Вы тут

Фестываль «Лістапад» адгукаецца на сусветныя праблемы


Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» — найбуйнейшы кінафорум, на які штогод у Беларусі збіраюцца вядомыя рэжысёры, акцёры, аматары мастацтва cinema. Падзея ў краіне доўгачаканая і інтрыгоўная: праграму кінафоруму доўга не абвяшчалі. І толькі 10 кастрычніка гледачы змаглі даведацца, на якія кінастужкі можна набыць білеты. XXVI Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў Мінску з 1 па 8 лістапада


Кадр з фільма «Цела божае»

Праграма форуму багатая і ўнікальная. Секцыі ігравога і дакументальнага кіно прадстаўляюцца ў рамках асноўнага конкурсу і конкурсу маладога кіно, ладзіцца конкурс дзіцячага і юнацкага кіно «Лістападзік». Таксама арганізатары прапануюць шырокую праграму пазаконкурсных і рэтраспектыўных паказаў, сустрэчы, майстар-класы, выстаўкі і вернісажы.

У фестывалі з аптымістычным слоганам «Да радасці» будуць удзельнічаць 154 карціны з 50 краін свету. Упершыню пакажуць фільмы з Судана і Сенегала. Пляцоўкамі для «Лістапада» стануць кінатэатры «Цэнтральны», Falcon Club Буцік Кіно, Silver Screen у Galileo, «Піянер», «Беларусь», Музей гісторыі беларускага кіно.

Конкурс ігравога кіно сёлета ўключае 12 карцін, дакументальнага — 13, «Маладосць на маршы» — 12. У праграме фільмаў для дзіцей і юнацтва «Лістападзік», паказы якіх пройдуць з 2 па 5 лістапада, прадставяць 8 карцін. Конкурс нацыянальных кінашкол адбудзецца з 2 па 4 лістапада. За гэты час гледачы змогуць убачыць 22 стужкі.

— У асноўным конкурсе прадстаўлены фільмы краін былой камуністычнай прасторы, — расказаў дырэктар праграм ігравога кіно, конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» Ігар Сукманаў. — Мы жывём у свеце, які змяняецца. Праблемы, што хвалююць Кітай, Кубу, В’етнам, Польшчу, Румынію ці Грузію, становяцца часткай нашай агульнай прасторы. Жывучы ў эпоху змен, мы аб’яднаныя агульнымі праблемамі быцця. 12 фільмаў, якія вы ўбачыце, — гэта карткі кінематаграфій гэтых краін. Яны адлюстроўваюць болевыя кропкі грамадства і дазволяць нам лепш разумець, у якім свеце мы жывём і што сабой уяўляем. Гэтыя работы кранаюць не толькі актуальнасцю, але і кінематаграфічнай мовай, формай выказвання. Нам вельмі хацелася б, каб такія фільмы сталі своеасаблівай галерэяй славы сучаснага кінамастацтва.

Асноўны конкурс ігравога кіно — не проста важная падзея альбо нагода прыйсці ў кіназалу, а магчымасць пазнаёміцца з якасным і глыбокім кіно. У Беларусі сёння, на жаль, кінаіндустрыя не так часта дазваляе атрымаць асалоду ад якасна выбудаваных стужак, але ж «Лістапад» — тая самая магчымасць зразумець трэнд кінаплыні.

Расказваць пра ўсе дванаццаць фільмаў асноўнай ігравой праграмы не зусім цікава і трэба. Лепш усё ж паглядзець. Але ж выбраць з іх тыя, якія ўжо сёння выклікаюць спрэчкі і знаходзяцца ў цэнтры ўвагі прыхільнікаў «Лістапада», будзе карысна.

Так, карціна «Бывай, сын мой» (Ван Сяашуай, Кітай) дэталёва распавядае гісторыю адной сям’і, пачынаючы з 1970-х гадоў да нашага часу. Гэта сямейная драма, хроніка 30 гадоў ваганняў генеральнай лініі партыі, якая катком прайшла па жывых людзях, — наглядная ілюстрацыя таго, што інтарэсы асобнага грамадзяніна ніколі не будуць успрымацца як масавае запатрабаванне.

