Вы тут

Казка з элементамі рэальнага


Найлепшае чытво для дзяцей традыцыйна казкі, дзе часта змешваецца сапраўднае і прыдуманае. Але, калі казачны сюжэт упісваюць у рэаліі звычайнага гарадскога жыцця ХХІ стагоддзя, гэта, па-першае, дазваляе чытачу бліжэй успрымаць і ўяўляць падзеі твора, па-другое, у нейкім сэнсе адначасова палягчае і ўскладняе працу аўтара. Ён пазбаўлены неабходнасці канструяваць увесь сусвет з пачатку, ён толькі ўбудоўвае элементы свайго сусвету ў рэальны. Але пры гэтым абмежаваны законамі светабудовы і абавязаны сачыць за тым, каб сюжэт не парушаў логікі. На пэўныя рэчы ён можа не звяртаць увагу, а некаторыя — растлумачыць па-свойму.


 Кніга Уладзіміра Кулічэнкі «Доктар Васількоў і Уладар ночы» («Беларусь», 2019) — казачная аповесць для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту — быццам мімікруе пад такі твор або іранізуе з яго.

Першае, што кідаецца ў вочы, — гэта наўмысна спрошчаны, наіўны стыль маўлення. Менавіта па ім адразу інтуітыўна адносіш твор да казкі. На такім фоне словы кшталту «сэлфі», «тролінг» выглядаюць нечакана, але і выпадкі, у якіх такія словы сустракаюцца, апісаныя хутчэй для смеху і на сюжэт уплываюць мала. Аднаму з галоўных герояў электронны блакнот выконвае ролю магічнай падказкі, дае парады. Але, калі герою трэба знайсці чалавека ў горадзе, ён пачынае распытваць усіх сустрэчных. Чытач твора параіў бы яму зайсці кудысьці, дзе ёсць вай-фай, і пашукаць у сацыяльных сетках. Па розных дробных дэталях даволі хутка разумееш, што дэкарацыі падзей — не наш сучасны горад, а нейкая пародыя на яго, адгалосак. Атрымліваецца нешта зусім адваротнае — цалкам казачны свет, у які невядомым чынам трапілі элементы рэальнага.

Асобна варта заўважыць тое, як гэты свет будуецца. Галоўны яго прынцып — ледзь не кэралаўская стракатасць, разнастайнасць. Літаральна за першыя дваццаць старонак чытач сустракае разумных жывёл са здольнасцю размаўляць, лесавіка-невідзімку, які крадзе ежу і пакутуе на зубны боль, лясную ведзьму, якая дае герою заданне і ягады з непасрэдна кэралаўскімі якасцямі — павелічэнне і памяншэнне. Развіццё сюжэта ідзе вельмі хутка, амаль кожная новая частка прыводзіць героя ў новую лакацыю або да новага занятку. Раздзелы ў кнізе невялікія, і гэта заўважна палягчае чытанне і ўспрыманне.

Ці адпавядае твор абазначанай мэтавай аўдыторыі — сярэдняму школьнаму ўзросту? Сказаць цяжка, бо тое, што будзе цікава 11-цігадоваму наўрад ці прыйдзецца даспадобы 15-гадоваму. Лічу, што стыль і атмасфера «Доктара Васількова і Уладара ночы» больш пасуюць чытачам 9—12 гадоў. Кніга прызначана для так званага лёгкага чытання, адпачынку ад школьнай праграмы і роздуму пра тое, што хацеў сказаць аўтар.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?