Вы тут

Пазнаць постсацыялістычную прастору праз дакументальны конкурс «Лістапада»


Мы гатовыя ўвесь час нагадваць, колькі дзіўнага і незабыўнага можа прынесці гледачу дакументальнае кіно. На жаль, на беларускім вялікім экране яго няшмат, але Мінскі міжнародны кінафестываль здольны часткова запоўніць гэтую лакуну. У Асноўным конкурсе дакументальнага кіно — яшчэ як: з адмысловым фокусам на посткамуністычную прастору і паказам уплыву на Еўропу апошніх дзесяцігоддзяў. Больш за тое, сёлетняя праграма — яе паказы будуць праходзіць ужо не ў «Міры», а ў кінатэатры Sіlvеr sсrееn у Gаlіlео — сабрала ў сабе сур'ёзнае, але ў той жа час «глядацкае» кіно, якое можа зачапіць, закруціць, узрушыць і зрабіць вечным прыхільнікам дакументалістыкі. Прэтэндэнт на «Оскар», сямейныя канфлікты, расследаванне карупцыйнай схемы, чачэнскія танцы, кітайскае кіно — пра выбар кожнага з трынаццаці фільмаў конкурсу мы папрасілі расказаць праграмнага дырэктара «Лістапада» Ірыну Дзям'янаву.


«Краіна мёду».

«Краіна мёду» Тамары Кацеўскай і Любаміра Стэфанава

— Класічны выпадак, калі пра кіно немагчыма расказаць — тут трэба спяваць. У фільме як бы нічога не адбываецца: галоўная гераіня жыве ў гарах з прыкаванай да ложка маці і займаецца ўнікальным, практычна зніклым промыслам — праходзячы небяспечныя сцяжыны, збірае дзікі мёд. Жанчына размаўляе з пчоламі, спявае ім песні і папярэджвае, што возьме толькі палову іх запасаў. Жыццё само падкідвае сюжэты: побач пасяляецца шумная сям'я з дзецьмі і вялікай гаспадаркай, для мікраклімату ўзнікае небяспека і пчолы пачынаюць пакідаць сваё месца. Тым не менш гераіня прымае суседзяў з адкрытым сэрцам, але потым памірае яе маці, новыя знаёмцы раптам з'язджаюць і жанчына зноў застаецца адна. Аўтары, у тым ліку праз аператарскую работу, апускаюць гледача ў неверагодную прыгажосць прыроды і гармонію, у якой чалавек з навакольным светам могуць існаваць. Гэта надзвычай маляўнічы фільм, які трымае і доўга не адпускае.

«Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы

— У выпадку з карцінай «Стрыптыз і вайна» шмат вырашае выбар герояў: дзядуля і ўнук — падпалкоўнік авіяцыі ў адстаўцы і стрыптызёр — па-рознаму разумеюць жыццё і трымаюцца розных каштоўнасцяў, але тым не менш застаюцца блізкімі людзьмі. Рэжысёр не проста паказвае прыдатную да кіно крайнюю сітуацыю: у яго хапіла праніклівасці апроч знешняга канфлікту ўбачыць нешта яшчэ — абсалютную любоў і абсалютную важнасць прысутнасці некага блізкага. Апошнім часам з'яўляецца даволі шмат работ, прысвечаных сямейным узаемаадносінам, — можа быць, нездарма?

«Абход» Віктара Аслюка

— Новы фільм вядучага беларускага дакументаліста (вытворчасць скончана літаральна некалькі тыдняў таму), у якім лёгка пазнаць ранейшую манеру рэжысёра. Гэта доўгае, уважлівае назіранне за ўчастковым міліцыянерам, які кожны дзень сустракаецца з жыхарамі навакольных вёсак, як правіла, зняможанымі людзьмі, п'яніцамі і дармаедамі, і іх праблемамі. Аўтары не проста адлюстроўваюць падзеі, але і спрабуюць зразумець, што з людзьмі адбываецца. Так у беларускае дакументальнае кіно вяртаецца сур'ёзная сацыяльная праблематыка, калі рэжысёры фіксуюць стан сучаснага грамадства, пачынаюць яго аналізаваць, запрашаюць гледачоў да сур'ёзных разваг, а галоўнае, выносяць на экран непрыглядную, але ўсё ж такі праўду. Можа быць, такім спосабам айчынная дакументалістыка верне давер гледача, які шукае  нячастай у нашым грамадстве размовы на вострасацыяльныя тэмы.

«Даймохк» Машы Новікавай

— Хоць гэта і сумесная вытворчасць Нідэрландаў з Бельгіяй, падзеі карціны разгортваюцца ў Чачні. «Даймохк» — так называецца дзіцячы танцавальны ансамбль, што выклікаў каласальную цікавасць (а вы ўяўляеце сабе чачэнскі танец — гэта максімальнае выяўленне эмоцый) у савецкія часы, перажыў Чачэнскі канфлікт, а сёння стаў сыходзіць у забаву і пры гэтым намагацца захаваць былы дух. Маша Новікава была знаёмая з кіраўнікамі ансамбля яшчэ падчас першай чачэнскай вайны і ў рэшце рэшт вярнулася, каб паглядзець, як яны жывуць. Апроч іх героямі становяцца былая танцоўшчыца і яе брат, што таксама танцаваў у калектыве і стаў вялікім начальнікам у сферы культуры, маладыя людзі, што літаральна выраслі ў ансамблі. Дзякуючы даверу рэжысёру фільм пускае гледача ў асабістае жыццё герояў і дазваляе назіраць за працэсам стварэння танца, часам вельмі складаным альбо нават пакутлівым.

