Вы тут

«Светлае слова» Вілейшчыны: ствараць і чытаць


Раённы літаратурна-музычны фестываль «Светлае слова» другі раз аб’яднаў аматараў беларускай літаратуры. Свята прымеркавана да Года малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь, да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама да юбілейных дат — Васіля Быкава, Міхася Лынькова, Аркадзя Куляшова, Алеся Савіцкага, Паўлюка Труса, Івана Сяркова, Еўдакіі Лось. Да таго ж сёлета 105 гадоў з дня нараджэння вілейскай паэтэсы Ганны Новік. Увогуле, свята складаецца з тыдня кнігі, беларускага слова і краязнаўства; тыдня кнігі, музыкі, тэатра і кіно; тыдня друкаванага і радыёслова, а таксама моўнай культуры. Закрывацца будзе днём беларускага слова.


Вучаніца СШ № 5 г. Вілейкі Вікторыя Шабуня чытае верш Петруся Броўкі «Калі ласка».

Прамовіўшы, зразумець

Адна з мэт фестывалю — раскрыццё новых талентаў у жанры мастацкага слова і музычнага мастацтва. Так, па выніках свята-конкурсу «Мастацкае слова» сярод чытальнікаў, калектываў мастацкага чытання ўручаецца галоўны прыз фестывалю — Гран-пры ў намінацыі «Мастацкае чытанне», узнагароды за першае і другое месцы, а таксама прызы ў намінацыях, сярод якіх «Светлая Лампадка» (за папулярызацыю духоўнага слова), «Літаратурная спадчына Вілейшчыны», «Святло малой радзімы», «Паклон беларускаму Слову!», «Па слядах Першай сусветнай вайны» (да 105-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны), «Пакланіся матулі» і інш. Сёлета ахвотных было шмат: 45 удзельнікаў! Лічба вельмі значная ў параўнанні з першым фестывалем.

Старшыня журы — заснавальніца і рэжысёр узорнага тэатра «Ялінка», адна з заснавальнікаў дабрачыннага фонду «Крокі» і музея памяці ахвяр Першай сусветнай вайны Валянціна Цітовіч, намеснік старшыні журы — кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці «Жывіца», член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Карнаухава. У журы таксама — метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Вілейскага раённага выканаўчага камітэта Ірына Дабрадзеева, прадстаўнікі часопісаў «Маладосць», «Полымя», «Нёман» і мастацкі кіраўнік фестывалю, дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч.

— Чытаць класіку, чытаць сучасныя вершы — гэта заўсёды адказна, таму што кожны аўтар укладае ў твор частку сваёй душы і перадаць гэта вельмі складана. Проста завучыць твор мала. Заўжды хочацца, каб той, хто чытае напісаны іншым чалавекам верш, прапусціў праз сябе кожнае слова і зразумеў яго, — заўважыла ў прывітальным слове галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Юлія Алейчанка.

Сёлета дзеці і моладзь узяліся не толькі за творы сучасных паэтаў, але і за вельмі сур’ёзную па змесце класіку. Вучні розных класаў прадставілі літаратурна-музычную кампазіцыю «Мы родам з вайны» па творах Уладзіміра Карызны, Анатоля Грачанікава, Анатоля Астрэйкі, Еўдакіі Лось і Паўлюка Пранузы, якую журы ацаніла як адну з наймацнейшых. Чытальнікі прадстаўлялі розныя навучальныя ўстановы раёна, у тым ліку Цэнтр эстэтычнага выхавання, але большасць аб’яднала імкненне не наўпрост прадэкламаваць твор, але паказаць асабістыя артыстычныя магчымасці — праз слова, музыку, вобраз.

Бібліятэчная восень

Пачатак восені ўвогуле стаў для Беларусі часам, які ў многім звязаны з кнігай. Адзначаўся Дзень беларускага пісьменства, Дзень ведаў, Дзень бібліятэк. Кніжніцы гасцінна адчынялі свае дзверы. Мноства мерапрыемтваў фестывалю «Светлае слова» прайшло на бібліятэчных пляцоўках. Так, калі ўваходзіш у Бібліятэку сямейнага чытання, то адразу ж бачыш выстаўку «Васіль Быкаў. Доўгая Дарога Дадому…», створаную дзякуючы фондам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і прыватнай калекцыі народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага. Экспазіцыя арганічна раскрывае асобныя старонкі біяграфіі і знаёміць з матэрыяламі пісьменніцкага архіва.

