Вы тут

Новыя рысы сюжэтнасці ў работах Васіля Пешкуна


Беларускі мастак Васіль Пяшкун, вядомы як выдатны пейзажыст, чарговы раз уразіў беларускую публіку новымі, незвычайнымі для яго стылістыкі, творамі. На мінулым тыдні ў мінскай антыкварнай і мастацкай галерэі «Дар’ян» (вуліца Максіма Багдановіча, 11) адкрылася яго выстаўка MONTENEGRO. Прадстаўленыя работы былі напісаныя падчас замежнага пленэра.


Васіль Пяшкун працуе ў рэалістычнай манеры, але не ставіць перад сабой асноўнай мэтай дэталёва перанесці на палатно ўбачанае. Наадварот, ён імкнецца захаваць на палотнах нешта няўлоўнае — тое, пра што маўчаць аблокі альбо пра што шчабечуць птушкі і нашэптвае вецер.

— У пейзажах мне падабаецца быць праўдзівым, я магу штосьці адлюстроўваць дасканала, а штосьці выбудаваць у сувязі з фантазійнымі ўражаннямі, — тлумачыць Васіль Пяшкун. — MONTENEGRO — якраз той выпадак, калі прыгажосць абудзіла ўва мне вялікую энергію. Я працаваў і атрымліваў задавальненне, а гэта найлепшае, што можа здарыцца з мастаком.

У работах Васіля Пешкуна амаль не сустрэнеш знакамітых помнікаў архітэктуры альбо класічных відаў з паштовак. Часцей у яго творах — немудрагелістыя сельскія пейзажы, сціплыя і непрыкметныя гарадскія вулачкі. Часам гэта можа паставіць гледача ў тупік: што ж такога цікавага знайшоў тут жывапісец? На прадстаўленай выстаўцы аўтар таксама гарманізуе прастору, у якой аказаўся, спрабуе выказацца простай пластычнай мовай. Безумоўна, яго акцэнт на колеры не пераблытаеш з колерам іншых аўтараў. Толькі тут трэба падкрэсліць адназначна: у дадзеным выпадку Пяшкун не падобны да сябе.

Праз маўклівы дыялог аўтар адчувае стан, настрой і глыбіню наваколля. Але майстар не ставіць мэты цалкам адлюстраваць убачанае, ён чапляецца за дэталі, ледзь улоўныя, але такія важныя. Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што майстэрня Васіля Пешкуна не мае даху і сцен. Так і ёсць: адкрытыя прасторы для яго — магчымасць адпачыць маральна, духоўна, магчымасць раскрыцца.

— Кірунак, у якім працую, мне цікавы. Вядома, часам разважаю ці звяртаюся да іншага жанру. Але мне здаецца, што ў рэалістычным жывапісе я яшчэ не ўсё вычарпаў, таму ёсць куды расці. Паглядзіце на тую ж Чарнагорыю. Колькі візуальнай прыгажосці для развагі! Мне падабаецца ствараць такія рамантычныя творы. Жывапіс можна параўнаць з музыкай. Бо класічны кірунак музыкі заўсёды застаецца актуальным, запатрабаваным. Тая ж сітуацыя і ў мастацтве: колькі б ні з’яўлялася новых творчых плыняў, класічны малюнак працягвае быць цікавы. Апошнім часам шмат гавораць пра трэнды ў сучасным мастацтве. Існуе меркаванне, што самы актуальны кірунак — абстракцыя. Але лічу, што класічны жывапіс таксама можна назваць сучасным. У ім гэтак жа можна гуляць фарбамі, даследаваць фактурнасць. Я ўпэўнены, што класіку нельга спісваць з рахункаў.

Самае цікавае, што Васіль Пяшкун працуе толькі з натуры, таму яго работы літаральна дыхаюць. Усе творы мастак стварае ў адзін дзень, лічачы, што візуальная вобразнасць існуе як факт: назаўтра можа быць іншае надвор’е, іншы пейзаж. Разглядаючы карціны Васіля Пешкуна, мы здзяйсняем дзіўнае падарожжа не толькі геаграфічна, але і ўнутр сябе, што дорыць адчуванне дзіўнай непарыўнай сувязі чалавека і прыроды, знешняй і ўнутранай гармоніі.

У арт-грамадстве Васіля Пешкуна называюць прадаўжальнікам рэалістычных традыцый у беларускім жывапісе. Яго работы знаходзяцца ў музеі сучаснага рускага мастацтва ў Джэрсі-Сіці (ЗША), беларускай амбасадзе ў Будапешце, прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Японіі, Італіі, Францыі.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Пра што маўчаць аблокі?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.