Вы тут

На ніве мастацкага ўсходазнаўства


Беларуска-кітайскія літаратурныя стасункі насамрэч нарадзіліся не сёння. Можна згадаць нават публікацыі «Нашай Нівы», якія маюць дачыненне да кітаістыкі. Пра гэта досыць часта цяпер пішуць у Беларусі. А ў 1930-я гады госцем Мінска быў кітайскі пралетарскі паэт Эмі Сяо. У канцы 1950-х Кітай наведаў Максім Танк. У Паднябеснай гасцявалі беларускія пісьменнікі Янка Брыль, Лідзія Арабей, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Міхась Шэлехаў, Навум Гальпяровіч…


Але велізарны пласт ва ўсходазнаўстве, кітаістыцы распрацавалі нашы землякі, якія, нарадзіўшыся ў Беларусі, рабілі ў Маскве ці Санкт-Пецярбурзе, іншых гарадах Расіі. Як прыклад — творчы, навуковы лёс перакладчыка, мовазнаўцы, літаратуразнаўцы Уладзіміра Панасюка, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў.

Перакладчыкаў згадваюць, як правіла, тады, калі непасрэдна патрэбная іх праца. Мо нават чытаючы Маркеса, мала хто звяртае ўвагу на тое, што сярод яго праваднікоў на рускую моўную прастору і нашы землякі: Валянцін Тарас і Карлас Шэрман. Альбо ці ўсе ведаюць Язэпа Семяжона, чытаючы па-беларуску «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча?.. «Перакладчык служыць справе дружбы народаў, іх узаемнаму ўзбагачэнню ў галіне культуры. Уся яго праца і ўсе яго прафесійныя навыкі вызначаюцца гэтай асноўнай яго мэтай», — пісаў некалі Мікалай Забалоцкі, які, між іншым, частку свайго таленту аддаў перакладчыцкай справе.

Уладзімір Андрэевіч Панасюк, які нарадзіўся ў Полацку напрыканцы лютага 1924 года, ужо ў трыццаць гадоў завяршыў, можна сказаць, галоўную працу свайго жыцця — пераклад з кітайскай мовы рамана Ло Гуаньчжуна «Трохцарства». Варта расказаць, што гэта за твор.

Раман быў напісаны ў XIV стагоддзі. І належыць да ліку чатырох асноўных класічных кітайскіх раманаў. Аўтар — Ло Гуаньчжун (каля 1330–1400), які выканаў сваю высокамастацкую працу па летапісных запісах прыдворнага гісторыка Чэнь Шоу. Аповед пра трэцяе стагоддзе нашай эры, пра тое, якім яно было для Кітая. Якраз у той час Паднябесная распалася на тры часткі — Вэй, Шу, У. Не ўсё ў рамане адпавядае рэчаіснасці, але так ужо склалася, што давер чытача ўсіх наступных пакаленняў настолькі высокі, што гісторыю Кітая вывучаюць якраз па «Трохцарстве», часам ігнаруючы дакументальныя крыніцы. Такая ўжо сіла ў сапраўднага мастацкага слова!..

Перакладзены на пачатку 1950‑х на рускую мову і выдадзены ў 1954 годзе раман, несумненна, быў выяўленнем тагачасных палітычных зносін Кітая і Савецкага Саюза. Нават у Беларусі ў 1950‑х, на пачатку 1960‑х пабачыў свет добры тузін кітайскіх кніг у перакладзе на беларускую. На яе перакладалі кнігі кітайскіх пісьменнікаў, кітайскую народную творчасць Васіль Вітка, Мікола Татур, Сяргей Міхальчук, Янка Брыль, Лідзія Арабей ды іншыя. Следам, праўда, ішло доўгае «пахаладанне» ў адносінах Кітая і Савецкага Саюза. Але прарыў быў настолькі магутным, што вырасла амаль пакаленне цікаўных да Кітая перакладчыкаў, даследчыкаў.

