Вы тут

Лукашэнка: Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Казахстана


Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Казахстана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым у вузкім складзе, перадае БЕЛТА.


"Нашы адносіны з Казахстанам ідуць углыб дзесяцігоддзяў, стагоддзяў. Мы заўсёды, асабліва ў савецкі перыяд, былі блізкія. Нашы эканомікі заўсёды былі ўзаемадапаўняльныя, гэта стварае новыя магчымасці для нас і цяпер. Ва ўсім, што мы вырабляем, мае патрэбу наш дружалюбны Казахстан. Што вырабляеце вы, мы гатовы купляць з вялікім задавальненнем. Склалася добрая перспектыва. Існуючы фундамент, які створаны за гады незалежнасці, дарагога варты", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запэўніў, што Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Казахстана. "Мы як блізкія людзі, блізкія сябры заўсёды знойдзем развязкі па ўсіх пытаннях", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Беларусь і Казахстан разам з Расіяй знаходзяцца ў цэнтры інтэграцыйных працэсаў. І без Казахстана, дадаў ён, сёння не абыходзіцца ні адзін напрамак інтэграцыі. "Тым больш што Казахстан у часы першага Прэзідэнта з'яўляўся ініцыятарам многіх інтэграцыйных працэсаў, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - І мне вельмі прыемна канстатаваць, што вы ў вельмі няпросты час прынялі руль кіравання гэтай велізарнай рэспублікай, прытрымліваецеся курсу інтэграцыі ў эканоміцы нашых краін, дружбы нашых народаў".

Касым-Жамарт Такаеў у сваю чаргу падкрэсліў, што візіт беларускага лідара - жаданая падзея для Казахстана і добрая магчымасць пацвердзіць абсалютна дружалюбны характар узаемаадносін паміж краінамі, надаць сур'ёзны імпульс дзелавому супрацоўніцтву, сфера эканомікі гэта, гуманітарныя сувязі ці міжнароднае супрацоўніцтва. Ён заявіў, што беларуска-казахстанскія адносіны, стратэгічнае партнёрства дзвюх дзяржаў, безумоўна, адпавядаюць нацыянальным інтарэсам народаў абедзвюх краін.


Узровень беларуска-казахстанскіх адносін адпавядае стратэгічным інтарэсам дзвюх краін

"Узровень беларуска-казахстанскіх адносін сёння ў поўнай меры адпавядае стратэгічным інтарэсам нашых краін. Гэта вынік карпатлівай шматгадовай работы, які дае магчымасць будаваць сур'ёзныя планы на будучае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Мінскам і Нур-Султанам напрацаваны станоўчы вопыт узаемадзеяння на ўсіх узроўнях, а ступень даверу такая, што краіны адкрыта абмяркоўваюць любыя пытанні. "Добрую аснову для маштабнага супрацоўніцтва ствараюць падабенства прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўзаемнае імкненне ўмацоўваць рэальны сектар эканомікі. Таму мы зрабілі асаблівы акцэнт на пашырэнні дыялогу менавіта ў эканамічнай сферы, таму што іншых праблемных пытанняў - у сферах палітыкі, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, дыпламатыі - у нас практычна няма, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Нашы погляды на асноўныя праблемныя пытанні міжнароднага парадку дня аднатыпныя або падобныя".

Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што Казахстан - адзін з ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі. За тры гады тавараабарот паміж краінамі павялічыўся больш як у два разы. У 2018 годзе ён дасягнуў $900 млн. "Мы блізкія да таго, каб пераадолець мільярдную планку тавараабароту. Так, ёсць пэўны дысбаланс у гандлі на карысць Беларусі, але за апошнія гады - і гэта добрыя тэмпы - істотна вырас імпарт з Казахстана", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь гатова разгледзець прапановы казахстанскага боку па дасягненні збалансаванага тавараабароту, заявіў Прэзідэнт. "Па ўсіх пытаннях, якія ў нас стаяць у двухбаковым парадку дня, дасягнуты пагадненні. Мы сёння гатовы рухацца далей - ад простага гандлю да стварэння большай колькасці сумесных прадпрыемстваў", - падкрэсліў беларускі лідар.


