Вы тут

Беларусь і Куба распрацуюць дарожную карту супрацоўніцтва


У Мінску сустракаюцца кіраўнікі дзвюх краін.


Фота БЕЛТА

Гэты візіт двойчы першы. Упершыню лідар Кубы наведвае Беларусь. І першы раз востраў Свабоды прадстаўляе менавіта Прэзідэнт. Такую пасаду ў краіне Лацінскай Амерыкі заснавалі па выніках канстытуцыйнай рэформы ў лютым бягучага года. Новая канстытуцыя (зноў з 1976 года) уводзіць пасаду Прэзідэнта і прэм’ер-міністра, у ёй таксама прызнаецца права прыватнай уласнасці. Але адным з асноўных прынцыпаў дзейнасці кубінскай дзяржавы застаецца будаўніцтва сацыялізму, а Камуністычная партыя па-ранейшаму — важная палітычная сіла.

Беларусь — гэта адна з кропак вялікага еўрапейскага турнэ новага Прэзідэнта Кубы. У пачатку тыдня Мігель Дзіяс-Канель ужо пабываў у Ірландыі, а пасля перамоў у беларускай сталіцы накіруецца ў Баку на саміт Руху недалучэння. Завяршыцца падарожжа лідара Кубы перамовамі ў Маскве.

Гэта ўжо не першы візіт Мігеля Дзіяса-Канель у Беларусь. У 2016 годзе, займаючы пасаду намесніка старшыні Дзяржсавета і Савета міністраў, ён ужо наведваў нашу краіну і пазнаёміўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што сачыў за падзеямі, якія апошнія два з паловай дзесяцігоддзі адбываліся на Кубе, і добра быў знаёмы з Фідэлем Кастра. «У мяне да гэтага часу прыемныя ўражанні ад сустрэч з Фідэлем, перамоў. Я вельмі часта прыводжу ў прыклад многім іншым кіраўнікам дзяржаў гэтага чалавека. Ён быў вялікім чалавекам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь уважліва назірае за рэфармаваннем эканамічнай і палітычнай сістэмы на Кубе. «Мы вельмі спадзяемся, вельмі хочам, каб Куба, рэвалюцыйная, трывалая, мужная, была заўсёды паспяховай, а кубінцы былі багатымі людзьмі», — запэўніў Прэзідэнт. 

Гісторыя беларуска-кубінскіх адносін мае трывалую базу. Таму Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу кубінскага калегі, што не трэба нічога выдумляць, а неабходна працягваць адносіны, выконваючы дамоўленасці. «Аб гэтым мы падчас вашага візіту дамовімся, я думаю, паглядзім на нашу дарожную карту, план нашых дзеянняў. Калі нам нешта не падыходзіць, цягам часу мы гэта выключым, намецім новыя арыенціры. Вы павінны ведаць, што Беларусь будзе заўсёды для вас надзейным, адданым сябрам і нашы дамоўленасці будуць заўсёды выконвацца», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Ён акцэнтаваў увагу, што эканомікі дзвюх краін не канкурыруюць. У нас ёсць неабходнасць пакупаць тое, што ствараюць кубінцы, а ў іх — тое, што вырабляюць у Беларусі. «Нам трэба сур’ёзна пагаварыць па гэтых пытаннях, вызначыць арыенціры і рухацца наперад», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як запэўніў Прэзідэнт Кубы, у яго засталіся самыя добрыя ўспаміны пра візіт у нашу краіну тры гады таму. Бягучая сустрэча — яшчэ адна магчымасць абмеркаваць мінулыя дамоўленасці, развіваць эканамічнае, дыпламатычнае і гандлёвае супрацоўніцтва. «Беларусь — гэта адна з першых краін, якія я наведваю пасля майго выбрання на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Куба. Гэта шмат гаворыць аб тым прыярытэце, які мы надаем адносінам з вашай краінай», — звярнуў увагу Мігель Дзіяс-Канель.


Мінск і Гавана: надзейныя саюзнікі

Для Беларусі асабліва каштоўна і сімвалічна, што адзін са сваіх першых замежных візітаў на пасадзе Прэзідэнта Кубы Мігель Марыё Дзіяс-Канель Бярмудэс здзяйсняе менавіта сюды. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на перамовах у пашыраным складзе з кубінскім калегам. Беларускі лідар адзначыў, што такі візіт падкрэслівае цікавасць да нашай краіны як да надзейнага, праверанага партнёра і сябра.

