Вы тут

Атрымаць новую спецыяльнасць праз тры месяцы. Беспрацоўным дзяржава прапануе перанавучанне


Як і дзе можна прайсці прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павысіць сваю кваліфікацыю або асвоіць адукацыйныя праграмы навучальных курсаў? Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі, прысвечанай прафесійнай падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы беспрацоўных грамадзян, на сайце БелТА расказалі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Мінгарвыканкама.


Якога роду прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі могуць прайсці беспрацоўныя грамадзяне?

Алег Лісейчыкаў:

— Беспрацоўныя могуць прайсці перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі на базе Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Напрыклад, у нас можна атрымаць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм», «лагістыка», «бухгалтарскі ўлік і кантроль у прамысловасці», «псіхалогія».

З менш складаных прафесій дапамагаем атрымаць навыкі адміністратара, сакратара, калькулятара і кладаўшчыка. Навучаем па спецыяльнасцях «аўтаматызацыя бухгалтарскага ўліку з выкарыстаннем праграмы «1С: Бухгалтэрыя», «офісныя інтэрнэт-тэхналогіі» і іншых.

Спіс спецыяльнасцяў, запатрабаваных на рынку працы, складае камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

Алег Токун:

— У цэлым па краіне беспрацоўныя могуць прайсці перанавучанне больш чым па 100 прафесіях. Прычым каля 20 % з іх — гэта інтэграваныя прафесіі, калі чалавек адначасова атрымлівае дзве і больш спецыяльнасці — напрыклад сакратара і інспектара аддзела кадраў. Як правіла, гэта больш распаўсюджана ў рабочых прафесіях: тынкоўшчык-маляр, абліцоўшчык-плітачнік.

Якія віды перападрыхтоўкі, навучання прапануюць мінскія гарадскія службы занятасці?

Таццяна Кудзевіч:

— Мы навучаем больш чым па 30 прафесіях і спецыяльнасцях. Добра супрацоўнічаем з Мінскім метрапалітэнам, «Мінсктрансам». Рыхтуем для горада кіроўцаў тралейбусаў, трамваяў, машыністаў электрацягнікоў, кантралёраў-касіраў і прадаўцоў, кухараў, кандытараў, цырульнікаў. Дарэчы, апошняя група цырульнікаў цалкам вучылася па замове наймальнікаў з гарантаваным працаўладкаваннем.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі на канец верасня склаў 0,3 %. На 1 кастрычніка на ўліку ў якасці беспрацоўных знаходзілася крыху больш за 11 тысяч чалавек.

У Мінску запатрабаваныя спецыялісты ў сферах будаўніцтва, прамысловасці, транспарту, гандлю. З'явілася і новая прафесія, па якой праводзіцца навучанне, — матарыст газонакасілкі.

Самая галоўная наша праблема — калі беспрацоўныя адмаўляюцца ад прапанаванага гарантаванага працаўладкавання. Пасля курсаў або перападрыхтоўкі ім выдаюцца дакументы аб адукацыі. Пасля гэтага яны прыходзяць да нас або самастойна займаюцца пошукам работы.

Якую рабочую спецыяльнасць лепш абраць? Дзе назіраецца недахоп кадраў?

Алена Дакукіна:

— На гэты момант попытам карыстаюцца швачкі, прадаўцы, кухары, трактарысты. У сельскай мясцовасці таксама запатрабаваны муляры, жывёлаводы і электрагазазваршчыкі. Пры гэтым рынак працы і запатрабаваныя прафесіі трохі адрозніваюцца ў залежнасці ад абласцей. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці запатрабаваная ўнікальная для краіны прафесія — грыбавод (штучнае вырошчванне грыбоў). У Гомельскай і Гродзенскай абласцях больш за ўсё патрэбныя муляры, у Гродзенскай — машыністы кацельні, у Магілёўскай — электрагазазваршчыкі, у Мінску — слесары механазборачных работ.

Больш за чатыры тысячы беспрацоўных было накіравана на перанавучанне за студзень — верасень гэтага года.

Куды трэба звяртацца, каб прайсці перакваліфікацыю або перападрыхтоўку?

