Вы тут

Даследаванне праз стварэнне


Стаўленне да мовы, уяўленні пра сутнасць і мэты паэзіі — адны з галоўных рыс, якія адрозніваюць паэтаў паміж сабой. Разуменне сутнасці сваёй справы шмат у чым вызначае тое, як і аб чым піша творца. Нават калі ў яго гэтага разумення няма, калі ўся яго творчасць толькі «таму што па-іншаму не магу», гэта накладае пэўны адбітак на тэкст. Нельга сказаць, што ў дачыненні да гэтага разумення можна разважаць катэгорыямі правільнасці або няправільнасці, таксама, як нельга падзяліць па гэтым прынцыпе саму паэзію.


Некаторыя выбіраюць шлях разумення ў якасці творчага працэсу. Кожны тэкст — бы крок насустрач, фрагмент мазаікі вялікага ўяўлення, як даследаванне і эксперымент, намаганне пранікнуць глыбей, у сутнасць рэчаў і з’яў. Такое даследаванне бачыцца ў творчым падыходзе Ігара Кулікова, але не толькі да слова, не толькі да літаратуры, а да ўсяго свету.

Чытаючы яго зборнік «Храм ракі», што сёлета пабачыў свет, уяўляеш, быццам аўтар выкарыстоўвае тэкст як інструмент для таго, каб усё вакол раскласці на малекулы, вывучыць структуру, самому стаць часткай рэчыва, на ўласнай скуры адчуць, што значыць быць гэтым рэчывам, і такім чынам зразумець.

Ноч, пад тонкі запятая лёд,

ускрываецца раптам пад гораччу цела,

і ліецца ў вока з ліхтарных сот

мёд нябачных удзень глыбіняў.

Самога сябе аўтар таксама быццам расцэньвае як матэрыял для даследавання — даследавання чалавечага лёсу. Натуральная для любога аўтара з’ява — працэс самаразумення праз тэкст — у Кулікова здабывае своеасаблівую форму. Дзеянне ў вершы звычайна адбываецца восенню або зімой, холад — часты спадарожнік яго вобразаў. Гледзячы на атмасферныя матывы яго тэкстаў, можна даць эмацыянальную ацэнку, назваўшы тэкст мінорным, сумным, з адчуваннем безнадзейнасці. Але, здаецца, холад у Кулікова — гэта не эмоцыя, а проста адчуванне. Безэмацыянальна, без пачуццяў, з халоднай галавой аўтар падыходзіць да самадаследавання. Можа, вынікі сапраўды не радуюць аўтара, але чытач пра гэта не даведаецца.

Таксама паэт ставіцца да смерці. Яна выклікае ў яго выключна даследчую цікаўнасць.

Ты тут даўно кватарант нежаданы.

На кручок дыхання злавіўшы смерць,

З’яжджаеш нарэшце. Ржавыя краны

ўсё мараць вадою зноў захрыпець.

У ліку матываў кнігі да холаду і смерці дадаюцца цішыня, ноч, сон, памежныя станы свядомасці. Пра тэхнічны бок тэкстаў можна сказаць толькі тое, што ён не прыцягвае да сябе ўвагі. Рыфмы і рытмічныя структуры тэкстаў нельга назваць слабымі, але акцэнт зроблены на іншым. Самае цікавае ў гэтай кнізе — абсалютна рацыянальны, або, хутчэй, нейтральны падыход да ўсяго, аўтар нібы займае пазіцыю адвечнага назірання. У такім падыходзе ёсць нешта алхімічнае: усё навокал, у тым ліку, і ты сам, і твае пачуцці ўспрымаюцца як рэчыва для эксперымента альбо назірання.

Але асноўнае рэчыва, з якім працуе Ігар Кулікоў, гэта, безумоўна, матэрыя тэксту, магчымасці мовы. У ёй аўтар бачыць ключы ад сутнасці, ад сусвету, якія даюць моц кіраваць працэсамі, дэміургічную моц стварэння.

Пра сябе я не знаю нічога,

апроч таго, што памру

і што мне не прычаліць к лету.

Мая мова — малітва, што мкнецца ўгару,

да вясны

сусвету.

Кніга поўніцца аўтарскімі наватворамі, якія па сваёй марфалогіі ўтвараюць своеасаблівую повязь статычнай прыроды і актыўнай энергіі, гучаць, быццам імёны міфалагічных істот. Імёны, найменні — больш моцныя элементы мовы, чым звычайныя словы, таму іх унёсак у стварэнне аўтарскага свету больш значны. Словасвет Ігара Кулікова вельмі шчыльна выбудаваны рукамі паэта. У канцы кнігі нават прыведзены асабісты слоўнік наватвораў. Нельга сказаць, што без яго немагчыма нічога зразумець, але ён дазваляе больш яскрава і падрабязна ўбачыць карціну свету, прадстаўленую ў тэкстах.

Актыўная роля ў гэтым светастварэнні непадзельна належыць аўтару. Ігар Кулікоў вельмі канкрэтна вызначае мэты пісьменніка, выказваючы няновую думку ў своеасаблівым стылі.

Таму, о паэты, ваш доўг палаць за ўсіх маўлянаў

аджарам таго першагню і дазвання ў ім згарэць,

каб мова не шэрхла ў жылах сусвету і ў сэрцы смертным дрыжала

напятай мысляй нясмерця тугая ніць.

Імкненне аўтара стылізаваць тэкст пад старажытнае пісьмо заўважна і да таго, як перад вачыма з’яўляюцца словы «старажытны глінапіс» і раздзел «Вялікае княства», у якім звычайныя вершы перамяжоўваюцца вялікімі наратыўнымі творамі. Гэтую частку кнігі, як і раздзел з перакладамі Альфрэда Тэнісана з англійскай мовы, варта разглядаць асобна ад асноўнай часткі з вершамі. «Вялікае княства» падаецца чыстым эксперыментам формы. Нельга адназначна заявіць, што форма ў іх пераважае змест, але яе грувасткасць і насычанасць радка робяць частку тэкстаў з «Храма ракі» цяжкімі для ўспрымання непадрыхтаванага чытача. Увогуле, ўспрыманне чытача — наўрад ці прыярытэт для аўтара.

«Храм ракі» — выдатны прыклад творчасці, накіраванай на стварэнне ўласна аўтарскага сусвету. Прызма погляду паэта, праз якую чытач бачыць гэты сусвет на старонках кнігі, лабараторна чыстая, без аніякага эмацыянальнага налёту, або, магчыма, ён настолькі тонкі, што незаўважны. Гэта даследаванне праз стварэнне. І гэты лабараторны холад, гэтая высокатэхналагічная складанасць канструкцый і пужае, і прыцягвае.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.