«Хачу Вас запэўніць, што кубінскі бок ніколі не будзе расчараваны супрацоўніцтвам з Беларуссю. Усё, пра што мы з вамі сёння дамовімся, будзе няўхільна выконвацца. Гавана з’яўляецца для нас надзейным саюзнікам у рэгіёне Лацінскай Амерыкі. Нашы краіны аб’ядноўваюць агульныя пункты гледжання па актуальных праблемах сучаснага свету і канструктыўная сумесная праца на розных міжнародных форумах», — падкрэсліў лідар Беларусі.

Пры гэтым, адзначыў ён, Куба заўсёды была і застаецца для нас прыкладам мужнасці, стойкасці і вернасці сваім ідэалам. Беларусь гэтак жа прытрымліваецца думкі аб недапушчальнасці выкарыстання аднабаковых абмежавальных мер у палітыцы і гандлі. Такія дзеянні ў корані супярэчаць нормам права, падрываюць давер і вядуць да росту напружанасці, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён паведаміў гасцям, што ў Мінску з вялікай цікавасцю назіраюць за сістэмнымі палітычнымі пераўтварэннямі, што праводзяцца пры шырокай грамадскай падтрымцы. Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што новая Канстытуцыя, якая зафіксавала дасягненні Кубінскай рэвалюцыі, стане трывалай асновай устойлівага і дынамічнага развіцця дзяржавы на доўгія гады.

Сярод перспектыў беларуска-кубінскага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы адзначыў шэраг кірункаў. Традыцыйна важнай сферай ўзаемадзеяння дзвюх краін з’яўляецца сельская гаспадарка. 

«Кубінскія аграрыі — частыя і заўсёды жаданыя госці ў Беларусі. Мы гатовыя дзяліцца сваім перадавым вопытам, ведамі і тэхналогіямі, якія ўяўляюць для вас цікавасць. Гэта ў аднолькавай ступені тычыцца і прадукцыі сельскагаспадарчага машынабудавання, якая яшчэ з савецкіх часоў добра вядомая на Востраве свабоды», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Разумеючы важнасць беларускіх тавараў для Кубы, мы ў вельмі няпростых для нас умовах вырашылі пытанне аб прадастаўленні крэдытаў для фінансавання паставак на максімальна выгадных умовах. Гэта дазволіла нам рэалізаваць шэраг сумесных цікавых праектаў», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Паміж нашай краінай і Кубай ужо адпрацаваны чарговыя кантракты на суму больш за трыццаць мільёнаў еўра. Прычым не толькі ў галіне сельскай гаспадаркі: падпісана пагадненне аб пастаўцы на Кубу беларускіх станкоў, абмяркоўваецца магчымасць стварэння сумеснай вытворчасці бытавой тэхнікі.

«У нас створана прававая база на аснове найлепшых сусветных практык, развіваецца лічбавая інфраструктура. У мэтах максімальнай інтэграцыі ведаў, перадавога вопыту і тэхналогій у эканоміку ўдасканальваецца сістэма адукацыі. Мы прапануем рэалізаваць наяўны патэнцыял у гэтай галіне на прынцыпах узаемадапаўняльнасці, пра што мы з вамі размаўлялі толькі што, сустракаючыся ў вузкім складзе», — звярнуўся да кубінскіх сяброў Аляксандр Лукашэнка.


Дадзеныя эканамічнай статыстыкі сведчаць аб тым, што магчымасці гандлю Беларусі і Кубы выкарыстоўваюцца далёка не ў поўнай меры. «Таму мы і прынялі з вамі рашэнне, што на кароткую перспектыву да наступнага майго візіту на Кубу, нашы прадстаўнікі ўрадаў распрацуюць дарожную карту, план дзеянняў, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Перакананы, што сёння мы вызначым шляхі пераадолення існуючых бар’ераў, і наша супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы выйдзе на ўзровень стратэгічнага партнёрства».

«У сваю чаргу наша краіна выкарыстоўвае перадавую і вядомую ва ўсім свеце прадукцыю біяфармацэўтычнай галіны Кубы. Абмяркоўваецца магчымасць пашырэння наменклатуры лекавых сродкаў, якія пастаўляюцца нам з Кубы, перадачы тэхналогій для іх вытворчасці на беларускіх магутнасцях», — паведаміў Прэзідэнт Беларусі.

