Вы тут

Малады міліцыянер-вучоны ўдасканальвае якасць экспертнай дзейнасці


Кандыдат юрыдычных навук, падпалкоўнік, выкладчык кафедры аператыўна-вышуковай дзейнасці Магілёўскага інстытута МУС, апантаны сваёй справай вынаходнік — усё гэта пра Ягора Лаппо. Малады чалавек не проста жыве сваёй прафесіяй, ён ёй дыхае. Ягор прызнаецца, што ніколі б сваю работу на іншую не прамяняў. Калегі добра ведаюць: калі Лаппо ўвайшоў у азарт, ён выпадае з часу, забывае і пра сон, і пра ежу. Нават жонка часам раўнуе. Хоць сама таксама міліцыянер. Але менавіта такія і становяцца рухавікамі прагрэсу. Нядаўна вынаходнік запатэнтаваў распрацоўку, якая вельмі аблегчыць работу крыміналістам.


Квадракоптар выходзіць на след

Ён дэманструе флэшку: вось тут і знаходзіцца тая самая вынаходка. Перахопліваючы мой неўразумелы погляд, тлумачыць.

— Каб гэта працавала, патрэбны яшчэ беспілотнік. Уявіце сабе буйное ДТЗ на трасе, скажам, Мінск—Брэст. Агляд месца здарэння доўжыцца тры-чатыры гадзіны. І на гэты час трэба цалкам перакрыць магістраль. Беспілотнік зробіць агляд у разы хутчэй. І супрацоўніку не прыйдзецца бегаць з рулеткай. Ён потым толькі ўставіць флэшку з квадракоптара ў камп'ютар і зробіць з дапамогай здабытай інфармацыі ўсе неабходныя замеры.

Беспілотнікі ў праваахоўнай сістэме ўжо выкарыстоўваюцца ў мэтах вышуку людзей, якія заблукалі ў лесе, у шэрагу іншых экстрэмальных сітуацый. А цяпер яны змогуць займацца яшчэ і замерамі.

— ДТЗ, пажары на аб'ектах вялікай плошчы, выбухі — з нашай прыладай не трэба губляць шмат часу і сіл, — кажа вучоны. — Уяўляеце наступствы выбуху, калі рэчавыя доказы раскінуты на вялікую адлегласць на значнай тэрыторыі. Трэба высветліць магутнасць выбуху, іншыя абставіны, якія цікавяць следства. І вымярэнні — вялікая частка гэтай работы. З'яўленне беспілотных лятальных апаратаў істотна аблегчыла работу міліцыі, а ў нас атрымалася яшчэ больш удасканаліць гэты працэс. Наша кафедра сумесна з кафедрай квантавай фізікі і оптаэлектронікі БДУ стварыла сродак, які дазваляе рабіць не толькі фота- і відэафіксацыю на месцы здарэння, але і атрымліваць адпаведную вымяральную інфармацыю з дакладнасцю плюс-мінус пяць сантыметраў з вышыні 100 метраў. Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці ўжо пацверджана наша заяўка на атрыманне патэнта і да канца года, спадзяёмся, атрымаем гэты ахоўны дакумент.

Для Ягора Лаппо гэта вынаходка, свайго роду, справа гонару. Пэўны час ён працаваў экспертам-крыміналістам і ў складзе следча-аператыўнай групы неаднаразова выязджаў на агляд месцаў здарэння. І наколькі гэта карпатлівая і адказная работа, ведае добра. Усё, што эксперт унясе ў пратакол агляду, потым будзе служыць доказам у судзе. Ад сумленасці спецыяліста залежыць, па сутнасці, і прысуд.

Чуткі пра тое, што ў інстытуце МУС працуюць над такой карыснай прыладай, распаўсюдзіліся нават за мяжу. Мы гутарылі з Ягорам за некалькі гадзін да таго, як ён адправіўся на міжнародную навуковую канферэнцыю ў Екацярынбург. Яго даклад быў менавіта на гэтую тэму.

Падабаецца ўдасканальваць працэс

Гэта цяпер Ягор магіляўчанін, а да гэтага жыў і працаваў у Мінску. Дарэчы, асабіста прысутнічаў на ўсіх гучных справах, звязаных з выбухамі ў беларускай сталіцы — на Дзень Незалежнасці ў 2008 годзе і ў красавіку 2011 года, калі здарыўся тэракт у метро.

— На выбух у метро выязджаў у якасці ўдзельніка агляду месца здарэння, — успамінае ён той жахлівы дзень. — Мы вынеслі з метро, здаецца, некалькі тон рэчавых доказаў. Узарваную лаўку з хлопцамі цягнулі па выключанаму эскалатару. Але ж знайшлі ўсе доказы таго, што чалавек, які ўчыніў выбух каля стэлы на Дзень Незалежнасці і ў метро, — адна і тая асоба. Адно апісанне сабраных на месцы злачынства рэчавых доказаў склала цэлы том з 300 старонак. І ўсе вымярэнні рабіліся выключна ўручную. Як бы нас тады выручыў такі вось беспілотнік-вымяральнік.

Суразмоўнік прызнаецца, што яго вельмі крыўдзіць, калі кажуць, што міліцыянеры заўсёды знойдуць на каго павесіць злачынства. Маўляў, так разважаюць толькі дылетанты. І ён заўсёды кажа курсантам, што нельга судзіць аб злачынстве, не маючы першасных дакументаў. Можна толькі меркаваць. А следчыя органы бачаць усю карціну.

