Вы тут

Недастатковая матываванасць жанчын? Анколагі расказалі пра рак малочнай залозы


Захваральнасць на рак грудзей у Мінску адна з самых высокіх у краіне. Прычым, кожны трэці выпадак — запушчаны. На 3—4 стадыях да ўрачоў звяртаецца 34—35 % жанчын. Пры гэтым лічбы па захваральнасці і смяротнасці ў Беларусі не адрозніваюцца ад агульнаеўрапейскіх. Ва ўсім свеце кастрычнік адзначаецца як месяц барацьбы супраць раку малочнай залозы. У Беларусі гэта адна з самых распаўсюджаных лакалізацый раку ў жанчын. Анколагі расказалі, хто ўваходзіць у групу рызыкі і як часта варта правярацца.


Пік захваральнасці — у 45—69 гадоў

Летась у Мінску на рак малочнай залозы захварэла 1134 жанчыны. Ужо сёлета такі дыягназ упершыню пастаўлены 817 мінчанкам.

— Адна з галоўных нашых задач — ранняя дыягностыка гэтага захворвання. Тут вельмі важна рана пачаць лячэнне, каб атрымаць станоўчы вынік. Аднак нягледзячы на ўсе нашы намаганні, працэнт запушчаных пухлін у Мінску высокі. На 3—4 стадыі захворванне выяўляецца ў 34—35 % выпадкаў, — расказвае загадчык анкахірургічнага аддзяленя № 1 Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Аляксандр ГЛАДЫШАЎ. — Сярод найбольш неспрыяльных у 2018 годзе — Партызанскі і Першамайскі раёны, за дзевяць месяцаў гэтага года — Партызанскі і Фрунзенскі раёны, дзе рак на 3—4 стадыях выявілі адпаведна ў 31,4 % і 29 % пацыентак.

Пры гэтым спецыяліст адзначыў, што і абсталявання, і спецыялістаў для дыягностыкі ў нас дастаткова.

— Мамографы ўстаноўлены ва ўсіх цэнтральных паліклініках Мінска. Ёсць прамая тэлемедыцынская трансляцыя паміж 34-й гарадской паліклінікай, дзе праходзіць праграма скрынінгу раку малочнай залозы, і анкадыспансерам. Вопытных рэнтгенолагаў і рэнтгеналабарантаў хапае. Тут ролю адыгрывае недастатковая матываванасць саміх жанчын.

Анколаг растлумачыў, што рак выяўляецца пераважна на 3-й стадыі. З 34 % толькі 5 % — 4-я стадыя, усе астатнія — 3-я. Пры гэтым зусім нядаўна пачалі прымяняцца іншыя падыходы да класіфікацыі пухлін, у тым ліку і з гэтай прычыны колькасць раку на 3-й стадыі вырасла. Смяротнасць у нас ад гэтага захворвання складае (з улікам усіх стадый) 23 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва — гэтыя лічбы на ўзроўні сярэднееўрапейскіх.

У Беларусі, як і ва ўсім свеце, павялічваецца колькасць раку малочнай залозы ў маладых жанчын.

— Пік захваральнасці — 45—69 гадоў. Раней выпадкі раку малочнай залозы ў маладых жанчын былі казуістычнымі. Сёння штогод у нашым дыспансеры праходзіць лячэнне да дзясятка пацыентак да 30 гадоў, — адзначае Аляксандр Гладышаў. — Павялічваецца колькасць раку, звязанага з цяжарнасцю. Штогод ёсць выпадкі, калі ён развіваецца на фоне цяжарнасці або адразу пасля родаў. Такія пухліны крайне агрэсіўна працякаюць і маюць дрэнны прагноз.

— Рак у маладых жанчын — сусветная тэндэнцыя, звязаная як з павелічэннем фактараў рызыкі, так і з паляпшэннем дыягностыкі. Раней мы не валодалі такімі дыягнастычнымі магчымасцямі, якія сёння дазваляюць выяўляць мікраскапічныя пухліны, з якімі дзесяцігоддзі таму жанчына працягвала жыць у няведанні, — дадае загадчык лабараторыяй рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Антон ХОРАЎ.

Анколагі пацвярджаюць, што здараліся выпадкі, калі рак у пацыентак узнікаў на фоне стымуляцыі перад экстракарпаральным апладненнем, і жанчына памірала. Цяпер распрацаваны спецыяльныя падыходы, якія дазваляюць пазбегнуць развіцця пухлін. Аднак кансультацыя анколага перад такой працэдурай па-ранейшаму не лішняя.

