Вы тут

У Смалявічах вельмі хутка разышліся ўчасткі пад прыватныя дамы


У нашай краіне налета плануецца ўзвесці каля 4 мільёнаў квадратных метраў жылля (столькі ж — сёлета), з іх каля 44 % у  індывідуальных жыллёвых дамах, паведаміла начальнік аддзела жыллёвага будаўніцтва ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Кацярына Усянкова.


Фота Ліны Малінінай.

Будуем самі да 2 мільёнаў «квадратаў» у год

Больш за тое, толькі за восем месяцаў бягучага года ўведзена каля 1 мільёна «квадратаў» індывідуальнага жылля. Найбольш актыўна гэты кірунак развіваецца ў Брэсцкай і Мінскай абласцях. Начальнік аддзела заўважае, што за апошнюю пяцігодку адзначаецца стабільна высокі ўзровень індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, калі такім чынам узводзіцца 1,75—1,8 мільёна квадратных метраў у год. Вызначанае ўрадам заданне (не менш за 40 % ад агульнай плошчы ўводу) выконваецца і нават рэгулярна перавыконваецца.

Галоўным чынам індывідуальнае жыллё будуецца ў сельскай мясцовасці — па выніках васьмі месяцаў з 4 тысяч дамоў на вёсцы ўведзена каля 2 тысяч аб'ектаў жыллёвага будаўніцтва. Кацярына Усянкова адзначыла, што ў апошні час атрымлівае развіццё індывідуальнае індустрыяльнае домабудаванне. Праекты распрацоўваюць прадпрыемствы домабудаўнічых камбінатаў, якія ёсць у кожнай вобласці.

Яны жадаюць жыць ва ўласным доме

Па падліках спецыялістаў, больш за 60 тысяч чалавек у нашай краіне стаяць у чарзе на атрыманне зямельных участкаў для будаўніцтва жылля, з іх 58 тысяч грамадзян — тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па звестках на 1 кастрычніка, у пераліку свабодных участкаў па краіне значацца землі агульнай плошчай 11 тысяч гектараў. Але гэта далёка не тое, чаго хочуць самі «чаргавікі». Нам бы «казырныя» ўчасткі паблізу ад сталіцы або абласных цэнтраў.

Кацярына Усянкова адзначыла, што кошт квадратнага метра пры ўзвядзенні прыватных дамоў атрымліваецца розны. Усё залежыць ад плошчы, ад матэрыялаў, аздаблення і ўзроўню добраўпарадкавання. Калі казаць аб праектах індустрыяльнага домабудавання, то ёсць прыклады ў Гомельскай вобласці, калі квадратны метр каштуе да 600 рублёў (гаворка ідзе пра «каробку» з вокнамі і дахам без аздаблення і добраўпарадкавання). Усё залежыць ад індывідуальных пажаданняў і ўзроўню даходу прыватнага кліента.

Спадарыня Усянкова заўважыла, што ў апошні час вялікая ўвага надаецца ўзвядзенню індывідуальнага жылля для шматдзетных сем'яў. Каля пяці тысяч іх ужо атрымалі ўчасткі асобных дамоў. Чакаецца, што сёлета ўзвядуць дамы каля тысячы такіх сем'яў.

Намеснік старшыні Камітэта архітэктуры і будаўніцтва Мінаблвыканкама, галоўны архітэктар Мінскай вобласці Вадзім Нікалаенка дадаў, што каля 30 тысяч грамадзян прэтэндуе на зямельныя ўчасткі ў сталічным рэгіёне. З іх 17 тысяч — жыхары Мінска. Акрамя таго, ён заўважыў, што ў Мінскай вобласці за 10 гадоў выдзелена больш за
30 тысяч зямельных участкаў пад аднакватэрныя і блакаваныя жылыя дамы, у тым ліку каля 24 тысяч — тым, хто знаходзіцца на ўліку. На аўкцыёнах прададзена шэсць тысяч участкаў.

Варта адзначыць, што ў сталічным рэгіёне індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва пераважае. У 2019 годзе вобласці даведзена заданне па ўводзе 1 мільёна 115 тысяч квадратных метраў жылля, з якіх 800 тысяч «квадратаў» (больш за 70 %) — аднакватэрныя і блакаваныя дамы.

Карэкціроўка развіцця Смалявіч, Рудзенска і Фаніпаля

Так, горад Мінск не гумовы. «Ёсць аб'ектыўная неабходнасць у абмежаванні жыллёвага будаўніцтва ў межах МКАД. У сувязі з тым, што атрымаць жыллё ў рэгіёне зацікаўленыя многія мінчане, аблвыканкам шукае вольныя тэрыторыі пад забудову ў гарадах-спадарожніках», — расказаў намеснік старшыні камітэта архітэктуры і будаўніцтва.

Пры гэтым ён дадаў, што ёсць выразная ўстаноўка не закранаць землі сельгаспрызначэння, развіваць існуючыя населеныя пункты. А ў Мінску, па падліках экспертаў, можна яшчэ пабудаваць не больш за 2,5 мільёна квадратных метраў жылля. Таму вырашана пакінуць пустыя ўчасткі, якія будуць выкарыстоўвацца наступнымі пакаленнямі.

У гарадах-спадарожніках Мінска зробяць акцэнт на забудове паніжанай паверхавасці. Такі падыход плануецца закласці ў абноўленыя генеральныя планы населеных пунктаў. Таксама прапануецца разам з будаўніцтвам жылля для мінчан-чаргавікоў фарміраваць участкі для выстаўлення на аўкцыёны. «Такія задачы пастаўлены перад распрацоўшчыкамі дакументацыі», — адзначыў Вадзім Нікалаенка.

