Вы тут

Як вясковая дзяўчына з Беларусі скарыла Парыж


Па-першае, яна не баялася марыць — і яшчэ падлеткам збягала з дому, каб дабрацца туды, куды ў пачатку ХХ стагоддзя імкнуліся ўсе мастакі. І не важна, што родная вёска была на Віцебшчыне, — калі моцна хочаш, усё атрымаецца. Так і здарылася для Надзі Хадасевіч, прозвішча якой загучала ў мастацкім свеце дзякуючы авангарднаму кірунку, што яе вельмі захапіў, — гэта па-другое. Адкрыўшыся рэвалюцыйным плыням у мастацтве, яна была паслядоўная, упартая ў сваіх поглядах і мэтах, а таксама па-беларуску працавітая, праз што здабыла павагу і любоў мэтра французскага мастацтва Фернана Лежэ. Але калі б да імені Надзеі Хадасевіч не далучылася прозвішча чалавека, які стаў яе мужам, яе творчасць усё адно была б дарагая нам: беларуская мастачка, адна з прадстаўнікоў так званай парыжскай школы, цікавая сваім адметным поглядам і творчымі прынцыпамі. Пра гэта сведчыць выстаўка «Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеі Хадасевіч», арганізаваная ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пры падтрымцы пасольства Францыі ў нашай краіне.


Аўтапартрэт. Надзя-канструктывістка. 1973 г. 

Супрэматычныя кампазіцыі — вынік захаплення ідэямі Малевіча: падчас вучобы ў Смаленску зусім юная Надзя даведалася пра УНОВІС і горача прыняла рэвалюцыю ў мастацтве, калі вучылася ва Уладзіслава Стржэмінскага. Але не пагадзілася з Малевічам у тым, што жывапіс сваё аджыў: як жа так, калі для яе ўсё толькі пачынаецца?.. Тым больш што рэвалюцыя, якая адбылася ў грамадстве, адкрыла новыя магчымасці для простых людзей, да якіх належала і шматдзетная сям'я бацькоў Надзі. Яны ніяк не маглі зразумець, чаго дачцэ не сядзіцца дома, навошта ёй нейкі далёкі Парыж і што гэта за прафесія для дзяўчыны — мастак. А яна верыла, што не толькі ідэі, але і мастацтва можа пераўтварыць свет. Вынік бачым на выстаўцы: шмат супрэматычных кампазіцый, дзе сярод геаметрычных фігур часам упісаны партрэт Леніна. У гэтым таксама была Надзя — у прыхільнасці, адданасці ідэі, якую яна пранясе праз усё жыццё. Каб зразумець тую эпоху, склад мыслення тагачасных людзей, трэба глядзець гэтыя работы.

Нават калі стане прызнанай мастачкай, вядомай парыжанкай, творы якой удзельнічаюць у выстаўках і маюць поспех, яна будзе захоўваць вернасць ідэалам рэвалюцыі (сваёй?), уступіць у шэрагі Французскай камуністычнай партыі. Магчыма, гэта давала ёй адчуванне сувязі з радзімай, якую яна пакінула назаўсёды, але часткай якой заставалася да канца сваіх дзён.

