Вы тут

Кругамі спілаваных дрэў


За некалькі стагоддзяў актыўнага выкарыстання некаторыя тэмы ў паэзіі значна знасіліся і ўжо не маюць былога ўздзеяння на чытача. Такімі з’яўляюцца тэмы кахання, Радзімы, прыроды. І калі першая з іх заўсёды (амаль аўтаматычна) моцна залежыць ад індывідуальнага аўтарскага досведу, іншыя дзве ў розных паэтаў раскрываюцца плюс-мінус аднолькава (хаця і першая тэма часам можа патанаць у безабліччы). Таму ў рознабакова заезджаным, як вініл, часе так важна (асабліва для паэтаў) пакідаць пасля сябе ў акіяне паўтораў хаця б кроплю глыбіннасвайго. Гэта прыводзіць да таго, што вызначальным фактарам для аўтара з’яўляецца не сама па сабе творчая матэрыя, але яе шчырасць, «адчуласць», то-бок факт апоры творчасці на той самы ўласны аўтарскі досвед. А на прыкладзе нашых паэтаў, як бы яны гэтага ні хавалі, добра відаць, у каго пералічаныя тэмы прарастаюць з глебы скураных крэслаў і дзелавых касцюмаў, а хто пасапраўднаму хварэе сваім рамяством.


Звычайна тая частка паэтычных кніг, якая апярэджвае непасрэдна вершы і складаецца з прапорцыі паміж прадмовай і аўтарскай біяграфіяй, іншым разам нудная і не заўсёды дае чытачам чаго карыснага, што магло б неяк паўплываць на далейшы чытацкі досвед. Зборнік Фёдара Гурыновіча «Мой храм», на шчасце, зусім не такі.

Кніга сёлета пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Яна падагульняе значную частку творчага шляху паэта. Амаль саракагадовы бібліяграфічны парад на старонках аднаго выдання. Зборнік не мае прадмовы, але змяшчае ў сабе каля дваццаці старонак аўтарскай біяграфіі, аформленай з элементамі мастацкага стылю. З дапамогай яе, калі адсунуць у бок нейкія хутчэй эмацыянальныя, чым інфармацыйныя, пасажы, можна скласці паслядоўную і дакладную карціну таго, што паўплывала на аўтарскі стыль. Зыходным пунктам і падкарэннай сутнасцю фарміравання асобы Фёдара Гурыновіча, згодна біяграфіі, паўстае цяга да паляўніцтва. Пачынаецца ўсё, як звычайна бывае, з хлапецкіх рагатак і самастрэлаў. Бацька аўтара сам быў паляўнічым, таму порах для самастрэлаў, а потым і саму стрэльбу Фёдару было не надта і складана атрымаць. У якасці падпункта і адначасова самастойнага пункта творчага станаўлення паэта можна лічыць падпіску на часопіс «Паляўніцтва і паляўнічая гаспадарка», дзякуючы якому Фёдар Гурыновіч знаёміўся з прозай Міхаіла Прышвіна і Віталя Біянкі. Асобнае месца на шляху фарміравання паэтычнай ідэнтычнасці займае творчасць Сяргея Ясеніна, радкі якога аўтар «Майго храма» неаднаразова браў у якасці эпіграфаў да сваіх вершаў. І нейкім абагульняльным экзістэнцыянальным скрыжаваннем творчых уплываў для паэта стаў наступны выпадак: падчас аднаго з паляванняў дзесьці на балотах малой радзімы было знойдзена пакінутае кімсьці даваеннае выданне вершаў Ясеніна.

Спляценне гэтых біяграфічных знакаў наканавала Фёдару Гурыновічу стаць песняром прыроды. І паляўніцтва ўступае з гэтым пяснярствам у цікавы канфлікт: аўтар адначасова і знішчальнік фаўны, і той, хто апявае хараство флоры. Калі-нікалі ён нават рэфлексуе наконт сваіх жывёлагубстваў, чым, з аднаго боку, канфліктуе са сваёю сутнасцю, з іншага ж — дапаўняе і завяршае сябе. Але што гавораць самі тэксты?

