Вы тут

Чаго чакаць бацькам, калі іх дзіця злавілі на крадзяжы


«Маё дзіця дамоў прывяла міліцыя...» — голас знаёмай дрыжаў. Яна была напалохана, разгублена, ёй было сорамна. Рэч у тым, што яе сын паспрабаваў вынесці з крамы цукеркі. Сям'я лічыцца матэрыяльна забяспечанай, і ўчынак хлопчыка быў нікому не зразумелы. Але, на думку начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх УУС адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Івана Кацэбы, такая сітуацыя не адзінкавая.

— Рэч у тым, што малыя не заўсёды ўсведамляюць прычыны сваіх дзеянняў, — кажа інспектар. — На крадзяжах пападаюцца дзеці з розных сем'яў. Таму кожнае такое здарэнне з іх удзелам мы разглядаем вельмі ўважліва і індывідуальна. І канешне, бацькам лепш ведаць, чаго чакаць пасля таго, як іх нашчадка затрымалі.


Фота Таццяны Ткачовай.

Калі няма і чатырнаццаці...

Калі малое, што называецца, злавілі за руку, то супрацоўнікі крамы растлумачаць дзіцяці, што гэта крадзеж, і таму яны вымушаны разам з дзіцем пачакаць міліцыю і бацькоў. Дарэчы, ахова адразу павінна паведаміць супрацоўнікам міліцыі аб здарэнні з непаўналетнім. Потым работнік крамы можа прапанаваць малому прайсці ў службовае памяшканне, каб не перашкаджаць пакупнікам, а калі дзіця не згодна, то застацца з ім у гандлёвай зале. Інспектар па справах непаўналетніх выязджае на месца здарэння адразу і звязваецца з законнымі прадстаўнікамі дзіцяці, тлумачыць, дзе яны змогуць забраць малое. Звычайна гэта інспекцыя па справах непаўналетніх ці найбліжэйшае аддзяленне міліцыі.

Калі бацькі не могуць адразу прыехаць па малое, напрыклад, таму што знаходзяцца ў камандзіроўцы, то інспектар шукае іншых родных, якія змогуць забраць дзіця. Але яно абавязкова павінна ведаць дарослага, які прыедзе, — гэта могуць быць бабуля, дзядуля ці іншыя блізкія. Бывае, што родныя не могуць прыйсці за малым, і тады міліцыянер суправаджае дзіця дадому, бо яно знаходзіцца ў стане стрэсу і ў такіх выпадках яго нельга пакідаць і адпускаць аднаго.

— Да 14 гадоў адказнасць за дзіця нясуць бацькі, таму малое не будзе з'яўляцца суб'ектам правапарушэння, — тлумачыць Іван Кацэба. — Адказнасць за адміністрацыйныя правапарушэнні надыходзіць з 16 гадоў, але за некаторыя, у тым ліку і за крадзеж, — з 14. Малое да гэтага ўзросту разглядаецца больш як сведка здарэння. Адказвае ж у такой сітуацыі дарослы — але не за дробны крадзеж, а за ўхіленне ад выхавання дзіцяці. Мы вывучаем стан сям'і. І калі па месцы жыхарства яна характарызуецца станоўча, дзіця вучыцца нармальна, з боку педагогаў няма нараканняў, а такая правіна адзінкавая, то тут няма прычынна-выніковай сувязі паміж выхаваннем і ўчынкам малога. Тады пратакол на бацькоў увогуле не складаецца. Мы, канешне, працуем з такімі дзецьмі, размаўляем, паказваем адмысловыя відэаролікі, але ўсё гэта толькі з дазволу бацькоў.

Калі ўсё ж віна дарослых відавочная, то іх папярэджваюць ці штрафуюць на 10 базавых велічынь. Калі дзіця пападаецца яшчэ раз, то штраф можа дасягнуць 20 базавых велічынь.

Я коцікаў люблю...

З 14 гадоў падлетак нясе адказнасць за крадзеж і з'яўляецца суб'ектам правапарушэння. Пры паступленні паведамлення з гандлёвага пункта аб крадзяжы тавару чатырнаццацігадовым (і старэйшым) інспектар прыязджае на месца, прымае заяву ад кіраўніцтва крамы і забірае вінаватага ў аддзяленне разбірацца.

