Вы тут

Перспектыва бачыцца спрыяльнай


У Ерэване прайшло пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, у якім прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Фота president.gov.by

Варта заўважыць, што нядаўні саміт быў адметны двума момантамі. Па-першае, у ім прынялі ўдзел Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон як кіраўнік дзяржавы — назіральніцы ў саюзе, а Прэзідэнт Ірана Хасан Рухані з прэм’ер-міністрам Сінгапура Лі Сянь Лунам — у якасці ганаровых гасцей. Паміж Сінгапурам і ЕАЭС пры гэтым заключана пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю. Другі важны момант: у наступным годзе да Беларусі пераходзіць старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Выступаючы з трыбуны саміту, найважнейшым для будучага саюза Аляксандр Лукашэнка назваў перш за ўсё далейшую ліквідацыю бар’ераў унутры ЕАЭС:

— Бар,ераў у саюзе і так дастаткова. Асабліва насцярожвае, калі яны ўводзяцца ў такіх сферах, як, напрыклад, дзяржзакупкі. Прыйшоў час кіраўнікам дзяржаў разгледзець набалелую тэму і прыняць палітычнае рашэнне.

Прэзідэнт Беларусі заклікаў калегаў шырока паглядзець на развіццё гэтага інтэграцыйнага аб’яднання:

— ЕАЭС — вельмі маладое аб’яднанне. У яго развіццё трэба ўкласці яшчэ шмат сіл і сродкаў, каб не пазней за 2025 год або нават раней стварыць усёабдымны і эфектыўны эканамічны саюз, пабудаваць адзіныя рынкі, сфармаваць адзіныя галіновыя палітыкі і рэалізаваць палажэнні Дагавора аб ЕАЭС.

Яшчэ адзін з вынікаў мінулага саміту ў тым, што кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі Канцэпцыю фармавання агульнага фінансавага рынку. Тым самым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, закладзена аснова для забеспячэння свабоднага руху капіталу і паслуг. Ён адзначыў, што арганізацыя такога рынку павінна быць звязана з лічбавізацыяй: гэта дазволіць развіваць перадавыя фінансавыя тэхналогіі ды зрабіць больш даступным увесь спектр падобных паслуг.

— Нам, безумоўна, будзе карысны ўзаемны абмен досведам у гэтай галіне, — упэўнены Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у ЕАЭС нямала зроблена для лічбавай трансфармацыі эканомікі, стварэння экасістэм для такіх сектараў як гандаль, прамысловая кааперацыя, развіццё транспартных калідораў, занятасць, а таксама для забеспячэння нагляду за рухам тавараў.

— Гэты напрамак набірае абароты, і пара яго ўпарадкаваць, дапоўніць адпаведнымі нормамі дагавор аб саюзе. Адначасова трэба звярнуць увагу на пытанні інфармацыйнай бяспекі, выпрацаваць адзіныя стандарты і фарматы ўзаемадзеяння, — падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Што датычыцца агульнага прызнання электронных лічбавых подпісаў на прасторы саюза, то праблему, дадаў Аляксандр Лукашэнка, варта было ўрэгуляваць ужо даўно. Інакш, адзначыў ён, немагчыма весці гаворку пра лічбавую будучыню. Узгодненая кіраўнікамі дзяржаў канцэпцыя адлюстроўвае мэты, прынцыпы, этапы, крытэрыі і асноўныя напрамкі фармавання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС. Краіны павінны будуць да 2025 года ўзгадніць падыходы да ўзаемнага прызнання ліцэнзій у банкаўскім і страхавым сектарах, а таксама да трансгранічнай пастаўкі фінансавых паслуг у сектары рынку каштоўных папер. У канцэпцыі адзначаецца, што ў адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС павінен быць сфармаваны наднацыянальны орган па рэгуляванні фінансавага рынку. Пры тым яго праца будзе вызначацца асобным дагаворам. Магчыма, лічыць Прэзідэнт Беларусі, у гэтым кантэксце варта ўзмацніць кампетэнцыю Еўразійскай эканамічнай камісіі і Суда ЕАЭС.

У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы закрануў і міжнародны парадак дня ЕАЭС: яго варта пашыраць.

— Трэба надаць асаблівую ўвагу краінам «далёкай дугі», дзе нашы тавары і паслугі пакуль яшчэ мала вядомыя. Прапануем Еўразійскаму банку развіцця падключыцца да гэтага кірунку. Нашым нацыянальным банкам развіцця ды іншым фінансавым установам таксама варта пашукаць формы для больш шчыльнага ўзаемадзеяння як унутры саюза, так і на знешнім контуры. Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў развіццё супрацоўніцтва ЕАЭС з трэцімі краінамі, у тым ліку распрацоўку часовага пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з Іранам, якое ўступіць у сілу ў кастрычніку, і пакета пагадненняў з Сінгапурам.

