Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Доўгай Івацэвіцкага раёна


Паехаць у Доўгую прапанаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока. «Нярэдка тут бываю, — сказаў Аляксандр Фёдаравіч, — ведаю гэтых людзей, часам нават здзіўляюся, якія яны дружныя, ды і душэўныя. Калі быў суботнік на могілках, з 20 жыхароў выйшлі 18. Не выйшлі двое цяжка хворых, па сутнасці ляжачых. Калі святкуецца дзень вёскі, прыходзяць усе з дзецьмі, унукамі, сваякамі. Адно шкада: калі два гады таму ў вёсцы налічвалася каля 40 жыхароў, дык цяпер удвая менш. Такія тэмпы засмучаюць... Многа пустых дамоў».


Каля старога дота

А святкуюць дзень вёскі апошнія некалькі гадоў у полі каля старога дота часоў Першай сусветнай вайны. Так атрымалася, што гэты дзот стаў галоўнай славутасцю Доўгай. У 1915 годзе тут праходзіў фронт, вяліся надзвычай жорсткія баі. Немцы будавалі ўмацаванні, некаторыя з іх захаваліся да гэтай пары. Адзін з дотаў, які размешчаны бліжэй да дарогі, крыху добраўпарадкавалі, зноў жа талакой — выйшлі тады, узяліся ўсе разам. Сельвыканкам паклапаціўся пра мемарыяльную шыльду, яе прымацавалі для памяці. Тут шмат старых высокіх дрэў, а калі дробную расліннасць прыбралі, атрымалася пляцоўка, прыдатная для любога мерапрыемства. Калі трэба, у гэтым месцы разгортваюць выязны гандаль, гаспадыні ладзяць выстаўкі свайго рукадзелля, прыносяць розныя прысмакі. Заадно можна ўнукам нагадаць, якія гістарычныя падзеі помніць вёска.

Воль­га Ці­ма­шэ­віч.

Вольга

Вядома, тых, хто мог бы расказаць пра Першую сусветную, даўно няма, а вось што перажылі жыхары ў Другую сусветную вайну, ведае не ад бацькоў нават, сама помніць Вольга Андрэеўна Цімашэвіч. Жанчыне пайшоў 91-ы год. Калі мы прыехалі да яе хаты па ціхай пустыннай вуліцы, убачылі, што бабулька задрамала на сонейку. Сядзела на лаўцы перад хатай, ды і прылегла. Баяліся нават спалохаць адразу. Але нічога, Вольга Андрэеўна хутка прачнулася, зразумела, што да яе госці, старшыню сельскага Савета Анатоля Шчурко пазнала. Ахвотна стала расказваць пра сваё жыццё.

Аказалася, што яна карэнная жыхарка Доўгай, нарадзілася і вырасла тут. Пайшла ў польскую школу ў канцы 30-х, скончыла першы клас, а потым цяжка захварэла.

— Завёз мяне брат у бальніцу ў Косава. Трэба было плаціць, за дзень бралі адзін злоты. Для сям'і гэта былі грошы, але ж мяне пралячылі, потым дома яшчэ доўга выходжвалі, болей у школу маці не пусціла, — згадвае пенсіянерка. — А як пачалася вайна, во тады ўсе загаравалі. Жылі і баяліся. Кругом лес, партызанка, многія сёлы папалілі. Аднойчы і нашу вёску спалілі. Праўда, усе людзі да гэтага паўцякалі ў лес, мусіць, нехта папярэдзіў. Узвялі там буданы, зямлянкі, так і пераседзелі ў партызанскім лагеры да лета 44-га года. А потым прыйшлі назад, зноў сталі нейкія часовыя буданы рабіць. Не адразу ж хаты паставілі, во колькі гаравалі мы.

...Вырасла, замуж пайшла. Сталі ў нас калгасы арганізоўваць, а ў мяне ўжо дзеці малыя, чацвёра, адзін за адным нарадзіліся. Раней у нас было шэсць гектараў зямлі і шэсць гектараў сенажаці. Зямлю забралі, хлеба няма, дзяцей карміць трэба. А ў калгасе спачатку за работу нічога не давалі, палачкі ставіў брыгадзір у сваім журнале. Вось мы і рашылі, што мой Рыгор паедзе на заработкі ў Расію. Ён і ездзіў, па паўгода быў, а то і больш. Грошай крыху прывозіў. А як яго няма, цяжка адной прыходзілася. Раз у агародзе пасадзіла бульбы трохі, літаральна пад вокнамі, дык прыехалі і зааралі яе, сказалі: «Твой гаспадар у калгас не ходзіць, дык не паложана вам». Я плакала па той бульбе колькі! Бо бывае, прыйдзеш з калгаса, а дзецям няма чаго на стол паставіць. Дык суседка мне на другую вясну дала мех бульбы пасадзіць, а яе зноў перааралі! Чаго толькі не было, і як мы толькі не гаравалі! Потым трошкі лепш стала, мой гаспадар вярнуўся, уладкаваўся працаваць на чыгунцы, у калгасе сталі нешта плаціць. Але час быў упушчаны, дзеці не атрымалі добрую адукацыю, вось пра што шкадую...

