Вы тут

Міліцэйская сям'я пра жыццё ў пагонах


«У побыце, як і на рабоце, мы на роўных»

— Як мая прычоска? Усё ж такі дзве гадзіны ў дарозе, — красуецца перад люстэркам Ірына Пешчур. — Паднялася сёння рана. Каб сям'ю сабраць, сябе ў парадак прывесці і, галоўнае, нікуды не спазніцца. Адказнасць! Мы ўвогуле лёгкія на пад'ём!

У сталіцу на фінал рэспубліканскай акцыі МУС «Сям'я! Служым разам!» Пешчуры прыехалі са Старых Дарог. Мерапрыемства арганізуецца дванаццаты раз. Сёлета на цырымонію ўзнагароджання паклікалі чатырнаццаць сем'яў, якія прадстаўляюць ГУУС Мінгарвыканкама, УУС аблвыканкамаў, установы адукацыі, дэпартаменты аховы, выканання пакаранняў, а таксама ўнутраныя войскі.

— Мы тут старажылы. Удзельнічалі ў конкурсе ў 2012 і 2015 гадах, — расказвае Ірына Міхайлаўна. — Нам падабаецца. І сябе паказаць можна, і на іншых паглядзець!

За некалькі гадзін да святочнага выхаду на сцэну мы пагутарылі са шматдзетнай сям'ёй пра побыт, выхаванне дзяцей, службу і сакрэты трывалага шлюбу.

— Хто галоўны ў сям'і: мама або тата?

— Тут 50 на 50, — няўпэўнена адказвае старэйшы сын Валянцін. — Калі сур'ёзна, то тата, вядома. Без варыянтаў.

Маёры міліцыі Мікалай Мікалаевіч і Ірына Міхайлаўна Пешчуры служаць у аддзеле ўнутраных спраў Старадарожскага райвыканкама. Адказ сына прымушае пару ўсміхнуцца: «У жыцці, як і на рабоце, мы на роўных. Так неяк само сабой складваецца».

— Строгія ў выхаванні дзяцей? — пытаюся ў бацькоў.

— Усё залежыць ад сітуацыі. Метад бізуна і перніка ўжываем, — кажа Мікалай Мікалаевіч. — Але калі каму з малых і «прылятае», то выключна за справу.

— Мама ўчора злавалася, — шэпча чацвёртакласніца Настасся. — Калі шчыра, было за што.

«Намеры — сур'ёзныя, пачуцці — шчырыя»

— Ведаеце, як бацькі пазнаёміліся? — звяртаюся да моладзі.

— Нешта чулі. Здаецца, на рабоце. Але хто там першы ўвагу праявіў, гісторыя замоўчвае, — далучаецца да гутаркі сямнаццацігадовы Раман. — Па ідэі, тата.

— Хай будзе так, — смяецца Ірына. — На самай справе мама да таты ў сваты прыехала! Усё пачалося з жарту.

У 1998 годзе Мікалай стажыраваўся ў пракуратуры Старадарожскага раёна. Ірына там жа праходзіла практыку. Была студэнткай старэйшых курсаў Інстытута сучасных ведаў імя А. М. Шырокава.

— Гулялі неяк па горадзе. Сяброўка-калега кажа: «Як гэта ў цябе няма хлопца? Давай з кім-небудзь пазнаёмім!» Я без амбіцый успрыняла гэтую прапанову. А дарэмна! Пазнаёмілася, як аказалася пазней, на ўсё жыццё, — згадвае жанчына. — Але першай сустрэчы з Мікалаем не надала ніякага значэння.

— Чаму? Тата ж такі цікавы ў нас, — не вытрымала дачка Надзея.

— А вось такая ваша матуля ў маладосці пераборлівая была! — жартуе Ірына. — Мікалай усё тэлефанаваў, прапаноўваў сустрэцца. Нарэшце, згадзілася. Уважыла. Выйшла на вуліцу, гляджу — хлопец стаіць. Разумею, што абсалютна не памятаю, як выглядае Мікалай. Ён ці не?! А зіма была, вечар, цёмна. Пры першай магчымасці пад ліхтаром стала і кажу нарачонаму: «Дай хоць разгледзець цябе».

