Вы тут

Што хвалюе жыхароў Бялыніч?


На прыём грамадзян да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалая Снапкова ў Бялынічы запісалася шматдзетная сям'я з Віцебскай вобласці, якая апынулася ў безвыходнай сітуацыі.


Сям'я ў літаральным сэнсе можа апынуцца на вуліцы, бо жыллё, якое яна здымае, чужое, і яго трэба вызваліць да 1 лістапада, а рэканструкцыя свайго дома яшчэ не завершана. Справа зайшла ў тупік, паколькі выдзеленыя грошы на рэканструкцыю скончыліся, а сваіх няма. Муж працуе грузчыкам, а жонка ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Думалі крэдыт узяць, але ж няма з чаго яго выплачваць. У сям'і шасцёра дзяцей, пяцёра — непаўналетнія. А ўсяго ў сям'і выхоўвалася восем дзяцей, у тым ліку чацвёра чужых.

Сям'я гатова перасяліцца нават у недабудаваны дом, але ж там нават няма ацяплення. У райвыканкаме пытанне не вырашаюць. Сітуацыя, ледзь не плакала жанчына, безвыходная, таму яна і прыехала прасіць аб дапамозе вышэйшую ўладу. Мікалай Снапкоў уважліва выслухаў жанчыну і даў наступныя даручэнні — мясцовым уладам забяспечыць сям'ю часовым жыллём на перыяд правядзення рамонту, а старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву — праявіць ініцыятыву і хадайнічаць перад Прэзідэнтам аб павелічэнні субсідыі для сям'і да поўнага кошту рэканструкцыі дома.

— Падтрымка шматдзетных сем'яў — прыярытэтная задача дзяржавы, — падкрэсліў ён. — Падобны выпадак не адзінкавы. І іх трэба кропкава вырашаць, пакуль ва ўрадзе прапрацоўваюцца падыходы для больш маштабнай падтрымкі такіх сем'яў.

Наогул, з дзесяці заяўнікоў, якія запісаліся на прыём да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, толькі двое з'яўляліся жыхарамі Бялыніцкага раёна.

Для заяўніцы з бялыніцкага аграгарадка Цяхцін у катэгорыю невырашальных трапілі два пытанні — адно датычылася працаўладкавання, другое — добраўпарадкавання мясцовай дарогі. Пясок з яе пастаянна змываецца ў двор жанчыны, прычым у вялікай колькасці. Яна прыйшла на прыём з фотаздымкамі, каб паказаць, як гэта выглядае. І сцвярджала, што пясок цягае на сметнік мяхамі. Мікалай Снапкоў даў даручэнне мясцовым камунальным службам пачысціць трубу і кантраляваць, каб пясок там не назапашваўся. Што датычыцца другога пытання, то тут крыху складаней. Тыя месцы работы, якія жанчыне прапануюць, яе не задавальняюць. І так ужо дзевяць гадоў. Або рабочае месца не задавальняе, або знаходзіцца далёка ад месца пражывання. Ёсць, напрыклад, работа ў Бялынічах, але ад аграгарадка Цяхцін да райцэнтра амаль 20 кіламетраў. Жанчына даглядае састарэлую маці і не жадае далёка ад'язджаць ад дому. Мясцовым органам улады даручана падшукаць жанчыне ў найбліжэйшы час работу, якая задаволіць яе цалкам.

Настаяцель царквы ў гонар іконы Бялыніцкай Божай Маці протаіерэй Сяргей Маслаў запісаўся на прыём, каб пахадайнічаць аб выдзяленні дапамогі на ўзвядзенне капліцы і добраўпарадкаванне Ільінскай гары ў Бялынічах да Дня беларускага пісьменства, які адбудзецца ў гэтым населеным пункце налета.

Палова заяўнікаў, як высветлілася, ужо раней звярталіся са сваімі пытаннямі да намесніка кіраўніка Адміністрацыі. У іх ліку і маладая жанчына з Мінска. Летась яна была на прыёме ў Мікалая Снапкова з нагоды выдзялення ёй з непаўналетнім сынам жылой плошчы ў інтэрнаце. Пакой выдзелены, але яе не задавальняе яго маленькая плошча і якасць. Жанчына працуе ў сістэме ЖКГ, дзе ёсць ведамаснае жыллё, якое ёй падабаецца. Але яе чамусьці не жадаюць туды перасяляць. Мінчанка спадзяецца, што намеснік кіраўніка Адміністрацыі дапаможа вырашыць пытанне.

Намесніка дырэктара адной з мінскіх будаўнічых фірмаў хвалявала пытанне рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве ў раёне плошчы Бангалор у сталіцы шматфункцыянальнага комплексу. Дакументы знаходзяцца на разглядзе ў Мінскім гарвыканкаме і Адміністрацыі Прэзідэнта, але адказу няма.

З падобным пытаннем звярнуўся і кіраўнік будаўнічай фірмы з горада Горкі Магілёўскай вобласці. Летась было прынята рашэнне Мінскага аблвыканкама аб прыпыненні будаўніцтва вытворчай базы ў Заслаўі. Але будаўнікі з гэтым не згодныя.

Дзве жанчыны прыехалі з Брэста, спадзеючыся, што ім дапамогуць вырашыць праблему з узаконьваннем самавольных пабудоў на тэрыторыі іх домаўладанняў. Яны былі пабудаваныя яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Але нават суд не расставіў кропкі над «і».

Усе пытанні былі ўважліва выслуханыя і ўзятыя на кантроль. Па кожным з іх будуць прынятыя меры ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Культура

Мір. Cляды літаратурныя

Мір. Cляды літаратурныя

У Беларусі ведаюць Мір — цяперашні гарадскі пасёлак, а раней старадаўняе мястэчка — як унікальны адрас гістарычнай памяці.

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.