А цяпер мне стала добра жыць, пенсію плацяць, усяго хапае, толькі вось жыць ужо няма калі, разважае сталая жанчына.

Трое з чатырох дзяцей Вольгі Андрэеўны раз'ехаліся па свеце. Адна дачка жыве ў Цюмені, адна — у Маскве, сын у Мінску. Цюменская дачка зараз у Доўгай, прыехала даглядаць маму, бо Вольга Андрэеўна ходзіць з вялікай цяжкасцю, з двума кійкамі. І другія дзеці прыязджаюць. Яна толькі шкадуе, што вёска згасае — раней тут была ферма, працаваў магазін. Цяпер нічога няма, пастаянна жывуць некалькі пенсіянераў. Праўда, нядаўна пасялілася маладая сям'я, але Вольга Цімашэвіч лічыць, што яны часовыя жыхары, перабяруцца хутка ў больш люднае месца.

На­дзея Ва­сю­ціч.

Надзея

Да старэйшай жыхаркі вёскі часам зазірае цяперашняя стараста Надзея Васюціч. Надзея Іосіфаўна пераняла эстафету старасты ад мужа, які гэтым летам памёр. Мікалай Дзмітрыевіч быў хоць і ў гадах, але заставаўся да апошняга чалавекам неабыякавым. Іх з жонкай заслуга найперш у тым, што на вясковых могілках заўсёды падтрымліваўся ўзорны парадак. Вось і цяпер мы засталі Надзею Іосіфаўну з веласіпедам каля могілак. Яшчэ ў пачатку восені яна сама бензакасой абкасіла тэрыторыю. Сюды прыходзіць цяпер да сваіх родных — мужа і сына — ледзь не кожны дзень.

— Сын пацярпеў у арміі ад гэтай праклятай дзедаўшчыны, — расказвае жанчына, — прывезлі дамоў пасля года службы, адразу злёг. Праляжаў амаль 11 гадоў, потым памёр. А праз восем гадоў пасля сына ледзь не ў той жа дзень сышоў і мой Коля.

Надзея Іосіфаўна прыйшла сюды замуж з суседніх Рэчак, а яе Мікалай нарадзіўся ў 1944-м у партызанскім сямейным лагеры. «Бацькі яго падарвалі здароўе за час вайны, пакуль выжывалі з пяццю дзецьмі, таму рана паўміралі. Бацька памёр першы, і мая свякроўка сама з дзецьмі на руках будавала дом. Але ж паспела, дзяцей на вуліцы не пакінула, усе выраслі, выйшлі ў людзі, — працягвае яна. — Мой Мікалай 44 гады адпрацаваў у калгасе жывёлаводам, пасвіў скаціну. Тады не так пасвілі, як цяпер: для статка адведзеная культурная паша, тэрыторыя абгароджаная электрапастухом, яшчэ і вады падвязуць. А тады пасвілі на няўдобіцах, па лесе, а кароў многа, адказваеш за кожную галаву калгаснай жывёлы. Цяжкая работа была, але ж працавалі, дзяцей трэба было паднімаць, іх у нас чацвёра. Са сваім гаспадаром мы 45 гадоў пражылі, добра жылі, ён заўсёды разумеў мяне, дапамагаў ва ўсім. Так што я не магла пакінуць яго работу старасты, лічу, што нават у памяць пра яго павінна гэтым займацца. Ды і якая тут работа, колькі людзей засталося? Падтрымліваць у парадку могілкі. Ну і раз на год свята робім, каб сабраць усіх сваякоў, дзяцей, унукаў».

А днямі Надзея Іосіфаўна сабрала жанчын, каб прывесці ў парадак дом на краю вёскі. Старшыня сельвыканкама Анатоль Шчурко таксама быў, ён толькі што ўладкаваў усе фармальныя пытанні з гэтым нічыйным домам, і яго зрабілі грамадскім. За дзень прыбралі смецце, вымылі і вычысцілі пакоі, расставілі лаўкі. Цяпер будзе дзе чакаць аўтакраму, дзе сабрацца, калі прыязджаюць прадстаўнікі розных службаў. А яшчэ на святы ў Доўгае наведваюцца самадзейныя артысты — павіншаваць вяскоўцаў і паказаць, што маленькую вёску не забываюць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Грамадскі дом з краю

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».