У фільме шмат перыпетый, уласцівых бразільскаму серыялу. Храналогія парушана: рэжысёр, у адрозненне ад сваіх герояў, не жадае забываць мінулае і пастаянна тасуе розныя перыяды жыцця. Часы мяняюцца, але боль, пакуты, неўладкаванасць і адчужэнне застаюцца. Для мацнейшага трагічнага эфекту Сяашуай распавядае асабістую гісторыю максімальна даступнай мовай рэалістычнага кіно: агульныя планы, сумныя погляды, складны аповед, даходлівы псіхалагізм і меладраматычны надрыў. Зразумела, што кінастужка «Бывай, сын мой» — не проста гісторыя пра жорсткую заканадаўчую сістэму ці адносіны паміж чалавекам і дзяржавай. Тут больш разваг пра асобны перыяд у межах велізарнай краіны, якая ўяўляе сабой спробу рэжысёра разабрацца ў пытанні «А чаму так?».

У 1990-я гады Ван Сяашуай быў піянерам незалежнага кітайскага кіно. Яго карціны чатыры разы ўдзельнічалі ў Канскім кінафестывалі, тройчы — на фестывалі ў Берліне, а таксама ў Венецыі і Сан-Себасцьяне. Сёння рэжысёр уладальнік самых прэстыжных фестывальных трафеяў, яго прафесійны почырк уражвае глыбінным успрыманнем рэчаіснасці.

Адзін з найбольш дыскусійных фільмаў — «Злачынны чалавек» Дзмітрыя Мамуліі, значнай фігуры сучаснага кінематографа. Яго работа мае спасылкі на творчасць Фёдара Дастаеўскага. Кінарэжысёр прыедзе ў Мінск і асабіста прадставіць карціну.

Фільм хоць і зняты ў капрадукцыі з Расіяй, але па духу — выключна грузінскі з адпаведным антуражам і каларытам. Здымкі карціны, якія доўжыліся тры гады, прайшлі на тэрыторыі рэспублікі, а акцёрскі склад — грузінскія, хай і ў большасці непрафесійныя, акцёры. Рэжысёр не меў патрэбы ў прафесійных акцёрах, яму патрэбен быў чалавек з пэўным жыццёвым досведам — унутраным надломам, які адбіваўся на фарміраванні асобы. Менавіта такога чалавека ён і знайшоў.

«Злачынны чалавек» — маруднае, практычна медытатыўнае кіно. Тое, што пачынаецца як нуарны дэтэктыў, паступова абрастае элементамі псіхалагічнай драмы. На працягу дзвюх гадзін Мамулія паказвае, як у яго героя паступова ўсяляецца цемра, прычым робіць гэта на ўзроўні паўнамёкаў, пакідаючы гледачу магчымасць самому вырашаць, што менавіта рухае яго ўнутранымі інтэнцыямі, няхай гэта будзе злы дух ці нейкае схаванае псіхічнае засмучэнне. Падобная свабода чытанняў дае сапраўдны палёт фантазіі.

Здаецца, што арганізатары выбралі гэты фільм нават не за добрыя водгукі, ужо атрыманыя прэміі, а менавіта з-за праўды, з якой жыве чалавек. Набываючы жыццёвы досвед, складана заставацца самім сабой, складана быць простым: усплываюць такія жорсткія ноткі амбіцый, самапахвалы, што позірк проста затуманьваецца. Нездарма ў загадкавых туманных ландшафтах чытаюцца адсылкі і да творчасці вялікіх кінематаграфістаў: Таркоўскага і Пазаліні.

На конкурсе будзе і адна з галоўных сенсацый апошняга Венецыянскага кінафестывалю — фільм Валянціна Васяновіча з Украіны «Атлантыда». Гэта фільм-антыўтопія пра перамогу Украіны ў вайне з Расіяй. Дзеянне карціны адбываецца на Данбасе ў 2025 годзе. На экране дэманструюць наступствы ваенных дзеянняў, якія зрабілі тэрыторыю непрыдатнай для жыцця. Да таго часу вялікая частка ўсходняй Украіны ператворыцца ў пустыню, адходы забрудзяць зямлю, затопленыя шахты атруцяць студні і рэкі.

Валянцін Васяновіч працаваў над фільмам як аўтар сцэнарыя, рэжысёр, аператар і прадзюсар. У «Атлантыдзе» здымаліся валанцёры і ваенныя, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны. У галоўнай ролі зняўся Андрэй Рымарук, валанцёр фонду «Вярніся жывым», былы журналіст газеты «ФАКТЫ».