«Маленькі чалавек, час і трубадур» Інэке Сміц

— Гісторыя чалавека, які вярнуўся з выгнання на радзіму, у Абхазію. Мастак і творца, ён хоча не толькі вярнуцца дадому фізічна, але і зразумець сённяшнюю, ужо іншую, краіну, дзе шмат слядоў вайны, і можа здацца, што час застыў. Галоўны герой стварае лялечны тэатр і выкарыстоўвае для гэтага фотаздымкі з сямейнага альбома: яго бацька быў высокі абхазскі чыноўнік і не змог спыніць вайну, з-за чаго з'ехаў за мяжу. Каб выказацца, Сіпа Лабахуа нацягвае свой няхітры шацёр то на пляжы, то недзе ў вёсцы, то ў некага ў двары і пасля кожнай пастаноўкі размаўляе з людзьмі, сярод якіх нацыяналісты, бежанцы, прадстаўнікі нацыянальнай меншасці, а тыя, у сваю чаргу, таксама ўплятаюць у гісторыю Абхазіі свае асабістыя гісторыі.

«На вадзе» Горана Дэвіча

— Як чэхі, пра што б ты з імі ні размаўляў, заўсёды вяртаюцца да 1968 года, так жыхары тэрыторыі былой Югаславіі яшчэ доўга будуць вяртацца да бамбардзіровак 1999 года і распаду дзяржавы. Праграма нашага конкурсу факусуецца на пераменах у Еўропе апошніх дзесяцігоддзяў — «На вадзе» якраз пра гэта. Фільм паказвае невялікі горад, які стаяў і стаіць сабе на вадзе, і лёсы некалькіх герояў, таксама звязаных з вадой, на якіх адлюстраваліся гістарычныя падзеі — развал краіны, утварэнне новых дзяржаў і, адпаведна, змена дзяржаўнага курсу. Нехта з гэтым справіўся, а нехта не. Нетаропкае цячэнне вады ў рэках, на якіх стаіць горад, задае рытм фільму і робіць яго такой жа няспешнай размовай пра канкрэтныя чалавечыя драмы і агульныя гістарычныя змены, што не прайшлі для першых бясследна.

«Мінулай ноччу я бачыў тваю ўсмешку» Кавіча Неанга

— З'яўленне на нашых экранах фільмаў з Камбоджы здараецца даволі рэдка, што ў значнай ступені вызначыла нашу цікавасць да гэтай работы. Карціна зноў жа расказвае, як на лёсах некалькіх сем'яў — іх аб'ядноўвае так званы Белы, таму што ён белага колеру, дом у Пнампені — адбіліся апошнія дзесяцігоддзі. Жылую пабудову было вырашана разбурыць, і рэжысёр паказвае, як людзі, што перажылі ў гэтым доме вельмі складаныя часы камбаджыйскай гісторыі, збіраюць рэчы і расказваюць пра сваё, нават вельмі прыватнае, мінулае. Тут і шчаслівыя, і трагічныя аповеды — у кожнага сваё, але ў рэшце рэшт Белы дом разбураюць, і становіцца зразумела, што недзе ў новым месцы ў гэтых людзей пачнецца новае жыццё, пытанне толькі ў тым, наколькі спрыяльны кантэкст будзе яго суправаджаць.

«Эйфарыя быцця» Рэкі Сабы

— Адзін з маіх любімых фільмаў гэтага года. У цэнтры яго — дзевяностагадовая венгерская яўрэйка Эве Фахідзі, якая выйшла жывой з Асвенцыма, але страціла падчас Халакосту ўсю сваю сям'ю, сорак дзевяць чалавек. Яна ўвесь час помніць, што перажыла, — у пэўны момант, напрыклад, згадвае, што сёння, маўляў, яе сястры споўнілася б семдзесят пяць, хоць памерла яна семдзесят гадоў таму. Маладая рэжысёрка прапануе Эве сыграць у спектаклі саму сябе і ў якасці партнёра запрашае маладую жанчыну. З гэтага атрымліваецца пластычны спектакль, і падчас работы праз творчасць і камунікацыю Эве, па-мойму, становіцца шчаслівым чалавекам. Вельмі эстэцкая карціна паказвае, наколькі прыгожымі могуць быць чалавечае цела, жэсты, рухі і што гэтая прыгажосць не залежыць ад узросту альбо правільнасці ліній, а тчэцца з зусім іншых рэчаў. Праз гэты фільм глядач таксама можа ўсвядоміць, што жаданне не толькі выслухаць, але і зразумець (а зразумеўшы, палюбіць) часам можа выратаваць.