Гэтымі днямі энергіяй паэзіі і музыкі падзяліліся з чытачамі паэт Мікола Шабовіч і выканаўца лірычнай бардаўскай песні Віктар Мяцельскі. На творчую сустрэчу «Я да цябе прапісаны, мой край» завіталі не толькі зацікаўленыя чытачы, але і мясцовыя творцы. Наведала Бібліятэку сямейнага чытання і пісьменніца Наталля Батракова з творчай вечарынай «Тэрыторыя для ўсіх». На працягу дзвюх гадзін вялася эмацыянальная і адкрытая размова пра няпросты працэс, падчас якога нараджаюцца і ідэі для кніг, і новыя сюжэты. Традыцыйны для такіх сустрэч фармат «пытанне — адказ» дазволіў пісьменніцы расказаць не толькі пра сябе, але і пра стаўленне да падзей сучаснасці.

Падчас свята былі прэзентаваныя кнігі. Чытачы Вілейшчыны заўсёды маюць магчымасць знаёміцца з новымі творамі аўтараў, лёс якіх звязаны з радзімай. Дарэчы, зараз бібліятэчная дзейнасць у гэтым кірунку аб’яданана ў праекце «Чытаем кнігі мясцовых аўтараў». Так, у чытальнай зале Вілейскай цэнтральнай бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Мароза. Аўтар пайшоў з жыцця ў 2014 годзе, але пакінуў пасля сябе некалькі сшыткаў з чарнавымі запісамі вершаў. Члены літаратурнай гасцёўні «Дамінанта душы» сабралі творы ў кнігу «Вяртанне да сябе».

Лепш забыцца пра аўтара...

Старшыня журы Валянціна Цітовіч і мастацкі кіраўнік фестывалю Таццяна Захарыч віншуюць удзельнікаў І этапу конкурсу «Мастацкае слова».

Сярод цікавых сустрэч, якія адбыліся ў межах фестывалю, — гутарка на інтэрактыўнай пляцоўцы «Чалавек і слова», якую распачала кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Карнаухава:

— У клубе «Жывіца» ўвесь час з’яўляюцца новыя асобы, але мы не забываем пра тых, хто быў каля вытокаў. Гэта людзі ўжо сталага ўзросту, часам яны не маюць магчымасці наведаць нас, але мы падтрымліваем сувязь: яны дасылаюць вершы, і мы традыцыйна ўключаем іх у зборнікі. У нашым клубе 26 членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, 5 членаў Літаратурнага саюза «Полоцкая ветвь», 15 членаў Беларускага саюза музычных дзеячаў. Дарэчы, 20 кастрычніка на базе Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна мы будзем даваць справаздачны канцэрт. Штогод ён разнапланавы.

У Ірыны Карнаухавай ёсць некалькі сумесных зборнікаў з Марынай Шапавалавай (шмат твораў пра паэтычнае слова, пра стан паэзіі ўвогуле), выйшаў паэтычны трыялог «Заблытаўся сярод навін…», да якога спрычыніўся і пісьменнік Юрась Нераток. Чарговы сумесны праект «Фарбамі слоў», прысвечаны Ван Гогу, адбыўся пры ўдзеле пісьменніцы Бажэны Мацюк. Сёлета ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла кніга І. Карнаухавай «Азбука дабрыні» .

