Вы тут

У Гродне прайшоў модны паказ галаўных убораў


Такое мерапрыемства тут ладзіцца ўпершыню. Свае творчыя напрацоўкі прадставілі восем майстроў. У калекцыях — капелюшы розных фасонаў і матэрыялу. Фетравыя, тэкстыльныя, валяныя, вязаныя спіцамі і кручком... І кожны выраб — асобны твор з аўтарскім почыркам.


Такім чынам было прадэманстравана каля 70 экзэмпляраў жаночых капелюшоў.

Напрыклад, майстар Вольга Урбановіч прадставіла калекцыю ў стылі «клош». Галаўныя ўборы зроблены па форме кацялка з апушчанымі невялікімі палямі. Відавочна, рэтра-капелюшы зноў становяцца трэндавымі элементамі адзення. Дарэчы, майстар мае ўласную майстэрню ў горадзе-спадарожніку Скідзелі, дзе з поспехам шые рэчы.

Майстар Валянціна Казукевіч распрацавала калекцыю для жанчын, якія сутыкнуліся з цяжкай хваробай, перанеслі хіміятэрапію. У яе ёсць свой праект, яна адаптуе матэрыялы такім чынам, каб жанчына нягледзячы ні на што была прывабнай.

Не абыйшоўся паказ і без саламяных капелюшоў — традыцыйнага галаўнога ўбора беларусаў. І хоць гэта была частка пераважна мужчынскага ўбрання, яны вабілі і жанчын. Многія памятаюць, якія пачуцці бушавалі вакол капелюша з італьянскай саломкі ў вядомым вадэвілі. Такія ўборы ў розных варыянтах, праўда, з беларускай саломкі, могуць упрыгожыць і сучасных жанчын. Адпаведную калекцыю прапанавала майстар Людміла Блохава. А вось Наталля Кірко прадставіла арыгінальныя вянкі і галаўныя ўборы з дэкаратыўнымі кветкамі.

Сёння папулярная тэма — капелюшы-таблеткі. Гэтая форма надае жанчыне грацыёзнасць і шарм.

— Усе нашы ўдзельніцы — гэта майстры, якія займаюцца пераважна галаўнымі ўборамі, маюць свае творчыя майстэрні і нават студыі, — паведаміла загадчыца Цэнтра спадчыны Марына Чыкун. — Яны прадставілі самыя цікавыя і арыгінальныя. Усе майстры маюць статус рамеснікаў і прадаюць свае вырабы на кірмашах, супрацоўнічаюць з дамамі моды і гандлёвымі прадпрыемствамі.

Мастак-дызайнер Алена Вітко, напрыклад, робіць капелюшы для гродзенскай швейнай фірмы. На яе думку, цяпер у трэндзе фетравыя — магчыма, таму, што гэта класічны, якасны матэрыял. Па форме яны не такія экстравагантныя, як, напрыклад, валяныя вырабы. Дарэчы, на паказе Алёна прадставіла калекцыю, якая прэтэндуе менавіта на эксклюзіў. Гэта галаўныя ўборы для асаблівых свят.

— Да такіх падзей падыходзяць віялеткі — невялікія ўпрыгажэнні розных формаў: гэта стужкі, кветкі, кампазіцыі з пёрамі, карункамі, сеткамі... Яны робяцца больш па індывідуальных заказах, — патлумачыла майстар.

Увогуле свой стыль дызайнер «укараняе ў масы». Напрыклад, яна любіць пакрасавацца ў чорнай дэкарыраванай пілотцы і ўбачыць зацікаўленыя погляды навакольных. Многім сваім знаёмым, і не толькі, дызайнер такім чынам дапамагла знайсці свой вобраз.

— У нас, на жаль, страчана культура нашэння галаўных убораў. Напрыклад, я стала насіць капелюшы ў 90-я гады, і многія тады нават паказвалі пальцам. Ды і цяпер, калі прыходжу па свайго сына ў школу, многія ўспрымаюць мае галаўныя ўборы як дзівацтва. Але чым больш будзе такіх «дзівакоў», тым лепш, бо гэта падкрэслівае індывідуальнасць, — адзначае Алёна.

Што датычыцца трэндавых фасонаў, то прафесіяналы схіляюцца да класікі. Гэта капелюшы як з шырокімі, так і з невялікімі палямі. Модныя цяпер і кепкі «а-ля Гаўрош», «хуліганкі». Уваходзяць у моду вырабы з невысокім верхам і апушчанымі палямі. Ідэя капялюшнага салона гродзенцаў — вярнуць і пашырыць культуру нашэння галаўных убораў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Уся справа ў капелюшы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».