Вы тут

Святло зоркі, вернутае праз стагоддзе



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Святло зоркі, вернутае праз стагоддзе

17 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася лекцыя Ганны Севярынец “Крытык і сусвет. Адам Бабарэка, літаратура і літаратары”, адна з чатырох запланаваных да 120-годдзя таленавітага літаратуразнаўцы.

Педагог, пісьменніца, даследчыца Ганна Севярынец з вялікай цеплынёй знаёміла прысутных з яскравай зоркай беларускай літаратурнай крытыкі, шчодра цытавала вытрымкі з яго артыкулаў, надрукаваных пры жыцці і тых, што не аддаў на старонкі прэсы, бо не толькі вельмі ўважліва ставіўся да слова як прадмета аналізу, але і разумеў яго ўплыў на чалавечыя лёсы.

Сустрэча прайшла ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, арганізаванага Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і Выдавецкім домам “Звязда” да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.

Спадарыня Ганна кажа пра сябе, што яна “чытач тэкстаў”, у адрозненне ад Віктара Жыбуля і Ганны Запартыка, чыімі намаганнямі расчытаны і вернуты беларускай культуры кожны радок геніяльнага крытыка, таму неаднаразова падкрэслівала, што ў яе “свой Адам Бабарэка”, якому студэнты далі мянушку Геракліт Цьмяны, бо “не казаў ні проста, ні хутка”.

Асэнсоўваючы значэнне гэтай асобы, выступоўца не магла не закрануць пытанне, якую ролю ўвогуле належыць выконваць літаратурнай крытыцы: ацэньваць ці не, прыгадала і афарызм, што ў крытыкі ідуць тыя, хто не здолеў рэалізавацца як пісьменнік ці хоча некаму адпомсціць. Ганна Канстанцінаўна пераканана: задача крытыкі – своеасаблівы погляд на свет праз прызму літаратуры, фармуляванне сусвету словам, уменне адшуваць і бачыць заканамернасці, “таму найперш крытыка – навука, у адрозненне ад паэзіі і прозы, сутнасць якіх – адчуванне, а крытыкі – разуменне”.

А. Бабарэка Ганны Севярынец – “крытык не для ўсіх. Каб удыхаць яго паветра, мы павінны павялічваць памер лёгкіх”. Сучаснікі пакінулі ўспаміны, што гаварыў нягучна. Лужанін – з прыхаванай павагай: “Ён мне нагадваў распятага Хрыста”.

Лекцыю суправаджаў паказ слайдаў з краявідамі родных мясцін крытыка – Капыльшчыны, яго сямейныя фотаздымкі, фота з паплечнікамі. “Маладняк”, “Узвышша”… Калі ў першую суполку прымалі “ўсіх, хто рыфмуе два радкі”, у другой былі тыя, з якімі А. Бабарэку паспрыяла “разгарнуцца думкай максімальна грунтоўна”.

Ён выбіраў аб’ектам аналізу тых, чыя творчасць мела адпаведную глыбіню, хто не толькі “ішоў побач, але і пасля – у часе”: Максім Багдановіч, Кузьма Чорны, Янка Купала, Уладзімір Дубоўка, пра якога Рыгор Барадулін казаў “халаднаваты, з балцкім водсветам”.

Сяброўства А. Бабарэкі і У. Дубоўкі Ганна Севярынец ахарактарызавала як “асвечанае роўнасцю талентаў”. Чаго варты памянёны ёю выпадак: у турме аднойчы цудам трапілі ў адну камеру, разлічаную на 10 чалавек, а забітую пяццюдзесяццю, у якой Бабарэка, калі даведаўся, чым у зняволенні займаўся сябар, перапісаў яго пераклад “Шыльёнскага вязня” Байрана, і менавіта гэтаму спісу наканавана было ацалець у ліхалецці.

Аб’ектам яго ўвагі была творчасць Я. Пушчы, П. Труса, А. Вольнага, М. Зарэцкага, А. Дудара. Менавіта на матэрыялах апошняга А. Бабарэка паказаў саркастычны аспект свайго таленту. Галоўнай заганай для А. Бабарэкі была павярхоўнасць, на яго думку, “мастацтва павінна развівацца ўглыб і ўшыр, а не ў плакат ці слова прамоўцы”.

Філосаф, сацыёлаг, які праз літаратуру спасцігаў сусвет, чыя спадчына “расчытана з урывачкаў”, будаваў сваё жыццё па прынцыпах уласнай творчасці – і промні гэтай зоркі працягваюць асвятляць шлях беларускай культуры праз стагоддзе.

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Крыніца:https://www.nlb.by/by/news/a-tarski-poglyad/svyatlo-zorki-vernutae-praz-stagoddze/

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».