Вы тут

Геолаг Аляксандр Азаранка: Мы не ўмываліся нафтай, як паказваюць у кіно


Начальнік аддзела дзяржаўнага геалагічнага фонду Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускі дзяржаўны геалагічны цэнтр» Аляксандр АЗАРАНКА выбраў прафесію геолага, назіраючы за работай свайго бацькі — горнага інжынера, кавалера ордэна Леніна Фёдара Сямёнавіча Азаранкі. Пра свой выбар ні разу не пашкадаваў, таму што прафесія вельмі цікавая — у полі яна дорыць адкрыцці, і нават кабінетная праца ў геолагаў зусім не сумная.


Аляксандр Фёдаравіч Азаранка.

— Калі ў вас з'явілася цікавасць да прафесіі геолага?

— У дзяцінстве, дзякуючы бацьку. Ён працаваў у нафтаразведачнай экспедыцыі глыбокага бурэння. Ведаю, што пэўны час сям'я пераязджала з вёскі ў вёску, бліжэй да месца работы бацькі. Ужо як я быў у свядомым узросце, мы жылі ў Рэчыцы, там жа пайшоў у школу. Падчас канікул бацька некалькі разоў браў мяне на работу. Для хлапчука майго пакалення пасядзець у кабіне свідравой устаноўкі тое ж самае, што для цяперашніх дзяцей апошняя мадэль смартфона. Вось з таго часу мяне і зацікавіла прафесія геолага.

— Бацькі ўхвалілі выбар?

— Яны мяне падтрымалі. Школу я скончыў ужо ў Гомелі і паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на геафак. Дакладна ведаў, што не хачу працаваць настаўнікам геаграфіі, марыў аб экспедыцыях, рамантыцы, адкрыццях — так гэта было ў маім уяўленні.

— А як адбывалася ў рэальнасці?

— Нягледзячы на тое што ў мяне было ўяўленне аб прафесіі, у рэальнасці ўсё аказалася больш цікава і шматгранна.

— Дапамагаў вам бацька з працаўладкаваннем?

— Па пратэкцыі бацькі ўладкаваўся на работу ў Рэчыцкую нафтаразведачную экспедыцыю глыбокага бурэння. Але разам там папрацаваць нам не давялося, бацька ў той час ужо перайшоў у гомельскі трэст «Белнафтагазразведка». А пазней і я прыйшоў у гэты трэст, там мы нейкі перыяд працавалі разам. Я лічу, што гэта абсалютна нармальна, калі бацькі дапамагаюць дзецям працаўладкавацца. Мне здаецца, гэта стымулюе малодшае пакаленне лепш працаваць, удасканальвацца ў сваёй прафесіі, проста па-чалавечы прыстойна паводзіць сябе ў калектыве, каб не падвесці сям'ю. Калі побач бацька, заўсёды можна параіцца, няхай сабе ў нас розныя прафесіі, але ў яго вялікі досвед і аўтарытэт у калектыве.

— А вашы ўяўленні аб рамантычным складніку прафесіі апраўдаліся?

— Цалкам. Я ж пачынаў працаваць геолагам у палявых умовах, а там якраз і сканцэнтраваная ўся рамантыка нашай прафесіі. У трэсце «Белнафтагазразведка» ўжо трапіў у тэматычную экспедыцыю. Гэта значыць, больш звужанае поле пошуку. Мы апрацоўвалі карты, аналізавалі інфармацыю і шукалі перспектыўныя месцы для нафтаразведкі. Не часта, але ўдавалася знайсці прытокі нафты пры выпрабаваннях свідравін, і гэта незабыўныя ўражанні! Мы не ўмываліся нафтай, як гэта часам паказваюць у кіно, але велізарная радасць, пачуццё дачынення да вялікай справы, такая працоўная эйфарыя — гэта было.

— Атрымліваецца, уся ваша работа ў полі была звязана з разведкай радовішчаў нафты?

— Так склалася. Некалькі гадоў я прапрацаваў у Цэнтральнай геафізічнай экспедыцыі, якая займалася вывучэннем нетраў метадам сейсмаразведкі — з дапамогай сейсмічных хваль. Яна базіравалася пад Мінскам, але работы выконваліся ў асноўным у Гомельскай вобласці.

— А адкуль на тэрыторыі Беларусі сейсмічныя хвалі?