Беспілотнік — гэта ўжо другое вынаходства Ягора. Ім жа ў суаўтарстве з той жа кафедрай БДУ быў распрацаваны праграмны апаратны комплекс, які дазваляе праводзіць на экране камп'ютара вымярэнні слядоў зброі на стрэляных кулях і гільзах. Распрацоўка таксама нарадзілася не на пустым месцы. Калі суразмоўнік працаваў у экспертнай службе, ён спецыялізаваўся на экспертызе халоднай зброі і судова-балістычных даследаваннях. І таксама марыў скараціць працэс атрымання неабходнай для раскрыцця злачынства інфармацыі. Таму, калі паступіў у ад'юнктуру Акадэміі МУС, узяў гэтую тэму для напісання сваёй дысертацыі. Як высветлілася, з 1938 года не было ніводнай навуковай работы па балістыцы. Падчас вывучэння тэмы вучоны-пачатковец пазнаёміўся з прафесарам кафедры квантавай фізікі і оптаэлектронікі БДУ доктарам тэхнічных навук Уладзімірам Казловым, з якім супрацоўнічае дагэтуль. Іх першая распрацоўка прайшла практычную апрабацыю і была ўключана ў рэестр экспертных методык. Сёння Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь выкарыстоўвае яе ў сваёй штодзённай дзейнасці.

Прафесія ў спадчыну

Ягор Лаппо — патомны міліцыянер. У міліцыі працавалі яго дзед і бацька. Ён таксама пасля школы атрымаў юрыдычную спецыяльнасць ў Беларускім інстытуце правазнаўства. А пасля службы ў арміі адразу ж пайшоў служыць у міліцыю. Гэта была яго шчырая мара. Тут жа спаткаў і свой лёс. Яго абранніца Ганна — спецыяліст па судова-экспертнай дзейнасці. «Налета, спадзяюся, выйдзе вучэбны дапаможнік, дзе яна будзе маім суаўтарам», — з гонарам удакладняе суразмоўнік.

Цікавасць да навуковай дзейнасці, лічыць ён, у яго з дзяцінства. Успамінае, з якім захапленнем займаўся радыёэлектронікай і эксперыментаваў з фотасправай. Дасканала ведае працэс атрымання фота з плёнкі. «Нядаўна паказаў жонцы, яна была ў шоку, — усміхаецца ён. — Калі яна нарадзілася, такім ужо ніхто не займаўся».

Да навуковай дзейнасці ён прыцягвае і будучых міліцыянераў. Курсант 4 курса сяржант міліцыі Анастасія Кавальчук адна з паспяховых вучаніц Ягора Лаппо.

— Мы з ёй напісалі навуковую работу, дзе таксама закранулі магчымасць выкарыстання квадракоптара ў праваахоўнай судовай экспертнай дзейнасці, — кажа ён. — З яе ўдзелам праводзілася і апрабацыя вынаходства. Летась мы ўзялі каля пяці прызавых дыпломаў на міжнародных конкурсах за гэтую работу. А ва Уральскім юрыдычным інстытуце МУС Расіі дзяўчына стала лаўрэатам у намінацыі найлепшыя практычныя рэкамендацыі.

У тэму

Уладзімір БАРЫСЕНКА, прарэктар па навуковай рабоце інстытута МУС:

— Асноўная дзейнасць, якую вядзе інстытут — гэта падрыхтоўка будучых высокакваліфікаваных супрацоўнікаў міліцыі. Неад'емная складальная частка работы любой ВНУ — гэта навуковая дзейнасць прафесарска-выкладчыцкага персаналу і прыцягненне да яе курсантаў. Прычым не толькі ў рамках вучэбнага працэсу, але і па-за імі. Нашы курсанты, як і выкладчыкі, актыўна ўдзельнічаюць у розных навуковых форумах і канферэнцыях рэгіянальнага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. З першага курса выяўляем людзей, здольных займацца навукай. Адна з задач — абнаўленне вучэбна-педагагічных кадраў, у тым ліку за кошт адораных выпускнікоў. Ёсць у нас і сістэма заахвочванняў для будучых міліцыянераў — Палажэнне аб мерах стымулявання навукова-даследчай дзейнасці курсантаў. А сёлета мы распрацавалі і заснавалі грант на выкананне навукова-даследчай работы ў вобласці навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу і для выкладчыкаў. Першыя вынікі конкурсу будзем падводзіць у наступным годзе. За кошт пазабюджэтных сродкаў будзем заахвочваць выкладчыкаў больш актыўна займацца навуковай дзейнасцю. Гэта дасць магчымасць удасканальваць метадычнае і навуковае суправаджэнне вучэбнага працэсу, што будзе садзейнічаць больш глыбокаму засваенню ведаў па адпаведных прадметах і дысцыплінах. Акрамя гэтага, у нас у інстытуце штогод адбываецца да пяці міжнародных канферэнцый, у тым ліку анлайн. У іх актыўна прымаюць удзел калегі з Расіі, Латвіі, Цэнтральнай Азіі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота прадстаўлены інстытутам МУС

Загаловак у газеце: Следства па навуцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».