Вы тут

Барысаўскі мецэнат вяртае роднаму гораду славу культурна-гістарычнага цэнтра


Паміж імі 150 гадоў, агульная малая радзіма — Барысаў і любоў да гісторыі. Першы — Іван Каладзееў, стацкі саветнік і камергер, саўладальнік запалкавай і папяровай фабрык, мільянер, які сабраў унікальную калекцыю рарытэтаў па гісторыі Айчыннай вайны 1812 года і яшчэ ў 1901-м за свае грошы паставіў героям вайны першыя памятныя знакі каля вёскі Студзёнка, садзейнічаў стварэнню музея на чыгуначнай станцыі Барадзіно. Другі — Уладзімір Слесараў, былы воін-інтэрнацыяналіст і сучасны прадпрымальнік, а таксама мецэнат, які ўзняў з нябыту сядзібу Каладзеева і зрабіў яе культурна-гістарычным аб'ектам. Сюды часта наведваюцца не толькі беларусы, але і турысты з Расіі, Францыі, Ізраіля, Германіі, ЗША і іншых краін — штогод прыязджае каля шасці тысяч чалавек.


Уладзімір Слесараў у рабочым кабінеце калекцыянера —  у ім сабрана квінтэсенцыя таго, чым займаўся гаспадар сядзібы.

Уладзімір Слесараў дакладна ведае адказ на пытанне, для чаго яму ўсё гэта і чаму наогул ветэран Афганістана займаецца справамі даўно мінулых дзён. Прычыны, калі хочаце, ідэалагічнага кшталту. Перадусім гэтае жаданне не страціць гістарычную памяць, навесці масты паміж пакаленнямі.

— У мяне аднойчы чалавек пры высокай пасадзе спытаў: маўляў, навошта нам адраджаць памяць пра вайну 1812 года, беларусы ад яе толькі пацярпелі. А хіба хтосьці іншы быў ад яе шчаслівы? Можа, Масква, якая не запрашала да сябе французаў — гэта быў адкрыты акт агрэсіі з боку Напалеона? Альбо тыя рускія салдаты, якіх ніхто не спытаў, ці хочуць яны ў холад і голад ісці ў паўночна-заходні край імперыі, у беларускія балоты, каб выгнаць адсюль непрыяцеля? А мо шараговыя французскія салдаты, якія ваявалі і гінулі па загадзе, за чужыя планы і памкненні?.. З іншага боку, беларусы ў складзе тагачаснай Расійскай імперыі сталі пераможцамі ў вайне 1812 года, і нельга на гэта забывацца. Дык вось, каб такіх пытанняў і домыслаў, у тым ліку вакол нашай агульнай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, не ўзнікала — ні ў Беларусі, ні ў Расіі, ні ў Германіі, ні ў Францыі, — у гэтым кірунку, на маю думку, неабходна працаваць. Чым я і планую заняцца, пагадзіўшыся на пасаду кіраўніка прадстаўніцтва Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства (такія прадстаўніцтвы, дарэчы, дзейнічаюць у 80 краінах свету). Што канкрэтна мы будзем рабіць? Не перапісваць гісторыю, але аб'ектыўна гаварыць пра яе і маленькімі крокамі аднаўляць той разрыў пакаленняў, які ўзнік. Бо пакаленні, якія змагаліся і перамагалі, мы ўжо не вернем. А чакаць новай вайны, каб яно сфарміравалася, — што называецца, крый божа. Значыць, трэба знаходзіць у моры інфармацыі той пазітыўны вопыт, які быў, і фарміраваць у моладзі аб'ектыўнае светаўспрыманне, якое не змогуць пахіснуць сучасныя маніпулятары рознага кшталту.

На фота: 13-ы бюлетэнь напалеонаўскай арміі ад 14 жніўня 1812-га "Па дарозе з Кобрына ў Дзівін" у 2014 годзе падарылі беларусам сакратар франка-беларускага дзелавога клуба Івон Вожэль і французскі калекцыянер, скульптар Жак Перо. Побач яшчэ адзін цікавы экспанат — абвестка муніцыпалітэта горада Сент-Амера: "Асобам прызыўнога ўзросту з'явіцца да кіраўніка ваеннага дэпартамента, у выпадку няяўкі яны будуць праследавацца як дэзерціры".

Напоўніць форму зместам

Іван Хрысанфавіч Каладзееў.

