удзячны матэрыял для вострай сюжэтнай канструкцыі.

Цяпер мяне найбольш цікавіць, як селянін, уласнік у мінулым, у калгасах і саўгасах, на сацыялістычных прадпрыемствах горада ператвараецца ў свядомага будаўніка сацыялістычнага радаснага грамадства.

Акрамя таго, маю напісаць за гэты год невялічкі — самае больш на 5 друкаваных аркушаў — раман, таксама актуальны, дынамічны, радасны».

Гэта тое апошняе, што распавёў пра сваё жыццё ў друку. У ноч з 22 на 23 лютага таго ж 1933-га Л. Калюгу арыштавалі. Прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі і выслалі ў горад Ірбіт (цяпер тэрыторыя Краснаярскага края). Зборнік навел «Вам знаёмае» так і не выйшаў. Увогуле, ніводнай сваёй кнігі А. Калюга ў руках не патрымаў. Уяўленне ж пра тое, якім ён быў пісьменнікам, даюць зборнікі «Ні госць, ні гаспадар» (1974) і «Творы» (1992, 2011). А ў 1954 годзе беларуская дыяспара выдала ў Мюнхене яго кнігу «Нядоля Заблоцкіх».

Талент Л. Калюгі абяцаў шмат. Па сведчанні Яна Скрыгана, Кузьма Чорны сказаў: «Пісьменнік... і не абы-які пісьменнік, братачка. Богам дадзены талент». Высока ацэньваў творчасць Л. Калюгі і Максім Лужанін: «Талент гэты не паспеў разгарнуцца, але ўжо зарэкамендаваў сябе ўласнай мовай, умельствам пачуць самае цікавае слова ці зварот і ўмельствам данесці яго ў першасным значэнні, але зрабіўшы здабыткам літаратурнага ўжытку». Пра моўнае багацце ягонай прозы прыязна сказаў у сваім эсэ «Чытаючы Кастуся Вашыну» вядомы мовазнавец, пісьменнік Фёдар Янкоўскі.

У апавяданнях Л. Калюгі, прынамсі, хораша праявіліся гумарыстычныя задаткі. Найбольш адметныя творы, ужо ў назве якіх акцэнтуецца ўвага на галоўным героі — «Лук’ян — капераціўскі сабака» і «Трахім з Пагулянкі». У іх створаны самабытныя вобразы тых, хто нечым вылучаецца сярод аднавяскоўцаў. І Лук’ян, і Трахім, калі падысці да іх з меркамі сучаснай прозы, — тыя, пра каго кажуць, што яны — дзівакі, у чымсьці блізкія героям апавяданняў Васіля Шукшына і Аляксея Дударава. Аднак, безумоўна, на іх ляжыць і адбітак свайго часу. Таму ўсё ж, відаць, больш правамерна параўноўваць іх з персанажамі «Ніжніх Байдуноў» Янкі Брыля.

Каларытныя характары паўстаюць і ў апавяданні «Баркаўцы — добрая вёска, і баркаўчане — вясёлыя людзі». Л. Калюга наўмысна падкрэсліваў сваё знаёмства з тымі, пра каго расказваў: «Нізавошта я не паверу, каб Сцёпка сумыслу браў сабе хаўрусныя грошы: яшчэ ў нашай радні не чуваць было, каб хоць з адзін круцель удаўся». Такі прыём, калі відавочная лучнасць я-апавядальніка з героямі твора, даволі часта сустракаецца ў прозе 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Л. Калюга, як і іншыя пісьменнікі, выразна ўяўляў свайго чытача, а хутчэй за ўсё, слухача. Звычайна сабраўшыся дзе-небудзь на лаўцы ці на прызбе, сяляне слухалі вясковага грамацея, які чытаў ім газету ці часопіс. Л. Калюга зрокава бачыў гэтага чытача (слухача) і па-свойму «падрабляўся» пад яго.

Творца, які валодае самім боскім талентам, не можа не пісаць нават у самых найскладанейшых умовах. У гэтым пераконваюць раздзелы незавершаных аповесцяў «Дзе косці мелюць» і «Утрапенне». Іх Л. Калюга пісаў у мінскай турме і на выгнанні ў Ірбіце. Працаваў і над другой часткай аповесці «Нядоля Заблоцкіх» — «Шушамяць». Абвінавачаны ў розных нацдэмаўскіх грахах, ён не толькі не скарыўся, а яшчэ і асмеліўся засумнявацца, а ці так, як трэба, усё адбывалася ў рэвалюцыйнаабноўленым свеце (прынамсі, у свеце, які павінен быў абнаўляцца, а тое, што не ўсё з гэтага атрымалася так, як хацелася, — іншая справа).

У гэтым сумненні Л. Калюгі пераконвае пачатак аповесці «Дзе косці мелюць» («аповесць пра тое, як вясна-красна ў нашым краі»). Калі перыядычны друк, «патрыёты-літаратары» ва ўвесь голас крычалі аб трыумфальным шэсці рэвалюцыі, ён гэтыя дні назваў не інакш, як «кручанымі днямі»: «Вы заўважылі, што людзі кручаных дзён сіверынаю смярдзяць? Як бы ў чыстым полі, дзе адно дзікае лінялае неба тупа завішшы было над імі, раслі й гадаваліся». Далей — яшчэ больш выкрывальна ў дачыненні да тагачаснай рэчаіснасці: «Думаеце, лёгка было аўтару хоць дзе-нідзе на малую макулінку свойскага, хатняга, чалавечага ў іх напаткаць? І ці варта казаць, што свет як на вераціне і ні ў водным акне нам не мігае ветлы агеньчык?» Кручаныя дні — тыя ж бунінскія акаянныя дні. Іх Л. Калюга не прымаў. Супраць іх выступаў у згаданых творах.

