Вы тут

Восень жанчыны можа быць светлай і шчодрай


Cёння жыццё імкліва мяняецца, і жанчына пасля 50 гадоў мае зусім іншыя патрабаванні да жыцця, чым мелі нашы бабулі. Яна не проста хоча як мага даўжэй быць здаровай і актыўнай, але і працягваць будаваць кар'еру, добра выглядаць, мець свае ўласныя інтарэсы і захапленні. Часам гэтаму перашкаджаюць непрыемныя нюансы перыяду гарманальнай перабудовы арганізма, якія падсцерагаюць звычайна ва ўзросце каля пяцідзесяці гадоў. Жанчыну мучаць дэпрэсія альбо раздражняльнасць, сардэчныя ці галаўныя болі, дрэнны сон. Мяняецца і знешні выгляд – часам фігура «расплываецца», некаторых гэта непакоіць і яшчэ больш псуе ім настрой. Клімакс называюць жаночай восенню. Наколькі апраўданая такая назва? Тлумачыць доктар акушэр-гінеколаг, кандыдат медыцынскіх навук Алена ГЕРАСІМОВІЧ.  

КЛІМАКС – ГЭТА КЛОПАТ ПРЫРОДЫ ПРА ЖАНЧЫНУ

– Сапраўды, клімакс часта асацыіруецца з завяданнем і старэннем жаночага арганізма. Многія жанчыны ўпэўненыя: калі настаў клімакс – старасць на пароге. Але гэта не зусім так. Давайце спачатку разбяромся, што хаваецца за словам “клімакс”. Гэта такі перыяд у жыцці жанчыны, калі рэпрадукцыйная сістэма падае сігнал “стоп”. Адбываецца паступовае згасанне яе функцый. Жанчына ўжо дастаткова сталая і наўрад ці здолее без шкоды для свайго здароўя вынасіць і нарадзіць здаровага малыша. Прырода клапоціцца пра жанчыну, і ў пэўны час запускае механізм адключэння рэпрадукцыйнай функцыі. Галоўным сігналам пачатку такога працэсу становіцца заканчэнне менструацыі. Каб адключыць рэпрадукцыйную сістэму, патрэбны сур’ёзныя гарманальныя змяненні. У гэты перыяд яечнікі і гіпофіз заўважна зніжаюць узровень гармонаў – эстрагена і прагестэрона. Вось гэтыя самыя змяненні, якія адбываюцца пад уздзеяннем недахвату гармонаў, і адчувае жанчына, калі апісвае прыкметы клімаксу.

Што ж тое за прыкметы? Павышаная стамляльнасць, нервовасць, плаксівасць, прылівы, гарачыня, празмерная патлівасць, залішняя вага, а таксама галаўныя болі ды іншае. З цягам часу  – гармонаў вырабляецца ўсё менш –  дадаюцца новыя непрыемнасці: сухасць скуры, з’яўленне зморшчын. Можа развіцца паталогія ў касцявой тканцы, астэапенія і астэапароз.

У некаторых жанчын клімакс наступае адразу пасля сарака. У іншых – бліжэй да шасцідзесяці. Звяртаю ўвагу чытачак: позні клімакс яшчэ больш небяспечны. Згасанне функцыі яечнікаў да 40 гадоў дактары гінеколагі-эндакрынолагі разглядаюць як ранняе ці заўчаснае.

Таму наступленне клімакса – гэта ні ў якім выпадку не старасць, а новы, заканамерны перыяд у жыцці жанчыны. Для некаторых гэта і ёсць восень – залатая, раскошная пара. І вы можаце зрабіць яе шчодрай і светлай, варта толькі паклапаціцца пра сябе.     

СОЧЫМ ЗА ЗДАРОЎЕМ

Сапраўды, у гэтым узросце высокая рызыка праблем са здароўем: тут і цукровы дыябет можа падсцерагаць, і гіпертанія. У той жа час жанчына на піке кар’еры, з’яўляюцца ўнукі, і ўсюды трэба паспець. Які лад жыцця весці, каб папярэдзіць хваробы, быць заўсёды актыўнай і не стамляцца? 

