Вы тут

«Культура» пачынае новы сезон


На гэтых хвалях можна слухаць канцэрты акадэмічнай музыкі і оперу, дыскусіі пра культуру з удзелам вядомых дзеячаў мастацтва і творы знаных пісьменнікаў (нярэдка яны самі іх і чытаюць), дзіцячыя праграмы і цікавосткі адносна правільнасці маўлення — шырокая тэматычная разнастайнасць заўжды прываблівае аўдыторыю...

Нядаўна канал «Культура» Белтэлерадыёкампаніі, супрацоўнікі якога шчыруюць на ніве папулярызацыі беларускага слова і мастацтва, распачаў новы сезон. Якія змены адбудуцца ў праграмах? Што чакае слухачоў? Мы даведаліся пра гэта з гутаркі з дырэктарам канала «Культура» Уладзімірам Трапянком і намеснікам дырэктара Навумам Гальпяровічам.


У студыі — акцёр і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі

Пра літаратуру

Так, акцэнт у гэтым сезоне будзе зроблены менавіта на літаратуру! Колькасць літаратурных праектаў павялічваецца. Гэта і публіцыстычныя праграмы, і мастацкія.

Гісторыя Беларускага радыё звязана з літаратурай, мастацтвам. У фондах Белтэлерадыёкампаніі захаваліся запісы голасу Купалы, калі ён выступаў у эфіры. Многія пісьменнікі працавалі на радыё: Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Юрэвіч (амаль да апошніх дзён вёў праграму «Жывое слова»), а таксама сучасныя творцы, напрыклад, Казімір Камейша, Генадзь Пашкоў, якія былі супрацоўнікамі літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага радыё. Ёсць літаратары і сярод сучасных супрацоўнікаў установы.

Адна з праграм пра літаратуру, «Кнігалюбу», якая будзе запісвацца сумесна з выдавецтвам «Мастацкая літаратура», раскажа пра выдавецтва і аўтараў. У межах праекта прадугледжаны агляды новых кніг, сустрэчы з творцамі, рэдактарамі, мастакамі. То-бок на хвалях «Культуры» будзе ўся выдавецкая кухня. З Алесем Бадаком дыялог таксама будзе пра тое, чым жыве літаратура сёння. Іншыя выдавецтвы будуць прадстаўлены ў праграме пад назвай «Запрашаем у кнігарню»: плануюцца расповеды і пра навінкі літаратуры, і ўвогуле пра тое, што ёсць у кнігарнях: пройдуць сустрэчы з крытыкамі, аўтарамі, работнікамі кнігагандлю, прадстаўнікамі выдавецтваў, у тым ліку прыватных.

Не менш шырока плануецца прадставіць паэзію: і ў запісах у выкананні артыстаў, і сучасных аўтараў у іх уласным выкананні (праграма «Паэзія ХХІ стагоддзя»). Перад чытаннем вершаў для знаёмства з тым ці іншым творцам будзе агучвацца невялікае інтэрв’ю ці іншая інфармацыя пра аўтара.

Некаторыя праекты існуюць у эфіры даўно: гэта «Радыёбібліятэка» і «Літаратурная анталогія», дзе прафесійныя артысты чытаюць творы нашых класікаў. Да новых пакаленняў вяртаюцца напрацоўкі, якія ёсць у фондах. Раней першы з гэтых праектаў называўся «Бестселер», сучасная ж назва пашырае межы выкарыстання фондавых запісаў. Гэтымі днямі ў эфіры гучыць твор Адама Міцкевіча ў перакладзе Язэпа Семяжона «Пан Тадэвуш, альбо Апошні наезд на Літве» ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Ільі Кургана — гэта яшчэ і даніна памяці выдатнаму дыктару, залатому голасу Беларусі.

Як праект выхаднога дня запланаваны «Літаратурныя гісторыі» — новая праграма, якая будзе знаёміць з малымі формамі нашай літаратуры, завершанымі апавяданнямі, разлічанымі для чытання на паўгадзіны. Чытаць будуць акцёры і Беларускага радыё, і мінскіх тэатраў.