— Вашы краіны для нас з’яўляюцца вельмі значнымі партнёрамі, а патэнцыял для нарошчвання эканамічных сувязяў велізарны. Замацаваўшы рэжым прэферэнцый, важна падштурхнуць бізнес і ўрады да больш планамернага ўзаемадзеяння, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных на пасяджэнні Прэзідэнта Ірана і прэм’ер-міністра Сінгапура.

Прэзідэнт таксама з задавальненнем адзначыў гатоўнасць да заключэння дагавора аб свабодным гандлі з Сербіяй і нагадаў, што ў кастрычніку ўступае ў сілу Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем. У чэрвені ЕАЭС і КНР, каб паскорыць праходжанне грузаў праз свае межы, дамовіліся абменьвацца папярэдняй інфармацыяй пра тавары і транспартныя сродкі міжнароднай перавозкі, што перамяшчаюцца праз мытні.

— Камісіі варта прапрацаваць аналагічнае пагадненне з Еўрапейскім саюзам, каб зрабіць сухапутны шлях з Кітая ў Еўропу праз нашы краіны найбольш прывабным, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што сур’ёзна актывізавалася ўзаемадзеянне ЕАЭС з Садружнасцю Незалежных Дзяржаў, Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва і Асацыяцыяй дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі. На думку Кіраўніка дзяржавы, у інтэграцыйных аб’яднанняў ёсць агульныя інтарэсы ў сферах транспарту, прамысловай кааперацыі, лічбавізацыі. Пасля таго, як Мінск прыме старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе, прадстаўнік Беларусі ўзначаліць Калегію ЕЭК. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіна рыхтуецца да гэтага перыяду з усёй сур’ёзнасцю.

Відавочна, што ў перыяд старшынства ў ЕАЭС Мінск будзе ініцыяваць вырашэнне шэрагу адчувальных пытанняў.

Пошліны не павінны быць перашкодай

Праца па пераглядзе нарматываў вядзецца з 2017 года, кожная краіна адстойвае найбольш выгадны для сябе варыянт. Гэтыя пытанні неаднаразова абмяркоўваліся на пасяджэннях Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі, Еўразійскага міжурадавага савета і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Аднак пакуль краінам удалося толькі зблізіць падыходы да вызначэння методыкі разліку нарматываў размеркавання. Цяпер нарматывы размеркавання сум увазных мытных пошлін устаноўлены ў наступных памерах: Арменія — 1,22 %, Беларусь — 4,56 %, Казахстан — 7,055 %, Кыргызстан — 1,9 %, Расія — 85,265 %. Яны дзейнічаюць да канца гэтага года. Чаму Беларусь прапануе пералічыць нарматывы? Па-першае, у жніўні 2018 года перастаў дзейнічаць нарматыў для Кыргызстана, усталяваны падчас яго далучэння да ЕАЭС. Нарматыў для яго вызначаўся без разлікаў, каб эканоміка краіны хутчэй адаптавалася да сяброўства ў саюзе. Пазней нарматывы для Кыргызстана працягнулі да канца 2019 года: да гэтага тэрміну дзяржавы ЕАЭС планавалі выпрацаваць агульныя падыходы. Аднак дагэтуль краіны не вызначыліся, за які перыяд трэба разлічваць нарматывы размеркавання мытных пошлін. Апошняе абмеркаванне адбылося 9 жніўня на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета. Партнёры Беларусі папярэдне пагадзіліся павялічыць нарматыў для яе на 0,3 адсоткавага пункта — да 4,86 %. У такім выпадку даходы беларускага бюджэту ўзрастуць на 37 млн долараў штогод. Канчатковае рашэнне застаецца за кіраўнікамі дзяржаў. Калі краіны не прыйдуць да кансэнсусу, механізм размеркавання ўвазных мытных пошлін будзе дзейнічаць у дачыненні да імпарту чатырох краін ЕАЭС без удзелу Кыргызстана. Тады нарматыў для Беларусі складзе 4,65 %.

Абыйсціся без выключэнняў і абмежаванняў

Усяго ў Еўразійскім эканамічным саюзе зафіксавана 52 выключэнні і абмежаванні. Беларусь змагаецца з імі ўжо не адзін год, аднак, нягледзячы на прынятую «дарожную карту», атрымалася ліквідаваць толькі адно выключэнне. Акрамя таго, расце колькасць бар’ераў — іх ужо 19. Беларусь настойліва прасоўвае разгляд на чарговым саміце адмены бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў. У Мінску лічаць, што трэба правесці рэвізію выкананых і нявыкананых дамоўленасцяў, дасягнутых пры падпісанні Дамовы аб ЕАЭС.