Сёння крытыкі задаюцца пытаннем «пра што фільм?». Пра наватарства ў кінематографе, пра вырашэнне канфлікту альбо ўвогуле пра місію прадказання. Разважанні бязмежныя. Але ёсць сэнс у адным: рэжысёр вынайшаў тую самую лінію, якая не дае магчымасці быць аднабаковым у сваіх думках.

Адразу пасля трыумфу ў Венецыі «Атлантыда» адправілася на фэст у Таронта. Усеўкраінская прэм’ера фільма запланавана на лета 2020 года.

Яшчэ адна жамчужына сёлетняга кінафоруму «Лістапад» — грузіна-расійская карціна «Удых-выдых» (Дзіта Цынцадзэ), прэм’ера якой адбылася на кінафестывалі ў Шанхаі. Кранальная гісторыя пра 43-гадовую жанчыну, якая вярнулася дамоў з турмы. Выйшаўшы на волю, Ірына пачынае жыццё з нуля і спрабуе заваяваць давер сям’і. Аднак сутыкнуўшыся з абыякавасцю і чэрствасцю свету, гераіня задаецца пытаннем: ці мае патрэбу яна ў тым грамадстве, у якое вярнулася?

Тут таксама тэма шырэйшая, чым заяўлена. Пытанне ў стэрэатыпах. Справа ў тым, што часта грамадства не дае чалавеку другі шанц. І гэта таксама пачатак канца. Галоўная праблема, якую закрануў рэжысёр, — чалавек, выкінуты грамадствам з-за таго, што ён проста не адпавядае яго асновам. Гэтая тэма вельмі блізкая многім. Але ж уздымаць яе чамусьці сорамна.

Галоўная гераіня актрыса Саломэ Дэмурыя з вялікай чуласцю і шчырасцю сыграла ў кінастужцы ролю жанчыны, якая становіцца чужой у сваёй сям’і. Фільм зняты ручной камерай і пры натуральным асвятленні, што пераносіць гледача ў атмасферу дакументальнага кіно. Для стварэння эфекту прысутнасці кожны кадр зняты так, быццам злоўлены поглядам галоўнай гераіні. Аўтарам кранальнай музыкі стаў Аляксей Селіверстаў. Для яго фільм — першы вялікі праект, дзе ён працаваў у цеснай звязцы з рэжысёрам.

Рэжысёр фільма Дзіта Цынцадзэ тлумачыць, што «Удыхвыдых» — гэта па-сапраўднаму жорсткая і бязлітасная гісторыя, дзе гераіні даводзіцца пераадолець цяжкі этап, мець сілы прыняць канчатковае рашэнне: да чаго імкнуцца і што рабіць далей. Але галоўнае, па яго меркаванні, — гэта надзея, якая ёсць у Ірыны, хай толькі ў інтуітыўнай форме, але ўсё ж такі рэальная і да канца не згубленая.

Яшчэ адна работа, што трапіла ў асноўны конкурс гульнявога кіно, польская карціна рэжысёра Яна Комаса «Цела божае», якая ўражвае глыбокай драматургіяй.

Гэта гісторыя дваццацігадовага Даніэля, які падчас знаходжання ў калоніі для непаўналетніх перажывае духоўную трансфармацыю і марыць стаць святаром. Пасля ўмоўнага вызвалення хлопец пасябраваў са святаром невялікага прыхода. У адсутнасць святара Даніэль скарыстаўся нечаканай магчымасцю і пачаў выконваць яго абавязкі. Яго метады евангелізацыі выклікалі шмат спрэчак сярод жыхароў, але з часам вучэнні і харызма маладога героя выклікалі іншае стаўленне да яго ўчынкаў.

Кадр з фільма «Удых-выдых»

Фільм «Цела божае» якраз пазбаўлены меланхалічных асаблівасцей, у сваёй дынаміцы ён раскрывае агульнае ўспрыманне людзьмі іх рэлігіі, уласнай культуры.

Зараз ідзе вялікая падрыхтоўка ў кінатэатрах Мінска. Ужо 21 кастрычніка ў інтэрнэце і касах кінатэатра «Масква» можна будзе набыць квіткі на адкрыццё кінафестывалю. Продаж білетаў на астатнія паказы пачнецца пасля атрымання ад фестывальнай дырэкцыі раскладу сеансаў.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Праз прызму сумлення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».