«Наша машына часу» Яна Суня і С. Леа Чыяна

— У крыху сентыментальнай і прыгожай гісторыі сын даведваецца, што яго бацька хварэе на Альцгеймера, і вырашае, пакуль тата жывы, у складаным марыянетачным спектаклі захаваць яго ўспаміны і яго жыццё. Пастаноўка атрымліваецца дарагая, ён едзе ў Амерыку шукаць грошы, з цяжкасцямі збірае каманду і гэтак далей, але мы, апроч таго што маем магчымасць назіраць за творчым працэсам і нараджэннем вобразаў, бачым, як бацька з сынам становяцца бліжэйшыя адзін для аднаго. Прэм'ера спектакля, на якую прыязджае тата галоўнага героя, з аднаго боку, уяўляецца хэпі-эндам, а з другога мы разумеем, што смерць цяжка хворага чалавека непазбежная.

«Канфуцыянская мара» Міцзэ Лі

— Яшчэ адзін кітайскі фільм таксама расказвае пра ўнутрысямейныя ўзаемаадносіны, але з падзеямі больш драматычнага настрою. Маладая сям'я не можа дамовіцца, як выхоўваць сына — чалавекам, прыстасаваным да сучаснага свету з яго тэхналогіямі і прыярытэтамі, альбо ў дастаткова модным у Кітаі канфуцыянскім духу. Бацькі не знаходзяць агульнай мовы і разыходзяцца, рэжысёр у гэтым канфлікце нават правакуе сваіх герояў на адкрытыя і гучныя ў прамым і пераносным сэнсах эмоцыі. Але — што самае каштоўнае ў дакументальным кіно — мы можам назіраць за галоўнай гераіняй Чааянь і бачыць, як на нашых вачах яна ў рэшце рэшт мяняецца. Жанчына прыходзіць да высновы, што не заўсёды мае рацыю, і фільм таксама канчаецца хэпі-эндам — эпілог альбо постскрыптум дае зразумець, што сям'я ўз'ядналася.

«Удалячынь» Марціна Марачака

— Сям'я распалася, і ў выніку бацька з сынам і маці з дачкой сталі жыць у розных краінах. У нейкі момант Віт з Грышам вырашаюць прыехаць з Чэхіі ў Расію, каб сустрэцца з другой часткай былой сям'і. Па структуры гэты фільм — тыпічнае роўд-муві, разам з героямі мы садзімся ў машыну і рушым у дарогу. Але хоць бацька з сынам і адпраўляюцца ў доўгую вандроўку, яны так і не сустракаюцца са сваёй сям'ёй. Чаму — застаецца загадкай, але на нашых вачах героі не могуць ні прымірыцца, ні знайсці жадання хаця б пабачыць адно аднаго. Фільм прымушае шмат пра што задумацца — пра тое, напрыклад, што ляжыць у аснове непаразумення паміж блізкімі людзьмі.

«На сувязі» Паўла Зямільскага

— Дзеці з'язджаюць працаваць за мяжу і не вяртаюцца: сем'і не ўз'ядноўваюцца, гнёзды пусцеюць, маці скардзіцца, што пабудаванае няма каму перадаць у спадчыну. Шматгадовая камунікацыя паміж бацькамі і дзецьмі адбываецца выключна праз Skуре, і хоць здаецца, што дзякуючы сучасным тэхналогіям (яны, дарэчы, становяцца часткай кінамовы) сваякі могуць камунікаваць часцей, так ці інакш задумваешся, што мы праз гэта набываем, а што страчваем. Ёсць смешны, знакавы і, можа, нават драматычны эпізод, у якім бацькі робяць сэлфі на фоне фатаграфіі на экране камп'ютара: яны маюць патрэбу ў агульным фота з дзецьмі, але зрабіць яго могуць толькі такім чынам, бо здаецца, што ў гэтых завоблачных імперыях дзеці і застануцца.

«Калектыў» Аляксандра Нанау

— У Бухарэсце здарылася трагедыя: больш за дзвесце чалавек пацярпела падчас пажару ў адным з начных клубаў. Аляксандр Нанау, што жыве ў Германіі, прыехаў у Румынію і зразумеў, што навокал няма ніводнага чалавека, якога б гэты выпадак не закрануў. Тады ён вырашыў зняць фільм пра чалавека, які перажывае страту блізкіх, але ў пэўны момант у апёкавых цэнтрах сталі паміраць людзі, жыццям якіх нішто не пагражала, і кіно рэжысёра пераўтварылася ў вельмі сур'ёзнае расследаванне, што выявіла маштабную карупцыйную схему ў сістэме аховы здароўя. У рэшце рэшт у фільме з'яўляецца яшчэ адна ахвяра — маладая жанчына са знявечаным у пажары целам, якое яна згаджаецца агаліць для фотасесіі і публікацыі. Усё разам стварае безліч сэнсаў і паказвае, што голас адзінокага знявечанага чалавека можа быць настолькі ж важны, як раскрыццё карупцыі.

Запісала Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Уся праўда

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».