Вы тут

Пра многае добрае



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Пра многае добрае

На нястомнай культурнай пляцоўцы Мінска — у музеі гісторыі беларускай літаратуры — 23 красавіка прайшла чарговая творчая сустрэча ў межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, яна ж — чарговае прысвячэнне 120-годдзю Адама Бабарэкі і чарговая адкрытая лекцыя з ліку тых, што ўсё часцей прапануюцца інтэлектуальнай грамадскасці нашай сталіцы і з вялікай ахвотай ёю прымаюцца.

Трэба дадаць, што не апошняе гэта мерапрыемства нават у межах святкавання юбілею Бабарэкі: яшчэ адна адкрытая лекцыя пройдзе 30 кастрычніка на той жа пляцоўцы. Аўтар гэтай і наступнай — Віктар Жыбуль, архівіст, даследчык, укладальнік двухтамовага Збора твораў пісьменніка і крытыка.

“Крытык на першым месцы”, — сказаў ён у самым пачатку лекцыі. А ў якасці “матэрыяльнага” доказу прадэманстраваў абодва тамы — тоўсты першы, з літаратурна-крытычнымі працамі, і добра танчэйшы другі, у які ўвайшло “усё астатняе”. Нельга не адзначыць, што лекцыю ўжо ад гэтага эпізода і далей, да самага яе завяршэння досыць часта прасякаў добры гумар. Спадарожнік усялякага па-сапраўднаму вартага дзейства, прыналежнасць кожнага прамоўцы, упэўненага ў сваёй кампетэнтнасці, ён прабіваўся і з радкоў самога Бабарэкі, якія даволі працяглымі порцыямі цытаваліся (і вельмі добра, што так), і скрозь сур’ёзны, грунтоўны, аналітычны расповед, што прымушала не толькі ўсміхацца, але і смяяцца, пры гэтым ні на градус не зніжаючы вартасці лекцыі, а толькі робячы яе яшчэ больш жывой — хоць і без таго яна не была б сумнай.

Факты з жыцця, эпізоды ранняй і спелай творчасці — апавяданняў, вершаў, артыкулаў, канстатацыі наватарства ў крытыцы і параўнанне Бабарэкі з Бялінскім на фоне нашых 1920-х з іх рухам беларусізацыі, згадкі пра спалучэнне ў тэкстах філасофіі і літаратуразнаўства, прозы і філасофіі, “нават прозы і літаратуразнаўства” (“Адзін з тэкстаў-разваг пра Язэпа Пушчу пабудаваны ў Бабарэкі як казка, у алегорыях”), пра тое, як у творчасці Бабарэкі адбілася “імкненне літаратараў яго часу стылізаваць адзін літаратурны жанр пад іншы” (“асабліва жанр паслання, калі празаічны або вершаваны твор пісаўся як ліст да кагосьці”), пра самаіронію ў сачыненнях Бабарэкі-крытыка (праяўленую часам таксама праз стылізацыю, якой зачытваўся лектар і заслухвалася аудыторыя), меркаванні накот таго і гэтага, дэманстрацыя “рукі” Бабарэкі ў нататніках і рукапісе “Супраць ветру”, прагляд фотаздымкаў сяброў і паплечнікаў Бабарэкі (“і адначасова герояў яго літаратурна-крытычных прац”) з падрабязнымі тлумачэннямі, хто зняты, калі і пры якіх акалічнасцях і чаму, напрыклад, Тодар Кляшторны ўвесь час выглядае незадаволеным (“успаміналі, што ён ніколі не ўсміхаўся, глядзеў кудысьці скрозь усіх”), а Максім Лужанін на кожным здымку як Маякоўскі (“а ён пэўны час імкнуўся быць падобным да Маякоўскага, і ў творчасці, і вонкава, і не толькі стрыжку такую рабіў, але і ў кадр стараўся трапіць у ракурсе, падобным на той, што на здымку Маякоўскага працы Родчанкі”)…

Да жывасці і дасціпнасці, якімі чытач гэтай зацемкі, не прысутны на лекцыі, ужо, трэба думаць, паспеў натхніцца, каб старацца трапіць хаця б на наступную, варта далучыць яшчэ і такую ўхвальную для лекцый акалічнасць як інфармацыйная лабільнасць — калі аўдыторыя можа запраста на змест наступных лекцый уплываць сваімі пытаннямі і пажаданнямі. Іншымі словамі, застаецца толькі падзякаваць Віктару Жыбулю і працягваць сачыць за раскладам мерапрыемстваў праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” ды кожны раз планаваць наведаць іх у музеі гісторыі беларускай літаратуры.

P.S. Дарэчы, на гэтыя мерапрыемствы студэнцкая моладзь прыходзіць амаль заўсёды, што сведчыць пра многае тое добрае, што чакае літаратурны працэс і ўсіх нас.

Святлана ВОЦІНАВА, “Маладосць”

Фота Элы ДЗВІНСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».