Вы тут

Лукашэнка патрабуе скончыць сельскагаспадарчыя работы да 7 лістапада


Прэзідэнт назваў тэму сённяшняй нарады «прынцыповым пытаннем, без якога краіна жыць не можа».


Пачынаючы пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё паставіў прысутным задачу здзейсніць комплекс мерапрыемстваў і работ, якія не церпяць адкладанняў. 

«У нас прывыклі да таго, што ўраджай заканчваецца, калі ўбіраем збожжавыя каласавыя, у жніўні. Гэта не так: убраць збожжавыя каласавыя — гэта самае простае, што можа быць у сельскай гаспадарцы. А потым застаецца велізарны масіў кукурузы — на сілас і асабліва на зерне, застаюцца буракі, бульба. Застаюцца агародніна, пладовыя і гэтык далей. Гэта мільёны і мільёны тон, якія трэба ўбраць з поля і перавезці ў сховішчы ці прадаць», — запатрабаваў руплівасці Прэзідэнт.

Да таго ж, нагадаў ён, трэба надаць увагу азімым. Надвор’е сёлета садзейнічала іх нармальнай вегетацыі і добраму стану да зімоўкі. Сярод надзённага — і ворыва глебы пад зябліва. Гэта, лічыць кіраўнік краіны, самае «вузкае» месца.

«Засталося зусім няшмат плошчаў, якія мы мусім ўбраць, але тым не менш, маё ўражанне: нягледзячы на тое, што іх няшмат, расслабіліся ў канцы ўборкі. Што да пад’ёму зябліва, тут проста халатнае стаўленне», — даў ацэнку Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што спецыяльна асабіста паназіраў за некаторымі палямі ў Мінскім раёне, Мінскай вобласці. І пасля абеду ў пятніцу, у суботу і нядзелю не ўбачыў, каб хтосьці араў. 

«А гэта два з паловай дні! Колькі можна падняць за гэты час зябліва. Усё гэта проста: палову поля ўзаралі да сярэдзіны пятніцы, на гэтых палях ніводзін трактар не з’явіўся. І два з паловай дні палова поля ўзарана, палова — не. У панядзелак усё ўзаралі, дааралі. Гэты сведчыць аб тым, што адпачывалі два з паловай дні. Я разумею, людзі стаміліся, нагрузка велізарная. Але заўтра зіма будзе, адпачнем. У сялян жа было заўсёды так», — падкрэсліў лідар дзяржавы.

Ён адназначна папярэдзіў: пасля 7 лістапада ўсе восеньскія работы ў сельскай гаспадарцы павінны быць скончаны. У прыватнасці, Прэзідэнт паставіў задачу канчаткова ўбраць льнотрасту, кукурузу на зерне, рэшткі бульбы.

«Сёння добры кошт, Украіна ў чарзе стаіць за набыццём бульбы. Запоўніце сховішчы — і не толькі як стабілізацыйны фонд для свайго насельніцтва на зіму, але і каб прадаць пазней, увесну за добры кошт, гэту бульбу», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка. Такія ж патрабаванні ў яго і да ўборкі агародніны. 

Асабліва кіраўнік краіны звярнуў увагу на грэчку, якой сабралі менш, чым летась, з-за неўраджаю. 

«У Расіі грэчкі няма ўвогуле. Майце на ўвазе, што гэта грэчка ўся ўцячэ ў Расію. І мы застанемся з мінімумам грэчневай крупы і з высокімі коштамі. Не дай бог, гэта адбудзецца па цэнаўтварэнні», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

«Тэрміны я вызначыў. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, святкавання 7 лістапада мы можам толькі зябліць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На сённяшняй нарадзе ў Палацы Незалежнасці абмеркавалі таксама пытанні экспарту.


Уладзімір Дворнік: Асноўная задача — не дапусціць высокіх цэн для спажыўцоў

Да 7 лістапада асноўныя сельгасработы будуць выкананы. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Дворнік.

«Неяк сёлета дружна ўсе вобласці працуюць, і працэнт практычна ва ўсіх абласцях аднолькавы. Сёння засталося дзве культуры (гэта кукуруза і буракі), якія мы заканчваем. Тэрміны, вызначаныя кіраўніком дзяржавы, я думаю, мы выканаем», — адзначыў Уладзімір Дворнік.

Ён падкрэсліў, што неабходным аб’ёмам прадуктаў харчавання краіна забяспэчана на сто працэнтаў. Асноўная задача — не дапусціць высокіх цэн для спажыўцоў, прынамсі, каб цэны не перавышалі суседскія. 

«Мы робім нашмат больш, чым можам спажыць самі. Таму мы сочым, і экспарт — важная задача, якая ставіцца дзяржавай. На сёння мы маем па васьмі месяцах больш за тры мільярды выручкі. Па выніках году бачым, што мусім мець не менш за 5,5 мільярда долараў. Аб’ём экспарта сёлета таксама ацэньваем каля 104 працэнтаў да ўзроўню мінулага года ў галіне прадуктаў харчавання», — паведаміў віцэ-прэм’ер.

Што да грэчкі, пытанне па якой узняў Прэзідэнт, Уладзімір Дворнік падкрэсліў: у Расіі недаатрымалі каля 20 працэнтаў ураджаю, у Беларусі маецца запас дзяржзаказу.

«Дзяржава будзе трымаць руку на пульсе, каб нейкіх скачкоў, рэзкіх павышэнняў цэн на гэты прадукт не было. Цана на расійскім рынку і на нашым рынку практычна аднолькавая, таму я не думаю, што будуць нейкія скачкі і вываз гэтай прадукцыі», — заключыў намеснік прэм’ер-міністра.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?