Падчас размовы прадстаўнікі Выдавецкага дома «Звязда» расказалі аб працы ў літаратурна-мастацкіх выданнях. Галоўны рэдактар «Нёмана», пісьменніца, паэтэса Юлія Алейчанка, распавядаючы пра часопіс, адзначыла:

— Кожная вокладка «Нёмана» цікавая і, напэўна, распавядае пра нешта сімвалічнае. Такім чынам мы папулярызуем сучаснае беларускае мастацтва. Напрыклад, на вокладцы апошняга, вераснёвага, нумара змешчана праца Вольгі Угрыновіч, цікавага беларускага мастака, кераміста, мастацкі дом якой у Мінску наведваюць жыхары і госці сталіцы. Такім чынам, імкнёмся паяднаць розныя віды мастацтва. У пэўным сэнсе наш часопіс выступае рэкламай беларускай літаратуры і за межамі Беларусі, бо водкугі прыходзяць ад падпісчыкаў з Расіі і Казахстана. Плануецца цыкл гутарак з беларускімі музыкамі, з тэатральнымі крытыкамі, акцёрамі, каб уводзіць чытача ў шырокі культурны кантэкст.

Яшчэ з савецкіх часоў традыцыйна вялікі блок — літаратурныя пераклады, узровень якіх даволі высокі: у часопісе працуе сталае кола аўтараў, якія перакладаюць менавіта з мовы арыгіналаў: англійскай, французскай, нямецкай, польскай.

Пісьменніца і перакладчык Бажэна Мацюк (Ганушкіна) як адказны сакратар часопіса «Полымя» распавяла пра гэтае найстарэйшае беларускае літаратурнамастацкае выданне, якое выходзіць з 1922 года. На некаторы час яно змяняла назву, але, тым не менш, засталося тым «Полымем», якое расказвае менавіта пра беларускамоўную літаратуру. Між тым, публікуюцца пераклады з арыгіналаў з грузінскай, польскай, украінскай, чэшскай, англійскай, балгарскай, славацкай, нямецкай і іншых моў.

— На нашых старонках «гучаць» і галасы маладых аўтараў: сёлета мы адзін нумар прысвяцілі сеціратуры, — расказала Бажэна Мацюк.

«Полымя» — гэта яшчэ і навуковае выданне, якое ўваходзіць у пералік выданняў Вышэйшай адукацыйнай камісіі, таму на яго старонкі мараць трапіць не толькі літаратары, але і навукоўцы.

— Гэты часопіс не толькі слоўнае мастацтва. У нумарах можна пабачыць і творчасць кніжных графікаў, — дадала Бажэна Мацюк.

Дзмірый Шулюк, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», прыкмеціў, што настаў час, калі моладзь праз блогі на розных інтэрнэт-пляцоўках жадае выказацца. Таму вялікая частка часопіса аддадзена менавіта калумністыцы, дзе маладыя людзі могуць выказаць свой пункт гледжання на шматлікія падзеі.

— Ракурсы бываюць розныя — і гэта важна, калі, адкрываючы часопіс, можна бачыць проста думкі — не сфармуляваныя ў якую-небудзь прозу, не выдадзеныя за нейкія навіны, крытыку ці публіцыстыку, — лічыць Дзмірый Шулюк. — Мы — за крэатыў! У гэтым сэнсе добрым варыянтам бачыцца наша рубрыка «Міжкніжжа», дзе Марына Яромка падае два тэксты, сплюсоўваючы іх у адзін. Калі мы чытаем адзін тэкст, то бачым яго не тым, якім ён ствараўся, а такім, якім нам дазваляе бачыць наш досвед. Гэта і нараджае зусім іншы твор. Ці адмысловая рубрыка «Чалавек чалавеку», у якой можна напісаць ліст пісьменніку, чыю кнігу прачытаў.

Дарэчы, у хуткім часе выйдзе «Анталогія сучаснага беларускага верлібра», якая ўключае творы 30 паэтаў, сярод якіх і Дзмітрый Шулюк. Творца лічыць: «Няма сэнсу казаць пра пісьменніка. Ралан Барт калісьці сказаў, што аўтар памёр. Ды і навошта ён? Чытайце творы, і чым менш у іх аўтара, тым лепш. Са школы людзей вучаць адказваць на такое пытанне: што хацеў сказаць аўтар? Але ці ёсць розніца, што ён хацеў сказаць? Мастацтва — гэта ў першую чаргу нечаканасць. Лепш забыцца пра аўтара і гаварыць пра слова».

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Мастацтва як нечаканасць

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.