Паводле слоў спецыяліста, для прылеглых да сталіцы пляцовак перспектыўным кірункам можа стаць узвядзенне комплексаў, у тым ліку па ўдасканаленні сацыяльнай, транспартнай інфраструктуры. «Гарады-спадарожнікі павінны быць прывабныя для жыцця, навошта гнацца за высокай паверхавасцю», — заўважыў ён. У прыклад спецыяліст прывёў развіццё мікрараёна Паўночны Захад у Смалявічах, дзе закладзены першы дом для мінчан. Працэс забуксаваў, тады як ўчасткі для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва разышліся «як гарачыя піражкі».

«Людзі хочуць жыць у індывідуальным жыллі, і трэба даць ім такую магчымасць, каб гарады развіваліся не толькі за кошт бюджэту, але і за кошт пазабюджэтных крыніц. Вялікая колькасць камерцыйных забудоўшчыкаў з Мінска гатовая прыйсці на аўкцыёны. Таму мы хочам пры карэкціроўцы генплана падрыхтаваць прапановы па ўчастках», — сказаў Вадзім Нікалаенка.

Тэма развіцця гарадоў-спадарожнікаў ва ўмовах скарачэння жыллёвага будаўніцтва ў межах МКАД становіцца ўсё больш актуальнай. Згодна з генпланам Мінска, колькасць жыхароў сталіцы не павінна перавысіць два мільёны чалавек. Жыллё для мінчан прапануецца будаваць у першую чаргу ў Рудзенску і Смалявічах. Чакаецца, што насельніцтва гарадскога пасёлка Рудзенск вырасце на 70 тысяч (да 81 тысячы чалавек), Дзяржынска — на 18 тысяч (да 41 тысячы), Смалявіч — на 14,5 тысячы (да 30 тысяч чалавек). Павялічыцца колькасць жыхароў таксама ў Заслаўі, Фаніпалі і Лагойску.

Фота Анатоля Клешчука.

Таўнхаусы ў Ратамцы, Бараўлянах і Хацежыне

Праекты па стварэнні такога еўрапейскага жылля рэалізуюць у Мінскай вобласці. Гэты кірунак у бліжэйшыя гады будзе актыўна развівацца. Таўнхаус — дом на некалькі кватэр без агульнага пад'езда — з асобнымі ўваходамі. Пад такую забудову сфарміраваны ўчасткі ў Ратамцы, Бараўлянах, Хацежыне ды іншых населеных пунктах. Пляцоўкі прапануюць забудоўшчыкам для наступнага продажу пабудаванага жылля грамадзянам.

Акрамя таго Салігорскі домабудаўнічы камбінат распрацаваў некалькі праектных рашэнняў (на тры і пяць пакояў — 96 і 128 квадратных метраў адпаведна) для ўзвядзення дамоў у індустрыяльным выкананні. Гэтыя дамы аптымальныя па структуры і метражы, таму яны запатрабаваныя грамадзянамі. Ужо заключана сем дагавораў. Кошт квадратнага метра складае каля адной тысячы рублёў за «каробку» без аздаблення з унутранымі інжынернымі сеткамі. Знешнія інжынерныя сеткі, агароджы, добраўпарадкаванне, гаражы — дадатковыя выдаткі. Па факце ў кожнай дамове сума вагаецца ў межах 1,2—1,3 тысячы рублёў за квадратны метр у залежнасці ад пажаданняў заказчыка.

Праекты з'яўляюцца тыпавымі. Пры неабходнасці праектнае бюро Салігорскага ДБК праводзіць іх карэкціроўку. Будаўніцтва вядзецца па Указе № 240 — з дзяржпадтрымкай і прыцягненнем ільготных крэдытаў. Аб'ём крэдытавання з'яўляецца арыенцірам у вызначэнні цаны. Таксама на суму ўплываюць віды работ, працягласць інжынерных сетак, адлегласць да аб'екта.

«Мы працуем і над новымі праектамі. У прыватнасці, зробленая перадпраектная прапрацоўка стварэння на базе салігорскіх канструкцый таўнхаусаў. Іх плануем прымяняць у перспектыўнай забудове ў Салігорску (уздоўж трасы Салігорск — Старобін)», — дадаў Вадзім Нікалаенка.

Спецыяліст падкрэсліў, што таўнхаусы для рэгіёна — цікавая тэма. Першыя такія аб'екты ўжо пабудаваныя сёлета ў Астрашыцкім Гарадку. «На мой погляд, атрымалася досыць нядрэнна. Бачым, што людзі засталіся задаволеныя жыллём. Такі падыход мае свае плюсы: на адным участку можна больш кампактна размясціць дамы, сэканоміць на даўжыні інжынерных камунікацый, за кошт заблакаваных сцен паменшыць цепластраты». У найбліжэйшы час падобныя аб'екты з'явяцца таксама ў Смалявічах — два зямельныя ўчасткі выдзелены МАПІДу. Зацікаўлены ў такім будаўніцтве і прыватныя забудоўшчыкі.

У тэму

У Беларусі 38,1 % агульнага аб'ёму ўведзенага ў студзені—верасні жылля прызначана для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў.

Арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі 29,7 тысячы новых кватэр, уведзена ў эксплуатацыю 2 мільёны 603,7 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 992 тысячы квадратных метраў. З агульнага аб'ёму ўведзенага жылля для чаргавікоў з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 689,6 тысячы «квадратаў». У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 856,2 тысячы квадратных метраў жылля, або 32,9 % агульнай колькасці па краіне.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Як гарачыя піражкі разышліся ўчасткі пад прыватныя дамы ў Смалявічах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».