Вы тут

Адкуль бярэцца Дабратворны агонь і з якой іконы ўсміхаецца Божая Маці


Аднойчы на вочы трапіла карцінка з Бібліяй і подпісам пад ёй: «Перад тым, як пачаць карыстацца жыццём, пачытай інструкцыю да яго». У Іерусаліме разумееш, што чытаць гэтую «інструкцыю» ў месцы яе паходжання прасцей. Раніцай, калі Віфлеем яшчэ толькі прачынаўся, мы ўжо былі на літургіі ў храме Раства Хрыстовага.


Ка­ло­на, з якой  у ХVІ ста­год­дзі  сы­шоў  Даб­ра­твор­ны агонь.

Калыска Хрыста

Дзве тысячы гадоў таму на яго месцы знаходзілася тая самая пячора, дзе і нарадзіўся Ісус Хрыстос. Менавіта сюды архангел Гаўрыіл прывёў пастухоў, каб яны маглі пакланіцца Богадзіцяці. Сюды спяшаліся вешчуны з дарамі, убачыўшы незвычайную зорку на ўзыходзе.

Першапачатковы храм у форме прамавугольнай базілікі з калонамі, вузкімі праходамі і алтарнай часткай над месцам нараджэння Хрыста ўзвяла яшчэ Святая Алена. А праз некалькі стагоддзяў імператар Юстыніян зрабіў гэты храм яшчэ шырэйшым. Тады ж у VІ стагоддзі тут з'явіліся роспісы і мазаікі на біблейскую тэму ў візантыйскім стылі. На жаль, сёння захавалася толькі частка гэтай прыгажосці. Нягледзячы на тое, што храм Раства Хрыстовага адзіны ў Ізраілі, які ніводнага разу не быў разбураны, ён заўсёды знаходзіўся ў цэнтры ваенных падзей. Калі казаць пра сённяшні перыяд, то гэта менавіта ў ім, у сакавіку 2002 года, баевікі некалькі тыдняў утрымлівалі ў якасці заложнікаў манахаў і мірных жыхароў. Зараз частка храма ў рыштаваннях. Тутэйшыя патрыярхаты прыйшлі да высновы, што пабудову трэба тэрмінова рамантаваць. І ЮНЕСКА іх у гэтым фінансава падтрымала.

Храм Раства Хрыстовага ўражвае сваімі памерамі. Гід Аляксандра звяртае нашу ўвагу на адну з калон з дзірачкамі ў выглядзе крыжа. Існуе гісторыя пра тое, што калісьці туркі спрабавалі ўехаць у храм на конях, але былі ганебна выгнаныя з яго роем пчол, якія нечакана вылецелі з калоны. Паломнікі спяшаюцца пакласці пальцы ў гэтыя дзірачкі і такім чынам атрымаць блаславенне.

У храме захоўваецца цудатворная ікона Віфлеемскай Божай Маці — адзіная ў свеце, дзе Багародзіца ўсміхаецца. Пад ківотам шмат дарагіх упрыгажэнняў — рэчавых пацвярджэнняў нечага ацалення. Непадалёк ад яе прыступкі, якія вядуць у тую самую пячору — месца нараджэння Хрыста. Яно пазначана на падлозе ў выглядзе Віфлеемскай зоркі з надпісам на латыні «Тут нарадзіўся Ісус Хрыстос ад Дзевы Марыі». Калі схіляешся над гэтым сакральным месцам, думкі ў галаве пачынаюць мітусіцца і штурхацца, быццам баяцца, што іх не пачуюць...

У чарзе на Галгофу

У Храм Уваскрэсення Хрыстовага мы едзем на Усяночную. Наш аўтобус ад'язджае ад гасцініцы ў 10 гадзін вечара. На вуліцы хоць вока выкалі. Тут наогул вельмі рана цямнее.

Богаслужэнне пачынаецца а 12-й гадзіне, але мы спяшаемся прыехаць раней, каб паспець да яго пачатку ў Кувуклію. Нас папярэджвалі, што народу будзе шмат і за права трапіць туды першым прыйдзецца пазмагацца. Мы пятляем у паўзмроку начнога старога горада і хутка спыняемся перад храмавымі варотамі. Яны адчыняцца аб адзінаццатай гадзіне, трэба чакаць. Але ж мы сапраўды першыя. Пакуль мы стаім пад масіўнымі дзвярыма, пачынаюць адкрывацца гандлёвыя палаткі. Тутэйшыя прадпрымальнікі добра ведаюць, калі і на чым можна падзарабіць. Свечкі, іконы, араматычны алей — на гэта тут заўсёды ёсць попыт. Гэта можна набыць і ў храме, але некаторым усё роўна, дзе купляць. Нехта з нашых, каб скараціць час чакання, ідзе паглядзець тавар. Неўзабаве пачынаюць прыбываць паломнікі, і хутка становіцца вельмі шматлюдна. Радуецца толькі прадпрымальнік, які ледзь паспявае абслугоўваць кліентаў.

Вароты адчыняюцца, і мы ў прамым сэнсе слова бяжым за нашым гідам, каб зноў быць першымі. Нас спрабуюць абагнаць іншыя, больш спрытныя. Трапіць у Кувуклію можна толькі да пачатку службы або пасля. Але народу столькі, што лепш гэта зрабіць зараз. Ёсць шанц дастаяцца. Можна ўявіць сабе, што тут адбываецца на Вялікдзень.