Галоўныя нежывыя героі Фёдара Гурыновіча — неба, зоры і элементы ляснога пейзажу. Гэта сведчыць пра сузіральны, задуменна-ўзнёслы характар паэзіі аўтара, што, напэўна, звязана з той часткай паляўніцтва, калі для высочвання дзічыны патрэбныя зоркасць і нерухомасць. Таму з вобразамі для вершаў адбываецца гэтак жа: аўтар быццам пільнуе іх падчас свайго творчага паляўніцтва. Жывымі героямі твораў паэта нярэдка становяцца птушкі. У адным з такіх вершаў, які мае назву «Ластаўка», акрамя любові да птушкі, аўтар паказвае нешта большае, звязанае з непаэтычным сваім рамяством:

Я не спорваў ластаўчынай хаткі,

Толькі вось бяда — рабіў рагаткі.

І цяпер — праз шмат гадоў! — хоць плач:

У красавіку не без прычыны

Абсыпае нос мой ластаўчыннем...

Вінаваты, ластаўка, прабач.

У гэтай, апошняй, страфе аўтар раскайваецца за боль, які прычыніў жывой істоце, але, што цікава, выбачаецца ён за тое, што зрабіў у дзіцячыя гады: сучаснапаляўнічы ж кантэкст у такія моманты паэт не надта ўплятае. Шкадуе прыроду аўтар не толькі з пазіцыі сваіх грахоў, але і з пазіцыі грахоў больш шырокіх, грамадскіх. Так у вершы «Гарадзішчы» ён паказвае ўнуку знаёмыя па дзяцінстве лясы і «крыўдуе да слёз»:

Як свята чакалі мы гэтага дня.

І вось ён які — з эпілогам пякельным,

Дзе свежыя спілы жаўцеюць на пнях,

Нібыта блінцы на гарачых патэльнях.

Крыўдна Фёдару Гурыновічу перад сваім унукам і ў той жа момант — крыўдна за ўсё чалавецтва перад усімі нашчадкамі за варварства і вар’яцтва, якое бачыць перад сабою. Цікавым на фоне астатніх вершаў выглядае аўтарскі эксперымент з гукапісам пад назвай «Гон», у якім праз дыныміку гукаў перадаецца жывы працэс палявання на лася:

Залатых рагоў кароны

Высякаюць іскры ў кронах

Чорных елак,

Голых клёнаў.

Бляск спін.

Перасохла ў горлах восень.

Дождж спіць.

Просінь

Просек

Просіць

Піць.

Аднак станоўчыя моманты аўтарскага стылю хісткія, і з часам яны самі сабою пераўтвараюцца ў адмоўныя. Цэлую рэцэнзію можна было б пабудаваць толькі на тых тэкстах, у якіх сустракаецца варыяцыя рыфмы «зоркі-зёлкі» — настолькі іх шмат. І наогул з тэкста ў тэкст вандруюць адны і тыя ж вобразы: зоркі, блакіт неба, павуцінне, чарот. Пасля некалькіх прачытаных запар вершаў пачынае здавацца, быццам аўтар дзесьці заблукаў і ходзіць кругамі. Кніга пакідае адчуванне статыкі творчага шляху. Ці дадаў аўтар што-небудзь грунтоўнае да літаратурнай традыцыі? Вырашаць чытачу...

Некаторых такая статыка вабіць значна мацней за дынамічнае чаргаванне творчых узлётаў і заняпадаў, і менавіта такія людзі будуць чытаць кнігу «Мой храм» з маленькімі перапынкамі ў якасці адпачынку, і таму нічога дзіўнага не заўважаць. Але калі чытаць кнігу залпам, не прыпыняючыся на бясконцае пачуццё дэжавю, напрыканцы апынешся ў тым жа лесе, з якога пачалося падарожжа.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.