— Мы падлетка ўжо апытваем як асобу, у дачыненні да якой будзе весціся адміністрацыйны працэс, — кажа інспектар ІСН. — Але ўсё роўна адразу паведамляем пра здарэнне бацькам. Мы размаўляем з дзіцем у прысутнасці педагогаў, пры жаданні можам дачакацца і бацькоў. Але затрымліваць падлетка больш чым на тры гадзіны мы не можам. Хоць на самай справе гэта і не затрыманне — мы проста праводзім разбор заявы, якая да нас паступіла.

Для бацькоў наступстваў у такіх выпадках не будзе, але матэрыялы накіруюць у камісію па справах непаўналетніх. Гэта калегіяльны орган, дзе ўдзельнічаюць усе зацікаўленыя — прадстаўнікі адміністрацыі раёна, урачы, псіхолагі, педагогі, інспектар ІСН. Спецыялісты вырашаюць, як дапамагчы падлетку, каб выключыць у далейшым падобныя правапарушэнні. На працягу года з ім будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Калі, напрыклад, дзіця не занятае, то інспектары і педагогі шукаюць цікавы яму гурток. Яшчэ працягам гэтага года інспектар будзе наведваць падлетка ў школе і дома, а таксама весці работу з бацькамі. Інспектары стараюцца чым-небудзь зацікавіць дзіця, возяць на экскурсіі, у аквапаркі, гуляюць з падлеткамі ў футбол і падчас такіх нефармальных сустрэч проста размаўляюць.

— Ёсць розныя прычыны такіх правапарушэнняў сярод дзяцей, — расказвае Іван Кацэба. — Бывае, падлеткі крадуць, калі ідуць у заклад: маўляў, а я змагу. Ім і цукерка тая не патрэбна, абы паспрачацца. Бывае, канешне, трапляюць дзеці з сем'яў, у якіх дома проста не хапае элементарных рэчаў. Ну даўно не ела дзіця шакаладкі, не вытрымлівае і крадзе. Бываюць і іншыя абставіны... У нас на камісіі разглядалі дзяўчынку, якая крала кашачы корм. Ну што тут зробіш? Стаіць пятнаццацігадовае дзяўчо, плача горкімі слязамі, маўляў, катоў шкада. Рэч у тым, што яна падкормлівала іх пасля школы, дык яны яе ўжо чакалі пасля заняткаў. У той дзень у яе не было з сабой нічога. А жывёлы лашчацца і ідуць за ёй. Не вытрымала, зайшла ў краму і... папалася. Потым я яе на выстаўку катоў вадзіў падчас індывідуальнай прафілактычнай работы.

vk.com

Невыпадковыя і выпадковыя

Калі дзіця паўторна пападаецца на крадзяжы ці любым іншым правапарушэнні ў перыяд індывідуальнай прафілактычнай работы, то пасля трэцяга разу яно ўжо атрымае афіцыйнае папярэджанне аб наступным (пасля чарговага парушэння) накіраванні ў спецыяльную ўстанову закрытага тыпу, а гэта можа быць школа ці ПТВ. Там «праблемныя» дзеці жывуць па рэжыме і сустракаюцца з бацькамі з пэўнай перыядычнасцю.

— Гэта не значыць, што ў такога падлетка будзе нейкае «кляймо», — кажа Іван Аляксандравіч. — Там дзеці атрымаюць атэстат і змогуць паступаць куды захочуць. Усё залежыць ад іх жадання. Дарэчы, малыя могуць трапіць у такую школу з 11 гадоў. А індывідуальная прафілактычная работа праводзіцца з імі ўжо з 10 гадоў.

Але міліцыя працуе не толькі з дзецьмі. Інспекцыя па справах непаўналетніх ладзіць спецыяльныя інструктажы для супрацоўнікаў гандлю, каб яны ведалі, як трэба сябе паводзіць у сітуацыі з крадзяжамі.

— Нядаўна разглядалі справу хлопчыка васьмі гадоў, які ў краме ўзяў цукерку і забыў яе ў кішэні, — патлумачыў інспектар. — На самай справе ён не думаў пра крадзеж, проста мама недагледзела, пакуль займалася пакупкамі. Сёння амаль усюды ёсць камеры, і самі ахоўнікі могуць убачыць, што перад імі не злодзеі. Але бацькі ў такіх выпадках таксама павінны ведаць, што яны абавязаны пакрыць прычыненую іх дзіцем шкоду. Дарэчы, калі цэласнасць упакоўкі не парушаная, то тавар можа вярнуцца на паліцы крамы для далейшай рэалізацыі. Калі ж бацькі адмаўляюцца плаціць, то адміністрацыя гандлёвага цэнтра можа прымусіць зрабіць гэта праз суд.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Злоўлены — злодзей?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».