— А зараз версія Мікалая!

— Хай застаецца гэты варыянт, нам яшчэ разам жыць, — смяецца гаспадар. — З жанчынай спрачацца — сабе даражэй. Тым больш па такіх дробязях.

Прапанову Мікалай зрабіў па-простаму: «Я не рамантык. Але намеры ў мяне былі вельмі сур'ёзныя, пачуцці — шчырыя. Думаю, Іра гэта адчула, таму адразу і пагадзілася. Нават час, як гэта прынята ў жанчын, на роздум не брала! І так усё зразумела — такі варыянт добры трапіўся».

— Мікалай падарыў пярсцёнак на мой дзень нараджэння, — смяецца Ірына. — Ён, дарэчы, вельмі ўважлівы і клапатлівы. Я і сыноў сваіх гэтаму вучу. Мужчына павінен быць мужчынам! На мой погляд, усё ідзе з сям'і. 8 Сакавіка, дзень нараджэння і іншыя святы без кветак — для жанчыны не святы!

— Але хлопцам так цяжка запомніць усе гэтыя даты...

— У іх для гэтага ёсць мама! — хутка адказвае Ірына. — Усё пад кантролем. Хочацца спадзявацца, што мы з мужам выхавалі годных мужчын. Будзе не сорамна, калі яны нявестак прывядуць.

«Калі абодва служаць, ні пра які недавер гаворкі быць не можа»

Мікалай служыць старшым інспектарам-дзяжурным аператыўна-дзяжурнай службы, Ірына — старшым інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

— Не паверыце, але я дагэтуль лічу, што работа ў міліцыі — не жаночая справа. Сітуацыі розныя бываюць, у тым ліку небяспечныя. Мы часта сутыкаемся з няпростым кантынгентам людзей, ад якіх можна чакаць чаго заўгодна. Але, з другога боку, разумею, што жанчыну з такім характарам і неабсяжнай энергіяй, як у маёй жонкі, у чатырох сценах не ўтрымаеш.

— У дэкрэтным адпачынку неяк «адбыла» сваё дома і хопіць, — усміхаецца Ірына. — Я ў міліцыю прыйшла служыць, калі ў мяне былі ўжо два сыны. Да таго пяць гадоў адпрацавала юрыстам у будаўнічай фірме. Памятаю, калі паехала на курсы па перападрыхтоўцы ў Акадэмію МУС, дык бацька з дзецьмі на паўгода застаўся. Справіўся! Хоць крыху і нерваваўся, як я там адна ў сталіцы.

— Я не раўнівы! — дадае Мікалай. — Увогуле, калі абодва служаць, ні пра які недавер гаворкі быць не можа. Трэба затрымацца на дзяжурстве — значыць трэба. Ненармаваны рабочы графік? Няма пытанняў.

Міліцыянеры кажуць, што з часам да ўсяго на службе прывыкаеш. Стамляешся больш маральна, чым фізічна.

— Мы з Мікалаем на службе бачымся рэдка. Хоць і працуем, лічы, у суседніх кабінетах. Абедаць разам не ходзім. Муж максімум можа зайсці да мяне па паперу, аловак, стэплер. Таму ў нас вунь колькі часу, каб паспець засумаваць адно па адным, — дзеліцца жанчына.

Ніякага сакрэту трывалых адносін у шлюбе, лічаць Мікалай і Ірына, няма. Усё даволі проста — павага: «Паважаць трэба не толькі адно аднаго як асоб, а і жаданні роднага чалавека».

«Без сыноў мы б з дочкамі не справіліся!»

— Не прыносіць работу дадому — цяжка. На кухні, за кубкам гарбаты, хочаш не хочаш, а службовыя моманты абмяркоўваем. Нават у адпачынку пра службу не можам не думаць! — шчыра прызнаецца гаспадыня.

— Мы з жонкай падстройваемся пад графік адно аднаго — дзеці ж дома! Таму калі я на суткі, Ірына працуе ў дзённую змену. Увогуле малыя ў нас самастойныя. Калі трэба, самі і вячэру прыгатуюць, а потым яшчэ і бацькоў накормяць, — ганарыцца Мікалай.

