Вы тут

Унікальны танец, які захавалі ў Мастоўскім раёне, згуртаваў некалькі пакаленняў вяскоўцаў


Беларускі народны танец фарміраваўся разам з усёй беларускай культурай. Праз рух беларусы паказвалі, як адчуваюць жыццё, дэманстравалі нацыянальны тэмперамент, перадавалі натхненне. Практычна любы беларускі рэгіён мае характэрныя асаблівасці танцавальнай традыцыі. Напрыклад, котчынская кадрыля да сённяшняга дня з’яўляецца брэндам Мастоўскага раёна.


Дынамічны танец пад скрыпку і баян сапраўды аб’ядноўвае! Спакон веку ў Мастоўскім раёне яго танцавалі на самых галоўных сельскіх урачыстасцях. Мясцовыя жыхары гэтую традыцыю захавалі. Праўда, цяпер часцей выконваюць кадрылю на вялікай сцэне — вынеслі на канцэртныя і фестывальныя пляцоўкі. І зараз праз танец перадаюцца уражанні ад жыцця, побыту, працы.

Больш за сорак гадоў кадрыля карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў Мастоўскага раёна, бо яны дакладна ведаюць: фальклорны танец у выкананні майстроў — гэта мастацтва. У 1960 годзе кадрыля ўпершыню была выканана на хрэсьбінах у Марыі Калбасенкавай, якая тады была дырэктарам клуба. У 1969 годзе мясцовыя калектывы пачалі прымаць удзел у першых паказальных выступленнях фальклору. У раёне нельга знайсці ні аднаго старажыла, ногі якога не памятаюць гэты танец. І сёння ў вёсцы Котчына і суседніх Вялікіх Азёрах ледзь ці не кожны летні вечар збіраюцца аматары кадрылі. Назіраць за танцам — справа надзвычай прыемная: настолькі захапляльна, арыгінальна.

Толькі ўявіце: раней у ім было дваццаць чатыры элементы і доўжыўся ён больш за гадзіну. Але ў 1970 годзе, падчас абласнога агляду фальклору, мастаўчан папрасілі выступіць на тэлебачанні. Так народныя скокі скарацілі ўдвая. Унікальнасць фірмовага танца ў тым, што ён спалучае элементы як кругавой, так і лінейнай кадрылі. Гэта ўплывае на пабудову саміх фігур. Такім чынам, і пераходы ад адной групы танцавальных рухаў да другой некалькі іншыя, чым самыя распаўсюджаныя. Гэтая фішка і стала асаблівасцю рэгіёна.

Самае цікавае дзейства пачынаецца, калі котчынскую кадрылю танчаць на фэстах трыма складамі. Кожная пара-ўдзельніца па чарзе паўтарае рухі па прынцыпе «ўсё за ўсімі». Танцавальныя фігуры адасабляюцца адна ад адной музычнымі паўзамі: «Мышка», «Полька». Іх колькасць можа быць большай ці меншай у залежнасці ад фармату свята. Спачатку саліруе асноўны (дарослы) склад калектыву. Затым уступаюць старшакласнікі, а завяршаюць кадрылю самыя маленькія ўдзельнікі. Назіраць за дзеяй, здаецца, можна бясконца, а ногі самі рвуцца ў скокі.

Раней удзельнікі котчынскай кадрылі не прапускалі рэпетыцый: яны прыходзілі ў клуб заўсёды, бо тут былі рады кожнаму.

Каб цалкам узнавіць адмысловы танец, мясцовым культработнікам не хапае і тых самых касцюмаў, у якіх выконвалі котчынскую кадрылю. Справа па аднаўленні далёка не танная. Хаця навукоўцы даўно апісалі фірменныя рысы строю. Перш за ўсё гэта так званая саматканая спадніца (яе ў вёсцы завуць «зграбнай»). Яна вельмі цяжкая, бывае розных колераў, з нашытымі тасёмкамі, запрасаваная ў складкi. У кашулi прамы рукаў, сабраны на манжэту з арнаментам чорнага і чырвонага колеру, каўнер адкладны, скруглены. Абавязкова патрэбны гарсэт. Галаўны ўбор жанчыны — крамная хустка або каптур з круглымi вушкамi i шаўковымi стужкамi-завязкамi. Мужчынскі строй больш традыцыйны, але таксама з асаблівасцямі. Пояс павінен быць шырокі, з раслінна-геаметрычным арнаментам. Уздоўж — вузкiя безузорныя рознакаляровыя палоскi цёмна-бэзавага, зялёнага, жоўтага колеру. Сярэдзiна пояса саткана нiткай толькі чырвонага колеру.

У сцэнічным варыянце котчынская кадрыля ёсць у рэпертуары ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя росы» і народнага ансамбля беларускай песні «Гарадніца» Цэнтра культуры горада Гродна. Кадрылю «па-котчынскі», занесеную, згодна з пастановай Савета Міністраў ад 21 верасня 2010 года, у пералік нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Беларусі, у рэгіёне захоўваюць дынастыямі. Бо гэта тая спадчына, якая да гэтага часу перадаецца ад бабуль і дзядуль да мам і тат, унукаў і ўнучак. Танчаць і малады, і стары!

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Фірмовы стыль

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.