— Яны ствараліся штучна. У свідравіну закладваўся зарад, ажыццяўляўся скіраваны выбух, затым фіксавалася сейсмічная сітуацыя. Яна дазваляе вызначыць структуру нетраў. Паклады нафты, як правіла, звязаныя з пасткамі, створанымі разломамі або антыклінальнымі структурамі. Нафта далей проста не можа мігрыраваць. Сейсмаразведка і дазваляе выявіць гэтыя пасткі.

— Удзел у экспедыцыях часта звязаны з працяглымі камандзіроўкамі. Як сям'я гэта ўспрымала?

— Усе разумелі, што гэта мая работа. Канфліктаў на гэтай глебе не было, хоць здаралася, што дадому прыязджаў толькі на выхадныя — усе паспявалі засумаваць і выдатна праводзілі час.

— З 1984 года вы сталі кабінетным работнікам. Не сумна без экспедыцый?

— Не, напэўна, усяму свой час. У маладосці, вядома, падабалася. З узростам ужо не прываблівае жыццё ў палявых умовах. Хочацца бытавога камфорту, а самае галоўнае — больш часу праводзіць з сям'ёй. Лічу, што мне пашанцавала: нават у кабінетных умовах па-ранейшаму займаюся геалогіяй. Пастаянна маю справу з новай інфармацыяй, таму працаваць зусім не сумна.

Фёдар Сямёнавіч Азаранка

— А чым менавіта вы займаецеся?

— У мой аддзел сцякаюцца ўсе геалагічныя справаздачы. Яны выкарыстоўваюцца для выканання задач, якія стаяць перад нашым прадпрыемствам як у рамках Дзяржпраграмы, так і па дагаворных работах. У цэлым вельмі вялікі аб'ём геалагічнай інфармацыі даступны ўсім, каму гэта цікава ці неабходна ў рабоце. У нас ёсць чытальная зала для наведвальнікаў. Цяпер працягваецца работа па алічбоўцы архіваў, якія збіраліся з 1938 года. Сёння мы ведаем аб усіх радовішчах, якія калі-небудзь былі адкрытыя на тэрыторыі нашай краіны. У электронным выглядзе геалагічныя матэрыялы могуць захоўвацца вечна і ў добрай якасці, у адрозненне ад папяровых носьбітаў. Лічбавым архівам карыстацца зручна, хутка і наглядна.

— Гэтая інфармацыя ёсць у вольным доступе?

— Вялікая яе частка, і яна размяшчаецца на электронных інфармацыйных рэсурсах. Зразумела, ёсць і інфармацыя пад грыфам «сакрэтна» або для службовага карыстання. Доступ да яе мае абмежаванае кола асоб.

— Якая інфармацыя карыстаецца попытам у насельніцтва?

— Самая папулярная тэма — інфармацыя па свідравінах на ваду. У 2011 годзе адмянілі ліцэнзаванне работ па бурэнні свідравін на ваду. Гэта прывяло да таго, што такой дзейнасцю займаліся зусім не падрыхтаваныя людзі, якія ігнаравалі прыродаахоўнае заканадаўства. Між тым пры некантралюемым будаўніцтве і эксплуатацыі буравых свідравін на ваду ўзнікае пагроза забруджвання і зніжэння якасці вады. Цяпер сітуацыя выпраўляецца — Мінпрыроды рэгіструе горныя адводы на эксплуатаваныя свідравіны, а таксама работы па бурэнні свідравін. Нетракарыстальнікі прадстаўляюць пашпарты свідравін на ваду ў геалагічны фонд, што дазваляе весці ўлік.

— Якія дакументы павінен атрымаць на рукі чалавек, які, напрыклад, замовіў бурэнне свідравіны на сваім дачным участку?

— Падрадчык павінен зарэгістраваць работу па бурэнні свідравіны на ваду. Толькі пасля гэтага можна прыступаць да работы. Па яе завяршэнні афармляецца пашпарт на свідравіну ў двух экзэмплярах, адзін застаецца ў заказчыка, другі захоўваецца ў нас. Дарэчы, да нас нярэдка звяртаюцца кіраўнікі арганізацый і грамадзяне, у якіх згубленыя такія пашпарты, і мы аднаўляем іх.

— Вашы дзеці не збіраюцца працягнуць геалагічную дынастыю?

— Дзеці — не, але, можа, унукі працягнуць...

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Аляксандра Азаранкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».