Вы тут

На Віцебшчыне дзяржпраграма па развіцці прадпрымальніцтва рэалізуецца недастаткова эфектыўна


У Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці канстатуюць: дзяржаўная праграма па развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва рэалізуецца недастаткова эфектыўна.


Нядаўна тэму разглядалі на калегіі, куды запрасілі чыноўнікаў і кіраўнікоў структур, якія павінны эфектыўна рэалізоўваць Дзяржаўную праграму «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь». Старт быў дадзены ў 2016-м, а ў канцы наступнага года трэба падводзіць вынікі.

Як падкрэсліў першы намеснік старшыні КДК Віцебскай вобласці Уладзімір ГАДЗЯЦКІ, недзяржаўнаму сектару неабходна заняць свабодныя нішы ў эканоміцы, ствараць рабочыя месцы, вырабляць прадукцыю на экспарт і гэтак далей. І, уласна кажучы, трэба наладзіць рыначныя ўзаемаадносіны ў краіне на ўзроўні найлепшых сусветных узораў.

А якая карціна ў Прыдзвінскім краі сёння?

Начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КДК Віцебскай вобласці Аляксандр КАМІНСКІ нагадаў, што ў краіне створаны дзейсныя механізмы падтрымкі і развіцця суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Але штогод не выконваецца большасць мэтавых паказчыкаў. У прыватнасці, па ўдзельнай вазе валавой дабаўленай вартасці, якая фарміруецца суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва; не забяспечаны рост колькасці занятых у недзяржаўным сектары эканомікі; няма росту колькасці бізнес-структур...

Пра што казаць, калі не асвойваюцца бюджэтныя сродкі, якія выдзяляюцца на рэалізацыю праграмы падтрымкі бізнесу, паколькі не ўрэгулявана пытанне крэдытавання. У выніку за 2016—2018 гады аказана падтрымка з бюджэту ў памеры 100 тысяч рублёў з запланаваных двух мільёнаў!

Кантралёры звярнулі ўвагу на недастаткова актыўную папулярызацыю прадпрымальніцтва і інфармаванне прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў аб паслугах інкубатараў і цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва ў інтэрнэце. Дарэчы, у палове з дзесяці інкубатараў і цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва, якія функцыянуюць, няма ўласных сайтаў.

З-за адсутнасці попыту з боку зноў зарэгістраваных арганізацый суб'екты падтрымкі малога бізнесу ў Віцебску, Оршы і Полацку не забяспечваюць уцягванне ў гаспадарчы абарот атрыманай дзяржаўнай маёмасці. Іх дзейнасць стратная, назапашваюцца даўгі перад дзяржаўнымі арганізацыямі-балансатрымальнікамі. У кантрольным ведамстве высветлілі і парушэнне заканадаўства, калі дзяржмаёмасць інкубатарамі давалася ў бязвыплатнае карыстанне суб'ектам малога бізнесу, якія ажыццяўляюць дзейнасць звыш трох гадоў.

Дзяржкантралёры, у прыватнасці, выявілі неэфектыўнае функцыянаванне аднаго інкубатара, згодна з бізнес-планам якога прадугледжвалася стварэнне тэхнапарка біямедыцынскіх і інфармацыйных тэхналогій. Як высветлілася, ноу-хау пакуль што толькі ў планах, як і рэзідэнты, якія не спяшаюцца ў віцебскую «сіліконавую даліну».

На пасяджэнні калегіі выпрацаваны прапановы па змяненні заканадаўства ў частцы выдачы субсідый на развіццё бізнесу, змены парадку перадачы дзяржмаёмасці ў арэнду малому бізнесу.

Віцебскаму аблвыканкаму даручана прыняць меры па павышэнні якасці мерапрыемстваў пры выкананні задач дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016—2020 гады, прыцягненні суб'ектаў малога бізнэсу да рэалізацыі інвестпраектаў з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі, у тым ліку на плошчах бізнес-інкубатараў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Ці набірае бізнес абароты?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».