На дадзеным этапе супрацоўніцтва ў камерцыйным кірунку абмяжоўваюць пэўныя часавыя фактары, якія лідары дамовіліся пераадолець як мага хутчэй. Планы ўзаемадзеяння павінны ўключаць не толькі доўгатэрміновыя праекты, але і кароткачасовыя, да візіту Аляксандра Лукашэнкі на Кубу.

«Мы выпрацавалі таксама сумесныя рашэнні, якія дадуць магчымасць у бліжэйшай будучыні вывесці аб’ёмы двухбаковага гандлю на ўзровень, належны стратэгічным партнёрам. І мы гэта можам зрабіць. Толькі не трэба спасылацца на аб’ектыўныя і суб’ектыўныя складанасці. Яны былі, ёсць і будуць заўсёды, і на Кубе, і ў Беларусі, і ў іншых дзяржавах. Мы для таго і існуем, каб пераадолець гэтыя складанасці. Аб гэтым мы перадусім дамовіліся з Прэзідэнтам Кубы», — канстатаваў беларускі лідар. 

Для далейшага руху наперад маецца ўсё неабходнае: развітая вытворчая база, перадавы вопыт, тэхналогіі, а таксама палітычная воля, паразуменне і падтрымка кіраўнікоў дзяржаў. 

«Упэўнены, што вынікі перамоў у Мінску будуць спрыяць развіццю разнапланавага беларуска-кубінскага дыялогу, дазволяць дасягнуць прынцыповых дамоўленасцей аб нашым далейшым супрацоўніцтве», — канстатаваў беларускі лідар. 

Мігель Дзіяс-Канель запрасіў Прэзідэнта Беларусі на Кубу для далейшых перамоў па ўзаемадзеянні. Ён адзначыў, што Востраў Свабоды перажывае няпростыя часы з-за ўзмацнення эканамічнай блакады з боку ЗША. Таму лідар Кубы падзякаваў нашай краіне за падтрымку і ўключэнне гэтага пытання ў выступленне Уладзіміра Макея на 74-й сесіі Генасамблеі ААН.

Ён падзякаваў за запрашэнне на Кубу і адзначыў, што прыедзе, як толькі будзе выпрацавана карта ўзаемадзеяння на кароткі тэрмін і пачнецца яе выкананне.


Крок да паглыблення партнёрства

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перамоў з Мігелем Дзіясам-Канелем Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё выказаў удзячнасць Прэзідэнту дружалюбнай Кубы за наведванне нашай краіны. 

«Хацеў б асабліва падкрэсліць: гэта першы ў гісторыі нашых сучасных двухбаковых адносін візіт кіраўніка кубінскай дзяржавы ў Беларусь. Для нас гэта важны крок у далейшым паглыбленні стратэгічнага партнёрства паміж Мінскам і Гаванай, пацверджанне таго, што вектар прыярытэтаў Кубы не зменіцца», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнікі Беларусі і Кубы ўжо сустракаліся тры гады таму, калі Мігель Дзіяс-Канель быў першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тыя перамовы дазволілі надаць адчувальны імпульс развіццю беларуска-кубінскіх адносін, якія, зрэшты, і раней былі ўзорнымі з пункту гледжання паразумення і ўзаемнага даверу.

«Сёння ўжо на вышэйшым узроўні мы абмеркавалі ўвесь комплекс пытанняў нашага двухбаковага парадку дня і выпрацавалі адпаведныя рашэнні на перспектыву. Гэтая сустрэча пацвердзіла: у нашых краін ёсць выразная палітычная воля працягваць канструктыўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, увасабляць новыя сумесныя праекты на карысць нашых народаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У кіраўнікоў рэспублік адбылася прадметная і грунтоўная размова з дружалюбным і шчырым характарам. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў кубінскага калегу з паспяховым правядзеннем канстытуцыйнай рэформы і прызначэннем на пасаду Прэзідэнта. 

«Адобраная кубінскім народам новая Канстытуцыя, якая замацавала дасягненні Кубінскай рэвалюцыі ў апошнія дзесяцігоддзі, стане надзейнай базай для далейшага стабільнага і планамернага развіцця брацкай Кубы нягледзячы на ўсе цяжкасці і знешнія перашкоды», — выказаў перакананасць беларускі лідар.

Агульныя прынцыпы і мэты

Прэзідэнты таксама адкрыта абмеркавалі сітуацыю ў свеце і ў рэгіёнах, пацвердзіўшы, што абедзьве краіны падзяляюць падыходы адна адной па ключавых пытаннях глабальнага парадку дня.

