Вы тут

«Палац мастацтва» адкрывае Валерый Славук


Першай кнігай серыі «Палац мастацтва» стала выданне, прысвечанае творчасці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерыя Славука (нарадзіўся ў 1947 годзе). Нават тым, хто ніколі не бываў на яго выстаўках, творчасць графіка вядомая добра. Найперш — па тых ілюстрацыях, якімі аформлены многія айчынныя кнігі. «Аэліта» А. Талстога, «Чалавек-амфібія» А. Бяляева, кнігі А. Пушкіна, Э. Скобелева, Ю. Брэзана, А. Вольскага, Р. Барадуліна, зборнікі казак розных народаў — усё гэта выданні, дзе творчыя знаходкі В. Славука дапаўняюць тэкст, дазваляюць чытачу пашырыць уяўленні пра самі літаратурныя, фальклорныя творы.


У артыкуле да альбома доктар мастацтвазнаўства Міхаіл Баразна зазначае: «Дзякуючы таленту і карпатлівай працы ў Валерыя Славука склаўся ўласны шлях да пазнання ісціны. Яго графіка — гэта не толькі асаблівая нагода для разважанняў, але і цікавы спосаб адкрыцця нязвыклага ў звыклым свеце. Філасофская канцэпцыя мастака значна менш фрагментарная, чым яго рэдкія невялікія экспазіцыі. Праўда, гэтую акалічнасць ён кампенсуе вялікай колькасцю аформленых кніжных выданняў, якія штогод выходзяць не толькі ў Беларусі. Разам з тым толькі панарамны агляд творчасці графіка дае абагуленае бачанне яго фантастычнага мастацкага патэнцыялу пачуццяў і сумневаў». І далей: «У час панавання міні-прынту, аскетычнага, але манументальнага графічнага мінімалізму, шматлікіх праяў графічнага арт-дызайну вялікафарматная друкаваная і станковая графіка Валерыя Славука прыцягвае ўнікальным узроўнем яго сімвалічнай свядомасці. Нават малая частка яго творчасці бачыцца недасягальнай вяршыняй мастацкага духу і творчай практыкі».

 Малюнкі таленавітага творцы адкрываюць іншы свет, спалучаючы рэчаіснасць і нашы ўяўленні са спробамі зазірнуць некуды далёка, у загадкавую і таямнічую невядомасць. Невядомасць, напоўненую новым жыццём. Творы, якія дазваляюць і гледачу вырвацца за пэўныя «фатаграфічныя» межы і напоўніцу марыць, разважаць пра веліч Зямлі і Неба, пра магнетызм, якім прырода напаўняе наш светапогляд. Майстар афорту, у такіх работах, як «Аднарог», «Снежныя людзі», «Крыніца», «Непагадзь», Валерый Славук запрашае ў падарожжа па розных часінах, нязмушана выпраўляе ў шпацыр да іншых сусветаў. Сыходзяцца разам звяры і людзі, птушкі і рыбы, пачвары і і розныя іншыя міфалагічныя істоты… Мастак святкуе! Мастак яднае часы і прасторы, выводзіць наш дух, вызваляе яго дзеля адпачынку думкі. І разам з тым надзяляе нас неабходнасцю прадаўжаць духоўны пошук, змагацца за саміх сябе ў гэтым неабачлівым, поўным колераў і фарбаў свеце.

Ілюстрацыя да кнігі «Айвенга».

Альбом з серыі «Палац мастацтва», будзем спадзявацца, пракладвае дарогу да болей шырокага знаёмства з айчынным выяўленчым мастацтвам.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».