Канал «Культура» — гэта і ўзор сучаснай беларускай мовы. Рубрыка «Гаворым па-беларуску» — хвіліны правільнага маўлення — гучыць у эфіры штодзённа.

Да 100-годдзя Купалаўскага тэатра

У гэтым вяшчальным сезоне ў сетцы з’явіўся праект пад назвай «Радыётэатр. Лепшае». Пачынаецца ён з трансляцый, зробленых сумесна з Купалаўскім тэатрам. Гэта так званы рэтрансляцыйны радыётэатр, калі Беларускае радыё адмыслова запісвала пастаноўкі Купалаўскага тэатра. У храналагічнай паслядоўнасці будуць выходзіць у эфір праекты з фондаў Белтэлерадыёкампаніі, запісаныя галасамі акцёраў галоўнай драматычнай сцэны нашай краіны.

— Гэта наш падарунак Купалаўскаму тэатру, — упэўнены Навум Гальпяровіч. — Думаецца, слухачам таксама будзе цікава даведацца, як тэатр развіваўся, пачуць галасы акцёраў, якія сталі сапраўднымі карыфеямі прафесійнай драматычнай сцэны, наноў перажыць адчуванні, што зазналі яны, калі прыходзілі на тыя пастаноўкі ў тэатр, успомніць свае дзяцінства, юнацтва...

Адпаведна і для юных слухачоў будуць транслявацца запісы дзіцячых спектакляў — лепшых, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю Купалаўскага тэатра.

На хвалях радыё адноўлены радыётэатр: на канале «Культура» будуць радыёпастаноўкі, якія спецыяльна плануюцца ў радыйным фармаце, прычым сучасным! Некалькі гадоў таму быў запісаны першы дзіцячы радыёспектакль «Падарожжа ў краіну мурашоў» па п’есе Таццяны Мушынскай. Потым — спектакль «Танец з рапірай» — праводзіўся конкурс радыёп’ес, актывізавалі творчасць прафесійных драматургаў і аматараў, каб вызначыць найлепшы. Паставілі п’есу ў мінулым годзе.

— Мы зразумелі, што слухачы патрабуюць новых спектакляў сучаснай мовай, сучаснымі хуткасцямі моўнай падачы, з сучасным прачытаннем, але з тымі традыцыямі, якія былі закладзены ў мінулыя дзесяцігоддзі. Сёлета мы стварылі радыёспектакль, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння купалаўца Валерыя Раеўскага па п’есе Аляксея Дударава «Чорная панна Нясвіжа», дакладней, перанеслі гэты спектакль у радыйныя, аўдыяльныя ўмовы. Пастаноўка прымушае па-іншаму зірнуць на вечныя каштоўнасці — тыя, што спавядае канал «Культура»: каханне, узаемапавага, унутраная моц чалавека і яго нязломнасць, давер паміж людзьмі і вернасць, якая павінна праходзіць ад першых да апошніх дзён існавання чалавека, — падзяліўся ўражаннямі Уладзімір Трапянок.

Для меламанаў

Тым, хто любіць сур’ёзную музыку, прыйдзецца даспадобы зацверджаны да канца года план перадач: у ім — павелічэнне часу арыгінальнага музычнага вяшчання сумесна з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі. Справа ў тым, што канал «Культура» як структурная адзінка Белтэлерадыёкампаніі ўваходзіць у склад Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС). А сёлета актывізавалася супрацоўніцтва з ЕВС па трансляцыі еўрапейскіх канцэртаў у нашым эфіры — і мы бяром запісы твораў з абменнага фонду ЕВС. Задача айчыннага радыё — не толькі ўзяць, але і пакласці туды — таму і актывізуецца супрацоўніцтва з сімфанічным аркестрам. Беларускую музыку больш будуць слухаць у Еўропе. Пачалі сезон з прэм’еры Аляксандра Літвіноўскага, з твора «Мюнхгаўзен-шоу» — ён быў напісаны спецыяльна для сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Цяпер, акрамя фондаў Белтэлерадыёкампаніі, прэм’ера стане і набыткам абменнага фонду ЕВС.

