Вы тут

Пачаўся міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень»


У Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўзяў пачатак 45-ы па ліку міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень». Як сцвярджаюць арганізатары, праграма юбілейнага форуму, які пройдзе з 24 кастрычніка да 30 лістапада, насычаная і разнастайная, прасякнутая павагай да класічных традыцый і поўная эксперыментаў.


Адкрые фестываль 24 кастрычніка гала-канцэрт, прымеркаваны да 90-годдзя класіка беларускай музыкі Яўгена Глебава, з удзелам прафесійных і вучнёўскіх калектываў. 27 кастрычніка чакае гледачоў іспанскі тэатр танца Paya's, які пакажа відовішчнае фламенка ў суправаджэнні голасу, гітары і кастаньетаў. Таксама падчас фестывалю ў Мінск зноў прыедзе калектыў Rastrellі Cello Quartet — нароўні са знакамітым гуртом Apocalyptіca гэта адзін з самых вядомых віяланчэльных калектываў у свеце. Спецыяльна для беларускай публікі музыканты выканаюць 2 лістапада праграму «найлепшых хітоў», якая складаецца з класічных твораў, музыкі кіно, свінгу і іншых яркіх музычных з'яў.

Харавая музыка будзе гучаць у Вялікай канцэртнай зале 17 лістапада: ансамбль «Камерныя салісты Мінска» і Дзяржаўная харавая капэла імя Р. Шырмы сустрэнуцца на адной сцэне, каб выканаць Моцарта — «Рэквіем рэ мінор» і «Сімфонію № 40 соль мінор». А на наступны дзень, 18 лістапада, пры падтрымцы пасольства Румыніі ў Беларусі адбудзецца канцэрт праслаўленых румынскіх музыкантаў, скрыпача Габрыэля Краітору і піяніста Міхаіла Хорыа.

Юбілею ансамбля «Песняры» прысвечаны канцэрт «Незабыўнае» — 20 лістапада Пётр Ялфімаў у суправаджэнні аркестра выканае песні з залатога фонду «беларускіх The Beatles»: «Александрына», «Завушніцы», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Вераніка», «Спадчына», «Чырвоная ружа» і многія іншыя, любімыя некалькімі пакаленнямі слухачоў. Дарэчы, на канцэрце будзе таксама прэзентаваны дыск «Повинуясь песенному дару», на якім сабраны рэдкія запісы Уладзіміра Мулявіна.

У малой зале 23 лістапада ёсць магчымасць пачуць харавое майстэрства калектываў з трох краін — Беларусі («Імправізацыя» і Мінскі госпел-хор), Расіі (госпел-хор Open Door) і Даніі (Revelatіon). 24 і 26 лістапада тут выступіць аркестр «Метамарфозы» пад кіраўніцтвам маладога дырыжора Паўла Любамудрава — калектыў выканае за два дні ўсе клавірныя канцэрты Баха.

27 лістапада гасцям фестывалю зробіць падарунак Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова — іх абанемент «Для ўсіх!» пазнаёміць шырокую публіку з творчасцю Бетховена, творы якога выканаюць вядучыя расійскія музыканты.

Падрыхтаваў сваю цікавую праграму і традыцыйны «фестываль у фестывалі» — міжнародныя вечары фартэпіянных дуэтаў Duettіssіmo пройдуць пяты раз і тонка, звонка, вытанчана ды прыгожа закрыюць сёлетнюю «Беларускую музычную восень».

Вікторыя ЗАХАРАВА

Прэв'ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».