Такаеў: Беларусь і Казахстан выходзяць на вельмі сур'ёзныя дамоўленасці

Паводле слоў казахстанскага лідара, на перагаворах у вузкім складзе бакі абмеркавалі асноўныя праблемныя пытанні. "Ва ўзаемаадносінах нават самых блізкіх дзяржаў, як бы там ні было, узнікаюць тыя ці іншыя пытанні, якія патрабуюць абмеркавання, удакладнення і, самае галоўнае, вырашэння, - канстатаваў ён. - Я лічу, што ўжо ў выніку пачатых перагавораў мы выходзім на вельмі сур'ёзныя дамоўленасці, якія, упэўнены, будуць рэалізаваны ў самым бліжэйшым будучым".

Прэзідэнт Казахстана падкрэсліў, што яго краіна зацікаўлена ў павелічэнні аб'ёмаў гандлю з Беларуссю, пашырэнні сувязей у гуманітарнай сферы і актыўным узаемадзеянні ў міжнародных арганізацыях.


Беларусь і Казахстан пракансультуюцца з Расіяй аб пастаўках нафты праз яе тэрыторыю

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу дыверсіфікацыі паставак нафты і зацікаўлена ў імпарце гэтай сыравіны з Казахстана.

"Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час правядзём кансультацыі з Расійскай Федэрацыяй, паколькі транзіт, калі гэта будзе магчыма, казахстанскай нафты будзе ажыццяўляцца трубаправодным транспартам праз тэрыторыю Расіі. Думаю, дамовімся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамлялася, Беларусь і Казахстан дамовіліся аб пастаўцы нафты і пачынаюць камерцыйныя перагаворы. "Нам удалося ўзгадніць на ведамасным узроўні тэкст міжурадавага пагаднення. Цяпер яно будзе праходзіць унутрыдзяржаўнае ўзгадненне, але мы ўжо дамовіліся, што, не чакаючы яго падпісання, пачынаем непасрэдна камерцыйныя перагаворы з удзелам суб'ектаў гаспадарання", - расказаў у кулуарах перагавораў старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў.

Паводле яго слоў, перагаворы правядуць на пляцоўках беларускага канцэрна і Міністэрства энергетыкі Казахстана, якія і будуць іх курыраваць. "Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час знойдзем узаемапрымальныя формы супрацоўніцтва ўжо ў выглядзе канкрэтных кантрактаў і рэалізуем планы па перапрацоўцы нафты з Казахстана на нашых нафтаперапрацоўчых заводах", - дадаў старшыня "Белнафтахіма".


Лукашэнка запрасіў Такаева наведаць у 2020 годзе Беларусь

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта дасць магчымасць пракантраляваць выкананне сённяшніх дамоўленасцей і выкананне падпісаных у Нур-Султане пагадненняў. "Казахстан для нас - важны, правераны часам сябар, з якім Беларусь выбудоўвае стратэгічныя, саюзніцкія і братэрскія адносіны", - заявіў Прэзідэнт.

Сёння кіраўнікі дзяржаў правялі ў Нур-Султане афіцыйныя перагаворы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у адкрытай і давернай атмасферы бакі абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, вызначылі прыярытэты на бліжэйшую перспектыву і зверылі пазіцыі па ключавых напрамках узаемадзеяння на інтэграцыйных і міжнародных пляцоўках, у тым ліку па пытаннях транснацыянальнай і рэгіянальнай бяспекі.

"Па волі лёсу гісторыяй прадастаўлена права, магчымасць тром рэспублікам (Расія, Беларусь, Казахстан) постсавецкай прасторы быць у авангардзе інтэграцыі. Ад нас шмат чакаюць народы былога Савецкага Саюза, і мы не можам не спраўдзіць іх надзей", - падкрэсліў беларускі лідар.


Беларусь і Казахстан падпісалі шэсць пагадненняў пасля перагавораў прэзідэнтаў

Па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў урады дзвюх краін заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне міграцыі. Аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні дамовіліся Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Беларусі і Камітэт нацыянальнай бяспекі Казахстана.

Міністэрства замежных спраў падпісалі план супрацоўніцтва на 2020-2021 гады. Пагадненне аб супрацоўніцтве заключылі Следчы камітэт Беларусі і Генеральная пракуратура Казахстана.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі і Міністэрства юстыцыі Казахстана падпісалі пагадненне па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Было заключана пагадненне паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Міністэрствам лічбавага развіцця, абароннай і аэракасмічнай прамысловасці Казахстана аб супрацоўніцтве ў галіне абмену данымі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Пасля цырымоніі падпісання дакументаў Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перагаворы прайшлі ў абсалютна дружалюбнай атмасферы і мелі дзелавы, даверны характар. "Перакананы, іх вынікі нададуць новую пазітыўную дынаміку паглыбленню стратэгічнага партнёрства Мінска і Нур-Султана", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.