«Куба была і застаецца для нас стратэгічным партнёрам у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне. Агульнасць прынцыпаў знешняй палітыкі Мінска і Гаваны, такіх як раўнапраўе, неўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, непрыманне сілавых метадаў вырашэння рознагалоссяў, дазваляе нам канструктыўна ўзаемадзейнічаць на міжнародных пляцоўках. Пры гэтым выдатныя палітычныя адносіны паміж нашымі краінамі дапаўняюць супрацоўніцтва ў сферах адукацыі і навукі, якое дынамічна развіваецца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго меркаванні, абедзве дзяржавы надаюць прыярытэтнае значэнне прасоўванню інфармацыйных тэхналогій. З улікам сур’ёзнай адміністрацыйнай базы, якая сфарміравана і паспяхова ўжываецца ў Беларусі, Прэзідэнты абмяняліся думкамі аб магчымасцях перадачы беларускага перадавога досведу кубінскім сябрам. 

Асаблівую ўвагу падчас перамоў кіраўнікі дзяржаў надалі гандлёва-эканамічным пытанням, прааналізавалі рэалізацыю сумесных праектаў і намецілі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва.

У прыватнасці, беларуская тэхніка ўжо даўно зарэкамендавала сябе як надзейны памочнік кубінскіх аграрыяў, будаўнікоў, работнікаў прамысловасці. Нашы трактары, грузавікі, навясное абсталяванне паспяхова працуюць у сельскай гаспадарцы Кубы. А якасныя беларускія рухавікі актыўна выкарыстоўваюцца для мадэрнізацыі кубінскага парку сельгастэхнікі. 

«Мы дамовіліся і далей займацца мадэрнізацыяй і рамонтам сельгастэхнікі на Кубе. А яе нямала», — Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтай сферы і надалей будзе цеснае ўзаемадзеянне.


Разам краіны могуць больш

Падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Кубы ў Беларусь Прэзідэнты абедзвюх дзяржаў падпісалі Сумесную заяву, у якой адзначылі адкрыты і канструктыўны характар развіцця двухбаковых адносін, пацвердзілі намер іх паглыбення. У заяве таксама адзначаецца, што бакі будуць падтрымліваць намаганні, накіраваныя на ўмацаванне міжнароднага міру і стабільнасці, і падкрэсліваецца вялікая важнасць далейшага развіцця палітычнага дыялогу паміж дзвюма краінамі.

Падпісаны і шэраг двухбаковых дакументаў: мемарандум аб узаемаразуменні паміж двума Міністэрствамі юстыцыі, праграма развіцця супрацоўніцтва рэспублік у сферы вышэйшай адукацыі на 2019–2021 гады, выканаўчая праграма беларуска-кубінскага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2020–2022 гады, пагадненне паміж Беларускім тэлеграфным агенцтвам і Лацінаамерыканскім Інфармацыйным агенцтвам аб абмене інфармацыяй.

Сустрэча ў Палацы Незалежнасці завяршылася цырымоніяй абмену падарункамі. Аляксандр Лукашэнка ўручыў кубінскаму калегу карціну «Малады Хасэ Марці». Хасэ Марці, паэт, пісьменнік, публіцыст, перакладчык, філосаф і рэвалюцыянер, лідар вызваленчага руху за суверэнітэт Кубы, на радзіме лічыцца нацыянальным героем, «апосталам незалежнасці». Таксама кіраўнік Кубы атрымаў у падарунак шакалад.

Учора Мігель Дзіас-Канель разам з жонкай наведаў індустрыяльны парк «Вялікі камень», касцёл Святога Сімяона і Святой Алены, Сабор Святога Духа, Траецкае прадмесце і Востраў слёз. 

Сёння пасля пасяджэнняў у вузкім і пашыраным складах запланавана падпісанне Сумеснай заявы Прэзідэнтаў Беларусі і Кубы і шэрагу двухбаковых дакументаў.

Пасля сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Мігель Дзіас-Канель ускладзе вянок да стэлы «Мінск — горад-герой», наведае Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, сустрэнецца з прадстаўнікамі кубінскай дыяспары ў Беларусі.

Жонка Прэзідэнта Кубы наведае мінскую сярэднюю школу № 91 імя Хасэ Марці, Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі» і Мінскі Камароўскі рынак.

Мігель Дзіас-Канель наведваў Беларусь з працоўным візітам у 2016 годзе ў якасці Першага намесніка Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Кубы.

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».