Інтэрактыў

На адваротнай сувязі са слухачамі сёлета вырашылі зрабіць акцэнт. Інтэрактыў з аўдыторыяй праз СМС-сувязь уводзіцца ледзь не ў кожнай публіцыстычнай праграме! Ёсць праграма з інтэрактывам і іншага плана. Так, на перадачу «Сустрэча пад вечар» запрашаюцца творчыя асобы Беларусі, і гаворка вядзецца пра актуальныя падзеі альбо з нагоды цікавых праектаў.

Доўгажыхары

Вядучая праграмы «Дыялогі пра культуру» Людміла Саянкова, генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі, гукарэжысёр Аляксандр Варановіч

Цікава, што ў сетцы Белтэлерадыёкампаніі захаваліся адны з галоўных публіцыстычна-культуралагічных праектаў, якія выходзяць ледзь не з першых дзён існавання канала «Культура»! Такі праект-доўгажыхар — перадача «Дыялогі пра культуру». Змяніўся склад людзей, якія задзейнічаны ў стварэнні гэтай перадачы, — да каманды далучылася кіназнаўца, кандыдат філалагічных навук Людміла Саянкова. Важным культуралагічным праектам з’яўляецца і праграма «Культурныя скрыжаванні» — яна існуе некалькі сезонаў. Сюды запрасілі таксама двух новых людзей: спевака Віктара Скарабагатава і кандыдата мастацтвазнаўства Таццяну Бабіч. Такім чынам, канал «Культура» прыцягвае да сябе не толькі аўдыторыю, але і творчых асоб. Тут працуюць і кампазітары, і паэты, і літаратуразнаўцы.

Юбілей!

Да 95-годдзя Беларускага радыё, якое адсвяткуюць у наступным лістападзе, канал «Культура» прымеркаваў спецыяльны праект, які запланавана ладзіць па-за межамі Дома радыё: пляцоўкай будзе адзін з філіялаў гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Там пройдуць сустрэчы з тымі слухачамі, хто захоча бліжэй пазнаёміцца з радыйнай кухняй — супрацоўнікі раскрыюць сакрэты і некаторыя асаблівасці развіцця літаратурнадраматычнага вяшчання…

— Будзем даваць ілюстрацыі спектакляў, літаратурных чытанняў малых форм і паралельна расказваць, якім чынам у гэты час адбывалася станаўленне літаратурнага сегмента на Беларускім радыё. Гэты праект працягнецца год. Сустрэчы будуць запісвацца, будзе іх трансляцыя ў эфіры. Завершыцца ён да 15 лістапада наступнага года, на 95-годдзе радыё, — распавёў Уладзімір Трапянок.

Вялікая сям’я — адна мэта

Ужо другі месяц у эфіры з’яўляецца радыёверсія праграмы «Суразмоўцы», што выходзіць на тэлебачанні. Сумесна з каналам тэлебачання «Беларусь — 3» канал радыёвяшчання пашырае прастору беларускай культуры і літаратуры.

Важны момант супрацоўніцтва — запіс канцэртаў для радыёэфіру. Канал «Беларусь — 3» вядзе запісы з канцэртных пляцовак і тэатраў. Паралельна падпісваюцца дамовы на запіс канцэртаў для радыёэфіру.

— Беларускае радыё, нягледзячы на тое, што ў яго структуры 5 каналаў — гэта адна вялікая сям’я, што займаецца адной важнай справай: знаёміць з жыццём краіны, а на канале «Культура» —з культурным жыццём Беларусі і свету, — падзяліўся Навум Гальпяровіч.

Запісала Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Заўжды актуальна!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.