Алег Токун:

— Перш за ўсё грамадзянін павінен звярнуцца ў службу занятасці па месцы свайго пастаяннага жыхарства. Там ён можа разлічваць на кансультацыю, якія прафесіі запатрабаваныя ў той мясцовасці, дзе ён пражывае, а таксама атрымаць інфармацыю, якія курсы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі магчыма прайсці ў найбліжэйшы час. Можна не прыходзіць у службу занятасці, а скарыстацца інфармацыйнымі рэсурсамі на нашым партале дзяржаўнай службы занятасці альбо на старонцы канкрэтнай службы занятасці па месцы жыхарства.

Таццяна Кудзевіч:

— У нас у Мінску грамадзяне могуць звярнуцца ва ўпраўленне занятасці насельніцтва. Мы арыентуем грамадзян на запатрабаваныя прафесіі і спецыяльнасці, па якіх неабходна навучацца. На сайце камітэта размешчаны пералік прафесій і спецыяльнасцяў, па якіх мы праводзім навучанне: іх больш за 30. Па 13 прафесіях і спецыяльнасцях у нас беспрацоўныя ўжо прайшлі навучанне. Кожны другі з іх навучаўся з гарантаваным працаўладкаваннем.

Колькі часу зойме прафесійнае навучанне беспрацоўных? У якім фармаце арганізавана вучоба?

Алена Дакукіна:

— У цэлым яна можа доўжыцца да года. Але мы разумеем, што трэба значна хутчэй вярнуць беспрацоўнага на рынак працы. Чым больш аператыўна гэта адбудзецца, тым больш шанцаў, што ён працаўладкуецца і знойдзе сябе. Максімальна стараемся паскорыць працэс — навучанне займае ў сярэднім не больш за тры месяцы. Такі ж перыяд вытрыманы і пры працаўладкаванні беспрацоўнага — не больш за тры месяцы. Аплата навучання не перавышае Br300 у сярэднім на аднаго беспрацоўнага. Улічваюцца індывідуальныя асаблівасці і тэрытарыяльны разрэз: хто патрэбны. Асноўны акцэнт — на патрэбы наймальніка. А арыенцір — не проста навучанне беспрацоўных, а навучанне пад заказ. Гэта гарантуе стапрацэнтнае працаўладкаванне.

Алег Лісейчыкаў:

— Па асобных прафесіях рабочых і служачых тэрміны падрыхтоўкі не перавышаюць трох месяцаў. Пры перападрыхтоўцы спецыялістаў на базе вышэйшай адукацыі, калі адбіраюцца людзі пад тую ці іншую групу спецыяльнасцяў, адукацыйны працэс доўжыцца ад сямі да дзесяці месяцаў — гэта вочная форма навучання. Традыцыйна штогод у нас навучаецца ад дзвюх да трох груп спецыялістаў па адукацыйных праграмах перападрыхтоўкі. Найбольш распаўсюджаныя спецыяльнасці праграмістаў, эканамістаў, бухгалтараў і спецыялістаў па лагістыцы.

Ці залічваецца гэты перыяд у агульны працоўны стаж?

Алег Токун:

— Перыяд навучання залічваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб пенсійным забеспячэнні ў агульны працоўны стаж.

Хто мае права ў прыярытэтным парадку прайсці прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі?

Алег Токун:

— У першую чаргу мы прапануем атрымаць прафесію тым, у каго яе няма (гэта моладзь, людзі з абмежаванымі магчымасцямі), а таксама тым, хто ажыццяўляў догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, — каб аднавіцца на рынку працы. Гэта асноўныя катэгорыі грамадзян, якім мы аддаём прыярытэт. Прыблізна палова з тых, хто праходзіць навучанне, — моладзь ва ўзросце да 30 гадоў.

Дзе праходзіць навучанне беспрацоўных? Хто плаціць за навучанне?

Алег Токун:

— Як правіла, сёння навучанне праводзіцца па месцы жыхарства грамадзяніна — у райцэнтры, горадзе. Хоць ёсць, вядома, выпадкі, калі навучанне можа праходзіць і не па месцы жыхарства. Напрыклад, цяпер у Оршы набрана група для навучання спецыяльнасці «слесар рухомага саставу», а заняткі праходзяць у Гомелі, дзе ёсць навучальная ўстанова па падрыхтоўцы такіх спецыялістаў.