А пісаліся яны за кратамі ці пад пастаянным наглядам. Дбаючы аб уласным лёсе, ён куды больш думаў пра лёс Беларусі, беларускага народа. Гэтым роздумам напоўнены і раздзелы аповесці «Утрапенне». Сюжэт твора ў многім традыцыйны. Пісьменнік расказвае пра ўваходзіны хлапчука, а потым падлетка ў вялікі свет жыцця. Пакрысе Зэнка выпростваецца душой, ператвараючыся ў асобу. Маленства і юнацтва героя Л. Калюгі прыпала якраз на гэтыя «кручаныя дні». Самі падзеі прыспешваюць працэс сталення, адначасова ўносячы ў яго і пэўныя карэктывы.

Упершыню Зэнка па-сапраўднаму задумаўся над сваімі каранямі. Раней ён забіраў з панскага палаца тое, што засталося яму пасля іншых, больш увішных — «прыйшліся яму самыя абіркі: нейкія старадаўнія акты, у якіх не толькі цацак не было, але й яшчэ на паперы з суконку на грубіню былі тыя акты надрукаваны — на папяросу й то не варт», то цяпер, праз шмат гадоў, ён неяк кінуў позірк на сцяну, даўно абклееную тымі актамі, прачытаў напісанае. Прачытаў іх, і быццам у душы нешта перавярнулася. «Ягоны сэнс усё як бы муляў».

Не стрымаўся Зэнка, аднойчы пагаварыў з бацькам. Ён задаваў і пытанні, але адначасова на іх адказ шукаў. Найперш для самога сябе, бо ўжо не мог жыць так, як жыў дагэтуль. Нечага не хапала яму ў штодзённасці, не ставала пэўнасці: «Няўжо без гэтага нельга абысціся?.. Я вось ляжу й думаю… Няма паноў. І толькі тае бяды! І не трэба. Але няўжо, канешне, каб і нашае з вамі адметнасці не было? Я не веру, што без гэтага нельга абысціся. Баюся, што не на старасці гэта, калі шкода, шкода, ды пара ўжо, а смерць у маладым яшчэ вяку, як сама што ўбіралася ў сілу — толькі б красавацца, а тут раптам такая выпадковасць. Баюся, што праз гэта шмат прыгожага і нязнанага страціць свет».

Каб адметнасць была… Каб захаваць сваё нацыянальнае... Гэта не толькі думкі героя Л. Калюгі, але і думкі самога аўтара. Знаходзячыся за кратамі, а потым у высылцы, з «падрэзанымі крыламі», ён не скарыўся. Нічога не баяўся, бо верыў, што праўда была, ёсць і будзе на яго баку. У той час, калі абвінавачвалі ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці», працаваў і над раманам «Пустадомкі», у канцы якога пазначана: «Красавік 1933 — ліпень 1935 г., сутарэнне ў Менску — у Ірбіце па выгнанні».

Лукаш Калюга адным з першых задумваўся над непрыкаянасцю чалавека, які нарадзіўся і вырас у вёсцы, а жыве ў чужым яму горадзе. Герой твора малады пісьменнік Даніла Невядомскі нездарма скардзіцца свайму брату Марку на ўласны лёс: «Як пустадомкі, туляемся каля чужых халодных вуглоў. Ды калі й свой па ордэры завядзецца, у ім, не сагрэтым пакаленнямі, пуста і няўтульна, як у ваўкаўні». Гэтая «пустадомкавасць», Л. Калюга не сумняваўся, прынесена якраз «кручанымі днямі», што адрывалі людзей ад зямлі, нацыянальнай глебы, шпурлялі ў вір падзей, якія пакуль што імі не былі цалкам усвядомлены, а таму не былі да канца правільна зразуметымі.

Значны падтэкст у «Пустадомках» набывае вобраз сонца. Яно ўвасабляе сабой і жыццё на зямлі, і вечнаць быцця, і кароткасць, імгненнасць асобнага людскога лёсу. Гэтую сувязь з сонцам пастаянна адчувае Марк, які ў лісце да Данілы заўважае: «Няма лепш, калі сонца, адным словам, прыгрэе, калі высока намеценую, туга ўезджаную дарогу напрамываюць раўчукі, а ў вёсках каля плаксівых капяжоў пачнуць з жалезнякамі ўвіхацца рупныя гаспадары, паказваючы зручнейшую сцежку свавольнай вадзе…» І працягвае: «… куды нам што проці бацькаўшчыны?! Я не магу… Не магу, калі надвечар бачу яго на захадзе недзе там над нашым, Шылавіцкім, борам, свеціць нашай зямлі, нашаму народу…»

Сонцам бацькаўшчыны, Беларусі сагравалася і сэрца Л. Калюгі. Ды толькі свяціла яму нядоўга: 5 кастрычніка 1937 года ўбачыў яго апошні раз. Зноў арыштаваны, трыма днямі раней быў прысуджаны да расстрэлу.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».