Беларусь і Казахстан хочуць запусціць сумесны венчурны фонд для падтрымкі стартапаў

"З улікам развіцця сферы высокіх тэхналогій адкрываюцца добрыя магчымасці для двухбаковага інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Мы дамовіліся прапрацаваць пытанне аб стварэнні ў нашай краіне сумеснага венчурнага фонду, які зоймецца развіццём перспектыўных кампаній і стартапаў. Вопыт у Казахстана вялікі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і Казахстан ужо даўно супрацоўнічаюць у сферы высокіх тэхналогій. Беларуская кампанія "Сінезіс" і казахстанскі аператар сувязі "Транстэлекам" пачалі стварэнне сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі на транспартных аб'ектах, а таксама сістэмы бяспекі з выкарыстаннем біяметрычных алгарытмаў распазнавання асоб у рэзідэнцыі прэм'ер-міністра Казахстана. Яшчэ адна беларуская кампанія IBA развівае ў Казахстане праекты па ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы аплаты працы і кантролю праезду, электроннага дакументаабароту, платформ падтрымкі бізнес-дадаткаў.


Лукашэнка казахстанцам: ведайце, што ў цэнтры Еўропы ёсць і ваша зямля

Падагульняючы перагаворы, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму казахстанскаму калегу за канструктыўны падыход і гатоўнасць прыкласці ўсе намаганні на карысць дзвюх краін і народаў.

"А казахстанскаму народу хачу сказаць: вы правільна зрабілі, што звязаліся з Беларуссю. Мы людзі абавязковыя, ніколі нікога не падводзілі і вас таксама ніколі не падвядзём. Ведайце, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць і ваша зямля", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнікі дзяржаў правялі сёння ў Нур-Султане афіцыйныя перагаворы. Сустрэча двух лідараў прайшла ў вузкім і шырокім фарматах. Па выніках перагавораў бакі падпісалі пакет дакументаў.

Лукашэнка ў Нур-Султане сустрэўся з Назарбаевым

 

Нурсултан Назарбаеў напярэдадні вярнуўся ў Нур-Султан з Японіі, дзе прымаў удзел у цырымоніі інтранізацыі імператара. Сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі, паводле яго слоў, ён ні ў якім разе не хацеў адмяняць. "Усё ж мы столькі разам перажылі, самыя цяжкія моманты. Нам прыхільнасці ў дружбе мяняць позна ўжо. Спадзяюся, мы заўсёды застанёмся сябрамі, - сказаў першы прэзідэнт Казахстана. - Свет мяняецца, вакол нас усё мяняецца. У гэтай сітуацыі захаваць тое, што было, вельмі важна".

Ён дадаў, што як ганаровы старшыня ЕАЭС плануе прыняць удзел у наступным саміце саюза, які ў снежні адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што аб'яднанне мае патрэбу ў дапамозе першага прэзідэнта Казахстана, які быў ініцыятарам стварэння ЕАЭС. "Я ў Арменіі заўважыў, што чагосьці нам не хапае, і кажу сваім калегам: трэба тэрмінова яго клікаць. Вось і паступіла агульнае запрашэнне, каб вы як ганаровы старшыня нашага "ордэна" прысутнічалі ў Піцеры, і мы прыгадалі былыя часы, намецілі перспектыву, стратэгію", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі таксама расказаў аб праведзеных перагаворах са сваім казахстанскім калегам Касым-Жамартам Такаевым, падкрэсліўшы, што бакі дамовіліся па ўсіх пытаннях з парадку дня. Нурсултан Назарбаеў таксама лічыць, што краінам трэба нарошчваць супрацоўніцтва і ўзаемны гандаль. "У нас ёсць што прапанаваць адзін аднаму", - падкрэсліў ён. Прастора ЕАЭС, дадаў палітык, павінна адкрываць дарогу ў тым ліку і для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, а не будаваць перашкоды. "Вядома, гэта нядобра. Мы хочам купіць у вас, дапусцім, вуглевадароды, нафту, але не можам ніяк дамовіцца. Мы вырашылі, што з абодвух бакоў будзем падціскаць нашых саюзнікаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».