Мецэнат прызнаецца: канструкцыя сядзібы Івана Каладзеева, тады яшчэ проста недагледжанага дома № 8 па вуліцы 30 гадоў ВЛКСМ у Барысаве, пачалася зусім не як справа гонару і аднаўлення гістарычнай справядлівасці, а як камерцыйны праект — Указ № 108 2007 года дазваляў набываць усяго за адну базавую велічыню ці нават бязвыплатна атрымліваць пад канкрэтныя інвестыцыйныя праекты дзяржмаёмасць, якая не выкарыстоўвалася. «Калі ўпершыню мы зайшлі ў гэты будынак, я так і меркаваў: адрамантаваны дом можна будзе прадаць або залажыць, перабудаваць, нарэшце, жыць тут, — згадвае прадпрымальнік. — Кіраўніцтва горада папрасіла нас, каб да 200-годдзя вайны 1812 года сядзібу можна было камусьці паказаць. Але, увязваючыся тады ў справу, я не ўяўляў аб'ём работы — больш за тое, нават маштаб асобы Івана Хрысанфавіча Каладзеева не ўяўляў. Гэты маштаб вызначаюць справы — ну не можа дробны, нікчэмны чалавек збудаваць храм, якім усе захапляюцца! Вось і для мяне маштаб Каладзеева як чалавека, калекцыя якога па напалеоніцы стала самай вялікай у Еўропе, раскрываўся паступова, спачатку ж я проста выконваў пастаўленую задачу — паспець да 2012 года рэканструяваць сядзібу. Удакладню: гаворка не ішла аб рэстаўрацыі з захаваннем гістарычнай дакладнасці, проста аднаўленне сядзібы ў стылі той эпохі. Бо смешна ж: у Барысаве даўно існуе бібліятэка, якая носіць імя Каладзеева, мы напаўняем форму зместам, а дом, у якім жыў выдатны чалавек, стаіць нікому не патрэбны!»

Сядзіба за свой век бачыла нямала: пасля смерці Івана Каладзеева ў 1914 годзе яго ўдава пераехала ў Еўропу, а ў будынку, які доўга стаяў закінуты, у савецкі час працавалі Дом дзіцяці, скурна-венералагічны дыспансер. І тым не менш пад слаямі старых шпалер і тынкоўкі падчас рэканструкцыі знайшлі абсалютна цэлы зруб, дзе-нідзе захаваліся арыгінальныя вокны і нават вонкавая разьба пад дахам. Выгляд з вуліцы з дапамогай мясцовых майстроў аднавілі паводле старых здымкаў і паштовак, што да ўнутранага аздаблення пакояў — паколькі сведчанняў пра тое, як яны выглядалі, не засталося, вырашылі не адмаўляцца ад сучасных тэхналогій, але пастарацца перадаць дух эпохі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гасцей на ўваходзе сустракае партрэтная галерэя былых гаспадароў, вешалка з капелюшамі і гадзіннік з зязюляй, а зазірнуўшы ў пакоі, няцяжка паверыць, быццам стацкі саветнік толькі што выйшаў з рабочага кабінета — можа, у гасцёўню, адкуль даносяцца гукі піяніна, — а яго сябры праз імгненне працягнуць партыю ў шахматы. Акрамя таго, тут працуе пастаянная галерэя барысаўскіх мастакоў і экспазіцыя «Яўрэі Барысаўшчыны».

— Папаўняючы свой «Нова-барысаўскі збор кніг, рукапісаў, гравюр, планаў і картаў», Іван Каладзееў аб'ездзіў усе аўкцыёны Еўропы і быў гатовы заплаціць любыя грошы за патрэбны дакумент. Наколькі складаны працэс — вяртанне хоць часткі гэтага збору?

— Кіраўніком праекта аднаўлення сядзібы была Наталля Іванаўна Касперская, якая глыбока вывучала пытанне. Вялікую дапамогу аказалі Цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Каладзеева, аб'яднаны раённы музей, якія ўжо шмат гадоў мэтанакіравана і метадычна збіраюць усю інфармацыю, уніфармісты і іншыя ўдзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі, мясцовыя гісторыкі — можаце назваць усіх, не памыліцеся, бо раўнадушны ніхто не застаўся. Не бяру на сябе лішнія заслугі: я проста ўзяў і аднавіў дом, але другое жыццё яму далі ўсе гэтыя людзі, якія і сёння працягваюць навуковыя даследаванні. Далей мы пайшлі ўжо асобным шляхам, бо сядзіба — не музей, не навуковая ўстанова, а спосаб расказаць і паказаць, чым было напоўнена жыццё славутага калекцыянера. Мы працуем, так скажам, на ўзор «ленініяны». Адна справа — проста расказаць, што ў Барысаве бывалі дзядзькі цара Мікалая, і зусім іншая — удакладніць: акурат на гэтым ганку яны стаялі, у гэтай альтанцы пілі чай, тут быў рабочы кабінет Каладзеева, тут прайшло яго жыццё.