Уладзімір Панасюк назаўжды звязаў сваё жыццё з кітайскім разуменнем свету. Акрамя «Трохцарства», наш зямляк пераклаў на рускую мову «Выбранае» Сыма Цяня (Масква, 1956), «Сон у чырвоным цераме» Сюэціня Цао ў 2‑х тамах (Масква, 1958). Дарэчы, апошні са згаданых пісьменнікаў таксама досыць высока цэніцца ў Кітаі. «Сон у чырвоным цераме» — з той жа «чацвёркі» лепшых класічных кітайскіх раманаў. Гэта твор, дзе ў адрозненне ад болей ранніх буйнамаштабных твораў кітайскай прозы выкарыстоўваецца дакладная сюжэтная лінія, стройная кампазіцыя.

Гэта першы раман, дзе аўтар дэталёва выпісвае перажыванні галоўных герояў, змену іх настрояў. Напісаны «Сон…» не класічнай кітайскай мовай, дыялогі — на пекінскім дыялекце. Дарэчы, якраз пекінскі дыялект і ляжыць у аснове сучаснай літаратурнай кітайскай мовы путунхуа. Асноўная сюжэтная лінія — падарожжа разумнага каменя, яшмы, які выпусціла з рук багіня Нюйва. Камень напрасіўся да даоскага манаха, каб той узяў яго з сабою паглядзець свет. Так ён атрымаў шанц даведацца пра людзей, пераўтварыўшыся ў чалавечае аблічча. У рамане — дзясяткі галоўных герояў. І болей як 500 — другарадныя…

Упершыню на еўрапейскія мовы раман быў перакладзены ў XIX стагоддзі. У 1980‑м у сістэме адукацыі Кітая быў створаны нават спецыяльны інстытут «Сна ў чырвоным цераме»… Уявіце для параўнання: Інстытут вывучэння энцыклапедыі беларускага жыцця «Новая зямля»… Гэта — пра паэму народнага песняра Беларусі Якуба Коласа.

Далейшая ўсходазнаўчая кар’ера нашага земляка была звязана ў асноўным з грунтоўнымі заняткамі кітайскай мовай. Праўда, у 1955 годзе Уладзіміра Андрэевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1954–1964 гады ён выкладаў у Ваенным інстытуце замежных моў. Затым болей дваццаці гадоў працаваў у Інстытуце ўсходазнаўства Акадэміі навук СССР. Памёр ураджэнец Полацка 14 студзеня 1990 года. Кола навуковых зацікаўленняў У. Панасюка вызначылася яшчэ ад тэмы яго кандыдацкай дысертацыі — «Ужыванне модульных дзеясловаў у сучаснай кітайскай мове і іх класіфікацыя». Вучоны — аўтар больш як 60 навуковых работ. У суаўтарстве з В. Суханавым наш зямляк выдаў «Вялікі кітайска-рускі слоўнік» (Масква, 1983). І цяпер зробленае Уладзімірам Панасюком запатрабаванае. А сам прыклад яго жыцця — узор сапраўднага вучонага і сапраўднага майстра мастацкага перакладу. Ён — з кагорты пачынальнікаў, дзякуючы якім кітайская літаратура стала знаёмая шырокаму колу чытачоў на рускай мове. Без Уладзіміра Панасюка цяжка ўявіць сабе рускую кітаістыку ў XX стагоддзі.

На вялікі жаль, прозвішча ўраджэнца Полацка — па-за ўвагай беларускіх энцыклапедый. Магла б у нас (чаму, напрыклад, не ў серыі «Нашы славутыя землякі»?) з’явіцца і асобная кніга пра Уладзіміра Андрэевіча Панасюка. Мо з часам гэтыя прабелы, такое занядбанне будуць ліквідаваны? Давайце спадзявацца на лепшае. Тым болей, што першы крок ужо зроблены. Артыкул пра Панасюка з’явіўся ў энцыклапедыі «Культура Беларусі». Што ж, пачатак — з малога…

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.