Цяпер мы арыентуем усе нашы тэрытарыяльныя органы на тое, каб не проста навучаць беспрацоўных. Пачынаючы навучанне, грамадзяне павінны ведаць, куды пойдуць працаваць. У цяперашні час сітуацыя па краіне такая, што крыху больш за 60 % тых, хто праходзіць навучанне, ажыццяўляюць гэта па замове наймальніка і ведаюць, дзе яны будуць потым працаваць. Напрыклад, у Мінску па такой схеме навучаюць машыністаў электрацягніка па дамове з метрапалітэнам, у Магілёве і Брэсце — кіроўцаў тралейбусаў. Распаўсюджана практыка падрыхтоўкі пад заказ наймальніка прадаўцоў, аператараў паштовай сувязі, кухараў, машыністаў кацельні — спектр прафесій шырокі. У далейшым будзем імкнуцца да 100 % навучання па заяўках наймальнікаў.

Плаціць за навучанне мясцовая служба занятасці. У перыяд навучання беспрацоўнаму выплачваецца стыпендыя, могуць быць кампенсаваныя выдаткі на праезд і пражыванне, калі навучанне праходзіць не па месцы жыхарства.

Ці ёсць магчымасць у грамадзян, якія не стаяць на ўліку ў службе занятасці, але жадаюць знайсці работу або змяніць яе, прайсці перанавучанне? Куды ім звяртацца?

Алег Токун:

— У адпаведнасці з заканадаўствам аб занятасці насельніцтва, права на праходжанне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі ці павышэнне кваліфікацыі маюць зарэгістраваныя беспрацоўныя, іншымі словамі, тыя, хто стаіць на ўліку. Ёсць яшчэ адна катэгорыя — гэта грамадзяне, якія ажыццяўлялі догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Яны не могуць быць зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных, але маюць права прайсці перападрыхтоўку на тых жа ўмовах, што і беспрацоўныя. Астатнім катэгорыям грамадзян мы можам дапамагчы, аказваючы кансультацыйныя паслугі, калі яны не хочуць рэгістравацца беспрацоўнымі, і інфармацыйныя.

Ці можна пенсіянеру прайсці перанавучанне ў службе занятасці для далейшага працаўладкавання?

Алег Токун:

— Пытанне заключаецца ў тым, каго мы маем на ўвазе, калі кажам пра пенсіянераў. Калі чалавеку прызначаная пенсія і ён яе атрымлівае, то ў гэтым выпадку ён не можа зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага і не мае права на бясплатнае перанавучанне. Калі ж мы гаворым пра людзей, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, але не атрымліваюць пенсію, то мы можам іх зарэгістраваць беспрацоўнымі і накіраваць на курсы. Хачу сказаць, што апошнім часам грамадзяне старэйшых узростаў усё больш інтэнсіўна выказваюць жаданне атрымаць новую прафесію.

Алег Лісейчыкаў:

— Бывае, што ў групах, якія фарміруюцца па накіраванні органаў сацабароны для атрымання прафесіі альбо спецыяльнасці, людзі навучаюцца ў прыватным парадку на камерцыйнай аснове. Як правіла, такіх у групах налічваецца да трох чалавек, навучаюцца ў тым ліку і пенсіянеры. Дарэчы, мы праводзілі даследаванне ў 2016-2017 гадах у групах па навучанні прадпрымальніцкай дзейнасці. Дык вось, доля старэйшых за 45 гадоў сярод навучэнцаў склала 26 %. Як паказваюць практыка і даследаванні замежных навукоўцаў, менавіта гэтая катэгорыя і ўтрымліваецца на рынку працы, калі арганізоўвае ўласную справу.

Як звычайна ўладкоўваюць на работу тых, хто прайшоў перападрыхтоўку? Ці могуць мне гарантаваць працаўладкаванне?

Алег Токун:

— Як ужо было сказана, у цяперашні час сітуацыя па краіне такая, што крыху больш за 60 % тых, хто праходзіць навучанне, ажыццяўляюць гэта па замове наймальніка і ведаюць, куды яны пойдуць працаваць. Астатнія 40 % беспрацоўных маюць права звярнуцца пасля праходжання навучання зноў да нас у службу занятасці. Як паказвае практыка, амаль 90 % з іх досыць хутка працаўладкоўваюцца па атрыманай спецыяльнасці.

У анлайн-канферэнцыі ўдзельнічалі:

  • начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун.
  • Начальнік аддзела рынку працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Дакукіна.
  • Рэктар Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Алег Лісейчыкаў.
  • Начальнік упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна Кудзевіч.

Падрыхтавала Святлана Бусько

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».