Пакуль стаю ў чарзе, пракручваю ў галаве ўсё тое, што расказвала пра пакаранне Хрыста Аляксандра. Думкі пераносяць на два тысячагоддзі назад, калі Іерусалім быў у поўным падпарадкаванні Рыма. Тут існаваў адзін з самых пакутлівых відаў пакарання — раскрыжоўванне. Прысуджаны павінен быў несці на сабе перакладзіну — 50 кілаграмаў. Да таго, як ён браў на свае плечы гэтую ношу, і ўвесь час, пакуль рухаўся да месца пакарання, з яго здзекаваліся і збівалі. Цвікі ў той час былі не танныя, але калі хацелі павялічыць пакуты чалавека, на гэтым не эканомілі. Іх убівалі таксама пад пятачную костку, каб асуджаны не мог сагнуць ногі. Гэта было вельмі пакутлівае, працяглае пакаранне. Чалавек паміраў гадзінамі і нават суткамі. Калі ён канаў, цела не здымалі і не хавалі. Яно вісела на крыжы, пакуль сонца не высушыць яго, а птушкі не выдзеўбуць вочы. Толькі потым скідвалі ўсё, што ад яго заставалася, у смеццевую яму.

Але Іосіф Арымафейскі, вучань Хрыста, той самы, у доме якога адбылася Тайная вячэра, не мог дапусціць, каб так абышліся з целам Хрыста. Па іўдзейскіх законах пахаванне трэба было правесці да заходу сонца. Калі Ісус памёр на крыжы, часу да таго, як наступіць субота, заставалася мала. Іосіф Арымафейскі не пабаяўся пайсці да Понція Пілата і выкупіць цела Хрыста. А яшчэ ён купіў свайму духоўнаму настаўніку асобнае месца для пахавання ў чужой пячоры. Занесці цела ў сямейную да захаду сонца не было магчымым.

А цяпер уключайце фантазію. Галгофа ў перакладзе з яўрэйскага — чэрап. Менавіта на чэрап і была падобная гэтая гара. Лобнае месца знаходзілася там, дзе адбываліся масавыя пакаранні. Зусім побач — на «пераносіцы» ляжаў камень, куды паклалі знятага з крыжа Хрыста, змазалі духмяным алеем і загарнулі ў ільняную тканіну. Гэты камень яшчэ 15 гадоў да самага свайго Успення Багародзіца змазвала духмяным алеем і абмывала сваімі слязамі. Камень памазання міратачыць да сённяшняга дня, ён знаходзіцца якраз насупраць увахода ў храм. З каменя цела пераносяць у пахавальную пячору, так званы «рот». Гэта тая самая Кувуклія — дзе адбыўся цуд Уваскрэсення Хрыста. Застаюцца «вачніцы». Іх функцыю на Галгофе выконвалі дзве смеццевыя ямы, куды скідвалі целы асуджаных.

Ге­ор­гій Пе­ра­ма­га­но­сец адзін  з уша­на­ва­ных свя­тых у Із­ра­і­лі.

Агонь, які не абпальвае

Што я адчула, калі трапіла ўнутр Кувукліі? Трапятанне. Гэта тут на Вялікдзень адбываецца цуд, які немагчыма растлумачыць з пункту гледжання навукі, — сам па сабе запальваецца Дабратворны агонь. Напярэдадні ў храме гасяць усе свечкі і лампады, а сама Кувуклія апячатваецца. Перад тым як зайсці ўнутр, Патрыярх здымае ўсё сваё аблачэнне да падрасніка, і паліцыя аглядае яго, каб ён не пранёс нічога накшталт запалак. Разам з Патрыярхам Іерусалімскім у Кувуклію ўваходзяць армянскі епіскап і грэчаскі архімандрыт. Але апошнія застаюцца ў прытворы Анёла, каб назіраць за дзеяннямі Патрыярха. Пакуль той моліцца, у храме цішыня. Раптоўна па сценах храма пачынаюць прабягаць маленькія бліскавіцы. І вось Патрыярх выносіць запаленыя свечкі. У Кувукліі ёсць круглыя адтуліны, праз якія таксама перадаюць дабратворны агонь. У першыя хвіліны ён не апякае, і ім нават можна ўмывацца.

Яшчэ адзін цуд, звязаны з Дабратворным агнём, — калона з вялікай расколінай на ўваходзе ў храм. Гэта памяць пра тое, як у ХVІ стагоддзі нябесны агонь упершыню сышоў не ў Кувукліі, а звонку храма. У той дзень Іерусалімскага Патрыярха з вернікамі наогул не пусцілі ўнутр храма і ён маліўся перад зачыненымі дзвярыма. Агонь пырснуў з калоны, і свечкі, якія трымаў Патрыярх у руках, запаліліся самі сабой. Сёння ў гэтую расколіну веруючыя кладуць паперкі са сваімі запаветнымі жаданнямі.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Іерусалім

Чытайце таксама:

Загаловак у газеце: Святыні зямлі Запаветнай

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Культура

Мір. Cляды літаратурныя

Мір. Cляды літаратурныя

У Беларусі ведаюць Мір — цяперашні гарадскі пасёлак, а раней старадаўняе мястэчка — як унікальны адрас гістарычнай памяці.

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.