Вялікае бачыцца здалёк

Уявіце сабе: Барысаў ХІХ стагоддзя — невялікае яўрэйскае мястэчка, і раптам тут, у глыбокай правінцыі, знаходзіцца чалавек, які адкрыў першыя помнікі рускім воінам на месцы пераправы каля вёскі Студзёнка, які сабраў унікальную калекцыю — звыш 15 тысяч кніг, брашур, альбомаў пра напалеонаўскія паходы на рускай, французскай, нямецкай, італьянскай мовах, каля 3200 прадметаў і мастацкіх твораў, звязаных з падзеямі 1812 года, — партрэтаў удзельнікаў бітваў, карт і планаў, рукапісаў, мундзіраў, зброі і г. д. Каладзееў перапісваўся з найбуйнейшымі бібліятэкамі і навуковымі часопісамі свету, з прыватнымі калекцыянерамі, сюды ішла каласальная колькасць карэспандэнцыі, сваімі пошукамі і збіральніцтвам Іван Хрысанфавіч зрабіў маленькі гарадок вядомым на ўвесь свет.

Частка яго калекцыі была падорана будучаму музею вайны 1812 года, яшчэ частка — «растварылася» ў гістарычнай і іншых публічных бібліятэках, магчыма, некалькі тысяч кніг захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

— Пра яго гавораць рознае: маўляў, быў карцёжнік і не проста так рана памёр, але, паўтаруся, уяўленне пра маштаб асобы даюць справы. Дзякуючы таму што мы ўвайшлі ў Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства, мы атрымалі допуск у архівы і музеі і цяпер можам вывучаць захаваныя часткі калекцыі Каладзеева ў Маскве, — дзеліцца радасцю Уладзімір Слесараў. — Сёння ўсе шукаюць на сваёй зямлі славутых людзей, якія так ці інакш сфарміравалі гісторыю, — а ў Беларусі гэтыя людзі доўгі час знаходзіліся ў забыцці, ёсць магчымасць аднавіць і ўшанаваць памяць пра іх. А колькі яшчэ такіх незаслужана забытых людзей — у Барысаве, у Мінску, у іншых нашых гарадах і мястэчках! Давайце паглядзім, пашукаем. Я, напрыклад, раней не ведаў, што з барысаўскіх яўрэяў выйшла 19 дактароў навук, што імем барысаўчаніна названыя астравы, што сярод маіх землякоў такая вялікая колькасць вядомых творцаў. Магчыма, наступны мой крок будзе — сабраць калекцыю ўсіх сусветна вядомых барысаўскіх мастакоў: работы 32 (з 58) у галерэі ўжо ёсць...

Ёсць «яўрэйская зала» (узнікла цалкам выпадкова, проста не хапала матэрыялу для экспазіцыі, і мы звярнуліся па дапамогу да яўрэйскай абшчыны), і я бачу, як яны ставяцца да сваёй гісторыі: глядзяць на тое, што ў нас ёсць, і звяраюць са сваімі звесткамі, а потым са старшынёй мясцовай яўрэйскай абшчыны ўдакладняюць па канкрэтных адрасах — хто дзе жыў, чым займаўся і г. д. З Аўстраліі, з Нарвегіі, з ЗША — напэўна, з усяго свету сюды едуць спадчыннікі мясцовых ураджэнцаў і настолькі жыва цікавяцца сваёй гісторыяй, што гэта выклікае павагу і захапленне, жаданне вучыцца. Бо, аказваецца, памяць і гісторыя цалкам матэрыяльныя і вельмі істотна ўплываюць на цяперашні і будучы час.

Кніга рэцэптаў, якой карыстаўся ў перыяд службы ў сядзібе кухар М.Ф. Шэлег у 1905—1916 гадах — яе падарыла ўнучка Міхаіла Фаміча.

Шлях мецэната

— Ці ёсць сярод сабраных экспанатаў асаблівыя для вас прадметы гонару?

— Так, напрыклад, памятная скрынка з-пад цукерак, якую Наталля Іванаўна цалкам выпадкова купіла ў Анапе. Французскія калекцыянеры падарылі сядзібе шпагу, якая належала барабаншчыку, і бюлетэнь напалеонаўскіх уладаў, які апісваў падзеі пад Кобрынам — ці помніце такі выраз: «Хлусіць як бюлетэнь»? У нашым выпадку каштоўны нават не сам падарунак, а тое, як ён быў зроблены, бо калекцыянер сказаў: «Я думаю, што гэта рэч павінна знаходзіцца ў Беларусі».

Бляшаную скрынку для цукерак, выпушчаную ў 1912 годзе ў адмысловай гістарычнай серыі, Наталля Касперская набыла амаль выпадкова праз 100 гадоў — прычым у антыкварнай краме ў Анапе!