Хто ў групе рызыкі?

Фактарамі рызыкі ўзнікнення раку грудзей спецыялісты называюць ускладнены сямейны анамнез (калі рак малочнай залозы ці органаў малога таза мела матуля, сястра ці бабуля), аборты, адсутнасць цяжарнасці, позняе спыненне менструацыі (пасля 55 гадоў), курэнне і ўжыванне алкаголю, працяглае ўжыванне гарманальных кантрацэптываў, траўмы малочнай залозы. Як правіла, рак развіваецца пры наяўнасці комплексу фактараў рызыкі. Раз на месяц рэкамендуецца праводзіць самаабследаванне: пальпаваць перад люстрам малочныя залозы.

— Самаабследаванне ніхто не адмяняў. Інфармацыя пра тое, як яно праводзіцца, маецца на стэндах ва ўсіх жаночых кансультацыях. Канешне, дробныя ўтварэнні ў міліметр жанчына не прапальпуе. Больш буйныя — у паўсантыметра-сантыметр — яна ў стане знайсці сама. Панікаваць не трэба, большасць новаўтварэнняў у грудзях дабраякасныя, але праверыцца ў спецыяліста варта, — адзначыў Антон Хораў.

Каму генетычны аналіз?

Калі рак грудзей быў у матулі ці бабулі, жанчына ўваходзіць у групу рызыкі па спадчыннасці раку. У такім выпадку трэба пракансультавацца з анколагам па месцы жыхарства. Ён вырашыць, ці варта рабіць генетычны аналіз на носьбіцтва спадчыннага гена, які адказвае за развіццё раку малочнай залозы. Аналіз выконваецца ў малекулярна-генетычнай лабараторыі пры РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Забор матэрыялу праводзіцца і на базе гарадскога анкалагічнага дыспансера. Аднак мэтазгоднасць такога аналізу вызначае ўрач-анколаг.

— Паводле новых стандартаў, аналіз на носьбіцтва мутацый у генах BRSA1 і BRSA2 у пацыентак да 40 гадоў з ужо пацверджаным ракам малочнай залозы абавязковы. Пры станоўчым аналізе на мутацыі пацыенткам, якія ўжо захварэлі, выконваецца двухбаковая мастэктамія (выдаленне малочнай залозы): не толькі пашкоджанага пухлінай органа, але і здаровага — у прафілактычных мэтах. Бо рызыка, што пухліна з'явіцца і ў ім, вельмі высокая. Часам з гэтай прычыны мяняецца і схема хіміятэрапіі. Пасля выдалення рэканструкцыйная аперацыя з устаноўкай імплантаў робіцца бясплатна, — адзначае Аляксандр Гладышаў.

Мамаграфія ці УГД?

Кожная жанчына ва ўзросце 50—69 павінна праходзіць мамаграфію. Калі ёсць паказанні, працэдура прызначаецца і раней. Больш маладым жанчынам паказана УГД малочных залоз. Яго пажадана праходзіць штогод, асабліва пацыенткам, якія маюць мастапатыю.

Праект па скрынінгу раку малочнай залозы ў групах рызыкі ў Мінску рэалізуецца на базе 34-й паліклінікі. Базавыя ўстановы для скрынінгу раку малочнай залозы ёсць ва ўсіх рэгіёнах.

— Асноўная праблема — нізкая матывацыя жанчын. Нягледзячы на тое, што сёння шмат інфармацыі, кожнай жанчыне з мэтавай групы мы дасылаем ліст, дзе падрабязна расказваем, што такое мамаграфія, і запрашаем прайсці. Многія адмаўляюцца: баяцца атрымаць дыягназ і не ведаюць, што будзе з імі далей. Але ні адна жанчына ў нас не будзе пакінута сам-насам з хваробай, — кажа намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 34-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Савецкага раёна Мінска Вадзім КАСЦЮКОЎ. — Паводле даных, самая высокая захваральнасць на рак грудзей у 50—69 гадоў. Стараемся ахапіць гэту катэгорыю.

Калі ў пачатку праекта мамаграфію праходзіла 20—25 % жанчын з мэтавай групы, то сёлета іх ужо 60 %. Аптымальным варыянтам будзе ахоп у 70 %, менавіта такую лічбу рэкамендуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?