Вы тут

Пахаванне Сталіна, ашаламляльная вада і паэзія з прозы


У неігравой частцы Мінскага міжнароднага кінафестывалю разбягаюцца вочы — прэтэндэнт на прэмію «Оскар» «Краіна мёду» з Паўночнай Македоніі, нечаканая гісторыя кахання з Ірана «Дом для цябе» ці нашумелыя «Сведкі Пуціна» Віталя Манскага патрабуюць не праходзіць міма.


Але з усёй стракатасці пазаконкурснай праграмы дакументальных фільмаў «Лістапада», дзе і лаўрэаты фестываляў, і дзіўныя формы, і кіно пра кіно, мы выбралі тры работы, якія паглядзелі самі і хочам зрабіць на іх асаблівы акцэнт. Дзве карціны відавочныя, затое трэцяя выступае як каштоўная фестывальная знаходка, хоць за ёй і не стаяць гучныя імёны стваральнікаў.

Рэдкі фільм Сяргея Лазніцы — рэжысёра, што нарадзіўся ў Беларусі, вырас ва Украіне, а цяпер дэманструе сваё кіно на галоўных кінафестывалях свету, — не паказваецца ў Мінску. З апошняга — дакументальныя «Працэс» і «Дзень перамогі», перад імі — невыносная «Пакорлівая», яшчэ раней — чорна-белы «Аўстэрліц». Хіба што «Данбас» прапусцілі, хоць ён і прынёс аўтару ўзнагароду «Найлепшы рэжысёр» у «Асаблівым поглядзе Канскага кінафестывалю».

У праграму чарговага «Лістапада» трапіла новая работа Сяргея Лазніцы «Дзяржаўнае пахаванне», прэм'ера якой толькі-толькі прайшла ў Венецыі. Гэта мантажны, як бы бесстаронні, зроблены з кіламетраў хронікі фільм пра пахаванне Іосіфа Сталіна. «Правадыр народаў» памёр — гучнагаварыцелі засмучаным голасам расказваюць пра хваробу і смерць, вымаўляюць пафасныя словы, збіраюць вакол сябе прадстаўнікоў розных нацый. Гарады саюзных рэспублік рыхтуюцца да жалобных мерапрыемстваў, людзі агулам ідуць міма труны і выціраюць слёзы, прапаганда ўсё крычыць пра невыносную страту Савецкага Саюза — а на фоне шэрага колеру, як знакі пралітай крыві мільёнаў, алеюць гваздзікі.

«Дзяржаўнае пахаванне», нягледзячы на сваю матэматычную храналагічнасць і халоднае музычнае суправаджэнне, абяцае самую складаную камбінацыю пачуццяў: сыграе наша цвярозая дасведчанасць пра ГУЛАГ, дэпартацыі, рэпатрыянтаў, голад, холад сталінскай эпохі па якіх, вы ўбачыце, плачуць сотні людзей...

За жывым класікам расійскага дакументальнага кіно Віктарам Касакоўскім замацаваўся тэхналагічны пасаж: неяк ён вырашыў стварыць першы фільм у фармаце 96 кадраў у секунду і паказаць яго на Венецыянскім кінафестывалі. І стварыў — галоўнай дзеючай асобай бессюжэтнай карціны Аquаrеlа, альбо «Акварэль», якая ўключана ў секцыю «Лістапада» «Артстрым», стала вада, і атракцыён здаўся апраўданым. Адзінае што — праектараў, здольных паказваць кіно з такімі амбіцыямі, на свеце некалькі, і нават на Венецыянскім кінафестывалі работа дэманстравалася ў фармаце ўсё ж 48 кадраў у секунду, як бы са зніжкай на неідэальныя тэхналогіі.

Тым не менш вялікі экран і экстрэмальная якасць выявы робяць сваю справу — вада, якая здымалася на рускай поўначы, у ЗША, Венесуэле, Мексіцы, у розных праявах, з розным характарам, непрадказальная, ашаламляльная, надзвычайная, пакідае на сэрцы рваныя раны. Усё пачынаецца з аўтамабіляў, якія на вачах гледача правальваюцца праз нетрывалы лёд Байкала, што суправаджаецца нейкімі дзеяннямі, работай МНС, дыялогамі, то-бок бачнасцю сюжэта ў традыцыйным разуменні слова. Тым не менш сцэны мяняюцца, дзеяння не бачна, чалавечых слоў не чуваць, але адліпнуць ад экрана немагчыма. Стыхія аглушае: адчуваеш, наколькі ты маленькі і безабаронны. Здаецца, што хваля, якая падае на экране, зараз захлісне цябе — і ўсё, да пабачэння. І хай бы захліснула, настолькі яна прыгожая.

Нарэшце, не настолькі відавочнай, як творы славутасцяў і прэтэндэнты на «Оскар», але усё ж настойлівай рэкамендацыяй стане сатканая з прозы паэзія фільма «Чацвёртае каралеўства» Алекса Лоры Сэркосы і Адана Аліягі. «Звязда» ўжо згадвала карціну ў кантэксце Кракаўскага кінафестывалю, дзе стужка атрымала «Сярэбраны рог» і прыз FІРRЕSСІ — між іншым, на «Лістападзе» фільм уключаны ў секцыю «Лаўрэаты фестываляў», дзе маюцца на ўвазе кінафэсты ў Іспаніі, ЗША і Польшчы.

Фільм здымаўся ў Нью-Ёрку ў суполцы аўтсайдараў, якія займаюцца сарціроўкай смецця. «Чацвёртае каралеўства» варта паглядзець ужо толькі для таго, каб убачыць, як горы адходаў становяцца часткай чароўнай і нават прывабнай кампазіцыі кадра. У суполцы — драматычныя гісторыі, нязграбныя рухі, смешныя сцэны і, з агульнага, амерыканская мара, што не збылася.

Героі карціны раскажуць пра свае несалодкія дні, найграюць мелодыі, пакажуць сябе ў рабоце, а рэжысёры мантажом, умелымі ракурсамі, тэатральнымі ўстаўкамі зробяць з гэтага непрыгляднага свету і паўсядзённасці сапраўдную прытчу, і нават паэзію. Дакументальныя здымкі ператварыліся ў шматузроўневае канцэптуальнае выказванне, поўнае як пацешных, так і меланхалічных эпізодаў, дзе жаданні асобнага чалавека перакрываюцца вобразам сучаснага свету, дзе смецце здольнае хутка закрыць неба для кожнай з мар.

Паказы дакументальных фільмаў кінафестывалю «Лістапад» будуць праходзіць у кінатэатры Sіlvеr Sсrееn у Gаlіlео.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».