Хутка, 30 кастрычніка, споўніцца 160 гадоў з дня нараджэння Івана Каладзеева. Адзначыць гэту дату ў Барысаве збіраюцца без помпы, але з удзелам усіх зацікаўленых: тут пройдуць міжнародны фестываль «Бярэзіна-1812», літаратурныя гасцёўні, каладзееўскія чытанні, рэканструктарская выстаўка адзення, прэзентацыі кніг. А ў пачатку лістапада адбудуцца навукова-практычная канферэнцыя і адкрыццё прадстаўніцтва Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства ў Беларусі, куды запросяць прадстаўнікоў райвыканкама, гісторыкаў, краязнаўцаў, спецыялістаў бібліятэкі і музея, уніфармістаў, замежных гасцей.

З Мінска, Полацка, Гомеля, Віцебска, Брэста прыязджаюць людзі і здзіўляюцца: «Якія вы малайцы, што ўсё аднавілі, гэта ж неверагодна цікава!» Насамрэч, я не так высока ацэньваю тое, што зроблена, бо бачу гэта ўжо інакш і адчуваю пастаянную незадаволенасць ад таго, што яшчэ не зроблена: трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю, пасадзіць парк, пабудаваць капліцу. Мне цяжка расказваць — хадзіць і махаць рукамі, што яшчэ будзе, лепш зраблю — тады прыязджайце і самі ўсё ўбачыце. Прытым, каб вы ўяўлялі, гэты праект — дарагое задавальненне, за сядзібу мы плацім як юрыдычная асоба «па поўнай праграме» і падаткі на зямлю, на нерухомасць, і тарыфы на газ, электрычнасць... У існуючай заканадаўчай практыцы мецэнацтва будучыні не мае, бо павінна скласціся традыцыя. Вось Каладзееў быў мецэнат: сабраў сваю калекцыю і падарыў дзяржаве, хоць каштавала яна каласальных грошай — узяць адну толькі карту, па якой Напалеон ішоў да Масквы і назад, 100 лістоў за подпісам Банапарта! У савецкі час інстытут мецэнацтва быў страчаны, а сёння толькі пачынае аднаўляцца, і вельмі хацелася б, каб дзяржава ў пэўным сэнсе пайшла насустрач — нават не з пункту гледжання матэрыяльнага, а заканатворчага, каб было дакладнае разуменне далейшага шляху і механізмы ўзаемадзеяння.

— Паралельна з бізнесам вы займаецеся аднаўленнем дома-сядзібы Івана Каладзеева ўжо больш за дзесяць гадоў. Ці можна сказаць, што гэта справа жыцця?

— Не зусім так. Калі табе ўжо шмат гадоў, не хочацца знікаць у гэтым свеце бясследна. І вось калі пачынаеш мысліць гэтымі катэгорыямі, то на ўсё знаходзяцца час і сродкі —  каб заплаціць за газ, каб пасадзіць дрэвы... Паўстае толькі адно самае важнае пытанне: што далей, як гэта захаваць? Я ўсё зраблю, уладкую ў доме і навокал, аднак дзеці мае наўрад ці працягнуць гэту справу. Тады — як? Каму перадаць, хто будзе адказваць? Механізму пакуль няма...

Фотакопія літаграфіі невядомага мастака пачатку ХІХ стагоддзя "Нападзенне казакаў на французскі абоз з параненымі". Арыгінал з калекцыі І. Каладзеева захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.

Здаецца, крышка інструмента апусцілася зусім ненадоўга. Зрэшты, так яно і ёсць — у сядзібе часта праводзяць літаратурна-музычныя вечары і ампірныя балы.

Неацэнную дапамогу ў фарміраванні экспазіцыі аказалі барысаўскія ўніфармісты.

Фотакопія паштовак з калекцыі Э. К. Майданюка — эпізоды панарамы Бярэзіны.

А вось такімі ўяўляюць падзеі Айчыннай вайны 1812 года нашы сучаснікі: для фондаў сядзібы набылі 30 карцін вучняў Барысаўскай дзіцячай мастацкай школы.

Экскурс у гісторыю немагчымы без невялікай, але дакладнай і ёмістай даведкі пра падзеі Бярэзінскай аперацыі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: След на зямлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.

Грамадства

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Як захаваць сэрца i сасуды здаровымi

Адным з самых распаўсюджаных захворванняў у свеце з'яўляецца артэрыяльная гiпертэнзiя.

Грамадства

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Валанцёр праекта «Дапамога бяздомным»: Цяпло i падтрымка нават праз ежу перадаюцца

Яны кормяць гарачымi абедамi больш за сто чалавек, якiя апынулiся на абочыне жыцця.

Грамадства

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

Чаму трэба праводзiць цеплавую мадэрнiзацыю?

У распараджэннi, падпiсаным на мiнулым тыднi кiраўнiком дзяржавы, ёсць пункт, якi датычыцца капрамонту жыллёвага фонду.