Вы тут

Дэпутат райсавета арганізавала танцавальны гурток


Дэпутат Брэсцкага раённага Савета па Мухавецкай выбарчай акрузе Ірына ПРАКАПОВІЧ працуе начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Брэсцкага РАУС. Дэпутатам яна стала толькі ў гэтым скліканні, але ў акрузе добра ведаюць свайго выбранніка. Ірына Віктараўна там ужо свой чалавек.


Мухавец — немалы прыгарадны пасёлак, яго насельніцтва разам з навакольнымі вёскамі складае больш за чатыры тысячы чалавек. Нямала былых гараджан пражывае ў дачных дамах, дзе цяпер дазволеная часовая рэгістрацыя. Такая вось спецыфіка акругі, з якой Ірына Пракаповіч пачала знаёміцца яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі. А ў якасці дэпутата яна наведвае ўсе пасяджэнні камісій пры выканкаме, сельскія сходы, святочныя і іншыя мерапрыемствы, ды і проста гутарыць з людзьмі. Пасля адной з такіх гутарак з жаночай грамадскасцю нарадзілася ідэя адкрыць гурток па танцах.

Напярэдадні дэпутат як супрацоўнік органаў унутраных спраў прааналізавала сітуацыю з падлеткавымі правапарушэннямі, сваімі думкамі падзялілася на адным з сельскіх сходаў. Разам сталі раіцца, як найбольш захапіць падлеткаў карыснымі заняткамі. Мама аднаго школьніка сказала, што добра было б мець харэаграфічны гурток або студыю танцаў. Яе падтрымалі іншыя бацькі — пры наведванні такога гуртка дзіця атрымлівае і фізічнае, і эстэтычнае выхаванне. Так і вырашылі. Патрэбнае памяшканне аказалася ў Доме культуры.

Дэпутат знайшла ў абласным цэнтры выкладчыка танцаў. Ён ездзіць у Мухавец з горада тры разы на тыдзень і праводзіць заняткі. Ужо 90 дзяцей і падлеткаў наведваюць гэтыя ўрокі. Нават на рэспубліканскім конкурсе сёлета паказалі вельмі добрыя вынікі. І гэта ўсяго за год!

— Галоўнае, што ім цікава, яны чакаюць гэтых заняткаў, — кажа Ірына Віктараўна. — Аднойчы давялося прысутнічаць на справаздачным канцэрце па выніках вучэбнага года. Назірала, як дзеці з задавальненнем пераадзяваюцца ў касцюмы, як рэпеціруюць. Відаць, што педагог прыйшоўся ім даспадобы, таму ўсё атрымліваецца. Бацькі надзвычай задаволеныя заняткамі дзяцей.

«Разам з бацькамі, настаўнікамі мясцовай школы мы раіліся, як далей развіваць выхаваўчы працэс у нашай вялікай вёсцы, і прыйшлі да высновы, што трэба адкрыць профільны міліцэйскі клас, — працягвае дэпутат. — Сказана — зроблена. З першага верасня вучні пятага класа пайшлі ў профільны клас на конкурснай аснове, бо з трох паралеляў было надта многа ахвотных. Давялося ўлічваць сярэдні бал і іншыя характарыстыкі. Праграма для навучання тут такая ж, як у іншых профільных класах. Але ж стымул вучыцца лепш з'явіўся».

Да таго ж вучням названага класа дэпутат арганізоўвае розныя сустрэчы, экскурсіі. Нядаўна яны наведалі музей абласнога УУС. У раёне гэта першы падобны клас, яго вопыт будуць вывучаць настаўнікі іншых школ.

На рахунак дэпутата Пракаповіч можна запісваць таксама прыпыначны павільён у напрамку Камяніцы Жыравецкай, які нядаўна з'явіўся. У яе акрузе шмат дачных пасёлкаў, і па дарозе да Мухаўца не раз даводзілася назіраць, як у самае рознае надвор'е мерзнуць людзі, асабліва пенсіянеры, у чаканні аўтобуса. Цяпер павільён на былым прыпыначным пункце паставілі. Ёсць заслуга дэпутата ва ўзвядзенні дзіцячай пляцоўкі, тратуарнай дарожкі ў вёсцы.

— Я і раней заўсёды імкнулася дапамагчы людзям, а цяпер для гэтага атрымала дэпутацкія паўнамоцтвы, — разважае Ірына Пракаповіч. — Цяпер стала прасцей размаўляць з любым кіраўніком, калі справа датычыцца той жа пляцоўкі альбо трэба паправіць пешаходную сцежку. Не атрымаецца з першага разу — я не пасаромеюся патурбаваць другі альбо трэці раз, пакуль справа не зрушыцца з месца. Неаднойчы даводзілася чуць, у тым ліку нават ад уласнага мужа: «А што, табе больш за ўсіх трэба?» Але ж, на мой погляд, дэпутат — гэта і ёсць чалавек, якому больш за іншых трэба. Калі цябе абралі, калі табе даверылі, то людзі чакаюць нейкіх рэальных спраў. Ды і на сустрэчах не сорамна з імі гутарыць, глядзець ім у вочы.

Дэпутат Пракаповіч не толькі падтрымлівае ініцыятывы ў сваёй акрузе, але і праяўляе актыўнасць у раённым Савеце. Менавіта там вырашылі апекаваць дзяцей са свайго раёна, якія цяпер жывуць у Кобрынскай дзіцячай вёсцы. Жывуць яны ў ёй зразумела па якой прычыне — з-за нядбайнасці бацькоў. Народныя выбраннікі стараюцца трымаць дзяцей у полі зроку: раз на некалькі месяцаў выязджаюць туды, наведваюць іх прыёмныя сем'і. З Брэсцкага раёна ў дзіцячай вёсцы жывуць 12 чалавек у трох сем'ях. Перад навагоднім святам дэпутаты ўзялі з сабой цырульніка, зрабілі прычоскі ўсім дзецям з падшэфных сем'яў. Трэба было бачыць іх радасць!

Звычайна возяць падарункі, рэчы, патрэбныя для навучання і развіцця. Дзеці ўжо ведаюць сваіх дэпутатаў, чакаюць сустрэч з імі. Важна бывае пагаварыць, пацікавіцца справамі, паказаць, што іх памятаюць і чакаюць на малой радзіме, лічыць Ірына Віктараўна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв'ю: nadbugom.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».