Важна займацца прафілактыкай хваробаў. Рэгулярна, не менш аднаго разу на год, трэба наведваць доктара акушэра-гінеколага і праходзіць неабходныя базавыя даследаванні: агляд на крэсле доктарам, агляд шыйкі маткі пад мікраскопам – кольпаскапія, аналіз на выключэнне анкалагічнага захворвання – онкацыталогія і ультрагукавое даследаванне органаў малага таза. Гэта той мінімум, які кожная жанчына, што клапоціцца пра сябе і сваё здароўе, мусіць рэгулярна выконваць. У перыяд клімаксу пажадана праходзіць базавы агляд не радзей за 2 разы на год. Вельмі важная рэгулярная кансультацыя доктара-мамолага. Нават калі няма ніякіх скаргаў! Я рэкамендую сваім пацыенткам кожны раз, калі яны ідуць на базавы агляд да гінеколага, наведаць і мамолага.

Энергія і вынослівасць, здольнасць супрацьстаяць стрэсам залежаць ад паступлення ў арганізм карысных рэчываў. Харчаванне жанчыны ў перыяд менапаўзы павінна быць збалансаваным і здаровым. Аддавайце перавагу прадуктам з найменшай перапрацоўкай. Важна есці як мага больш агародніны – сырой і прыгатаванай з дапамогай пары, тушанай. Уключайце ў рацыён рыбу і морапрадукты – крыніцу амега-3 тлустых кіслот. У перыяд клімаксу адбываецца значная страта кальцыю, косці жанчыны робяцца крохкімі ды ломкімі. Менавіта з гэтай прычыны важна спажываць прадукты, багатыя кальцыем: цвёрдыя сыры, малочныя прадукты, брокалі. Ешце авакада, арэхі, садавіну па сезоне, дадавайце ў ежу карысныя алеі – аліўкавы, ільняны, кунжутны.

А чаго варта пазбягаць? У любым узросце, але ў перыяд клімаксу асабліва, важна весці здаровы лад жыцця. Варта паменшыць спажыванне кавы, бо кава спрыяе вымыванню кальцыя з органаў-мішэняў. Добрым рашэннем будзе скараціць колькасць спіртовых напояў, смажанай, вострай, моцна салёнай, тлустай і вэнджанай ежы, а таксама рознай здобы. Калі вы курыце, надышоў час кінуць гэтую шкодную звычку. 

СЭКС І ПРЫЕМНЫЯ ЭМОЦЫІ

Пасля пяцідзесяці жанчыне і складаней, і прасцей выбудоўваць адносіны з партнёрам. З аднаго боку, знікае страх цяжарнасці і з'яўляецца свабода. З іншага боку, ёсць устойлівы стэрэатып, што пасля 50 год пра сэксуальныя адносіны жанчыне неяк не да твару думаць. Тое, што сэксуальнае жыццё жанчыны заканчваецца пасля 50 год, – гэта міф.

Яно важнае для жанчыны ў любым узросце, і асабліва ў перыяд клімаксу. Заўважана, што сэксуальна актыўныя жанчыны не так хутка старэюць. Рэгулярнае інтымнае жыццё з каханым чалавекам дапаможа пачувацца больш жыццярадаснай. Таксама ў час сэксуальнага акту паляпшаецца кровазабеспячэнне органаў і тканак, узмацняецца абмен рэчываў у арганізме.  
Калі ўсё ж такі некаторыя сімптомы клімаксу перашкаджаюць паўнавартаснаму сэксуальнаму жыццю, не саромцеся звяртацца да доктара акушэра-гінеколага. Сёння ў асенале медыцыны дастаткова сродкаў, якія дапамагаюць значна палепшыць жыццё жанчыны пасля 40 гадоў – гэта і правільны падбор гарманальных прэпаратаў, і выкарыстанне найноўшых тэхналогій.

Заўсёды напаўняюць энергіяй падарожжы, новыя ўражанні. Важна не сядзець на месцы, быць актыўнай, мэтанакіраванай. Абавязкова хадзіць на працэдуры, якія дазваляюць расслабіцца: спа, масаж, басейн. Калі ёсць жаданне, можна нават пакатацца на картынгу або саскочыць з парашутам. Галоўнае – каб гэта дастаўляла вам радасць. Актыўныя жанчыны нашмат лягчэй пераносяць усе непрыемнасці клімаксу і даўжэй застаюцца маладымі. 

Друкуецца ў часопісе "Алеся"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?