Вы тут

Чаму кандыдаты падчас перадвыбарнай гонкі сыходзяць з дыстанцыі?


Рэгістрацыя аднаго з 560 зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты скасавана, некалькі кандыдатаў знялі свае кандыдатуры з далейшага ўдзелу ў выбарах. Такая інфармацыя прагучала ў відэазвароце старшыні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Лідзіі ЯРМОШЫНАЙ на сайце ЦВК.


Кандыдаты пакідаюць выбарчую гонку перш за ўсё таму, што некаторыя з іх не ведаюць усіх умоў, у якія ставіць грамадзяніна яго становішча зарэгістраванага кандыдата.

«Неабходнасць сысці ў водпуск — сацыяльны ці чарговы — паколькі на працягу месяца да дня выбараў кандыдат у дэпутаты мусіць знаходзіцца па-за месцам работы. Выключэнне — старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі». Лідзія Ярмошына растлумачыла, што некаторыя кандыдаты не былі гатовыя выконваць такое патрабаванне, не хочуць пакідаць рабочае месца і знімаюцца з рэгістрацыі.

«Тым не менш спадзяюся, што большая частка пройдзе ўвесь гэты шлях і іх прозвішчы будуць уключаны ў бюлетэні для галасавання. Ужо больш за 55 працэнтаў кандыдатаў — больш за трыста — адкрылі фінансавыя рахункі для пералічэння сродкаў у асабістыя выбарчыя фонды», — дадала старшыня Цэнтрвыбаркама.

Максімальны памер кожнага фонду не павінен перавышаць тысячы базавых велічынь, што складае 25 500 рублёў. Мінімальны памер узносаў неабмежаваны: грамадзяне могуць уносіць у выбарчы фонд кандыдата не больш за пяць базавых велічынь, а арганізацыі і юрыдычныя асобы — не больш за дзесяць. Фонд цалкам альбо часткова можа быць утвораны самім прэтэндэнтам на месца ў парламенце.

Сродкі фонду накіроўваюцца перш за ўсё на стварэнне друкаванай прадукцыі, набыццё дадатковага эфірнага часу і газетнай плошчы, аплату іншых рэкламных мерапрыемстваў. Раздача падарункаў альбо матэрыяльных каштоўнасцяў падчас перадвыбарных мерапрыемстваў забаронена, падкрэсліла кіраўнік камісіі.

Па яе словах, частка кандыдатаў падала заявы на правядзенне грамадска-масавых мерапрыемстваў. Больш за ўсё ахвотных правесці мерапрыемства на адкрытым паветры — у Мінску, Гомельскай і Гродзенскай абласцях. А вось у Магілёўскай, нягледзячы на «конкурс» пяць чалавек на месца, — толькі адна заяўка. Праўда, адразу на 130 мерапрыемстваў. Малаактыўныя пакуль і кандыдаты ў дэпутаты на тэрыторыі Віцебскай вобласці.

«Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца на вуліцах, адбываюцца дастаткова свабодна. Кандыдаты ў дэпутаты проста даводзяць да ведама мясцовых уладаў, дзе і калі будуць праводзіць мерапрыемства. Як правіла, месцы заяўляюцца як «рэзерв», як магчымасць праводзіць там пікеты ці сустрэчы з выбаршчыкамі», — адзначыла Лідзія Ярмошына. Запрасіць выбаршчыкаў на «спатканне» кандыдаты могуць з дапамогай сацыяльных сетак і друкаванай прадукцыі.

Тым часам сустрэчы ў закрытых памяшканнях больш за ўсё плануюць прэтэндэнты на дэпутацкі мандат ад Мінскай і Гродзенскай абласцей. Інфармацыя аб гэтых сустрэчах павінна даводзіцца да ведама выбаршчыкаў акруговымі выбарчымі камісіямі, у сродках масавай інфармацыі ці на сайтах мясцовых органаў улады, праз аб'явы на інфармацыйных дошках.

Запрашэнні на выбары і інфармацыйныя матэрыялы выбаршчыкі атрымаюць 7 лістапада, за дзесяць дзён да выбараў. Перыяд датэрміновага галасавання пачнецца 12 лістапада. Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на нядзелю, 17 лістапада.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.