Вы тут

Актрыса Вераніка Пляшкевіч: Захавальнік сямейнай казны — мой муж


 На жаль, сустрэцца з сям'ёй у поўным складзе не ўдалося. Андрэй цяпер шчыльна заняты ў кінапраекце. Вераніка ж здолела знайсці час на размову. Калі ўжо парушана традыцыя дуэта ў інтэрв'ю, то і першае пытанне будзе не аб знаёмстве.


— У вас абодвух даволі багатая фільмаграфія, але не так часта здымаліся разам з Андрэем. Як успрымаеце тое, што вашы графікі рэдка супадаюць? Вось, можа, хацелася б куды-небудзь схадзіць з мужам, а ён на здымачнай пляцоўцы.

— Магу адказаць за дваіх. Мы вельмі рады, што нас запрашаюць здымацца ў кіно. Але ўсё ж галоўнае месца нашай работы — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага. Графікі складаюцца з улікам занятасці ў тэатры. А што датычыцца схадзіць з мужам... Вядома, мне падабаецца бываць з ім на цікавых для нас мерапрыемствах, на сяброўскіх вячорках.

— Вераніка, для артыста важна пабыць сам-насам з сабой?

— Думаю, гэта важна для ўсіх у пэўных дозах. Часам трэба паслухаць цішыню, паслухаць сябе, адпачыць ад людзей, нават ад самых блізкіх. Калі вельмі стамляюся на здымачнай пляцоўцы, прыходжу дадому і мне неабходна хоць бы паўгадзіны пабыць адной. Калі Андрэй дома, ён ведае, што так я перазагружаюся. Напрыклад, іду на кухню, мыю посуд. Праз паўгадзіны, як я жартую, вяртаюся ў сям'ю.

— Раскажыце, дзе вы пазнаёміліся з Андрэем?

— Тут, у тэатры. Але спачатку знаёмства было завочным, і тое я толькі чула пра Андрэя. У тэатральным асяроддзі прайшоў слых, што ў ТЮГ — Тэатр юнага гледача — прыехаў з Пінска вельмі цікавы хлопец, які спявае. Потым ён прыйшоў у наш тэатр на пробы. Галоўным рэжысёрам у той час быў Барыс Луцэнка, і ён вырашыў прыняць Андрэя ў трупу. Наш найстарэйшы акцёр, член мастацкага савета тэатра Расціслаў Іванавіч Янкоўскі, таксама ўхваліў кандыдатуру Андрэя. А нам, маладым актрысам, неяк сказаў: «Такі абаяльны хлопчык да нас прыходзіць, блакітнавокі. А як спявае...» Увогуле, мы ўсё пра яго чулі, але не бачылі. Аднойчы я даведалася, што Андрэй у тэатры, і вырашыла на яго паглядзець: звесілася з лесвіцы і... убачыла толькі макушку. Асабістае ж знаёмства неяк хутка перарасло ва ўзаемную цікавасць.

Вераніка Пляшкевіч у спектаклі «Дзінь-дон, я ваша мама!»

— Перыяд заляцанняў колькі доўжыўся?

— Прыкладна паўгода. Мы хутка зразумелі, што нам хочацца быць разам.

— Цікава, як праходзяць акцёрскія вяселлі?

— Яго ў нас не было. Мы не любім усялякую пампезнасць, не бачылі неабходнасці і ў яго арганізацыі. Мы бывалі на вяселлях у сяброў і разумелі, што для жаніха і нявесты гэты дзень зусім не святочны, а неверагодна клопатны. А нам гэтага не хацелася. Проста зарэгістравалі шлюб у загсе ў звычайным адзенні ў дзевяць раніцы.

— Ствараючы сям'ю, дамаўляліся, хто за што адказвае, ці ўсе правілы фарміраваліся па ходзе п'есы?

— Ніякіх дамоўленасцяў, хто мые посуд, хто выносіць смецце, не было. Адзінае, у чым прыйшлі да згоды: захавальнік сямейнай казны — Андрэй. У мяне грошы выцякаюць скрозь пальцы, як вада. Прычым я выдаткоўваю іх не столькі на нейкія дзявочыя радасці, колькі на падарункі, забавы для кампаніі. А муж умее рацыянальна кіраваць фінансамі, і мяне гэта абсалютна задавальняе.

Я люблю і ўмею гатаваць. Таму хаджу ў краму па прадукты. Андрэй у нас адказвае за вопратку: сочыць, што трэба аднесці ў хімчыстку, у рамонт, пральная машына — таксама яго цацка. Усе астатнія бытавыя справы робяцца па прынцыпе: у каго ёсць час і абавязкова жаданне. Калі ў чалавека стан: «Не хачу, не магу, не буду», не трэба сябе прымушаць, каб не марнаваць у тры разы больш сіл і часу.