Гандаль без бар’ераў

Характэрна, што з неабходнасцю ліквідацыі перашкод у гандлі пагаджаюцца ўсе нашы партнёры па ЕАЭС. Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, адзначыўшы, што перад аб’яднаннем стаяць новыя маштабныя задачы, і асаблівую ўвагу трэба надаць сістэмнай працы па ліквідацыі бар’ераў ва ўзаемным гандлі таварамі ды паслугамі. Ва ўнісон прагучала і выступленне Прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева. Ён канстатаваў скарачэнне экспарту Казахстана ў краіны ЕАЭС:

— Вядома, у гэтым ёсць і аб’ектыўныя эканамічныя прычыны, але наяўнасць адміністрацыйных бар’ераў мы таксама не спісваем з рахункаў. У складаных глабальных умовах нам вельмі важна падтрымаць устойлівы эканамічны рост нашых дзяржаў. Гэта магчыма толькі за кошт рэальнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, інтэграцыі ды кааперацыі. Касым-Жамарт Такаеў заклікаў працягнуць ліквідацыю бар’ераў на агульным унутраным рынку:

— Гэтую тэму мы неаднаразова абмяркоўвалі, прысвяцілі гэтаму пытанню значную частку пасяджэння ў вузкім фармаце. Мы стварылі неабходную нарматыўную базу для свабоднага гандлю. Гэта поспех. Але на практыцы жаданне абараніць пазіцыі сваіх таваравытворцаў на нацыянальных рынках у асобных выпадках пераважае над мэтамі ды задачамі інтэграцыі… Пагаршае сітуацыю тое, што ўвядзенне абмежаванняў падрабязна асвятляецца ў СМІ дзяржаў-членаў, тым самым выклікаючы недавер да інтэграцыі, а, можа, і яе дыскрэдытацыю. Такая практыка непрымальная і супярэчыць прынцыпам нашай інтэграцыі, якая патрабуе да сябе асаблівых, беражлівых адносін.

На палях саміту

Буйныя міждзяржаўныя мерапрыемствы — яшчэ і добрая нагода для плённых двухбаковых кантактаў. Аляксандр Лукашэнка ў Ерэване правёў сустрэчу з казахстанскім калегам Касымам-Жамартам Такаевым. У гэтай гутарцы ён адзначыў:

— Мы нацэлены на сур’ёзнае паглыбленне нашых адносін. Мы ўнеслі шэраг прапаноў не толькі па гандлі «тонкімі» таварамі паміж нашымі краінамі, але і прапановы па ўваходжанні вашай краіны ў акцыянерны капітал нашых найбуйнейшых кампаній, якія па сваёй велічыні знаходзяцца ў топе вядучых у свеце. Гэта сведчыць пра тое, што мы вельмі давяраем вам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы разлічвае, што візіт у Казахстан, які адбудзецца, пакладзе пачатак новаму этапу ў двухбаковым супрацоўніцтве.

— Я вельмі ўдзячны вам за сённяшняе супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС: мы выступаем з адзінымі пазіцыямі. У Казахстана вельмі канструктыўная пазіцыя, яна і нам шмат пра што кажа. Таму мы поўныя рашучасці развіваць наша супрацоўніцтва, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі з вялікай увагай сочаць за працай Касыма-Жамарта Такаева і яго станаўленнем на прэзідэнцкай пасадзе, хоць досведу палітыку не займаць.

— Гэта вялікая каштоўнасць, што нам не трэба пачынаць з нуля: мы ўжо ведаем трохі адзін аднаго і сустракаліся да таго, як вы пачалі працаваць Прэзідэнтам, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнікі дзяржаў падчас сустрэчы адзначылі, што сусветны гандаль у будучыні перажыве крызіс, для многіх краін наступяць няпростыя часы.

— Але разам мы іх пераадолеем з найменшымі стратамі. Мы на гэта нацэлены, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Касым-Жамарт Такаеў звярнуў увагу, што даўно назірае за працай Аляксандра Лукашэнкі, назваўшы Кіраўніка беларускай дзяржавы «самым дасведчаным» на прасторы ЕАЭС:

— Мы чакаем вас з афіцыйным візітам, сур’ёзна рыхтуемся. Адносіны паміж нашымі дзяржавамі, без усялякага перабольшання і чырвонага слоўца, носяць стратэгічны характар, — падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана. Ён дадаў, што ў яго краіне асабліва ставяцца да беларускага народа, паважаючы яго гісторыю, культуру і менталітэт.

Уладзімір Хромаў

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...