На пытанне, як такія занятыя бацькі рашыліся на трэцяе і чацвёртае дзіця, Мікалай і Ірына згадваюць з задавальненнем:

— Я сам са шматдзетнай сям'і: ёсць сястра і брат. Да таго ж вельмі хацеў дачку, — расказвае мужчына.

— Памятаю, пайшла на ўльтрагукавую дыягностыку, — уступае Ірына. — Урач кажа: «Навошта табе гэтая футбольная каманда?» — «Хіба трэцяе дзіця — гэта футбольная каманда?» — не разумею. — «Дык у цябе двайняты!» У мяне аж столь, здавалася, паплыла. Думаю: «Яшчэ хлопцы? Дзе я так зграшыла?» Нідзе — высветлілася на другой УГД. Так нарадзіліся нашы дзяўчынкі.

— Ведаеце, без сыноў мы б з дочкамі не справіліся! Рома і Валянцін нам вельмі дапамагаюць. Яны Надзю і Настассю, лічы, выгадавалі, — дадае Мікалай.

— Калі хлопчыкі былі малыя, падпісвалі лісты так: «Дзеду Марозу. Старадарожскі РАУС». Разумелі, дзе маму з татам трэба шукаць, дзе бацькі ўвесь час знаходзяцца, — смяецца Ірына.

Валянцін навучаецца на трэцім курсе Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Будучы тэхнік-праграміст кажа, што планаваў пайсці па слядах бацькоў, але здароўе падвяло.

Раман захапляецца спортам, але, як і ўсе выпускнікі, шмат часу ўдзяляе падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання:

— Я думаў пра службу ў міліцыі ў дзяцінстве. Але калі падрос, жаданні змяніліся. Разумею, што гэта нялёгкі хлеб. Паспрабую сябе ў чым-небудзь іншым.

Бацькі цалкам пакідаюць прафесійны выбар за дзецьмі: «Наша задача — падтрымаць іх, дапамагчы рэалізаваць задуманае».

— А нам падабаецца, як прыгожа на матулі сядзіць форма, — дадаюць блізняты. — Мама нават дае сваю пілотку прымерыць! Нам таксама пасуе.

Надзя і Настасся любяць танцаваць, займаюцца рукадзеллем.

«Робім усё разам! Так весялей»

— Матуля смачней за ўсё гатуе, канешне, катлеты, — на пытанне пра фірменную страву гаспадыні дома адказвае Валянцін. — Мне з сабой на вучобу такія сумкі збірае, што можна месяц есці і яшчэ палову інтэрната накарміць.

— Так, я люблю гатаваць. Закруткі раблю. У нас свой агарод, толькі паспявай збіраць ураджай, — расказвае жанчына. — Мікалай таксама кулінарыць. Фірменная страва — шашлык! У яго свой сакрэт марынаду. Мяса атрымліваецца незвычайна сакавітае.

Ірына хваліцца, што пры ўсёй сваёй занятасці знаходзіць час на вязанне: «Часцей за ўсё гэта бывае ноччу. Праўда, хапае мяне чамусьці толькі на шкарпэткі».

— Час ад часу малюем з дзяўчынкамі карціны па нумарах. Заходзіць аднойчы муж і кажа: «Вось пра такую жонку я заўсёды марыў: спакойная, дома сядзіць», — смяецца.

— У нас няма дзялення на жаночую і мужчынскую работу па гаспадарцы. Робім усё разам! Так весялей, — дзеліцца сакрэтамі ідэальнага быту гаспадар. — Не заўжды, канешне, атрымліваецца. Таму хто першы заўважыў, напрыклад, што хлеба дома няма, той і пайшоў у краму. Тое ж датычыцца і ўборкі, мыцця посуду, вынасу смецця. Агарод — таксама агульная тэрыторыя.

* * *

Падчас гутаркі Ірына часта глядзела на гадзіннік, Мікалай супакойваў: «Паспяваем». У жыцці, як і на службе, павінен быць побач чалавек, якому можна цалкам даверыцца.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: «Дзеду Марозу. Старадарожскі РАУС»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».