— Вераніка, а як вашы бацькі прынялі Андрэя?

— Ён ім вельмі спадабаўся. Праўда, пазнаёміліся яны толькі праз год нашага сямейнага жыцця. Вядома, бацькі разумелі, што нам не хапала часу прыехаць да іх. Але ведаеце, што цікава? Мая мама калісьці вучылася ў Пінску. Ёй падабаўся і горад, і людзі, так што гэты факт, мабыць, паўплываў на добрае стаўленне да Андрэя нават падчас завочнага знаёмства.

— А вы з бацькамі Андрэя таксама не адразу пазнаёміліся?

— А вось тут усё склалася па класічных канонах: Андрэй яшчэ да рэгістрацыі шлюбу пазнаёміў мяне са сваімі бацькамі. Так атрымліваецца, што на радзіме Андрэя мы бываем часцей. Часам, калі выпадае два выхадныя запар, едзем туды ў міні-адпачынак: цудоўная прырода, рачныя прагулкі, і сам горад вельмі ўтульны, атмасферны, які захаваў дух даўніны.

— Вы раўнівая? Перажываеце, калі Андрэй на экране цалуецца з іншай актрысай? А яшчэ ж і паклонніцы ёсць...

— А што перажываць? Гэта наша работа. Я ведаю, што часам у артыстаў здараюцца раманы на здымачнай пляцоўцы. І так — нікуды не дзецца ад гэтага ў глыбіні душы прыхаванага: «Маё». Што датычыцца паклонніц, то яны не блытаюць цікавасць да акцёра з цікавасцю да жанатага мужчыны.

— Як Андрэй рэагуе на вашых паклоннікаў, прыкладна ведаеце?

— Мяркуючы па яго рэакцыі, задаволены, калі пасля спектакля мне дораць кветкі — значыць, усё прайшло паспяхова.

— Вераніка, трэці год вы выступаеце ў ролі тэленяні Палінкі. А свае дзеці ёсць?

— Дзяцей у нас пакуль няма, але ўсяму свой час. Дзяцей я вельмі люблю. Мой удзел у «Калыханцы» на тэлеканале «Беларусь 3» дае неверагодны пазітыўны вопыт зносін з дзецьмі нават па той бок экрана. Гэта каласальная адказнасць, бо маленькія гледачы вераць кожнаму нашаму слову. Няняй Палінкай працую з задавальненнем!

А цяпер разам з акцёрамі нашага тэатра Вольгай Здзярскай, Сяргеем Чэкерэсам і калегамі з іншых тэатраў рыхтуем навагодні сямейны спектакль «Дзінь-дон, я ваша мама!» Гэта класічны добры мюзікл з выдатнымі вершамі Юрыя Энціна. Думаю, што ён спадабаецца дзеткам, а іх бацькі ўспомняць аднайменны фільм.

— Як вам здаецца, без чаго нельга абысціся ў сямейным жыцці?

— Думаю, без даверу, узаемнай цікавасці і павагі, агульных мэт сям'я не адбудзецца. Але хоць я замужам дзесяць гадоў, не магу лічыць сябе экспертам. На самай справе, ніколі няма гарантый, што шлюб не распадзецца праз 20 ці нават 40 гадоў, але я спадзяюся, што гэта не пра нас.

Вераніка ПЛЯШКЕВІЧ — вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, уладальнік медаля Францыска Скарыны. Занятая амаль у дваццаці спектаклях тэатра. Вераніка актыўна здымаецца ў кіно, сярод карцін з яе ўдзелам: «Шчыт Айчыны», «Пацалунак Сакрата», «Знахарка», «Самотны востраў», «Смерць шпіёнам. Лісіная нара», «Ой, ма-мач-кі!», «Яна не магла інакш», «Сляды апосталаў», «Усе скарбы свету», «Не пакідай мяне», «Любімы горад», «Прасцей простага», «Вярніся ў Сарэнта», «Усё магло быць інакш», «Маруся» і многія іншыя.

Андрэй СЕНЬКІН — У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага працуе з 2008 года. Заняты ў бягучым рэпертуары тэатра. Запатрабаваны кінаакцёр. Сярод фільмаў з яго удзелам папулярныя кінакарціны: «Жыццё ў пазыку», «Жураў», «Брэсцкая крэпасць», «Паляванне на гаўляйтара», «Талаш», «Знахарка», «Смяротны танец», «Снайпер-2. Тунгус», «З любімымі не растаюцца», «Не пакідай мяне», «Разарваныя ніткі», «Сляпы разлік», «Сыходзячая натура», «Чорная павуціна», «Па лепшае жыццё», «Падсадная качка», «Колер саспелай вішні» і шэраг іншых.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Веранікі Пляшкевіч

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.