Так, заставалася беларускай і была ёю па сутнасці: магла спяваць родныя маміны песні, калі працавала ў майстэрні. А калі прыйшла вайна, Надзя стала сапраўднай беларускай партызанкай, толькі ў Францыі — праз удзел у руху Супраціўлення. Пасля вайны, пахаваўшы Фернана Лежэ, з якім пабралася шлюбам пад канец яго жыцця, яна імкнулася на радзіму не толькі ў думках і марах, а знайшла магчымасць прыязджаць у Савецкі Саюз, каб быць карыснай — дазволіць людзям пазнаёміцца з творамі сусветнага мастацтва. Менавіта дзякуючы апантанасці Надзі, якая сваю любоў да малой радзімы здолела перавесці ў стваральнае рэчышча, у Беларусі апынуліся творы знакамітых сусветных мастакоў, прынамсі Фернана Лежэ і Пабла Пікаса, які высока цаніў творчасць самой Хадасевіч. Яна проста падарыла тое, чым валодала, што атрымала ў спадчыну ад мужа, да чаго магла атрымаць доступ — напрыклад, яна зрабіла копіі артэфактаў з калекцыі Луўра для перадачы ў мінскі музей (Надзея сябравала з Аленай Аладавай, пра што сведчаць прадстаўленыя лісты). Не дзіва, што часткай экспазіцыі ў гонар Надзі сталі работы стаўпоў французскага авангарду — можна ўбачыць, напрыклад, габелен Фернана Лежэ і керамічныя творы Пікаса з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Але каб паказаць творчасць самой Надзеі, беларускіх збораў мала. І ўсё ж асноўная частка экспазіцыі ехала з Францыі. Экспанаты прадставілі прыватныя калекцыянеры, у тым ліку прадстаўнікі сям'і, нашчадкі Надзеі Хадасевіч-Лежэ.

Адным з калекцыянераў з'яўляецца Нікаля Ценье, унук Надзеі Хадасевіч. На адкрыцці выстаўкі ў Мінску ён адзначыў:

— У Надзі былі сувязі з Савецкім Саюзам, бабуля падарыла шмат карцін, бо была вельмі прывязаная да радзімы. У 20-я гады яна з'ехала, стала вучыцца ў Варшаве, дзе сустрэла майго дзеда мастака Станіслава Грабоўскага. Бабуля заўсёды шмат гаварыла пра сваю краіну. Вельмі важна, што пра яе тут гавораць цяпер.

А для яе было важна пакінуць тут свой след. Яна наогул умела берагчы памяць. Некалькі гадоў жыцця з Фернанам Лежэ не зрабілі яе яго музай, але менавіта яна, вучаніца і асістэнтка мэтра, якая працавала побач з ім многія гады, парупілася пра тое, каб мемарыялізаваць мясціны, звязаныя з ім. Так з'явіўся музей работ Фернана Лежэ ў Б'ё — першы ў свеце, прысвечаны аднаму мастаку (учынак, варты ордэна Ганаровага легіёна). Да таго ж стварыла і музей-ферму ў Нармандыі. Кіраўнік камітэта Фернана Лежэ, дырэктар музея-фермы мастака ў Нармандыі Жан Дэскуб дзю Шатэнэ адзначыў, што Надзея незаслужана заставалася ў ценю мужа, але сама заслугоўвае таго, каб яе адкрывалі як мастачку. Францыя адкрывае, і сведчанне таму — таўшчэзны фаліянт «Надзя», які застанецца нам як падарунак на адкрыццё выстаўкі.

Не першая ж — скажуць аматары мастацтва. І сапраўды, мінчане могуць памятаць выстаўку 1972 года Надзеі Хадасевіч-Лежэ ў Палацы спорту, дзе выстаўлялася яе мазаіка. Нешта з тых твораў потым перадалі ў Зембін, дзе мастачка правяла дзяцінства. Але цяпер можна бачыць жывапіс Надзеі, дзеля якога яна гатовая была ехаць хоць на край свету і ў велічы якога ўпэўнівалася праз усё жыццё. Проста не ўся сутнасць адкрываецца адразу, і часам трэба перажыць нястачы і шмат працаваць, дзе б ні давялося (яна гатовая была стаць і мадысткай, і прыслугай, каб выжыць), перачакаць неразуменне (так касмічныя палёты пацвердзілі для яе вартасць супрэматызму), захаваць вернасць уласным прынцыпам (а ў нейкай ступені і традыцыям — у жывапісе). І трэба жыць рэальнасцю, штодня шчодра ўзбагачаючы жыццё падзеямі, справамі, творамі, і тады яно аддзячыць — і зямным багаццем, якім стала для яе спадчына Фернана, і надзейнымі сябрамі, і добрай памяццю.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Супрэматычная і рэальная Надзея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».